Городские тактики

Бруднае пытанне. Як Мінск абыходзіцца са смеццем

309 Анатоль Калач

Давайце ўявім такую карціну: усе менчукі ад сёння сартуюць смецце і выкідаюць яго ў спецыяльныя сметніцы: сюды бутэлькі, туды бытавую тэхніку. Гараджане ходзяць у крамы з экаторбамі і набываюць тавары ў экалагічнай упакоўцы. Свае спраўныя старыя рэчы людзі аддаюць іншым і ўдумліва ставяцца да набыцця новых. Ці зменіцца сітуацыя са смеццем карэнным чынам? Пакуль, на жаль, не.

Якімі б экалагічна адказнымі ні былі грамадзяне, іх намаганні будуць марныя, калі ў горадзе не будзе наладжаная сталая сістэма абыходжання са смеццем. Якой яна будзе, залежыць ад таго, які спосаб утылізацыі смецця абраны ў якасці галоўнага. Абіраць даводзіцца ўсяго з трох варыянтаў, што вынайшла на сёння чалавецтва: пахаванне на палігонах, спальванне і перапрацоўка.

Вываз і пахаванне

Самы традыцыйны і самы просты спосаб пазбавіцца ад смецця – вынесці яго далоў з вачэй. Можна яшчэ і прыкапаць. Гэты падыход добра працаваў, калі большасць смецця была арганічная. І калі гарады былі невялікія. Імклівы рост іх насельніцтва і ўскладненне структуры смецця зрабілі гарадскія звалкі крыніцай мноства праблем.

Самая відавочная з іх – непазбежнае назапашванне адкідаў і патрэба знаходзіць усё новыя тэрыторыі для іх пахавання. Сучасныя гарады, што абіраюць захаванне, проста абрастаюць звалкамі з усіх бакоў. А гэта не толькі неэстэтычна, але і небяспечна.

Смецце таксама мае небяспечную “звычку” самазапальвацца. Пры пажарах на палігоне ў атмасферу трапляе вялізная колькасць шкодных газаў. Не гаворачы ўжо пра тое, што палігоны з’яўляюцца рассаднікамі прусакоў і грызуноў, крыніцай шматлікіх інфекцый.

Пры адсутнасці кіслароду са смецця арганічнага паходжання ўтвараецца так званы “звалачны газ” – сумесь метану і ўгарнага газу. У Беларусі ўжо ёсць досвед пазітыўнага вырашэння гэтай праблемы. На палігонах эксплуатуюцца ўстаноўкі па перапрацоўцы газу. Смеццевы газ асушваецца, ачышчаецца і потым пераўтвараецца ў электрычную энергію. Але казаць пра маштабнае вырашэнне праблемы яшчэ рана.

 

«Журнал» также рекомендует:

  

 

Асобны комплекс праблем звязаны з так званымі міні-палігонамі – невялікімі звалкамі. Усе палігоны ў Беларусі ў залежнасці ад памера, падзяляюцца на тры групы: буйныя, сярэднія і дробныя. Калі на палігонах першых двух тыпаў смецце перасыпаюць грунтам, то са звалкамі, меншымі за чатыры гектары, гэтага не робяць. У выніку смецце разносіцца ветрам, трапляе ў вадаёмы, падземныя воды, забруджвае лясы.

Выйсце з гэтай праблемы некаторым бачыцца ў забароне невялікіх палігонаў і заборы смецця на больш буйныя. Аднак існуе рызыка, што гэта прывядзе да павелічэння колькасці несанкцыянаваных звалак.

Спальванне

Смецце спальваецца на адмысловых заводах пры звышвысокіх тэмпературах. Пры гэтым дамагчыся поўнага згарання надзвычай складана. У паветра выкідваюцца ўстойлівыя арганічныя забруджвальнікі – дыяксіны. Гэтыя рэчывы разбуральна ўплываюць на ўсе сістэмы чалавечага арганізма, асабліва на імунную і рэпрадукцыйную. Іх выкід у паветра горада можа спрыяць павелічэнню ракавых захворванняў, узросту алергій, паслабленню імунітэту. Таму эколагі вельмі негатыўна ацэньваюць такі спосаб абыходжання са смеццем.

Некаторыя еўрапейскія краіны, напрыклад Нарвегія і Швецыя, выкарыстоўваюць сваё смецце як паліва, захоўваючы такім чынам свае прыродныя энергетычныя рэсурсы. Прыхільнікі гэтага падыходу сцвярджаюць, што праблему выкідаў у паветра прадуктаў спальвання часткова вырашаюць сучасныя моцныя фільтры, якімі абсталяваныя смеццяспальвальныя заводы.

Супраціўнікі пярэчаць: маўляў, адмовіцца ад спальвання смецця гэтыя краіны не могуць проста таму, што сталі ў некаторым сэнсе закладнікамі створанай імі сістэмы – у смеццяспальвальныя заводы ўкладзена нямала сродкаў і іх патрэбна вярнуць.

Дарэчы, каб такія прадпрыемствы былі рэнтабельныя, ім патрэбная сталая загрузка. Гэта значыць, горад, яки інвеставаў у такую сістэму, эканамічна не зацікаўлены ў зніжэнні колькасці смецця. То бок канфлікт з канцэпцыяй “зялёнага горада” відавочны. Да таго ж спальванне – гэта яшчэ і самы дарагі спосаб пазбаўляцца ад смецця.

