Арт

Канон і феномены. Кнігі, якія выбудавалі наш сусвет

997 Лидия Михеева

Складаць рэйтынгі – справа няўдзячная. Па-першае, зразумела, што сапраўднае мастацтва смяеецца з іерархій і рангаў. Пра другое – калі цябе просяць назваць найважнейшыя кнігі за ўсю гісторыю літаратуры, не так проста аддзяліць любімае ад «аб’ектыўна важнага». Па-трэцяе, трэба развесці паняткі кнігі і твора, між якімі часцяком складана зрабіць выбар: бывае, што асобнае апавяданне становіцца феноменам літаратуры (як «Смаленне вепрука» Міхася Стральцова), а бывае, што важным дла аўтара – і знакавым для ўсёй літаратуры – становіцца кніга-зборнік (як «Вянок» Багдановіча). Па-чацвёртае, што рабіць, калі ўся творчасць аўтара з’яўляецца каштоўнасцю для літаратуры (выпадкі Чорнага, Быкава і Караткевіча, ці паэтаў Дубоўкі, Барадуліна, Разанава, Някляева)?

Праз усе гэтыя маральныя і метадалагічныя праблемы мы прадзіраліся разам з экспертамі, лістуючыся напрацягу некалькіх месяцаў – і, спадзяемся, прыйшлі да пэўнага баланса.

Галоўным прынцыпам стала поўная свабода экспертаў. Хтосьці з іх падаваў грунтоўныя і даўгія спісы, у якіх раўнамерна была прадстаўлена ўся гісторыя беларускай літаратуры, а хтосьці абсалютна свядома сканцэнтраваўся на сучасных творах, бо «пра канон белліту людзі ведаюць і так». Аб’ектыўнасць і персанальныя густы таксама змяшаліся тут у пярэстай мазаіцы.

Спалучыўшы 50 розных оптык, мы атрымалі вельмі цікавую «мапу» беларускай літаратуры з 175 твораў, на якой ёсць цэнтр – дзесяць найважнейшых твораў – (нешта накшталт агульнага кансэнсуса) і яшчэ 50 твораў, якія згадваліся найчасцей. Ад гэтага асяродку разбягаюцца ў розныя бакі сцежкі, якія вядуць у наша літаратурнае сёння.

Вызначым жа тэндэнцыі, якія можна заўважыць на гэтай мапе.

 

 

 

Літаратура стварае сусветы

Наш рэйтынг атрымаўся, перш за ўсё, пра таямніцу чытацкага досведу, пра літаратуру, якія стварае свет і дапамагае чытачу нарадзіцца ў якасці новай асобы. Менавіта пра такія трансфармацыі кажуць нашы эксперты, згадваючы свае першае прачытанне «Шляхціца Завальні» Яна Баршчэўскага, які апынуўся лідарам у нашым спісе найважнейшых твораў беларускай літаратуры. Так, не Скарынава Біблія, не «Дудка беларуская», і не «Тутэйшыя» ці «Каласы...» – а менавіта містычны «Шляхціц...»!

Мяркую, што «Шляхціц Завальня» – нешта кшталту дотыку да сакральнай, невытлумачальнай глыбіні, якую пачынаеш усведамляць сваім сапраўдным домам. Магія Яна Баршчэўскага дапамае здабыць сімвалічны прытулак сённяшным чытачам, якія, як і сам Баршчэўскі калісьці, пакутуюць ад бяздомніцтва.

Тое ж можна сказаць і пра два творы Уладзіміра Караткевіча, якія трапілі ў нашу першую пяцёрку – «Каласы пад сярпом тваім» (3-е месца) і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (5-е месца). Можна шмат канцэптуальна разважаць пра тое, як Караткевіч рэканструяваў ці дамаляваў беларускую мінуўшчыну, нагадаў пра яе «партызанскі» ці «пратэстны» стрыжань. Але ж ён відавочна застаецца любімым пісьменнікам беларусаў – за сваё абсалютна рэнесанснае жыццялюбства і прагу перадаць яго сродкамі беларускай мовы і з дапамогай беларускага гістарычнага матэрыялу. Гэта літаратура любові, а не маніфестаў, яна стварае дом, у якім можна жыць і перадаць нашчадкам.

