Белліт аднаго жыцця. Ігар Бабкоў

Ігар Бабкоў. Фота: Глеб Лабадзенка
Найважнейшыя беларускія кнігі ўсіх часоў. Персанальны спіс Ігара Бабкова для экспертнага галасавання ў межах праекта «Журнала» «Нашы першыя 500».
Сусветная літаратура – паненка загадкавая. Ніхто – ад часоў Гётэ – ўжывую яе не бачыў, але ўсе абмяркоўваюць, як патрапіць на баль, а некаторыя ганарацца знаёмствам. Па кутох, праўда, ходзяць чуткі, што гэта і не паненка зусім, а гара на поўначы, куды скіроўваюць тых, хто спяшаліся – паспяховых. Лысая гара, амаль без расліннасці, каб усё было бачна. Ні прылегчы, ні заснуць. Менавіта там адбываецца размова Гётэ з Гэмінгуэем, якую апісаў Кундэра ў «Несмяротнасці».
Ёсць яшчэ адна версія, будыская, і самая радыкальная. Мы ад нараджэння ўжо там, на гэтай гары, і пытанне, як адтуль выбірацца. Куды выбірацца. І дзе знайсці мапы.
Іх пяць.
1. «Дзяды» Адама Міцкевіча
Пакінутыя недапісанымі драматычныя фрагменты, з якіх пачынаецца беларуская літаратура. Твор кананічны і адначасова апакрыфічны.
Магічная прастора, у якой паўсюль лётаюць духі, бедныя студэнты сядзяць у Вільні ў вязніцы базыліянаў і чакаюць прысуду, пакуль там, у вашых Варшавах балююць і цалуюцца з катамі, а потым прыходзіць кніга Восені, усё замярзае і толькі маг Аляшкевіч можа нас выратаваць.
2. «Тутэйшыя» Янкі Купалы
Свята дурняў на балі шатана. Тэатр масак, з якіх усе чужыя. Час балявання ўлады. Крык – і смех – голема – альбо горлума – які адчайна хоча быць кімсьці. Які згодны на ўсё.
3. «Сястра» Кузьмы Чорнага
Першы і можа быць адзіны менскі раман. Цеплыня чалавечага свету, убачаная, адчутая і перажытая знутры, ад сэрца.
Мапа рэальнасці, вытканая словам, пошукі сястры, сцежкі вядуць наперад, у глыбіні мовы і там пакідаюць, і вось мы ўжо разумеем, што і Менск тут не зусім Менск, і сястра не да канца сястра, а нешта значна большае.
4. «Сьвет Іванавіч былы данжуан ды іншая проза» Міхася Стральцова
Акты прасвятленай прыгажосці ў форме апавяданняў. Арыстакратычнае пісьмо Стральцова пераадольвае сябе і час, вымыкаючы «за рубеж чалавечага слова».
5. «Гліна. Камень. Жалеза» Алеся Разанава
Самы алхімічны твор Разанава. Непрачытаны і – горш за тое – непрадуманы – у нашай эпосе. Твор, які ўсё тлумачыць, а сам застаецца за дужкамі.
Ігар Бабкоў, філосаф, літаратар, адзін з заснавальнікаў Беларускага калегіюма, рэдактар часопіса «Фрагмэнты». Аўтар кніг вершаў «Solus Rex», «Герой вайны за празрыстасьць», «Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб», раманаў «Адам Клакоцкі і ягоныя цені», «Хвілінка. Тры гісторыі», «Хвілінка. Другая кніга», зборніка эсэ «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньні ру[і]наў». Творы Ігара Бабкова шматкроць згадваліся экспертамі нашага апытання.
Чытайце таксама:
Цалкам спіс 50 найважнейшых беларускіх кнігі паводле экспертаў «Журнала» можна пабачыць тут.
Мы таксама прапануем кожнаму прогаласаваць за найважнейшыя беларускія кнігі ўсіх часоў у нашым народным галасаванні «Нашы першыя 500». Далучайцеся!
Комментировать