Городские тактики

Хто і як стварае ідэнтычнасць сучасных гарадоў

335 Марыя Русак

Сучасны свет праходзіць перыяд фундаментальных зменаў: ад індустрыялізацыі да пост-індустрыялізацыі, ад лакальных зменаў да глабальнага ўплыву. Гарадская прастора больш не належыць архітэктару ці ўрбаністу, але з’яўляецца складаным механізмам з вялікай колькасцю лакальных і міжнародных актараў. Што такое гарадская ідэнтычнасць, якую ролю яна адыгрывае ў сучасным горадзе і хто яе стварае?

Архітэктурнае асяродзе з’яўляецца неад’емным элементам любога горада. Але мала хто з гараджан задумваецца, як навакольнае архітэктурнае асяроддзе фарміруецца пад уплывам глабальных фактараў, такіх як эканоміка ды палітыка, і з іншага боку – абумоўлівае ўспрыняцце навакольнага свету, горада ды нас саміх.

Горад пост-індустрыяльнай эпохі адрозніваецца ад горада 20-га стагоддзя і формай, і сутнасцю. Замест класічнага горада як цэнтру вытворчасці прыходзіць горад пост-індустрыяльны, дзе другасная індустрыя замяняецца эканомікай сэрвісу, паслугаў ды ідэй.

Жыццё ў пост-індустрыяльным горадзе неабавязкова дакладна звязанае з месцам працы: вялікія прамысловасці больш не з’яўляюцца галоўным горадаўтвараючым фактарам. Жыхары сучасных гарадоў не павінны жыць побач са сваім месцам працы ды карыстацца спецыяльна прызначаным грамадскім транспартам, каб патрапіць на завод а сёмай раніцы.

Падзел на працоўныя ды спальныя раёны паступова замяняецца змешаным тыпам будынкаў ды паслугаў, а новыя тыпы працы нават не вымушаюць перамяшчацца ў гарадской прасторы. У сучасных гарадах большае значэнне маюць сацыяльны ды чалавечы капітал, дзе развіццё тэхналогій ды бізнэсу абумоўліваецца разнастайнасцю і сканцэнтраванасцю ідэй на адносна невялікай геаграфічнай тэрыторыі.

Такім чынам, большую ролю пачынаюць адыгрываць грамадскія прасторы, месцы ў горадзе, дзе ёсць мажлівасць супрацоўнічаць ды ўзаемадзейнічасць з іншымі актарамі.

Разам з трансфармацыяй сутнасці гарадоў, у пост-індустрыяльным горадзе змяняецца і роля, якую выконвае архітэктар. Замест аўтарытарных фігураў, накшталт Ле Карбузье, прыходзяць вялікія кампаніі, дзе супрацоўніцтва вялікай колькасці людзей з рознымі ідэямі выліваецца ў фінальны крэатыўны прадукт.

Маштаб архітэктурных праектаў зменшыўся і стаў больш лакалізаваным: у сучасным свеце цяжка ўявіць, што некалькі архітэктараў могуць атрымаць замову на пабудову цэлага горада наноў, — як здарылася з адбудовай пасляваеннага Мінску.

Нават на Захадзе праекты Роберта Мозeса, які перакраіў Манхэтан у 1960-х, сёння падаюцца зусім нерэальнымі. У сучасным свеце абсалютнага панавання капіталу архітэктар больш не мае таго ўплыву, які меў у час узмоцненага дзяржаўнага кіравання. Эпоха таталітарнага тэхнакратычнага ўрбанізму прайшла, і адпаведна зменшылася роля архітэктара ў фарміраванні гарадской прасторы і гарадской ідэнтычнасці.

Такім чынам, цяжка казаць пра нейкую ўніверсальную форму ўплыву архітэктара на фарміраванне сучаснай гарадской ідэнтычнасці. У залежнасці ад палітычнай прасторы і метадаў кіравання горадам і капіталам адрозніваецца ступень свабоды архітэктара. У краінах з вольным рынкам уплыў архітэктара значна абмяжоўваецца жаданнямі замоўцы, які адпаведна і фінансуе праект. Роля інвестараў і замоўцаў у фармаванні гарадской ідэнтычнасці ў такіх гарадах як Нью-Йорк ці Лондан непараўнальна большая, чым роля архітэктараў.

На жаль, у большасці выпадкаў жаданні кліента выконваюцца насуперак прафесійным ці эстэтычным поглядам, прыклады чаго мы бачым у Мінску, Маскве ці Шанхаі. У краінах з іншымі метадамі кіравання гарадскія ўлады могуць выступаць галоўным заказчыкам, і такім чынам роля архітэктара менш камерцыялізаваная і можа мацней уплываць на фарміраванне гарадской прасторы ды ідэнтычнасці.

Тым не менш, і прыватныя, і дзяржаўныя заказчыкі ўсё больш цікавяцца стварэннем сімвалаў горада, якія маглі б уплываць і на стварэнне ідэнтычнасці. І хмарачос The Gherkin у Лондане, і гмах CCTV у Пекіне, і будынак нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску, і скульптура згушчонкі у Рагачове пераследуюць аднолькавую ідэю: стварэнне адметнага элемента горада, праз які можна выбудоўваць новыя сэнсы і новую ідэнтычнасць.