Падобным чынам працуе і «Вянок» Максіма Багдановіча – магутны выбух эстэтычнага паліва, які перакульвае свет чытача-неафіта і задае новыя каардынаты прыгажосці, у якой закадавана Беларусь.

Вялікая літаратура дзейнічае праз любоў і асалоду. І ужо потым да гэтых вельмі асабістых эмоцый дзіцячага замілавання і цікаўнасці дадаюцца высокія каштоўнасці – унёсак ў беларускае нацыябудаўніцтва, навізна для свайго часу, літаратурныя своеасаблівасці.

Цалкам рэйтынг 50 самых важных беларускіх кніг паводле экспертаў «Журнала» можна пабачыць тут.

Як добра вы ведаеце сучасную беларускую літаратуру? Прайдзіце наш тэст!

Іншамоўныя нашы – таксама нашы

Беларуская літаратура – гэта творы, не заўсёды напісаныя на беларускай мове, але яны ўвасабляюць «беларускі космас» і пашыраюць наша разуменне сябе і кантэста нашага існавання.

«Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага, творы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» і «Дзяды», «Авантуры майго жыцця» Саламеі Пільштыновай, «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» Сяргея Пясецкага былі напісаны на польскай мове.

«Зельманцы» Майсея Кульбака, напісаныя на ідыш, трапілі ў дзясятку самых важных твораў беларускай літаратуры – і абсалютна па праву!

Дадзім таксама і «Песню пра зубра», паэму Міколы Гусоўскага, напісаны на лаціне. Беларуская літаратура цалкам прысабечыла гэтыя творы, бо чытаем мы гэтыя шэдэўры ў выдатных перакладах Віталя Вольскага, Міколы Хаўстовіч і іншых.

Дарэчы, згадайма таксама хуліганскі уключаную Марыяй Мартысевіч у свой экспертны спіс кнігу «Стары Хатабыч» ураджэнца Віцебска Лазара Лагіна, дзея якой магла б адбыцца і ў сталіцы БССР.

Аўтар vs. Твор

Унёсак многіх аўтараў настолькі размаіты, што вылучыць нейкі адзіны іх рэпрэзентатыўны і ўплывовы твор вельмі цяжка. Часцяком розныя эксперты называлі розныя творы аднаго аўтара, ці прапаноўвалі ўключыць у рэйтынг усю творчасць пэўнага аўтара, калі гаворка шла пра класікаў – Янку Купалу, Кузьму Чорнага, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава.

Сярод нашых сучаснікаў шмат загадак атрымалі розныя творы Святланы Алексіевіч, Алеся Разанава, Ігара Бабкова (называліся і кнігі вершаў, і першы раман аўтара «Адам Клакоцкі і яго цені», і зборнікі эсэ, і «Хвілінка», ушанаваная прэміяй імя Гедройца).

Згадваючы «Хвілінку» Сяргей Балахонаў адзначае: «Агаваруся, што маю на ўвазе не адну канкрэтную кнігу 2013 года, а ўвесь сусвет, створаны прозаю Ігара Бабкова. Сны як рэчаіснасць і рэчаіснасць як сны. Вандроўкі рэальныя і метафізічныя. Метамарфозы квінтэсенцыі эпохі, заўважаныя з прыцемак кавярні. Усвядомленая закінутасць, убачаная праз мокрае ад дажджу вакно гомельскага тралейбуса. Героі, чые сэрцы ўвесь час б'юцца не ў такт з пульсам гісторыі. Дзверы, праз якія з аднолькавым поспехам можна трапіць у Вільню, Парыж ці калідоры Беларускага архіва сноў, фонды якога ненаўмысля папаўняеш следам за аўтарам».

Эксперты згадвалі розныя творы Валянціна Акудовіча, Уладзіміра Някляева, Альгерда Бахарэвіча, Артура Клінава, Таццяны Заміроўскай. Такім чынам, чыста арыфметычны падлік згадак пэўнага твору сыграў не на карысць такіх рознабаковых творцаў у рэйтынгу. Але ніхто не замінае нам яшчэ раз сказаць пра важнасць створаных ім сусветаў «па сукупнасці публікацый»!

