Мнения

Максім Жбанкоў. Сыйсьці з краіны Dream

880 Максим Жбанков

Не ведаю ніводнага спраўджанага прагноза. Таму любыя прапановы паразважаць пра будучыню выглядаюць дзіўнавата: ўсё адно адбудзецца не пажаданае (намі, вамі ці галоўнакамандуючым), а магчымае.

Праблема не ў тым, што няма каму “думаць Беларусь”. Як раз наадварот: мы толькі і робім, што яе думаем. Дыктатура мрояў горш за палітычны прэсынг, бо дазваляе візіянэрам лічыць сябе крыэйтарамі. Паветраныя замкі айчыннага інтэлектуалізму – выдатны прытулак для інвалідаў сацыяльнага дзеяння. Вось ужо і Сяргей Міхалок заспяваў пра шчасце “патрабаваць немагчымага”. Бо калі жыцця няма, застаецца ствараць праекты.

Што бянтэжыць у адвечнай празе паразважаць аб будучыні нацыі? Тое, што пра нацыю звестак катастрафічна не хапае. У непразрыстай інфармацыйнай прасторы, з асабістым досведам даўжынёй у трохдзённы семінар дзесці ў правінцыі, з запазычаным слоўнікам і траўматычным досведам крытычнага мыслення “тут і цяпер” – разумнікі мрояць.

Мрояць вымушана, мрояць адчайна, мрояць – бо нічога іншага не адбываецца. Здольнасць да ўмоўнага праектавання забяспечвае інтэлектуалу паснулага грамадcтва бясспрэчнае алібі – і яна ж пазбаўляе яго магчымасьці на штосьці ўплываць.

Адчапіцеся, дурні! Мы працуем. Марым Беларусь.

Пытаньне, аднак, у іншым: а што Беларусі з нашых мрояў? Краіна ўпарта не жадае існаваць паводле прызначаных схем і запланаваных сцэнараў (ўсё адно якога паходжання). Наша найноўшая гісторыя – расповед пра паразы глабальных праектаў. Мы крочым праз могілкі разнастайных версій Лепшага Заўтра – ад “саюзнай дзяржавы” і “Адраджэньня” да “рэвалюцыі ў сацыяльных сетках” і братэрскага альянсу з Кітаем.

Чаму ўсё складаецца менавіта так? Хтосьці скажа: не тое грамадзтва. Я б сказаў: не тыя планы. Для нейкай іншай краіны.

Як на мяне, варта разумець беларусаў як нацыю памежжа, народ на скразняках гандлёвых рухаў, культурных плыняў і палітычных інтэрвенцыяў. Мабільны. Шматмоўны. Пабудаваць маналітную нацыянальную свядомасьць пад шыльдай ўсенароднай нацыянальнай ідэі не атрымалася ўчора і сёння – і не атрымаецца заўтра.

Адной на ўсіх версіі будучыні няма і не можа быць з адной відавочнай прычыны: мы, калі шчыра, ніколі не былі адзінымі. І – на шчасьце – ужо, пэўна, не будзем.

Свабода – гэта не калі нацыя сінхронна спявае дзяржаўны гімн. А калі кожны слухае свой джаз – і не замінае суседу.

Прага плану – рыса падначаленых ды залежных. Яна спрашчае рэчаіснасць і адказвае на ўсе пытанні. Усё добра? Планіроўшчыкі выдатныя! Усё кепска? Тэрмінова шукайма новых!

Залежны стабільна чакае ратавання звонку. Чарговага капітана на белым кані. І адчувае сябе ў адсутнасці кіраўніка бездапаможным і асірацелым. Психалогія падначаленага па вызначэнні катастрафічная – бо для яе ёсць выпрабаваннем і неабходнасць прагнуцца пад чарговую змену курсу і боязь застацца без плану.

Парадаксальна, але дваццацігадовы досвед беларускай незалежнасці здолеў на ўзроўні масавай свядомасьці выгадаваць адзінае: прагу новай залежнасці – і адчайныя пошукі чарговага правадыра.

Востра не хапае новай беларускасці. Магчыма таму, што мы зноў чакаем, пакуль хтосьці вымысліць яе за нас – і запросіць далучыцца да новага канону.

Падаецца, куды прасьцей? Выгадаваць новых лідараў. Прапісаць народу перспектыву. Узначаліць працэс. І наперад, да перамогі нашай агульнай справы!

Але гэтыя простыя схемы сёння прыдатныя хіба для Паўночнай Карэі. Бо стоадсоткавае ідэалагічнае праграмаванне – хай сабе і на падставе лепшай ў свеце праграмы – можа спрацаваць толькі там, дзе выключнае права голаса мае ўлада.

