Жизнь

«Бізнэс працуе не на лозунгах, а на капітале». Як прадпрымальник з Расіі зарабляе на «беларушчыне»

774 Янина Мельникова

Павел Падкарытаў. Фота: Беларускі ПЭН-цэнтр

 

Расійскі бізнэсмен Павел Падкарытаў упершыню прыехаў у Беларусь, калі яму было 42 гады. Хацеў пабачыць на свае вочы малую радзіму бабулі, якая паходзіла з Віцебска.

Беларусь так спадабалася Паўлу, што ён вырашыў рабіць тут свой невялікі турыстычны бізнэс. Набыў у 2012 годзе сядзібу на Ваўкавышчыне, а за ёй яшчэ некалькі дамкоў, якія плануе ператварыць у сапраўдны турыстычны кластэр з музеем, гатэлем, рэстарацыяй, сядзібамі і турыстычнымі маршрутамі. Але, як паказвае практыка, аднаго жадання не заўжды дастаткова.

«Журнал» паразмаўляў з Паўлам аб тым, што можа і павінна зрабіць беларуская дзяржава для развіцця турызма ў краіне, ці дрэнна «зарабляць на беларушчыне» і на каго рабіць стаўку – замежнага ці мясцовага турыста?

«А там і беларусы падцягнуцца»

Маёнтак у Падароску, што ў Ваўкавыскім раёне, складаецца з сядзібнага дома, дамка для слуг, рэшткаў канюшні і кузні, а таксама вялічэзнага парка на цэлых 3,5 гектара, у якім захаваліся рэдкія дрэвы.

Калі ў 2012 годзе падароская сядзіба была выстаўленая на аукцыён, ніхто і ўявіць сабе не мог, што яе новым уладальнікам стане былы савецкі афіцэр, расійскі бізнэсмен Павел Падкарытаў, вядомы на радзіме як «ветэран чэкавай прыватызацыі».

Беларускія карані бізнэсоўца далі аб сабе знаць – ён выклаў за сядзібу 120 тысяч долараў. З таго часу мінула чатыры гады, але знешне сядзіба амаль не змянілася. Між тым, кажа бізнэсовец, ягоныя планы па стварэнні ў Падароску Музею шляхты і іншых турыстычных аб’ектаў, нарэшце, дайшлі да канкрэтных крокаў.

«Ішоў доўгі падрыхтоўчы этап, праводзілі розныя даследванні, якія патрабаваліся законам і адпавядаюць логіцы аднаўлення сядзібы», – распавядае аб тым, што ўжо зроблена ў Падароскім маёнтку, яго ўладальнік.

Маёнтак у Падароску. Фота: Андрэй Колас

 

Пасля таго, як скончылася «папяровая» частка справы, на сядзібу правялі электрычнасць і ваду. Нарэшце, надыйшла чарга рэканструкцыі рэшткаў стайні і кузні, дзе ў хуткім часе размесцяцца кавярні і крама з сувенірамі. А там ужо і да рэканструкцыі самой сядзібы недалёка. Праца над ёй, кажа бізнэсовец, пачнецца ў 2019 годзе.

Паралельна ў Падароску будуць добраўпарадкоўваць парк, абяцаюць стварыць нават адмысловую зону для дзетак, побач адкрыць вясковы дом-аграсядзібу з лазняй, а калі атрымаецца, то і з кантактным міні-заапаркам.

«Планаў у нас шмат, калектыў выдатны і працоўны, сапраўдная каманда аднадумцаў, упэўнены, што нас чакае поспех. Хоць бы толькі замежныя турысты не падвялі, а там і беларусы падцягнуцца», – кажа Павел Падкарытаў.

Але, каб беларусы і замежнікі «падцягнуліся» у Падароск ці іншыя падобныя сядзібы ў рэгіёнах Беларусі, і іх уладальнікам, і ўладам краіны прыйдзецца прайсці доўгі шлях.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

 

Турыстычны бізнэс не выцягне Беларусь з дрыгвы

Гаворка, перш за ўсё, ідзе пра ўмовы, якія павінна стварыць беларуская дзяржава для развіцця турыстычнага бізнэсу ў краіне, каб ён стаў на ногі і пачаў адыгрываць значую ролю ў развіцці эканомікі краіны.