 

«Журнал» также рекомендует:

  

 

Перапрацоўка

Паўторнае выкарыстанне адходаў для атрымання з іх сыравіны, матэрыялаў і вырабаў – найбольш бяспечнае і перспектыўнае ўладкаванне смецця. Асноўная маса бытавога смецця складаецца з макулатуры, шкла, пластыка, харчовых рэшткаў, будаўнічага смецця. Усё гэта экалагічна свядомы чалавек можа адсартаваць і выкінуць у спецыяльныя кантэйнеры, падпісаныя і пазначаныя рознымі колерамі.

Асобна прыйдзецца паклапаціцца пра батарэйкі і энергазберагальныя лямпы. Іх утылізацыі аддаюць спецыяльную ўвагу, бо пры іх разбурэнні ўтвараецца мноства розных металаў, шкодных для здароўя жывых арганізмаў.

У Мінску сістэма іх збору пачынае паціху развівацца. Кантэйнеры для збору адпрацаваных батарэек, згодна з пастановай Савета міністраў, павінны быць у любой краме з гандлёвай плошчай больш за 100 кв. м. У любой нехарчовай краме з гандлёвай плошчай больш за 400 кв. м павінна існаваць магчымасць здаць энергазберагальныя лямпы. Калі гандлёвая плошча крамы яшчэ большая, то тут павінны забіраць старую або зламаную электронную і электрычную бытавую тэхніку.

Ёсць некалькі пунктаў па зборы буйной і сярэдняй бытавой тэхнікі, дзе можна нават атрымаць за яе невялікае ўзнагароджанне. Аднак лагістычныя моманты пакідаюць вялікае пытанне.

Такім чынам, магчымасці сартаваць смецце і клапаціцца пра бяспечную яго ўтылізацыю ў менчукоў ужо ёсць. Чаго няма, дык гэта зручнасці і выгаднасці гэтай справы для большасці жыхароў горада.

Між тым, сакрэт папулярнасці асобнага збору смецця ў краінах Еўропы менавіта ў прастаце, усеагульнасці і матэрыяльнай матывацыі. У Германіі, напрыклад, кошт тары асобна прапісваецца на чэку і вяртаецца чалавеку, калі ён прыносіць яе здаваць. Такая сістэма шматразавай упакоўкі эфектыўна зніжае вытворчасць лішнягя смецця.

Прамысловыя адходы

Хоць найбольшая доля ў прадукаванні прамысловых адходаў належыць горназдабываючай галіне, праблема з утылізацыяй смецця вельмі актуальная і для мінскіх прадпрыемстваў. Згодна з патрабаваннямі артыкула 37 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове навакольнага асяроддзя” юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны весці экалагічны пашпарт прадпрыемства, праводзіць інвентарызацыю сваіх адкідаў. Кантроль за выкананнем гэтых правіл таксама ажыццяўляецца.

Існуючыя нормы і правілы, безумоўна, пры ўмове іх усеагульнага выканання, падтрымліваюць прымальныя ўмовы пражывання, але кардынальна не вырашаюць пытання з прамысловым смеццем. Акцэнт работы з прадпрыемствамі ў справе экалагічнай бяспекі павінен рабіцца на замене састарэлага абсталявання на сучаснае, малаадходнае і бяспечнае для наваколля.

Увогуле, кожны вытворца яшчэ на этапе планавання павінен прадумваць, якім чынам будуць утылізавацца адходы дзейнасці ягонага прадпрыемства.

Другі кірунак – распрацоўка і ўкараненне эколагабяспечных і малаадходных тэхналогій абясшкоджвання i выкарыстання адходаў як прамысловых, так і бытавых. Такія заводы ў Беларусі ўжо ёсць, аднак да гэтага часу ў смі абмяркоўваюцца магчымасці смеццяспальвальных прадпрыемстваў.

Куды ісці?

Самы папулярны спосаб абыходжання са смеццем у Мінску – вываз і пахаванне на палігоне. На дадзены момант абслугоўваюць тры палігоны для прыёма адходаў: Паўночны (раён Паўночных могілак), Трасцянецкі (Магілёўскі напрамак) і Прудзішча (ля вёскі Калядзічы). Аднак два з іх – Паўночны і Прудзішча – амаль што вычарпалі свае рэсурсы па ўтылізацыі смецця, ім шукаюць замену.

Адпаведна, пад смеццем будуць пахаваныя новыя тэрыторыі каля горада. Занепакоенасць выклікае тое, што ў якасці шляху вырашэння гэтай праблемы дагэтуль абмяркоўваецца стварэнне смеццяспальвальнага завода. У нашых умовах гэта можа быць асабліва небяспечна, бо якасць сартыроўкі ў нас пакуль нізкая, смецце можа ўтрымліваць шмат небяспечных рэчываў.

Змяняць сістэму абыходжання са смеццем у Мінску трэба. Але, робячы гэта, трэба разглядаць смецце не як асобную праблему, а разумець, што яно, з аднаго боку, з’яўляецца вынікам жыцця гараджан, а з другога – здольнае ўплываць на некаторыя бакі гэтага жыцця ў будучыні.

Толькі разглядаючы адходы як частку суцэльнай гарадской сістэмы, можна стварыць доўгатэрміновую стратэгію па абыходжанні з імі, якая будзе адпавядаць канцэпцыі “зялёнага горада”.

 

Материал предоставлен редакцией Альманаха Минской урбанистической платформы «Городские тактики». Скачать номер альманаха можно, кликнув на обложку внизу:

Комментировать