Арт

Белліт аднаго жыцця. Таццяна Заміроўская

463 Журнал

Пісьменніца і музычны крытык Таццяна Заміроўская распавядае пра свой персанальны спіс для экспертнага галасавання ў межах праекта «Журнала» «Нашы першыя 500».

На пачатку я падумала, што спіс з пяці кніг, якія лепш за ўсе прэзентавалі б нашу нацыю і ідэнтычнасць (якая не роўная нацыі) у сучасным кантэксце, магчыма, цалкам аб’ектыўны: гэта кнігі, якія насамрэч ужо прэзентавалі гэтую ідэнтычнасць і трывала працягваюць гэта рабіць (абсалютна інстынктыўны топ: Пясецкі, Адамовіч, Быкаў, Алексіевіч, Вальжына Морт). Але, канечне, я магу памыляцца і прэзентаваць на аб’ектыўнасць не маю права.

Таму вось мой надзвычай персанальны спіс беларускіх кніг, якія паўплывалі на маю асабістую ідэнтычнасць, і якія падаюцца мне вельмі важнымі па розных прычынах. Кожную з іх было б няблага перакласці на ангельскую (няхай менавіта іх, думаю, складаней за ўсе перакласці чыста тэхнічна), і праз іх, я веру, можна было б неяк распавесці, хто мы, што з намі адбываецца і як менавіта адбываецца, і ўвогуле за што нам гэта ўсе.

Тацяна Сапач, «Восень»

Гэта першая беларускамоўная кніга паэзіі ў маім жыцці, не звязаная са школьнай праграмай. На першым курсе гэтую таненькую кніжачку прынесла да нас у абшчагу БДУ мая сяброўка Ганна: штосьці з гэтага яна дэкламавала, штосьці спявала пад гітару («Новае Неба»). Невыносна лёгкія і парадаксальна глыбокія вершы, пазбаўленыя дыктата рыфмы, эга, традыцыі, у прынцыпе былі адмаўленнем усяго, што я прызвычаілася думаць пра беларускую паэзію ў жорсткай таталітарнай школьнай яе версіі. Гэтая трансперсанальная і пры гэтым асэнсавана аўтарская паэзія недзе паміж быццем і небыццем была ключом да іншай прасторы мовы, менавіта праз яе штосьці пачало адкрывацца: ці то пра мову, ці то пра паэзію ў цэлым.

Андрусь Белавокі, «Лесвіца у нябесы з адной прыступкі»

Вельмі важная для мяне кніга – першая кніга ў свеце, да якой я мела непасрэднае дачыненне, праз якую я зразумела, як ствараюцца кнігі, і як ствараюцца лёсы. Аўтар кнігі загінуў за некалькі год да яе выдання, што гэтае выданне і абумовіла: мы разам з іншымі ягонымі сябрамі склалі кніжку з ягоных персанальных і нашых прыватных архіваў, бо ён абавязаў нас гэта зрабіць, з пужаючай дакладнасцю прадказаўшы і сваю раптоўную смерць, і нашыя далейшыя дзеянні.

Вось што піша пра кнігу яе літаратурны рэдактар Валянцін Акудовіч: «Фармальна кніжыца не лішне рознілася ад падобных выданняў іншых пачаткоўцаў, якія збіраюць пад адну вокладку ўсе, што паспелі накрэмзаць за свае кароткае жыцце. Але кожны ўдумлівы чытач, прагарнуўшы трохі старонак, пачынае здагадваецца, што тут сапраўды «нешта есць». Зусім не таму, што да напісанага дадаўся геніяльны суаўтар – смерць. Справа, бадай, у тым, што Андрусь насамрэч быў – як найменей трохі – геніальным... Можа толькі так, праз смерці, ен і мог спраўдзіць уласную Кнігу як самую вялікую мару свайго жыцця».

Нават калі ўсё кароткае жыцце Андруся і было літаратурным праектам, гэта адзін з самых важных літпраектаў для майго – ужо не вельмі кароткага ў любым выпадку – жыцця. Бо ўсё, што я раблю і пішу, з’яўляецца нейкай схаванай формай дыялога з гэтай канкрэтнай кнігай.