Чаму менавіта зараз пытанне гарадской ідэнтычнасці, адметнасці ды “аўтэнтычнасці” паўстае найбольш востра? Праз глабалізацыю капіталу, культуры і палітыкі вялікія гарады ўсяго свету паступова страчваюць сваю ідэнтычнасць. Адпаведна апісанню філосафа Мішэля Фуко, сусветныя гетэратопіі пашыраюцца і растуць: глабальныя гарады выглядаюць усё больш аднолькава. Hезалежна ад таго, у Еўропе ты ці Азіі, ежа, звычкі ды месцы становяцца ўсё больш падобнымі.

Гетэратопіі — гэта складаныя паралельныя прасторы, якія набліжаюць утопію ці нейкую ідэю без яе фізічнай ці прадметнай прысутнасці. Паводле Фуко, бізнэс-цэнтры, цягнікі, аэрапорты, шопінг-молы, супермаркеты, міжнародныя сеткі рэстаранаў і кавярняў прадстаўляюць сабой гетэратопіі. Яны з’яўляюцца сімваламі глабалізаванага свету, ствараючы квазі-віртуальную прастору і дазваляючы жыхарам сучасных гарадоў перанесціся туды, дзе іх няма.

Досвед знаходжання ў шопінг-моле “Сталіца” ў Мінску будзе параўнальным з досведам у шопінг-моле ў любой іншай частцы свету, напрыклад, у Ганконгу. Кава Starbucks у Вільні будзе мала адрознівацца ад такой жа кавы ў Нью-Ёрку, але добра гэта ці дрэнна — пытанне больш складанае.

З пашырэннем глабалізацыі ды вольнага рынку, з развіццём бізнэс-сетак і кавярняў ідэнтычнасць пост-індустрыяльных гарадоў нівеліруецца. Больш за тое, глабалізацыя міжнародных архітэктурных офісаў, якія будуюць падобныя праекты ў розных частках свету, яшчэ больш ускладняе пытанне штучнага стварэння ідэнтычнасці гарадской прасторы.

Феномен гетэратопіі шырока ўжываецца урбаністамі для таго, каб зразумець праблему ідэнтычнасці як цэнтральнага пытання вялікіх глабальных шматнацыянальных гарадоў. Што можна паставіць у супрацьвагу аднолькавым бізнэс-цэнтрам і хмарачосам? Лакалізацыя і ідэтыфікацыя горада можа адбывацца не толькі праз знешняе аблічча архітэктурнага асяроддзя.

Гарадская ідэнтычнасць пост-індустрыяльнага горада больш не ствараецца таталітарным архітэктарам ці урбаністам у лепшых традыцыях мадэрнізму. Яна ствараецца яго жыхарамі.

Грамадскія прасторы, месцы для супрацоўніцтва ды ўзаемадзеяння павінны стаць галоўным элементам стварэння ідэнтычнасці горада. Неабходна, каб гараджане пачалі ўсведамляць сваю адказнасць за фарміраванне гарадской прасторы і, адпаведна, сябе як жыхароў гораду. У паспяховым пост-індустрыяльным горадзе беларускі падыход “мая хата з краю” не мае права на існаванне.

Каб Мінск паспяхова і ўстойліва развіваўся, гараджане павінны ўсвядоміць сябе як галоўных уласнікаў горада і заказчыкаў будучага развіцця.

Нават зараз Мінск існуе ў паралельных рэчаіснасцях: ёсць Мінск, у якім шмат ідэяў і месцаў куды пайсці, выставаў, імпрэзаў і мажлівасцей для развіцця – а ёсць Мінск, дзе няма чаго рабіць і што паказаць.

Метады і маштабы “атрымання ўласнасці” над горадам могуць быць розныя: ад грамадскіх абмеркаванняў да супрацоўніцтва з суседзямі, ад высвятлення, чаму ўсё-ткі вырубаюць дрэвы побач з домам, да таго, каб не паркаваць аўтамабіль на дзіцячай пляцоўцы. Разуменне, што горад — гэта складаны механізм, дзе ўсе актары павінны супрацоўнічаць і ўзаемадзейнічаць адзін з адным, неабходнае для таго, каб уцяміць, што горад належыць яго жыхарам.

Стварэнне ідэнтычнасці пост-індустрыяльнага горада — складанае пытанне, у якім задзейнічана шмат гульцоў. Калі ў эпоху індустрыялізацыі ідэнтычнасць горада вызначалася галоўным горадабудаўнічым прадпрыемстам, то ў эпоху пост-індустрыялізацыі пытанне ідэнтычнасці паўстае праблематычным.

Архітэктар не можа мець і больш не мае адзінага правільнага тэхнакратычнага вырашэння гэтай праблемы. Усведамленне гарадской ідэнтычнасці з’яўляецца галоўным элементам паспяховага збалансаванага развіцця, якое будзе пазітыўна ўплываць як на жыхароў горада, так і на яго эканоміку, забяспечваючы зацікаўленасць бізнэсу і інвестыцый.

Жыхары горада ствараюць новую ідэнтычнасць, і кожны павінен задаць сабе пытанне, якім ён бачыць сабе будучы Мінск. Ці будзе гэта горад інавацыяў і ідэяў, месца, куды можна прыехаць за новымі думкамі – ці будзе ён зборам выпадковых забудоваў не самых лепшых прыкладаў камерцыйнай бізнэс-архітэктуры 2000-х — вырашаць нам, жыхарам.

 

Матэрыял прадастаўлены рэдакцыяй Альманаха Мінскай урбаністычнай платформы «Городские тактики». Спампаваць свежы нумар альманаха можна, націснуўшы на вокладку знізу:

Комментировать