Жыццё і прыгоды феноменаў

Але існуюць у беларускай літаратуры і творы-феномены, якія самі па сабе сталі ўплывовай і самадастатковай з’явай. Яскравы прыклад – апавяданне Міхася Стральцова «Смаленне вепрука», якое ў згушчаным выглядзе ўвасабляе сабой ўсю спадчыну пісьменніка і адлюстроўвае тугу цэлага пісьменніцкага пакалення. Як сказаў пра яго Ігар Бабкоў, «арыстакратычнае пісьмо Стральцова пераадольвае сябе і час, вымыкаючы "за рубеж чалавечага слова"».

З сучасных твораў такімі з’явамі сталі раманы «Любіць ноч – права пацукоў» Юрыя Станкевіча («У творы Станкевіча выхаплены і падкрэслены змрок правінцыйнага жыцця таго часу, які бачыўся аўтарам толькі пярэдаднем наступнага апакліпсісу, нягледзячы на ўяўны хэпі-энд», – кажа пра яго Сяргей Балахонаў), «Мова» Віктара Марціновіча (самая вострасюжэтная і кінематаграфічная антыутопія беларускай літаратуры, паводле Алісы Бізяевай), «Радзіва "Прудок"» Андруся Горвата (які Сабіна Брыло назвала «новай старонкай беларускай літаратуры»).

Вытлумачыць Беларусь

Светапоглядны падмурак «краіны Беларусь» паводле нашага апытання вымалёўваецца яскрава-хрэстаматыйным. Гэта Уладзімір Караткевіч з «Каласамі пад сярпом тваім», а таксама шэраг тэкстаў, у якіх Беларусь паўстае як тое, што неабходна стварыць, вырашыўшы шэраг «адвечных» праблемаў і парадоксаў.

Зададзены вектар «Дудкай беларускай» Францішка Багушэвіча, пра якую Уладзімір Арлоў кажа: «У прадмове да гэтай кнігі абвешчаны, кажучы сучаснай моваю, праект "Беларусь", які мы дагэтуль здзяйсняем».

Гэтую лінію працягваюць «Тутэйшыя» Янкі Купалы, «Дзве душы» Максіма Гарэцкага, а таксама філасофскі твор «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча, які Максім Жбанкоў называе «выдатнай спробай "думаць Беларусь" ад "пазасістэманага, незалежнага, моцнага, аргынальнага мысляра"».

Падмацоўваюць гэты фундамент кнігі Ігара Бабкова («Каралеўства Беларусь. Вытлумачэнне ру(і)наў») і Валянціна Акудовіча («Код адсутнасці», «Мяне няма»).

Пабудаваць Сталіцу

Стварыўшы краіну, трэба пабудаваць сталіцу. Па-першае, абжыць тое, што ёсць, зрабіць архітэктурны ансамбаль домам. Па-другое – стварыць міфалогію, якая б падлучыла гарадскі топас да іншых сімвалічных прастораў.

Першапачынальнікам гэтага будаўніцтва Ігар Бабкоў называе Кузьму Чорнага з яго раманам «Сястра» – «першы і можа быць адзіны менскі раман. Цеплыня чалавечага свету, убачаная, адчутая і перажытая знутры, ад сэрца. Мапа рэальнасьці, вытканая словам, пошукі сястры, сцежкі вядуць наперад, у глыбіні мовы і там пакідаюць, і вось мы ўжо разумеем, што і Менск тут не зусім Менск, і сястра не да канца сястра, а нешта значна большае».

Яго працягваюць многія, сярод якіх вылучаецца Майсей Кульбак, які з вялікай цеплынёй апісаў жыццё і заняпад вялікага мінскага габрэйскага сямейства Зельманцаў.

З нашых сучаснікаў магутнае міфічнае перакадаванне ажыццявіў Артур Клінаў са сваёй «Малой падарожнай кніжыцай па горадзе Сонца», а таксама Альгерд Бахарэвіч з «Шабанамі».