Валянцін Акудовіч, «Мяне Няма»

Тут адбываецца замыканне гэтай пятлі – калі Акудовіч дапамог нам (і мне асабіста) з кнігай Андруся, то Андрусь некалі дапамог мне з Акудовічам і маім драматычным самавызначэннем, зацягнуўшы мяне у нейкае патаемнае сутарэнне сярод містычных дзевяціпавярховак вакол універсама Юбілейны-92. Там спадар Вялянцін сядзеў, як горны цар, увесь абкладзены альпенштокамі – гэта быў, як мне помніцца, ці то магазін, ці то ягоны персанальны склад турыстычна-паходнай параферналіі, ці то лакацыя з маіх сноў – і расказваў нам літаральна пра ўсё. Менавіта праз гэтыя размовы, а таксама гэтую кніжку, у мяне адбылося асэнсаванне сябе беларусам – іншыя канцэпцыі не падыходзілі, падаваліся ілжывымі. Адсутнасць выдатна паклалася на адчуванне сваей адсутнасці, а бэкграунд з постструктуралістычнай і постмадэрновай філасофіі і дыялектыкі яшчэ і даў нагоду нарэшце пачаць чытаць разумныя кніжкі (не толькі Хайдэгера).

Артур Клінаў, «Малая падарожная кніжка па горадзе Сонца»

Менавіта з Артура Клінава ў мяне дзесьці на пачатку «нулявых» пачалося асэнсаванне таго, што ў нашай краіне існуе сучаснае мастацтва, і што ў нашага сучаснага мастацтва ёсць свой падмурак, свае асаблівасці і свая міфалогія (а таксама свой часопіс, канечне ж!) Канцэпцыя Клінава пра Мінск як утапічны сталінскі Горад Сонца дапамагла мне нарэшце палюбіць гэты горад, які заўжды падаваўся чужым (я пераехала ў Мінск у 18 год). Клінаў падаецца мне адной з самых значных фігур беларускай культуры 21 стагоддзя, і справа ў ягонай прагрэсіўнай «заходняй» інтэрдысцыплінарнасці – ён мысліць праектамі, кожная ягоная кніга – гэта не літаратурны твор, а расцягнуты на дзесяцігоддзі арт-праект. Калі я намагалася патлумачыць штосьці пра Мінск сваім калегам па арт-магістратуры Бард-каледжу, сапраўды дзейнымі былі цытаты з твораў Клінава – прычым любыя: тэксты, фота, кавалкі інтэрвію.

Альгерд Бахарэвіч, «Белая муха, забойца мужчын»

За амаль тры гады, што я правяла за межамі Беларусі, гэты раман апынуўся адным з лепшых фікшн-твораў, што я прачытала за гэты час (безадносна мовы і краіны паходжання). Так, гэта першы беларускі асэнсавана феміністычны твор напісаны мужчынай – што істотна – але да таго ж гэта проста выдатная літаратура, як у сэнсе мовы (мне здаецца, што менавіта тут стылістычна голас аўтара выкрышталізаваўся нарэшце і канчаткова), так і сюжэту, і ідэяў. Да таго ж, менавіта «Белая муха» вытрымана ў жанры «сусветнай літаратуры» – складана патлумачыць, але рытмічна і нарратыўна яна арганізаваная так, як самыя актуальныя эўрапейскія і амерыканскія не-масавыя, але значныя літаратурныя творы; і магчымасць перакладу на розныя мовы закладзеная ў яе сінтаксіс першапачаткова, як – адначасова з гэтым – закладзеная і немагчымасць перакладу сапраўднага, татальнага (як перакласці тое, як Бахарэвіч транслюе рускую мову, што гучыць з вуснаў ягоных персанажаў?). То бок, тут прысутнічае шчырая адкрытасць сусветнай аўдыторыі і, разам з тым, сэт прыватных, «нашых» кодаў, якія немагчыма трансляваць – але наяўнасць такіх кодаў звычайна робіць пераклад больш цікавым, пакідаючы ў ім дыстанцыю, прастору і пэўную немагчымасць разумення, пра якую не варта забывацца.

Таццяна Заміроўская працавала рэдактарам часопісаў «Джаз-квадрат», «Даберман», супрацоўнічала як музычны журналіст с шэрагам выданняў. Аўтарка зборнікаў апавяданняў «Жизнь без шума и боли» (2009), «Воробьиная река» (2015), якія не раз згадваліся ў нашым экспертным апытанні ў якасці выбітных кніг сучаснай беларускай літаратуры.

Чытайце таксама:

Белліт Севярына Квяткоўскага

Белліт Максіма Жбанкова

Белліт Андрэя Дзічэнкі

Белліт Алісы Бізяевай

Белліт Ганны Севярынец

Белліт Ігара Бабкова

Белліт Валянціна Акудовіча

Белліт Сяргея Балахонава

Белліт Марыі Мартысевіч

Цалкам спіс 50 найважнейшых беларускіх кнігі паводле экспертаў «Журнала» можна пабачыць тут.

Мы таксама прапануем кожнаму прогаласаваць за найважнейшыя беларускія кнігі ўсіх часоў у нашым народным галасаванні «Нашы першыя 500»Далучайцеся!

 

 

Комментировать