Арт

Хто ацэніць Вялікі беларускі раман?

729 Павел Абрамович

Галоўная праблема беларускай літаратуры добра вядомая: улады чыняць перашкоды на ўсіх дарогах і сцежках яе развіцця. Перадусім нацыянальную літаратуру забаронена выкладаць у поўным аб’ёме ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах (так, у 1996 годзе з праграмаў былі выкінутыя ўсе пісьменьнікі-эмігранты), а стварэнне свабоднага камерцыйнага кніжнага рынку ў краіне сур’ёзна абмежавана (узгадаем суд над кнігаром Логвінавым).

Але гэта вонкавае зло, так бы мовіць, звыклае: яно пераследуе беларускую літаратуру з першых дзён існавання. Толькі адзін факт: у 1903 годзе Круг беларускай народнай прасьветы і культуры (арганізацыя дзейнічала у Санкт-Пецярбурзе) выдаў Янку Лучыну як... баўгарскага паэта, каб толькі абыйсці расейскую цэнзуру.

Нашмат жахлівей для нацыянальнай літаратуры цяпер іншае. Новае кіраўніцтва Беларусі вырашыла пайсці далей за сваіх “папярэднікаў”, царскі і камуністычны рэжым: паступова і мэтанакіравана яно пазбаўляе беларускую літаратуру чытача.

Раман як грамадскі праект

Напрыканцы мінулага году ў беларускіх СМІ, а таксама благасфэры і сацыяльных сетках абмяркоўвалася неабходнасць і магчымасць Вялікага беларускага раману — эпапеі накшталт “Войны и мира”. Аўтар гэтых радкоў таксама далучыўся да палемікі, з’едліва справакаванай прэзідэнтам краіны. Аднак галоўнае пытанне тады не было абмеркаванае: ці будзе ўспрыняты беларускім чытачом Вялікі беларускі раман, калі з’явіцца?

Узорны эпічны раман, як “Будэнброкі” Томаса Мана ці “Людзі на балоце” Івана Мележа — не толькі выкшталцоны з гледзішча формы і зместу літаратурна-мастацкі тэкст; бездакорная мова, спеласць аўтарскай думкі і пачуццяў, выразная маральна-філасофская праблематыка, псіхалагічна дакладныя вобразы, аб’ёмная панарама эпохі, гістарызм і інш. Гэта найперш аповед, насычаны яснымі, зразумелымі кодамі для чытачоў, мастацкі і адначасова грамадскі праект. Маральныя, інтэлектуальныя пошукі раманіста і чытацкай аўдыторыі супадаюць, і нездарма чытачы ўспрымаюць аўтара Вялікага рамана як прыхільніка, выразніка іх каштоўнасцяў, аб чым яскрава сведчыць гісторыя сусветнай літаратуры.

Сапраўдны раман адразу робіцца з’явай жыцця грамадства і ў найноўшыя часы. Яго стварэнне стаіць у адным шэрагу, прыкладам, з прыняццем паправак у Падаткавы кодэкс краіны, будаўніцтвам новай сеткі дарог, рэформай сістэмы адукацыі і іншымі значнымі агульнаграмадскімі падзеямі.

Так, у Германіі ўвагу чытачоў цяпер захапіў раман Луца Зайлера “Рабінзон”, які напрыканцы 2014 году атрымаў прэстыжную Нямецкую літаратурную прэмюю (Deutscher Buchpreis). У сваім 500-старонкавым творы Зайлер распавядае пра выспу Хідэнзе ў Балтыйскім моры, дзе ў часы ГДР знаходзілі прытулак людзі, якія па тым ці іншым прычынам не “падыйшлі” сацыялістычнаму рэжыму. Тэма свабоды асобы ў часы існавання ГДР — вельмі балючая для нямецкай нацыі. Не дзіва, што раман-напамін атрымаў шырокі розгалас, запачаткаваў новыя дыскусіі.

“Мы, беларусы...”

Сучаснае беларускае грамадства страшэнна раструшчанае, разбітае на кавалкі, лакальныя групы і падгрупы, клубы па зацікаўленням. Мы не адчуваем і, адпаведна, не паводзім сябе як нацыя, мы не функцыяніруем гэтак зладжана, як пчаліны вулей.

Так, нас па-ранейшаму яднае геаграфічнае месца пражывання (“люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають”), але ж толькі гэта у нас і ёсць — далей пачынаецца тэрыторыя адрозненняў, несумяшчальных інтарэсаў і зацікаўленняў, прыхаванага ці адкрыта варожага стаўлення адзін да аднаго.

Грамадствам нас можна назваць таму, што мы ўяўляем сабой сукупнасць адзінак, асобаў. Прычым сучаснае беларускае грамадства абсалютна не прызнае аніякіх аўтарытэтаў: ні ў жыцці, ні ў палітыцы, ні нават у культуры. Кожны сам сабе гаспадар, і замірыць нас можа хіба што Максім Мірны — спартоўцы ўладары нашых думак; мы паважаем сілу.