Павел Падкарытаў кажа, што наўрадці нядаўні ўказ аб бязвізавым уездзе ў Беларусь для замежнікаў стане выйсцем.

«Калі нават рабіць такія наіўныя крокі, то варта, як мінімум, павялічыць тэрмін бязвізавага знаходжання замежнікаў у краіне. Хоць бы да 30, а лепей – да 90 дзён. А яшчэ дазволіць замежнікам прыяжджаць у краіну праз усе памежныя пункты, а не толькі праз аэрапорт, і вандраваць па ўсёй краіне», – кажа Павел.

А гэта азначае, што трэба адмяніць «бессэнсоўныя памежныя зоны на захадзе і поўначы» Беларусі, якія абмяжоўваюць доступ турыстаў да «цэлага сузор’я гістарычных помнікаў».

«Але не гэта галоўнае. Турыстычны бізнес у Беларусі не зможа стаць нейкім асобным эканамічным цудам, які выцягне Беларусь з дрыгвы, бо ён падпарадкоўваецца тым жа законам, што і іншыя віды бізнэсу», – упэўнены Падкарытаў.

Чытайце яшчэ па тэме:

 

Попыт усё яшчэ спараджае прапанову. І для таго, каб гэты попыт быў, уладам варта мець плацёжаздольнае насельніцтва.

«Уладам краіны варта ад пачатку паклапаціцца аб тым, каб з'явілася дастатковая колькасць спажыўцоў, якія б маглі дазволіць сабе выдаткоўваць грошы на нешта яшчэ, акрамя ежы, адзення, лекаў і адукацыі дзяцей», – адзначае бізнэсовец.

І гэта, па ягоных словах, немагчыма зрабіць адным указам «усім па піццот»:

«Людзі зарабляюць тады, калі ў краіне працуе прыватны бізнэс. Але бізнэс – гэта такая штука, якая не працуе на лозунгах, а толькі на капітале. У Беларусі ж як раз дэфіцыт капіталу. Сюды ніхто не ўкладае грошы, а ўсё, што зарабляецца, усімі магчымымі спосабамі выводзіцца з краіны. Чаму? Бо ў нас такі інвестыцыйны клімат. Бо тут не проста стварыць бізнэсовую кампанію. Бо ёсць складанасці з падаткамі».

Да прыкладу, Беларусь пазіцыянуе сабе як дзяржава, якая добра ставіцца да ІТ-тэхналогіяў, але гэта не павінна, на думку бізнэсмена, абмяжоўвацца «стварэннем асобнай рэзервацыі для праграмістаў, дзе яны сядзяць і пішуць свае коды». Трэва ісці да стварэння электроннай дзяржавы.

І тут Падкарытаў прыгадвае досвед Эстоніі, у якой зараз жыве з сям’ёю.

«У гэтай краіне знаходіцца немалая частка майго бізнэсу. Жыхар Эстоніі можа зарэгістраваць кампанію, адкрыць рахунак у банке, аплаціць устаўны капітал цягам некалькіх гадзінаў, не выходзячы з-за кампутара. А ў Беларусі мяне часам у банке пытаюцца, чаму мая эстонская кампанія не ставіць мастычную пячатку на дамову. Дык таму, што яе проста няма!» – распавядае Павел.

Яшчэ адзін важны аспект – падаткі. У маленькай Эстоніі кампанія наогул не плаціць падатак на прыбытак, калі ўкладае прыбытак ў развіццё бізнэса.

Калі дадаць да агульнай карціны праблему з адміністраваннем бізнэсу (калі чынавенства ў любы момант можа «улезці» у яго), а таксама залежныя суды, усё гэта, па словах суразмоўцы, не дазваляе бізнэсу адчуваць сабе «суха і камфортна».

