Для каго ў Беларусі важны Дзень Волі?

"Ці гатовыя вы ахвяраваць незалежнасцю Беларусі, калі Расея вырашыць далучыць да сябе нашу краіну?" – такога пытання яшчэ ніводны беларускі СМІ не задаваў мінакам на вуліцах. З іншага боку, я пабачыў ужо падобнае, але з больш лёгкай фармулёўкай "Ці можа Расея зрабіць захады па анексіі Беларусі?"
Людзі адзінагалосна кажуць: "Не!". Што праўда, з дыяметральна рознымі фармулёўкамі. Але і тым, хто памятае пра гісторыю расейска-беларускіх (літвінскіх) войнаў, і тым, хто акцэнтуе ўвагу на "братэрскасці" з Расеяй, важная менавіта незалежная Беларусь.
Каб адказаць на пытанне "Каму ў Беларусі дарагі Дзень Волі?", трэба зразумець хто пра свята ведае, як і ў якой інтэрпрэтацыі, і як і чаму ўспрымае сімволіку свята.
У кожным разе вядзецца пра два значэння слова "воля": уласна незалежнасць і памкненне да чагосьці.
Супраць вайны – і супраць Майдану
Сёлетні Дзень Волі адбываецца адразу пасля таго, як беларусы ўпершыню за доўгія дзесяцігоддзі пасля Другой сусветнай вайны спужаліся.
З дзясяткаў розных сведчанняў: відэаматэрыялаў, асабістых размоваў і допісаў у сацсетках, якія я пабачыў з моманту высадкі ў Крыме расейскіх вайскоўцаў, прывяду адно вельмі паказальнае, якое пакінула адна з маіх сябровак у Facebook: "Мама сказала, што рашуча асуджае Майдан. Што, даслоўна, "украінцы мусілі дачакацца 2015 году і перавыбраць Януковіча або любога іншага кандыдата, якога б прызначыў Пуцін. Тады б не было сто трупаў".
Мяне тут захапляе, што чалавек разумее і асуджае ўсе схемы, але ідзе на свядомыя саступкі агрэсару дзеля захавання віду. То бок, яе мама супраць вайны, не прымае Пуціна, але асуджае якія-кольвек грамадскія зрушэнні. Ахвяраваць меншым злом, каб пазбегнуць большага.
І тут можна папярэджваць гепатэтычна, што калі грамадзяне не будуць пратэставаць, гэта можа вярнуцца таталітарызм з сотнямі тысяч ахвяраў. Але тое можа быць, а гэта во – ёсць.
Людзі, якія пачалі публічна святкаваць Дзень Волі ў 1989-м, былі акурат за зрушэнні. Спачатку за незалежнасць Беларусі, пасля атрымання незалежнасці – за дэмакратычныя змены, дэсаветызацыю ўсяго грамадскага ладу.
Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі – за правы чалавека, свабоду сходаў, свабоду СМІ. Усё праз масавую публічную дзейнасць, па сучаснаму – за Майдан. А прыхільнікаў Дня Волі пачалі зваць агулам "бэнээфаўцамі" (лічы – сённяшнімі "бандэраўцамі").
Дзень Волі, Мінск, 1996 г. Фота Георгія Ліхтаровіча. Крыніца: 90s.by
То бок, Дзень Волі не стаўся проста агульнанацыянальным святам абвяшчэння сучаснай беларускай дзяржавы. Афіцыйная прапаганда максімальна палітызавала свята, пачала ствараць з людзей пад гербам "Пагоня" вобраз ворагаў народа, экстрымістаў. А з амаль поўнай дзяржаўнай манапалізацыяй СМІ, і самі веды пра ўтварэнне БНР сталіся магчымымі для невялікай групы карыстальнікаў незалежных інфармацыйных пляцовак.
Як гэта было
Шырокія масы дазналіся пра бел-чырвона-белы сцяг і "Пагоню" у 1988 годзе падчас масавай акцыі, прымеркаванай да Дзядоў. Тады разам з тлумачэннем пра Дзяды ў прэсе пачалі распавядаць пра 25 сакавіка – дату утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Ужо праз год угодкі БНР адзначалі шматтысячным мітынгам на стадыёне "Дынама", а яшчэ праз год далі літаратуразаваную назву – Дзень Волі.
Дзяды, 1989 год.
Гэта не было традыцыйным для жыхароў тагачаснай БССР свята. Яшчэ зусім нядаўна перад тым пра яго ведалі "вузкія спецыялісты". То бок уласна спецыялісты – даследчыкі. І нацыянальна-арыентаваная інтэлегенцыя, якая ва ўмовах таталітарнай краіны наважвалася гаварыць пра цэнзураваныя старонкі айчыннай гісторыі толькі падчас прыватных сустрэчаў.
Адпаведна, раптам прадэманстраваная нацыянальная сімволіка адразу ж сталася асацыявацца з канкрэтным грамадскім рухам, які ўжо ў 1989 годзе атрымаў назву Беларускі народны Фронт "Адраджэнне" – БНФ.
Калі ў 1918 годзе ўлада бальшавікоў прызнала, што і сама БНР, і яе сымболіка з'яўляецца буржуазна-нацыялістычнай, то і далей да самага канца СССР бел-чырвона-белы сцяг і "Пагоня" праходзілі ў афіцыёзе як антысавецкая сымболіка.
