Жизнь

«Філасофія без прышчэпкі беларускай думкі застанецца акадэмічнай забаўкай»

175 Журнал

Што змянілася ў 1986-м? Як мянялася ўяўленне аб «шчырым беларусе»? І навошта філасофіі прышчэпка беларускага мыслення? Філосаф Ігар Бабкоў распавялае пра ўнікальную выставу, якую яшчэ можна пабачыць на гэтых выходных.

Усё змянілася ў 1986-м. Я дакладна памятаю гэтую восень, калі я адразу пасля ўніверсітэта прыйшоў працаваць у Дзяржмузей БССР. Я быў адзіным чалавекам, які гаварыў там па-беларуску.

Ясна, што першае ўражанне, першы стэрэатып – прыйшоў шчыры беларус. Мяне ўсе абступілі і пачалі пытацца: «Філфак? Вёска?». І калі я сказаў, што я прыйшоў пасля філасофскага факультэта, што дыплом у мяне па Марціну Гайдэгеру і чань-будызму і ўвогуле я толькі што спаліў свой камсамольскі білет, у людзей быў кагнітыўны дысананс. У іх уяўленні такога не магло быць, таму што такога не магло быць ніколі.

У сярэдзіне 1980-х прыйшло новае пакаленне людзей, якія нарадзіліся ў горадзе і якія пачалі вяртаць сабе беларускую традыцыю. І адным з інструментаў вяртання беларускай традыцыі было мысленне, філасофія, інтэлект. То бок сама ідэнтычнасць, сам вобраз беларуса радыкальна змяніўся.

Без гэтага змянення ідэнтычнасці проста не маглі б адбыцца 1990-я з усёй раскошай інтэлектуальных выданняў, часопісаў, перакладаў, беларускай філасофіі, беларускага мыслення. Таму што раней, калі ты быў шчырым беларус, то адзінае, што ты мог – гэта дэманстраваць сваю беларускасць у самых простых этнаграфічных формах.

Што цікава, з гэтай новай інтэлектуальнай перспектывай змянілася і этнаграфія. Людзі пачалі вельмі дбайна і сур’езна гаварыць пра сапраўдную традыцыйную культуру, а не пра размаляваныя какошнікі, якія ў той час запаланілі БТ.

Гэта быў пачатак беларускага мыслення, якое доўгі час ішло паралельна з філасофіяй. Мы спецыяльна тады гаварылі, што гэта не філасофія, гэта не філасофскі праект – а менавіта мысленне, якое працуе на ўсім полі культуры, а не ў асобных дысцыплінарных формах.

Напачатку 1990-х, калі з’явіліся першыя тэксты, выданні, дубаўцоўская «Наша Ніва», філосафы, якія сядзелі па кафедрах, напачатку досыць скептычна глядзелі на ўсе гэта «безобразие». Ім здавалася, што гэта народнае вырушэнне філасофіі.

Але беларускае мысленне паціху знаходзіла свае тэмы, свае тэксты, свае эмоцыі. Напрыканцы 1990-х стала канчаткова зразумела, што філасофія без вось гэтай прышчэпкі тутэйшага кантэксту беларускай думкі застанецца акадэмічнай забаўкай ні пра што.

Такім чынам з канца 1990-х адбылася сустрэча беларускага мыслення і беларускай філасофіі (я маю на ўвазе філасофію ў акадэмічных формах). Усе 2000-я мы плённа размаўлялі. І гэты быў прадуктыўны дыялог.

Вынікі ўсяго гэтага шляху і гэтага дыялогу мы можам бачыць на выставе.

Комментировать