Арт

Без паперкі – не мастак. Якіх яшчэ камісій не хапае Беларусі

650 Вадим Можейко

Пакуль экспертная камісія пры Мінкульце вызначае, хто тут мастак, а хто – дармаед, навокал пануе жахлівая вольніца. «Журнал» высвятляе, як нам жыць без сертыфікатаў вартасці і якія наступствы маюць рашэнні калядзяржаўных экспертаў.

Не хвалюе нават дармаедаў

Міністэрства культуры вырашыла нарэшце заняцца істотнай справай. Не, не падтрымкай мастакоў, а высвятленнем, хто з іх сапраўдны мастак, а хто – не. Адмысловая камісія за год працы адмовіла палове заяўнікаў. Ну не дацягваюць гэтыя малявакі ды гарлапаны да высокага звання Беларускага Творчага Працаўніка!

Праблема тут толькі адна: нікога не цікавіць меркаванне гэтай камісіі і адпаведны сертыфікат. Гэта не платынавая кружэлка, не «Залатая пальмавая ветка» і нават не гран-пры «Славянскага базару». Адзінае, на што вартая гэтая паперка – прад’явіць яе ў падаткавую інспекцыю, каб давесці, што ты сапраўды творчы работнік, а не звычайны дармаед.

Па-за межамі «дэкрэту пра дармаедаў» уся гэтая мітусня з камісіяй не мае аніякага сэнсу. Проста адно геніяльнае рашэнне цягне за сабой шэраг гэткіх жа наступстваў. Аднак гэтыя наступствы застаюцца чыста бюракратычнымі. Мастак, які не прайшоў фільтр камісіі, не мае аніякіх дадатковых бар’ераў у працы ці з падаткавай: яго статус без сертыфікату роўны статусу ўсіх іншых беларусаў.

Як варта рэагаваць на такое? Хоць камісія і надзімае шчокі – якая тут сур’езная праца! – выглядае, што зрабіць незалежным мастакам яны нічога не могуць. Музыка Раман Жыгараў з гурта Akute ды мастак Вячаслаў Кліменка цудоўна пражывуць ды будуць надалей працаваць і без паперкі з высокай інстанцыі, а з дармаедствам неяк разбяруцца – не дурнейшыя за ўсю краіну.

Калі ж масткоў усё ж пачнуць прызнаваць дармаедамі і спаганяць з іх падатак – творчы чалавек заўсёды можа ператварыць гэта ў фарс, як гэта плануе зрабіць Лявон Вольскі: «Наўрад ці мне тое пасведчанне дадуць. Але плаціць ніякі падатак я не збіраюся. І што там за гэта — папраўчыя працы? Ну, вось хай мяне на тыя працы асудзяць. Яшчэ лепшае шоу атрымаецца».

Ёсць у музыкі і ідэя перформансу падчас камісіі: «Арандаваць лімузін і прыехаць, апранутым у футра, з журналістамі, з кветкамі, шампанскім і маленькім сабакам пад пахай — яго, як і лімузін, можна арэндаваць. А там такія дамы сядзяць — даць ім усім па букеціку, сказаць: «Ведаеце, хто я такі?». Ну, і паглядзім тады, як такога барына не зарэгістраваць».

 

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

 

Без Усеагульнай Камісіі не разабрацца

Патэнцыял працы гэткіх сертыфікацыйных камісій пакуль яшчэ відавочна не вычарпаны. Натхняе на перспектывы падобнай працы размова з сябрам адпаведнай экспертнай камісіі, кампазітарам, народным артыстам Беларусі Эдуардам Зарыцкім. З абразчыкам яго творчасці, на якую дзяржава прапануе раўняцца маладым, можна азнаёміцца, напрыклад, тут.

У інтэрв’ю «Еўрарадыё» ён выказаў сваё разуменне механізмаў працы беларускіх медыя: «Я разумею, я разумею ваша заданне...», «Я разумею, вам гэта трэба. Гэта замова», «Я разумею, што вы яго прадзюсуеце і вам гэта трэба».