Усе ж духоўныя лідары Беларусі, уключна з выдатнымі пісьменнікамі, фактычна засталіся ў мінулым часе, у прасторы па-за намі. І калі адны беларусы працягваюць чытаць Васіля Быкава, то другія цяпер адкрыта (о, бессаромнае стагоддзе!) прыгадваюць, што з нудою гарталі яго творы ў школе, трэція дасюль крывяць зморшчаныя твары, пачуўшы гэта імя і прозвішча, а чацвёртыя — “глынаюць” за адну ноч які-небудзь “Гнеў Наваросіі” Георгія Савіцкага (падобнай прадукцыяй завалены беларускія кніжныя кірмашы — попыт спараджае прапанову).

Раман — гэта не толькі сцяг агульных ідэяў, думак і перажыванняў, пад якім па добрай волі шыхтуюцца чытачы-грамадзяне, але і агульная мова, агульныя літары і сэнсы. Беларусы не могуць пачуць адзін аднаго, пакуль іх мова адрозніваецца, не супадае, пакуль у іх “дзве душы”.

Нядаўна мой знаёмы пісьменнік са скрухаю распавядаў мне пра рускамоўны раман, дзе апісваецца жыццё вёскі — кніга рыхтуецца да друку, і мой знаёмы прымае ўдзел у яе выданні як рэдактар. “Як можна пісаць па-руску твор пра беларускую вёску?” — пытаецца ён і не знаходзіць адказу.

Між тым двухмоўе — норма ў Беларусі, а насамрэч яшчэ адна лінія разлому нацыянальнай псіхікі. Большасць беларусаў да гэтай сітуацыі прызвычаілася, і зухаватыя беларускія пісьменнікі ўжо выдаюць свае творы адразу па-беларуску і па-руску, каб ураджай быў на абедзвюх плантацыях.

9 мільёнаў Лявонаў Бушмароў

Мы, беларусы, гаворым на розных мовах, жывем кожны ў сваім свеце, вызнаем асабістыя каштоўнасці. Кожны цяпер у апазіцыі да суайчыннікаў і ўсяго свету — суцэльны лясісты край звяравата-панурых Лявонаў Бушмароў, “мая хата з краю”, “за адзін кацёл я ні з кім не сяду”.

Аднак мы забыліся, што не заўсёды былі такія, што гэтае раз’яднанне, разрыў усіх камунікацыяў і сувязяў у грамадстве адбыліся насамрэч не па нашым жаданні, без нашай на тое згоды — кіруючы рэжым прыкладае ўсе намаганні, каб адзінства і еднасці ні ў якім выглядзе, форме (у тым ліку мастацкай) на гэтай зямлі не было. І ў першую чаргу мусіць быць парушаны, скажоны беларускі культурны код — такая стаіць задача.

Бачачы, што кантраляваць пісьменніцкі розум не дужа атрымліваецца, улады вырашылі пазбавіць розуму чытача літаратуры (найперш з ліку сярэдняга класу), скалечыць яго невуцтвам, прапагандай, галечай, цяжкай і нізкааплатнай працай. Каб ён наагул адмовіўся ад чытання, палічыў яго заняткам, ня вартым дробнага шэлега, каб ён не пабачыў у раманах сваіх думак, спадзяванняў, надзей і аказаўся ня здольны весці дыялог з аўтарам і іншымі чытачамі.

У гэтых сацыяльна-палітычных варунках цяжка ўявіць, што нашы людзі змогуць належным чынам ацаніць Вялікі беларускі раман, які ў выпадку яго стварэння сапраўды здольны “даць красу, даць мысль, паднімаць і вясці душы” (Вацлаў Ластоўскі), дапамагчы беларусам пачуваць сябе грамадою, з усёй глыбінёю і адказнасцю ставіцца да сваіх грамадзянскіх абавязкаў. Як адбывалася гэта раней у нацыянальнай літаратуры, калі ў яе былі беларускамоўныя чытачы, не “апрацаваныя” дашчэнту ўладамі, чытачы, якія разумелі і цанілі раманы найперш за адчуванне еднасці праз выкшталцонае мастацкае слова з нацыянальнай гісторыяй, культурай і іншымі жыхарамі краіны.

Верагодна, у новым Вялікім беларускім рамане, роўным “Каласам пад сярпом тваім” і “Камароўскай хроніцы”, гаворка пойдзе менавіта пра раз’яднанне — хваробу, што стачыла беларускае Дрэва жыцця. Верагодна, гэты новы эпічны твор будзе напісаны так прыгожа, моцна і пераканальна, што ўсе мы, ацалелыя чытачы, паасобку адчуем і зразумеем: тое сапраўды наша агульная хвароба. І што нас заразілі наўмысна, скарыстаўшыся нашымі страхамі, крыўдамі, недаверам, няўпэўненасцю, эгаізмам быццам расчыненай брамай, куды ірванулі прыхадні-бактэрыі.

А магчыма, Вялікі беларускі раман ужо пішацца сёння і насамрэч гэта вялікая сукупнасць твораў — падобна таму, як нацыю ўтварае мноства людзей, якія спавядаюць адзіныя ідэалы, ідэі і прынцыпы, чый культурны код — адзіны і без расколінаў.

Комментировать