Белліт аднаго жыцця. Севярын Квяткоўскі

Персанальны спіс найважнейшых беларускіх кніг ад пісьменніка і журналіста Севярына Квяткоўскага для экспертнага галасавання ў межах праекта «Журнала» «Нашы першыя 500».
Гэтыя кнігі выйшлі пасьля 1990-га году, калі я скончыў школу і калі адзначалі 500-гадовы юбілей Скарыны. Да аднаўлення дзяржаўнаці заставаліся месяцы, а новая культурная сытуацыя даўно абагнала новую палітычную.
Адам Глобус. «Дамавікамэрон», апавяданні (1994)
Порна па-беларуску. Гэта быў пазытыўны шок і рэабелітацыя ўсёй беларускай літаратуры, якая пасля школы падавалася жуйкай, што прыляпілася да абутку: хочаш стрэсці, а не можаш. «Дамавікамэрон» адразу торкнуў сваёй сучаснасцю, і самае галоўнае – гарадоцкасцю. Міфы і паданні мегаполісу. Рэальныя персанажы з бурлівага жыцця самага Глобуса. Поўны кайф!
Сергей Дубавец. «Русская книга», эсэ (1998)
Пад адной вокладкай – серыя эсэ, якія раскрываюць і механізм, і атмасферу пачатку масавай русіфікацыі беларусаў у другой палове ХІХ ст. Тэма дэ-факта дагэтуль табуяваная. А ў 1990-я гэта была проста рэвалюцыйная кніга. «Русская книга» нядаўна перавыдадзеная і, відаць, не апошні раз. Бо кніга насамрэч пра сучасную Беларусь, пра тое як мы мыслім сваю краіну і сябе ў ёй.
Зміцер Бартосік. «Чорны пісталет», апавяданні (2002)
Падзеі апавяданняў разгортваюцца ў асноўным у 1990-я. Зміцер Бартосік выдатны расказчык з дакладным пачуццём стылю. Базаваныя на рэальных падзеях, апавяданні моцна насычаныя «я» аўтара. А «я» ў аўтара – як мінімум з гумарам, таму сумна не будзе ні пры якіх абставінах. Кніга – аўтраскае сведчанне паўставання ў новай краіне новых людзей: ад бамжоў да міліцыянтаў, ад правадніц да літаратараў. З іроніяй. Дасціпна.
Ігар Бабкоў. «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэнні ру[i]наў», эсэ (2005)
Пад адной вокладкай сабраныя эсэ, якія збольшага публікаваліся ў «Нашай Ніве» ў 1990-я. «Як жа файна, відаць, разважаць пра беларускую савецкую літаратуру, седзячы ў адной з парыжскіх кавярань», – думаў я адкрываючы для сябе свет мыслярства і мастацтва Ігара Бабкова. Як і ў выпадку з астатнімі аўтарамі, пра якіх пішу тут, эсэістыка, проза і паэзія Ігара Бабкова – стварэнне новай прасторы. Не анты- папярэдняму савецкаму, а паралельна – новае.
Тацяна Сапач. «Восень», вершы (1991)
Танюсенькі зборнік кароткіх вершаў. Эстэтных, эстэцкіх, цёплых, халодных, драматычных, з верай у сябе і цябе. Пра гарадскую любоў і каханне. Неверагодны кантраст з яшчэ ўчорашнімі «куткамі цемнаты» і «сляпых нібы крот». 1991 год, усё толькі пачынаецца. Неўзабаве на вершы Тацяны Сапач, Ігара Бабкова і Адама Глобуса напіша свае першыя песні Кася Камоцкая.
А ўсе разам з іншымі творцамі створаць пласт сучаснай культуры, які ўжо не зрэзаць, не знесці.
Севярын Квяткоўскі ўпершыню выступіў як публіцыст у «дубаўцоўскай» «Нашай Ніве», сёння – калумніст «Радыё «Свабода»». Аўтар кніг «Фрашкі да пляшкі» (2007), «Падарунак для Адэлі» (2012), «Як стаць беларусам. Сто гісторый» (2015).
Чытайце таксама:
Цалкам спіс 50 найважнейшых беларускіх кнігі паводле экспертаў «Журнала» можна пабачыць тут.
Мы таксама прапануем кожнаму прогаласаваць за найважнейшыя беларускія кнігі ўсіх часоў у нашым народным галасаванні «Нашы першыя 500». Далучайцеся!
Комментировать