Арт

Белліт аднаго жыцця. Аліса Бізяева

455 Журнал

Пісьменніца і літаратурны крытык Аліса Бізяева склала ўласны спіс для экспертнага галасавання ў межах праекта «Журнала» «Нашы першыя 500».

Ігар Бабкоў, «Адам Клакоцкі і ягоныя цені»

На маю думку, гэта самы значны беларускі постмадэрнісцкі тэкст. Герой гісторыі працуе ў незвычайнае ўстанове – Беларускім Архіве Сноў, вывучае, аўтарызуе, сістэматызуе падсвядомае беларусаў. Кніга ўтрымлівае як адгалоскі падзеяў альтэрнатыўнай гісторыі, так і згадкі і цытаты з сусветных літаратурных твораў. Да таго ж усё напісана выкшталцонай беларускай мовай.

Адам Глобус, «Дамавікамерон»

Адама Глобуса можна назваць дзёрзкім літаратарам і архіварыюсам часу, і адным з тых нешматлікіх беларускіх аўтараў, якія ўмеюць выклікаць не толькі тугу і сум, але усмешку і смех. Пачуццё гумару ў сучаснай беларускай літаратуры – надта ўжо рэдкі, але такі прывабны чыннік. Варта ўзгадаць яго эратычную міфалогію «Дамавікамэрон», дакумэнтальныя замалёўкі пра сучаснікаў, «Асмалоўскія казкі», гісторыі пра Мінск і ваколіцы, каштоўныя не толькі сваім зместам, але й тым, што былі створаныя на прасторах байнэту на вачах здзіўленай публікі.

Татьяна Замировская. «Воробьиная река»

Таццяна Заміроўская – адна з самых надзвычайных і наватарскіх беларускіх празаікаў. Яе другі зборнік кароткіх апавяданьняў  «Воробьиная река» – кніга, па якой можна вывучаць магчымасці перакадыроўкі – як перадаць абсурд беларускай гіперрэальнасьці з усімі сэнсамі і асэнсаваннямі, якія жывуць у галовах пакалення, сродкамі літаратурнай прозы.

Асаблівую ўвагу хачу надаць аднаму з новых твораў, які пакуль не выйшаў на паперы – апавяданню «Сад для игры в волка». Напісаны ў Нью-Йорку, апублікаваны на расейскім рэсурсе – гэты тэкст усё ж такі пра беларусаў, каторыя нават не ведаюць, якія яшчэ жахі давядзецца ім здзейсніць у змянённай свядомасці, у якой трымае іх наркотык страху.

Альгерд Бахарэвіч. «Дзеці Аліндаркі»

Самы ўдалы і рэпрэзэнтатыўны, на мой погляд, твор Альгерда Бахарэвіча «Дзеці Аліндаркі», працягвае фантастычна-міфалагічную традыцыю беларускай літаратуры, удала аздабляючы ёй прастору трошкі жудакаватага будучага нашай краіны. Прыгоды Лётчыка і Лёсі (у якіх угадваюцца героі братоў Грым) – мэтафара шляху беларускай мовы праз перашкоды і забароны русіфікацыі і забыцця з боку сваіх носьбітаў.

Марыя Роўда. «Клінічны выпадак або дарэмныя ўцёкі»

Аповесці з гэтага зборніку – галерэя жывых лёсаў у рэалістычных абставінах, шчырыя і падрабязныя, амаль дакумэнтальныя жыццярысы беларусаў, якія захавалі ў сабе беларускае. Для мяне самым важным тэкстам са зборніку стаў аповед «Чорная лінія» пра тое, як шляхетная культура паступова канае, пакідаючы па сабе асобных людзей, якія няёмка пачуваюць сябе ва ўмовах спрошчанага і агрубелага новага свету.

Аліса Бізяева – пісьменніца, літаратурны крытык. Стваральніца знакавага для 2000-х гадоў сайта пра беларускую літаратуру Litara.net. Аўтарка кнігі-казкі «Крым для дзяцей», зборніка кароткай прозы «Дзяўчына на прыпынку».

Чытайце таксама:

Белліт Таццяны Заміроўскай

Белліт Севярына Квяткоўскага

Белліт Максіма Жбанкова

Белліт Андрэя Дзічэнкі

Белліт Ганны Севярынец

Белліт Ігара Бабкова

Белліт Валянціна Акудовіча

Белліт Сяргея Балахонава

Белліт Марыі Мартысевіч

Цалкам спіс 50 найважнейшых беларускіх кнігі паводле экспертаў «Журнала» можна пабачыць тут.

Мы таксама прапануем кожнаму прогаласаваць за найважнейшыя беларускія кнігі ўсіх часоў у нашым народным галасаванні «Нашы першыя 500»Далучайцеся!

 

 

Комментировать