Политика

«Наш аўтарытарызм дагэтуль не асэнсаваны як беларускі»

483 Журнал

Беларусь – адзіная краіна ў рэгіёне, якая застаецца аўтарытарнай цягам ужо дваццаці год. Але гэты аўтарытарызм, як і наша ўяўленне аб дэмакратыі, дагэтуль не асэнсаваныя як менавіта беларускія. Дырэктар Інстытута палітычных даследвання «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч разважае пра тое, як паліталогія «мысліць Беларусь».

Адзін з класікаў палітычнай навукі, вядомы даследчык Дэвід Істан у сярэдзіне 1990-х гадоў апісваў стан палітычных даследаванняў у свеце. Тады ён адзначыў, што новая палітычная сітуацыя, адкрыцце савецкіх краін, дэмакратычныя пераўладкаванні ў нашым рэгіене ствараюць новую інтэлектуальную сітуацыю, якая можа стаць новым імпульсам для развіцця сацыяльна-палітычных дысцыплін.

Краіны, якія мелі дастаткова інтэнсіўнае інтэлектуальная жыцце, але пры гэтым былі ізаляваныя ад Захада амаль што стагоддзе, мелі свае напрацоўкі, ідэі, свае схемы і разуменне рэальнасці. Меркавалася, што гэта зможа значна ажывіць інтэлектуальную дыскусію, зробіць значны ўнесак у развіцце сусветнай навукі.

Як і большасць ілюзіяў таго часу, гэтая не спраўдзілася. Усё адбылося наадварот. Большасць краін і большаць інтэлектуалаў проста запазычвалі заходнія схемы і працавалі з імі як з больш адэкватнымі тым выклікам, якія паўсталі перад новымі краінамі. А напрацоўкі папярэдняга перыяду былі ў значнай ступені маргіналізаванымі.

У гэтым кантэксце і трэбы разумець тое, што адбывалася з развіццем палітычнай думкі ў сучаснай Беларусі.

Беларусь – вельмі асаблівая краіна ў нашым рэгіене. Фактычна мы адзіная аўтарытарная краіна на працягу апошніх больш за дваццаць год. Іншыя краіны альбо алігархічныя, альбо дэмакратычныя.

Беларусь – гэта краіна, якая абрала савецкую, а не нацыянальную ідэнтычнасць. Гэта краіна, якая найбольш залежыць ад Расіі, эканамічна і палітычна – па ўсіх параметрах, якія можна вымяраць.

У Беларусі існуе вялікая доля дзяржаўнай уласнасці, дзяржава кантралюе эканоміку. І гэта сапраўды своеасаблівы феномен і ў нашым рэгіене, і на постсавецкай прасторы ўвогуле.

Нават феномен беспартыйнасці – нетыповы для абсалютнай большасці краін свету.

Але рэфлексія гэтай асаблівасці ў межах палітычнай думкі не заўседы была дастаткова інтэнсіўнай. Тры тэмы зазналі шмат інтэлектуальных высілкаў і дыскусій.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Першая – гэта нацыянальная ідэнтычнасць, беларускасць, феномен беларускай нацыі. За апошнія 20-30 год тут дасягнуты значны прагрэс. Пачынаючы з канца 1980-ых – пачатку 1990-ых, калі адбыўся першы выбух рэфлексіі на гэтую тэму, тэма ніколі не сыходзіла на перыферыю. Зараз абсалютна па-іншаму інтэрпрэтуецца беларуская гісторыя. Беларуская нацыя зразумелая як этнічны, культурны і палітычны феномен.

Другая тэма – беларуская дзяржава. Ад посткаланіяльных схемаў яе інтэпрытацыяў перайшлі да розных версій разумення таго, што Беларусь з’яўляецца не толькі аб’ектам, але і суб’ектам: яна сама выкарыстоўвае суседзяў для сваіх інтарэсаў, у пэўныя этапы мела нават амбіцыі знешняй экспансіі.

Таму зараз феномен беларускай дзяржавы, з усімі сваімі складанымі дачыненнямі з Захадам, Расіяй і іншымі суседзямі, ёсць цэласным. Мы маем свае аўтэнтычная думкі ў гэтым накірунку.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Трэцяя тэма з майго пункту гледжання аказалася правальнай – гэта феномен беларускага аўтарытарызму ці беларускай дэмакратыі.

Інтэлектуальных высілкаў у гэту тэму было ўкладзена шмат, але ў большасці сваёй яны базуюцца альбо на запазычванні заходніх схемаў – дэмакратыя, аўтарытарызм, транзіт – альбо расійскіх, звязаных з аналізам менталітэту, цывілізацыі і комплексаў стэрэатыпных уяўленняў аб аўтарытарнай дзяржаве.

Гэты феномен дагэтуль не асэнсаваны як беларускі, як з’ява, якая сыходзіць з беларускай палітычнай культурнай традыцыі. Гэтая традыцыя дазволіла б уключыць развагі ў кантэкст уласна развіцця беларускай думкі, а не проста заставацца палемікамі ў медыя.

Менавіта нераспрацаванасць гэтага элемента не дазваляе казаць, што першы цыкл развіцця палітычнай думкі ў сучаснай Беларусі завершаны.

Толькі тады, калі гэта тэма будзе канчаткова распрацаваная як беларуская з улікам усяго беларускага кантэксту, палітычнай і культурнай традыцыі, можна будзе казаць пра завершанне першага этапу развіцця сучаснай думкі ў Беларусі. І можна будзе думаць пра наступны.

Комментировать