Такой – “антысавецкай” – ёсць яна і сёння. А разам з тым і сама традыцыя адзначэння Дня Волі. Хоць афіцыйна Рэспубліка Беларусь не абвяшчала сябе правапрыемніцай Савецкай Беларусі, дэ-факта пераняла ўсю савецкую рыторыку, сымболіку – ды і прынцып кіравання народам “партыяй”. Хіба што партыя сёння складаецца з аднаго чалавека – Аляксандра Лукашэнкі.
Між старой і новай "савецкай" уладай быў прамежак 1991-1994. Суседзі-украінцы зрабілі сымбалічны акт перадачы ўлады ад Украінскай Народнай Рэспублікай (як і БНР, УНР была абвешчаная ў 1918, і ў тым жа годзе акупаваная бальшавікамі) да новай дзяржавы Украіна.
У Беларусі БНР не прызналі, але не заміналі грамадзянам святкаваць Дзень Волі. Тым больш, што сымболіка БНР сталася дзяржаўнай. Адпаведна, свята 25 сакавіка перастала быць антысавецкім – чытай, антыўрадавым ці апазіцыйным.
Хто і як святкаваў Дзень Волі?
Былі вольныя мітынгі на вуліцах, здымаліся вялікія пляцоўкі пад святочныя канцэрты. Самая экзатычная – сцэна Опэрнага тэатра, дзе быў рок-канцэрт да Дня Волі ў 1993-м. Па школах з ініцыятываў настаўнікаў дзеці ладзілі ранішнікі, студэнты з уласнай ініцыятывы арганізовалі выступы.
Ніхто не рабіў адмысловыя даследванні пра колькасць людзей, якія прайшлі праз святкаванні Дня Волі. Можна, для прыкладу, арыентавацца на колькасць удзельнікаў мітынгаў і імпрэзаў – дзясяткі тысяч па ўсёй краіне, найперш у Мінску.
На пачатку новае свята для большасць было хутчэй адным з сымбаляў уласных перакананняў – палітычных, грамадзянскіх і нацыянальных – чым уласна святам. Адна справа прыйсці на мітынг, іншая – схадзіць на ўрачыстасць, а пасля адзначыць сяброўскім колам.
У першым туры прэзідэнцкіх выбараў 1994 года за Зянона Пазняка і Станіслава Шушкевіча прагаласавала каля чвэрці ад тых, хто прыйшоў на выбары.
У другім туры за прасавецкіх палітыкаў Аляксандра Лукашэнку і Вячаслава Кебіча разам прагаласавала каля 85% ад тых, хто прыйшоў на выбары, то бок каля 60% ад дарослага насельніцтва.
Мяркуецца, што гэта быў першы і апошні больш-менш адкрыты плебісцыт у незалежнай Беларусі. Ад таго ж часу свята Дня Волі з уласна нацыянальнага зноў – і дасюль – мае выключна значэнне "апазіцыйнага", то бок палітычна афарбаванага.
З часам само ўжыванне нацыянальнай сімволікі сталася жорстка карацца, таму на сёння можна толькі прыблізна здагадвацца, колькі чалавек мае дэмакратычна і нацыянальна арыентаваныя погляды.
Усе няпоўныя 20 гадоў кіравання Аляксандр Лукашэнка прыцясняў нацыянальна-дэмакратычны выбар часткі грамадзянаў. Але адначасова развіваў сваю версію беларускага – дзяржаўнага – патрыятызму.
Адпаведна, сёння мы маем патрыётаў пад двума сцягамі: нацыянальным і савецкім.
Надпіс на сцяне жылога дома ў Брэсце. Сакавік 2010 г. Фота: photo.bymedia.net
Што далей?
Ва ўмовах кантролю дзяржавы над публічнымі пляцоўкамі, можна было б ладзіць масавыя, але прыватныя хэпэнінгі, напрыклад, у кавярнях. Кшталту Дня Святога Патрыка.Традыцыйнае нацыянальна-рэлігійнае ірландскае свята з часам распаўсюдзілася па свеце. Сёння ў Беларусі вы можаце паўсюль у кавярнях піць піва, слухаць ірландскіе песні, танчыць ірландскія танцы і быць апранутым у колеры ірландскага сцяга.
Калі тое ж самае вы зробіце з беларускімі народнымі песнямі і нацыянальнай сымболікай, то ўсё залежыць ад гаспадароў установы. Не выключана, што апынецеся на месцы барда Алеся Камоцкага ў далёкім 1984 годзе. Тады былі затрыманыя студэнты – ўдзельнікі несанкцыяванага савецкімі ўладамі фальклёрнага мерапрыемства да народнага свята Гуканне вясны. Сярод затрыманых была Кася Камоцкая. На допыце ў КДБ Алесь сумна пажартаваў:
– Так, я ведаю, што мая жонка спявае нацыяналістычныя песні. А яшчэ яна танчыць нацыяналістычныя танцы.
То бок, фактычна сёння вы можаце як і ўсе апошнія гады схадзіць на дазволены ўладамі мітынг на ускрайку горада. Ці сабрацца ў прыватнай закрытай прасторы з сябрамі. Ці выехаць на дзень за мяжу.
І так, яшчэ ёсць вольная пляцоўка – інтэрнэт. Каб нагадаць ці распавесці тым, хто па-за тэмай.
По теме
- Повторим через год? Пять вопросов организаторам #БНР101
- День Воли как точка отсчета. Пять причин считать БНР фундаментом нашей государственности
- Была ли БНР полноценным государством? Разбор с точки зрения права
- Как перестать переживать и начать действовать. Пять способов не вестись на манипуляции режима
- Независимость от зависимости. Кто на самом деле определяет суверенитет Беларуси
Комментировать