Паглядзець у вочы савецкаму

Наш спіс найважнейшых твораў быў бы немагчымы без мемуарных твораў Ларысы Геніюш («Споведзь») і Францішка Аляхновіча («У капцюрох ГПУ»). Атрымліваецца, што наша выдатная паэтка, якую дагэтуль не афіцыйна не рэабілітавалі, і «бацька беларускага тэатру» праз несправядліваць лёсу уваходзяць у канон менавіта сваімі успамінамі пра рэпрэсіі савецкай улады. Горкі лёс, які вымусіў іх гаварыць. Наша задача зараз – уважліва слухаць. Як кажа Аляксей Талстоў: «Усё гэта трэба ў школе чытаць. Для паўнаты карціны».

Сатырычны погляд на раннесавецкі час увасабляе ў нашым спісе Андрэй Мрый і яго «Запіскі Самсона Самасуя» – наш айчынны Булгакаў узору «Д’ябаліяды» і «Зойкавай кватэры». «Незвычайны твор і па мове і па рэаліях, адзін з нешматлікіх яскравых узораў беларускай сатырычнай літаратуры», – кажа пра раман Вольга Гапеева, а Сяргей Балахонаў знаходзіць у творы нават элементы антыутопіі.

Безліч абліччаў чырвонага чалавека, мноства траўмаў і шматграннасць паўсядзённага вопыту (пост)савецкіх грамадзян знаходзім у Святланы Алексіевіч, творчаць якой амаль цалкам была згадана нашымі экспертамі. Разважаючы пра перадапошнюю кнігу Святланы Аляксадраўны «Час сэканд-хэнд» Дар’я Вашкевіч кажа: «У гэтай кнізе Алексіевіч вельмі шмат беларуса. Магчыма, больш, чым нам бы таго хацелася. І каб зразумець савецкага і пост-савецкага беларуса, без "Сэканд-хэнд" не абыйсціся, на мой погляд».

Пагодзімся з эксперткай, і дададзім, што, бадай, тут карысным будзе ўвесь збор твораў набеліяткі.

Разанаў як сонца беларускай паэзіі

Паэтам, бадай што нават болей, чым празаікам, не пасуюць спаборніцтвы. Таму не буду казаць глупства пра тое, што Разанаў «перамог» у нашым умоўным рэйтынгу усіх іншых нашых сучаснікаў-паэтаў. Разанаў проста ёсць. Ён абсалютна прызнаны і ўсімі любімы метафізік, наш альтэрнатыўны нобелеўскі лаўрэат.

Разам з ім ў спіс трапляюць Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў (як паэт і празаік) і Андрэй Хадановіч, якім, з маладзейшых пакаленняў, усміхаюцца і махаюць нашы яскравыя паэткі – Марыя Мартысевіч, Вольга Гапеева, Наста Кудасава і Вальжына Морт.

У беларускай літаратуры (не) жаночае аблічча?

Завершым наш пералік аптымістычная тэндэнцыяй, якую зрабіў бачнай рэйтынг: кананічна амаль цалкам мужчынская, сёння беларуская літаратура здабывае свае жаночае аблічча. У «канон» патрапляюць толькі тры жанчыны – Цётка, Саламея Пільштынова і Ларыса Геніюш. Але сярод нашых сучасніц, загаданых экспертамі, безліч жаночых імёнаў. Гэта не толькі набеліятка Святлана Алексіевіч, але і выдатныя аўтаркі прозы Наталка Бабіна, Алена Брава, Таццяна Заміроўская, Марыя Роўда, паэткі Таццяна Сапач, Вольга Гапеева, Марыя Мартысевіч, Вальжына Морт, Юлія Цімафеева, Сабіна Брыло і многія іншыя.

Падрабязней пра нашых сучасніц і сучаснікаў у экспертным рэйтынгу чытайце наступным тэксце нашага праекту «Нашы першыя 500».

Далучайцеся да нашага галасавання! Адзначце найбольш важныя беларускія кнігі ўсіх часоў! Галасуйце тут!

Комментировать