Жизнь

Чэмпіянат з'ехаў – АМАПаўцы засталіся

Карэспандэнт “Журнала” прайшоўся па "зоне гасціннасці" хакейнага чэмпіяната і прасачыў, як беларуская сталіца адзначыла фінал сусветных лядовых баталій.

– З заплечнікам нельга, – рашуча паведамляе мне ахоўнік на ўваходзе ў "зону гасціннасці".

Насамрэч, можна з заплечнікам. Нельга толькі з буйнагабарытным багажом. Так напісана на адмысловы стэндзе. Я спакойна пераадольваю кардон ў іншым месцы перыметра пляцоўкі са сцэнай, мабільнымі кавярнямі і столікамі пад тэнтамі. Я ў Пятроўшчыне, недалёка ад студэнцкіх інтэрнатаў, з якіх на час чэмпіянату выселілі студэнтаў, каб зрабіць вялікі хостэл для заўзятараў.

Зрэшты, раннім вечарам тут збольшага сем'і з суседніх мікрараёнаў: Дружба, Паўднёвы Захад, Малінаўка.

Уласна "зона гасціннасці" ачэпленая міліцыянтамі-шэрагоўцамі, якія стаяць праз кожныя пяць метраў. Я разумею, што ўсё для людзей, для іх бяспекі, але няўжо нельга наняць ахоўную фірму і зрабіць эстэтыку "гасціннасці", а не "зоны"?

Магчыма, беларуская эстэтыка – тое, што назаўсёды запомніцца наведнікам чэмпіянату з краінаў Еўропы і больш аддаленых частак свету. Напрыклад, паўлітровы пластыкавы куфаль для піва, у які бармэнам пераліваецца бутэлька гарэлкі.

Тут ізноў – клопат пра людзей. Каб не параніліся бітым шклом. Магчыма, людзі і не замаўлялі б моцны алкаголь па паўлітра. Але, каб штосьці набыць, трэба адстаяць не абы якую па часе чаргу. Усе "точкі абшчыпіту" – дзяржаўныя, магчыма ў гэтым хаваецца адгадка пытання "чаму не разлічылі патрэбы тысяч і тысяч людзей?". Напрыклад, на пытанне пра прыбіральню адзін з ахоўнікаў параіў мне наведаць суседні гіпермаркет.

Унутры "зоны гасціннасці" мяне вітае беларуская старадаўняя музыка, дзе выразна гучыць сола дуды. Людзі ладзяць карагоды, расейскія турысты радуюцца "ірландскай музыцы", прывітанне вядоўцы гучаць па-беларуску. Следам пачынае працу ды-джэй, які паведамляе, што "ўсе мы заўзеем за Расею". Гэта вечар перад фіналам, у які выйшлі расейская і фінская каманды. Людзі на заклікі ды-джэя амаль не рэагуюць, а той пераходзіць да хваласпеваў гасцям з Еўропы. Эклетыка – частка эстэтыкі мінскага чэмпіянату.

***

Увечары я вывучаю антрапалогію каляхакейнага Мінску, а ўдзень сачу за рэакцыямі ў сеціве. Пасля таго, як беларуская каманда сышла з дыстанцыі, а расейская абазначылася як верагодны пераможца, у байнэце пачаліся палымяныя дыскусіі. Сярод іншага па тэме: Беларусь – Расея, русафільства і русафобства беларускіх заўзятараў.

– Разумееш, – кажа прыяцель, – насамрэч уласна хакейных фанатаў на трыбунах і ў фанзонах не так шмат. Пераважная большасць – гэта беларусы, і гэта людзі, якія засумавалі па нармальным свяце. Памятаеш, як мы ў 1990-х адрываліся на опен-эерах у цэнтры Мінску? Вольна, адкрыта. Сучасная моладзь бачыла толькі палітызаваныя масавыя гулянні: Дзень Рэспублікі, Дзень Перамогі, Дажынкі. І сцэнар, і прамовы – скрозь пра "палітыку партыі".

Другі прыяцель далучаецца:

– Вось бачу, як дзяўчыне малююць на шчацэ расейскі сцяжок. Абыходжу, гляджу, на другой – беларускі дзяржаўны. Гэта не таму, што яна русафілка, "здрадніца Радзімы". Ёй хочацца свята, сяброўства, любові. Хочацца спрычаснасці да вялікай, як яна мяркуе, гістарычнай падзеі. А па тэлевізары ад нараджэння яна чула, што "беларусы – гэта рускія са знакам якасці". Толькі і таго.

Мы кіруемся ў фанзону на праспекце, які адна мая знаёмая саркастычна назвала "пабядзіцеля Машэрава". Вечар фінала. Тут няма металашукальнікаў і міліцэйскага ачаплення. Рэдка калі бачныя міліцыянты ў форме. Хоць іх насамрэч шмат. Вось міма праехаў аўтобус з АМАПаўцамі.

