«Будучыня ўжо пачалася. Яна пачынаецца цяпер з нас»

Будучыня пачынаецца цяпер з нас. І менавіта мы – першыя крокі і першы кірунак будучыні. Доктар філасофіі і сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая распавядае пра гістрачныя перадумовы беларускага мыслення, Беларускую Незалежнасць і будучыню, якая ўжо пачалася.
Менавіта таму вельмі важна зразумець, наколькі агляд ужо зробленага кшталтуе нашу самасвядомасць і фармуе нашу ўласную тоеснасць.
Бо адна рэч, калі мы адчуваем, што пачынаем з нуля, вечна з нуля, нібыта перад намі нічога не было, пачынаем жыць, нібыта перад намі не было жыцця.
І зусім іншая рэч, калі мы ведаем свой падмурак, калі мы ведаем свае пачаткі, калі мы стаім на плячах гігантаў і калі мы с гэтымі гігантамі сябе атаясамляем.
І тады разуменне таго, кім мы есць і куды мы ідзем, радыкальна мяняецца.
На нашай выставе сабраныя дзве сотні іменаў беларускіх мысляроў, якія цягам стагоддзяў фармулявалі свае ідэі ў Беларусі – і фармавалі Беларусь сваімі ідэямі.
Сама па сабе колькасць іменаў, выданняў, ідэй нічога не значыць. Але толькі да таго пункту, пакуль не набіраецца пэўная крытычная маса, якая ператварае колькасць у якасць. І гэта якраз тое, што мы бачым. Мы бачым якасць зробленага, якасць напрацаванага. І па вялікім рахунку будучыня стаецца крыштальна яснай.
Мы не можам прадбачыць ідэі, формы мыслення, дыскурсы. Іх прапаноўвае жыццё. Але суб’ект мыслення – мысляры – будуць заўсёды.
Алесь Анціпенка ў адным са сваіх інтэрв’ю французскім журналістам сказаў: «Вось вы пабачыце, зараз вызваляецца беларус, вызваляецца беларускае мысленне, і беларускія мысляры, як усурыйскія тыгры, скокнуць на Еўропу і створаць такую сітуацыю канкурэнцыі, якую Стары Свет яшчэ не бачыў».
Гэта было сказана дзесьці ў сярэдзіне 1990-х. Тады было адчуванне, што сітуацыя змянілася. Адчуванне, што мы маем першую гістарычную магчымасць, каб сфармуляваць сябе ў новай сітуацыі.
«Журнал» таксама рэкамендуе:
Беларусы, у адрозненні ад суседніх народаў, пачыналі свой шлях да цяперашняй Незалежнасці, як і да перадапошняй Незалежнасці напачатку 20 стагоддзя, не з прамаўлення, прадумывання нейкіх геапалітычных рэалій, а менавіта з прадумывання, кім мы ёсць у сусвеце і чым ёсць сусвет для нас.
Беларускую Незалежнасць рабілі не прафесійныя палітыкі, не эканамісты і не бізнесоўцы, як гэта было ў іншых краінах. Яе рабілі пераважна філосафы, універсітэцкія прафесары, літаратары і творцы. Таму мы і ўспрымаем Незалежнасць як найперш незалежнасць мысліць.
Незалежнасць – гэта магчымасць думаць. Пры першай жа гістарычнай магчымасці беларусы выбухнулі тым, што напрацоўвалася стагоддзямі. Таму будучыня сапраўды крыштальна ясная. Беларускае мысленне, якім яно ўжо заявіла пра сябе – гэта мысленне, якое сягнула значна далей за нашы лакальныя пытанні і праблемы.
Мы цяпер падхопліваем тое, што было ў 16-17 стагоддзях, калі напісанае нашымі мыслярамі перакладалася на іншыя мовы і выкладалася ў еўрапейскіх універсітэтах.
У гэтую самую сітуацыю мы ўваходзім і цяпер, калі сапраўды гутарым з усім светам, калі робімся часткаю сусветнага мыслення, пры гэтым застаючыся заўседы мысленнем беларускім.
По теме
- «Тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табой маскаля не будзе». Правілы жыцця Кастуся Каліноўскага
- Мацкевич о перезахоронении Калиновского в Минске: «Мне не стыдно за сделанное»
- «Минск часто видят очень “советским” – другие исторические слои в городе просто стерты»
- Поваренная книга патриота. Как ХХ век отражен в беларусских учебниках истории
- «Нам стыдиться нечего». Почему власть боится «переписывать историю»
Комментировать