Калі ж убачыць сучасную Беларусь як супольнасць на ростанях інфармацыйных плыняў, якія непазбежна мяняюць штодзённыя практыкі, фарматы камунікацыі, мадэлі самарэалізацыі і жыццёвыя прыярытэты, атрымаецца несуцяшальная карцінка як для прэтэндэнтаў у сцэнарысты будучыні, так і для тых, хто зачакаўся ратавальных сцэнараў.

Адкрытае крэатыўна-адукацыйна-спажывецкае грамадства, што спантана паўстае на нашых вачох, не мае патрэбы ў сістэмнай палітычнай легітымізацыі – і адпаведна пазбаўляе палітычнае вымярэнне жыцця прыярытэтнай значнасці.

Перахоп улады робіцца для былога “чалавечага рэсурсу” неістотным, паразы ў палітычнай барацьбе ўжо не выглядаюць катастрафічна. Як, дарэчы, і перамогі. Палітычныя кампаніі робяцца танным кабарэ, захапляцца якім немагчыма – калі ты не ангажаваны аналітык. Як-бы-планы і нібыта-электарат прынцыпова няздольныя перастрэцца – тым больш, паразумецца.

Краіна збольшага жыве па-за канцэптамі і не заганяецца, якой яна мусіць быць. Проста таму, што яна ўжо ёсць. Беларусь паціху пачынае мяняцца не зьверху, а знізу – праз “малыя справы”, прыватныя ініцыятывы і лакальныя івэнты. Гэтай новай краіне глабальныя матрыцы не патрэбныя – і адпаведна не патрэбныя капітаны мрояў.

Новую вертыкаль улады (палітычнай, ідэйнай, эстэтычнай і г.д.) тут ніхто не чакае і ніхто не будуе. Жыццё робіцца мазаічна-пярэстым – і нацыянальная свядомасьць таксама. Замест універсальнай беларускасці ўжо сёньня маем шэраг “дыялектаў”. Далей – болей.

Перамогі ў вайне ідэнтычнасьцяў робяцца ўмоўнымі. Суіснаванне – неабходным.

Нам – планіроўшчыкам і экспертам – будзе цяжка. Бо з элітных генератараў сэнсаў і генералаў мыслення мы мусім сыйсці ў шэраговыя супрацоўнікі мазаічнага супольнага праекту “Беларусь”. І паспрабаваць канвертаваць свае мроі ў культурныя практыкі.

“Птушыная мова” разумнікаў мусіць давесці сваю важкасць праз новыя падзеі і культурныя тэксты – альбо канчаткова выйсьці па-за межы поля грамадскай запатрабаванасьці. Нашае “бла-бла-бла” мусіць памерці, каб ператварыцца ў безназоўныя рухі тых, хто нават не ўзгадае нашых імёнаў.

Бо наспеў час скончыць “сто гадоў гульні ў самаабарону” (Лявон Вольскі). Логіка барацьбы болей не працуе – таму што захоп вертыкалі ўлады (у тым ліку адукацыйна-інфармацыйнай) ўжо не ёсць адзіным сродкам уплываць на падзеі.

У гарызантальнай прасторы белкульту новага часу адбываецца натуральная дэвальвацыя дзяржаўнага дыскурсу. Прыбярыце гітары з барыкадаў! Бясконцае змаганне – таксама форма залежнасці ад супраціўніка.

Дзяржаўная культура на датацыях заб’е сама сябе – праз відавочную няздольнасць перамагчы ў канкурэнцыі з несыстэмнай “самадзейнасцю”. І забудзцеся на Brutto. Лепшым “партызан-рокам” усіх часоў застаецца “Народны альбом”.

Бо трэба ствараць новую айчынную супольнасць. Дакладней – супольнасці. Розныя. Спрэчныя. Жывыя. Не па загадзе зверху. Па-за межамі грантавай кан’юнктуры. Старая гульня вычарпаная – час на перазагрузку.

Час вучыць свабодзе сацыяльнага руху і культурнай дзейнасці. Не выкладаць самаарганізацыю, а ствараць зоны яе існавання. Зруйнаваць падзел на аўтараў і спажыўцоў. І – як ні шкада – развітацца з мроямі. Сыйсьці з краіны Dream.

Заўтра тваёй краіны – не новы твар у зомбаскрыні, а адкрытая прастора самаробнай будучыні. Але спачатку трэба прачнуцца. І дазволіць здарыцца таму, што мы не снілі.

Комментировать