Арт

Белліт аднаго жыцця. Марыя Мартысевіч

656 Журнал

Паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч распавядае пра свой персанальны спіс самых важных беларускіх кніг для экспертнага галасавання ў межах праекта «Журнала» «Нашы першыя 500».

З самага пачатку мне падалося, што ў мяне пытаюцца пра творы, з дапамогай якіх чытачы з па-за Беларусі маглі б як найлепей зразумець, чым ёсць Беларусь. І таму я адбумвала менавіта такую пяцёрку. Потым, уважліва перачытаўшы пытанyе, зразумела, што, магчыма, у мяне пытаюцца пра беларускіх аўтараў, якія маглі б стаць часткай сусветнага (заходняга?) канону. Тады так скажу: я не веру ані ў сусветны, ані ў заходні літаратурны канон. Але я веру ў тое, што з дапамогай літаратуры можна крыху расказаць пра Беларусь у свеце.

Баюся, што мой спіс можа падацца камусьці скандальным, бо далёка не ўсе творы з майго топ-файву напісаныя на літаратурнай беларускай мове. Яны падаюцца ў спісе ў храналагічным парадку.

Ян Баршчэўскі, «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1846)

Мовы арыгіналу: польская і беларуская

Самае дарагое ў культавым творы Баршчэўскага для многіх беларускіх чытачоў не тое, што ў польскім тэксце трапляюцца беларускія фразы. І нават не тое, што Баршчэўскі – гэта наш Горват… даруйце, Гофман. Галоўнае – гэта атмасфера. Гэта зіма, гэта беларуская поўнач, гэта сутая льдом Нешчарда, гэта сугестыя народных легенд і паданняў. Гэта сам вобраз шляхціца Завальні, які ўвасабляў прагу народа па моцнай руцэ за стагоддзе да таго, як нарадзіліся Зянон і Лукашэнка. Гэта Плачка, урэшце рэшт. Гэта вельмі пра Беларусь і беларусаў.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, «Пінская шляхта» (1866)

Мова арыгіналу: пінскія гаворкі

Гэты «фарс-вадэвіль» агаляе адну з самых вялікіх траўм беларускага грамадства – заняпад шляхецкага саслоўя, калі Беларусі трапіла ў склад Расійскай імперыі. Людзі, якія пры іншых умовах маглі б стацца сярэднім класам буржуазнай Беларусі, цэлае стагоддзе пачуваліся прыніжанымі і абражанымі. Як вынік – варажнеча з мужыкамі, мара аб Польшчы, засцянковы снабізм. У ХХ стагоддзі – Сібір або эміграцыя. Нашчадкі гэтых людзей у Новасібірску і Нью-Ёрку лічаць сябе палякамі.

Вы спытаецеся, дзе пра гэта ў Марцінкевіча? Але ўсе ведаюць: любую кнігу робіць прадмова. Дадаць сюды яшчэ белетрызаваны жыццяпіс аўтара – атрымаецца выдатны баёпік.

Максім Гарэцкі, «Дзве душы» (1919)

Мова арыгіналу: беларуская

Каб найяскравей выявіць беларуса, трэба зрабіць яго не вельмі станоўчым персанажам. Ігнат Абдзіраловіч, які не ведае, рускі ён ці беларус, пан ці хам, трапляе ў вір ідэалогій, які захлынае Беларусь пасля Кастрычніцкай рэваюцыі. Гарэцкі стварыў магутную метафару, якая тлумачыць усё беларускае ХХ стагоддзе разам узятае. Ды што там казаць – і ХХІ таксама.

Майсей Кульбак, «Зельманцы» (1935)

Мова арыгіналу: ідыш

«Зельманцы» – апроч таго, што гэта выдатная проза паэта і яе проста прыемна чытаць (мяркую выключна па перакладзе Віталя Вольскага) – гэта яшчэ і сага пра распад сям’і пад уплывам гістарычных зменаў. Сімваламі гэтых зменаў выступаюць то радыёантэна, якую ўсталёўвае Фалка на зельманскім двары, то першы менскі трамвай, на якім катаецца дзядзька Іча. Гэта кніга пра тое, як Менск стаў такім, якім мы яго маем – разламаным, шэрым, (пост)індустрыяльным. «Зельманцы», дарэчы, перакладзеныя на чатыры ключавыя мовы літаратурнага свету.

Лазар Лагін, «Стары Хатабыч» (1938)

Мова арыгіналу: руская

Разумею, нечакана. Але ўсе творы, дзе гаворка відавочна ішла пра Беларусь, мы ў суседзяў больш-менш паспяхова аджалі і цалкам справядліва пазіцыянуем у школьных і ўніверсітэцкіх праграмах, як беларускую спадчыну. Ну там, «Дзяды» Адама Міцкевіча ці «Хама» Элізы Ажэшкі. Цяпер чарга перапазіцыянаваць творы, якія беларускімі раней не лічыліся і блізка, і «Стары Хатабыч», з лёгкай рукі Міхаіла Валодзіна вельмі для гэтага прыдатны. Дарэчы, у аўтарскай (1938 года) рэдакцыі «Старога Хатабыча» нідзе не згадваецца, у якім горадзе адбываюцца падзеі. Чаму ўсе думаюць, што гэта Масква? На заходнім кніжным рынку кнігу можна падаць як (беларускі) савецкі варыянт казкі The Brass Bottle Ф. Энсці, з якой «Хатабыч» відавочна быў спісаны.

Марыя Мартысевіч – паэтка, перакладчыца, літаратазнаўца і літаратурны крытык. Аўтарка кніг «Цмокі лятуць на нераст: эсэ ў вершах і прозе» (2008) і «Амбасада: эсэ ў вершах і прозе».

Чытайце таксама:

Белліт Таццяны Заміроўскай

Белліт Севярына Квяткоўскага

Белліт Максіма Жбанкова

Белліт Андрэя Дзічэнкі

Белліт Алісы Бізяевай

Белліт Ганны Севярынец

Белліт Ігара Бабкова

Белліт Валянціна Акудовіча

Белліт Сяргея Балахонава

Цалкам спіс 50 найважнейшых беларускіх кнігі паводле экспертаў «Журнала» можна пабачыць тут.

Мы таксама прапануем кожнаму прогаласаваць за найважнейшыя беларускія кнігі ўсіх часоў у нашым народным галасаванні «Нашы першыя 500»Далучайцеся!

 

Комментировать