Піва і гарэлка ліюцца ракою. Можна амаль усё. Ну хіба толькі нельга біцца, і трымаць у руках нацыянальную сімволіку. Напярэдадні аднаго хлопца затрымалі з бел-чырвона-белым сцягам. Спачатку параілі прыбраць, той выканаў. Але праз пэўны час схапілі, і прыляпілі ілжывае звінавачванне ў дробным хуліганстве: "чапляўся да мінакоў, лаяўся матам". Замежнікі не зразумеюць пра што гаворка, а мясцовым не варта забывацца: чэмпіянат з'едзе – АМАПаўцы застануцца.

Паўсюль чэргі. І да шапікаў з выпіўкай і закускай, і да прыбіральняў, побач з якімі цяжка знаходзіцца больш за некалькі хвілінаў – смурод. Зрэшты, многія турысты з Еўропы ўражаныя менавіта размахам гулянкі, а не выгодамі. Заўзятары – людзі некапрызныя.

Фінальны матч пачаўся, але побач з тэлевізарамі тлуміцца мінімальная колькасць ад усіх, хто прыйшоў на зялёную пляцоўку між праспектам Пераможцаў і Свіслаччу. Большасць расклалася на траве з міні-пікнікамі. Відавочна, што незалежна ад выніку фіналу, гэты вечар для большасці будзе добрым.

Абмяркоўваем з сябрамі – што яднае людзей, якія тут сабраліся? Напрыклад, калі браць афіцыйныя гулянні, то людзі прыходзяць паглядзець на салют. Калі ўзгадваць даўнейшыя нефармальныя – паслухаць любімыя рок-гурты. Адзін з нашай кумпаніі агучвае сваю версію:

– Людзі карыстаюцца магчымасцю проста адпачыць, сябе паказаць, на іншых паглядзець у атмасферы спакою. Калі ў цябе над душою не стаіць бамбіза ў камуфляжы і з дубінкай.

– І прыемна бачыць вакол іншаземцаў, ўсведамляць, што ты такі ж самы чалавек, цікавы людзям іншых культураў. А не пракажонны, з адмецінамі палітычнага рэжыму, з якім даўно асацыюецца краіна, – дадае другі.

– Так, – кажу я, – верагодна, такая магчымасць надарылася першы і апошні раз у асягальнай воку перспектыве.

Мы не чакаем заканчэння матча, рушым паціху у цэнтр Мінску – да праспекту Незалежнасці. Неўзабаве па праспекце пачынаюць гойсаць аўтамабілі з расейскімі сцягамі. Хоць і трапляюцца часам з чырвона-зялёнымі. Некаторыя беларусы шчыра радуюцца перамозе расейцаў – "брацкі народ трэба падтрымаць".

Раз-пораз зазіраю праз смартфон у сеціва. Некаторыя фрэнды асцерагаюцца вакханаліі. Ды не, сталіца Беларусі бачыла і больш напружаныя вечары.

Заходжу ў кавярню, недалёка ад праспекту. Бармэн увешчувае наведніка, які хоча слухаць "Ляпісаў":

– Ну пускай они (русские) сегодня повыпендриваются. Завтра будет твой день. От музыки, которую ты заказываешь, у посетителей кулаки чешутся.

Сталы наведнік просіць у бармэна – гаспадара ўстановы – паставіць песню "Грай". Гаспадар:

– Не надо мне политики. У меня вон – попросили свою ленточку повесить. А мне лишь бы денги платили. Когда вы уже между собой разберётесь?

Сказаў, і прыляпіў жоўта-блакітную стужку наверх "каларадскай", прышпіленай да сцяжка Еўразвязу.

Заходзяць расейскія фанаты. Некаторыя з прысутных віншуюць іх з перамогай. Але фанаты не затрымліваюцца.

Пішу замалёўку ў фэйсбук. Alexander Gelogaev каментуе: "Вось прыкладна так і выжывалі беларускія сяляне ў 1941-44".

Урэшце, гаспадар ставіць "Грай". Пасля пытаецца:

– Ну, где твои "Воины света"?

Ставіць яшчэ адну песню беларускіх "Ляпісаў", якая сталася неафіцыйным гімнам украінскіх футбольных фанатаў у змаганні за незалежнасць Украіны. Украіна падзяліла беларусаў у сваім успрыняцці "святла" і "цемры".

Я выйшаў на паўхвіліны на ганак. Паслухаў аўтамабільныя гудкі з нагоды перамогі Расеі. Вярнуўся, паслухаў "Ваяроў святла". Зразумеў, што люблю і веру ў Мінск.

Хай ваяры будуць толькі на спартовых пляцоўках і пры музычных аўтаматах.

З астатнім мы – беларусы – між сабою разбярэмся і дамовімся.

Без знешняй дапамогі.

 

Фота: Сяргей Балай

Комментировать