Сапраўды ж, інтэрв’ю робяцца выключна на замову і па заданні (хіба не іншаземных выведак?!). І толькі пра лёс тых мастакоў, каго медыя прадзюсуюць: бо прадзюсарскія цэнтры – мінулае стагоддзе, цяпер з моднымі музыкамі працуюць незалежныя радыёстанцыі.

Хіба што час ставарыць яшчэ адну экспертную камісію, якая высветліць, якія СМІ – сапраўдныя СМІ, а якія мусяць сплачваць падаткі на медыядармаедства.

Яшчэ адзін значны накірунак працы – упарадкаваць сітуацыю з музычнымі крытыкамі. Вось прыкладам рэцэнзія Таццяны Заміроўскай на альбом Akute, якую Раман Жыгараў наважыўся далучыць да сваёй заявы на сертыфікат і прынесці ў Мінкульт. Пра яе народны артыст Беларусі Зарыцкі таксама адрэагаваў: «Пачытайце гэты артыкул, які ён прынёс таксама. Яго трэба вывучаць музыказнаўцам, як гэта робіцца, разумееце? Як не трэба рабіць. Там напісана поўнае трызненне! … Як можна працаваць з такімі журналістамі?»

Так што больш камісіяў, добрых і розных! Хаця... Можа, не трэба распыляцца? Давайце створым адзіную камісію з лепшых прадстаўнікоў дзяржавы, на базе экспертнай камісіі Мінкульта ды Усебеларускага народнага сходу, якая будзе папулярна тлумачыць, што ў жыцці сапраўднае, а што – бессаромны фэйк. Зажывем!

 

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

 

Нейронныя сеткі ці прыгожа надрукаваня ноты?

Калі ж сур’ёзна, то, канечне, немагчыма стварыць ніякай вартаснай камісіі, якая б дзяліла мастацтва на сапраўднае і несапраўднае. Па-першае, не існуе такога падзелу, Малевіч ды Эндзі Ўорхал усё пра гэта ўжо сказалі. Па-другое, спараўдны мастак займаецца мастацтвам, а не працай у падобных калячыноўнічых камісіях.

Сёння ва ўсім свеце мастацтвазнаўцы абмяркоўваюць творчасць нейрасетак. Робаты ствараюць малюнкі ў стылі вядомых мастакоў праз аплікацыю Prisma альбо пішуць новы альбом у стылі Ягора Летава «Нейронная оборона». Вось дзе поле для дыскусій пра тое, дзе мяжа мастацтва.

У Беларусі ж экспертная камісія абмяркоўвае стан нотных запісаў: Рамана Жыгарава крытыкуе («Там гэта было ўсё ў такім стане трызнення! Цалкам няграматна»), а сына Васіля Раінчыка хваліць («Калі б вы паглядзелі, што Раінчык прадставіў, прычым, ноты надрукаваныя, прыгожа»).

Гэта розніца вычарпальна кажа пра эпоху і узровень дыскусій, у якіх захраслі тытулаваныя эксперты. Бязглуздзіца пануе там, дзе самы час вырашаць рэальныя праблемы. Юрыдычныя пытанні ўмоў працы спонсараў ды мецэнатаў патрабуюць заканадаўчага урэгулявання, Кодэкс аб культуры і закладзены ў ім падмурак стратэгіі культурнай палітыкі марудзяцца гадамі.

Затое цалкам бессэнсоўная камісія ствараецца хутка і працуе «плённа», раздаючы масткам паперкі аб іх вартасці ці адмаўляючы творцам у гэткім статусе.

Як адзначаў «не-мастак» Вячаслаў Кліменка, «у галерэі TUT.by распачнецца персанальная выстава, якой я хацеў бы прадэманстраваць на практыцы: вось вынікі маёй дзейнасці, якую эксперты не лічаць за нешта вартае. Думаю, што гэта будзе добрай падставай паразважаць, наколькі цывілізаваныя падыходы ў Беларусі да ацэнкі здольнасцяў творчых людзей».

Комментировать