«Такім чынам інвестыцыйны клімант у краіне сёння блізкі да абсалютнага нуля. І кіраўніцтву краіны трэба шмат і цяжка працаваць, каб змяніць гэта. Тады ў краіну пойдуць і грошы, і людзі, якія будуць зарабляць для сябе і іншых», – кажа Павел Падкарытаў.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

 

Беларушчына можа быць рентабельнай

А пакуль з бізнэс-кліматам у нас не асабліва спрыяльна, сур’ёзна інвеставаць у беларускі турызм могуць хіба што дзівакі альбо такія апантаныя людзі, як расіянін беларускага паходжання, які жыве ў Еўразвязе.

«Я люблю Беларусь, люблю нашую непадобную на іншыя культуру, яе гераічную і трагічную гісторыю. І хачу дамапагчы аднадумцам захаваць гістарычную спадчыну нашай краіны, даць прыклад захавання і адраджэння канкрэтнага гістарычнага помніка. Можа іншых бізнэсменаў гэта натхніць на падобныя дзеянні, і кожны зробіць нешта ў межах сваіх магчымасцей», – кажа Павел Падкарытаў.

Але, прызнаецца бізнэсовец, для яго Падароск – не альтруістычны праект:

«Я хачу стварыць у Падароске нармальны бізнэс, які будзе прадаваць людзям якасныя паслугі і станоўчыя эмоцыі. Разумееце, існуе дзіўны стэрэатып, што на "беларушчыне" нельга зарабляць. Па-першае, гэта нібыта брыдка, маўляў, Беларусь – гэта "святое", і імкнуцца зарабляць на ёй могуць толькі цынікі. І гэта нагадвае мне стаўленне беларусаў да сваёй мовы, якая нібыта настолькі сакральная, што мы нават размаўляць на ёй штодня не павінны – толькі вывешваць на дарогах пафасныя білборды. Ну і этнаграфічныя песні пець. Я ж хачу, каб родная мова была інструментам штодзённай камунікацыі!»

І зноўку прыводзіць у прыклад Эстонію. Яе насельніцтва складае ўсяго только 1,3 мільёна чалавек, з іх 30% – рускія.

«Здавалася б, эстонская мова там павінна быць пад пагрозаю знікнення, але калі я чую на вуліцах Таліна, як дзяўчынкі і хлопчыкі балбочуць па-эстонску, разумею, што іхняя мова выжыве», – кажа бізнэсовец.

Акрамя таго, кажа Павел Падкарытаў, у нашай краіне чамусьці лічыцца, што «беларушчына» не можа быць рэнтабельнай, бо наш рынак вельмі абмежаваны. Ён катэгарычна не згодны з такім пунктам гледжання – гэтая ніша да сёння проста не занятая. І ў яго ёсць жаданне стаць адным з першых, калі ў Беларусі пачнецца спажывецкі бум у турыстычнай сферы. А ў тым, што ён пачнецца, Павел Падкарытаў не сумняецца:

«Людзі пачнуць прадуктыўна працаваць, добра зарабляць і жыць, і тады ў іх з’явіцца жаданне вандраваць па ўласнай краіне і разглядаць яе цікавосткі. А тут і будзем мы са сваім Падароскам: калі ласка, прыязжайце! Вось вам музей, вось гатэль, вось цікавыя турыстычныя маршруты па нашых мясцінах. Вакол Падароска ўнікальных турыстычных аб’ектаў, што нам толькі і застаецца, што забяспечыць турыста камфортным спальным месцам, смачным абедам і вячэрай – і ён правядзе ў нас мінімум тыдзень», – малюе аптымістычную перспектыву развіцця свайго бізнэсу Павел.

Безумоўна, такі бізнэс не будуецца без рызыкаў. І наш суразмоўца кажа, што гатовы чакаць вяртання сваіх інвестыцый не адзін год. Спадзяючыся, між іншым, і на дапамогу з боку беларускай дзяржавы. Не столькі фінансавую, сколькі заканадаўчую:

«Міністр замежных спраў Беларусі Макей абяцаў падумаць аб працягненні срока бязвізавага наведвання Беларусі замежнікамі. І калі ім дазволяць быць у краіне месяц, то прыйдзецца ж і яшчэ нешта, акрамя Мінска, Міра і Нясвіжа паказваць. Чаму ж і не Падароск?»

«Журнал» таксама рэкамендуе:

 

Комментировать