Жизнь

Беларусь: дзве розныя культурныя мадэлі

1204 Міхал Анемпадыстаў

Як фарміруюцца нацыі? Ці сфарміраваная яна ў беларусаў? І чаму ў Беларусі адначасова існуюць дзве розныя культурныя мадэлі?

Серыю лекцыі пад назвай «Галоўнае пытанне» Лятучы ўніверсітэт праводзіць усю восень. Тэмы выступаў, як і мае быць з галоўнымі пытаннямі, вызначаюцца не актуальнымі падзеямі і часам нават не сферай дзейнасці лектара. Гэта хутчэй гутаркі пра вечнае – у якім часта пытанне важнейшае за адказ. «Журнал» наведаў сустрэчу, на якой дызайнер і публіцыст Міхал Анемпадыстаў ўяўляў сабе беларускую нацыю.

Нацыя як уяўленая супольнасць

Англійскі сацыёлаг Бенедыкт Андэрсан увёў у дачыненні да нацыі як з’явы тэрмін «уяўленая супольнасць». Фактычна ён спрачаецца з папярэдняй мадэллю, паводле якой нацыя паўстае, бо ёй гэта наканавана ў выніку пэўных гістарычных абставінаў. Калі гэтыя абставіны складаюцца – ёсць агульная мова, гісторыя, тэрыторыя, эканамічныя чыннікі – тады паўстае нацыя. Гэтая тэорыя ўзнікла ў 19-м стагоддзі і панавала да Другой сусветнай вайны.

Аднак пасля вайны, калі калоніі пачалі адасабляцца ад колішніх метраполіяў, раптам паўсталі нацыі, якія ўзнікаць нібыта не былі павінныя. Андрэсан пачаў аналізаваць гэтую з’яву. Ён давёў, што, нават маючы выдатныя гістарычныя перадумовы, нацыя не паўстае, калі супольнасць, з якой яна мусіць паўстаць, не ўяўляе сябе ў якасці супольнасці.

Калі пэўная група людзей пачынае ўяўляць сябе ўніфікавана, то бок дамоўлена, падобна, адзінаабразна, як еднасць, узнікае нацыя. Пры гэтым мала, што людзі фіксуюць, што яны супольнасць – яны мусяць гэта эмацыйна перажываць. Калі працэс уяўлення не адбываецца, нацыя не ўзнікае. На сёння гэта адна з самых распаўсюджаных тэорыяў узніклення нацый.

Мужык, селянін: дурны, як бот, і хітры, як варона

Адпаведна, з этнаса нацыі можа і не нарадзіцца. На гэта таксама звяртае ўвагу Цімаці Снайдэр. У сваёй кнізе «Паўстанне мадэрных нацый. Беларусь, Літва, Польшча, Украіна» ён разглядае не народы ў разуменні 19-га стагоддзя, а менавіта мадэрныя нацыі, якія паўсталі і выйшлі з тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Даследчык звяртае ўвагу на тое, што пасля палякаў беларусы тады мелі найлепшыя ўмовы для нацыяўтварэння. У адрозненні ад літоўцаў, якія маюць як мінімум жамайтаў і аўкштайтаў з рознымі мовамі. І ў адрозненні ад Украіны, якая мае вялізную тэрыторыю са складанымі камунікацыямі і адрознымі рэгіёнамі.

Беларусы ж маюць тэрыторыю, якая з’яўляецца адным з гістарычных цэнтраў дзяржаўнага ўтварэння, беларуская мова на ёй аднародная, супадае і спрэс пакрывае гэтую тэрыторыю. Але нацыя не паўстае.

Снайдер як прычыну называе тое, што мадэль нацыі, прапанаваная айцамі-заснавальнікамі, апынулася непрывабнай. Што казалі першыя ідэолагі беларушчыны? Беларус – гэта мужык, селянін, дурны, як бот, і хітры, як варона, забіты. Каму хочацца такім быць?

Нацыянальнай завецца культура, базавыя каштоўнасці якой не патрабуюць дадатковай аргументацыі сярод яе чальцоў.

Паляку не трэба даводзіць каштоўнасць польскай мовы. Літоўцу не трэба даводзіць каштоўнасць існавання ВКЛ.

А калі мы пачынаем гаварыць на сур’ёзныя тэмы, то нават унутры беларускай супольнасці даводзіцца аргументаваць базавыя каштоўнасці. Значыць, тут альбо не адна культура, альбо яна не функцыянуе нармальным чынам.

Аднойчы ўявіўшы саму сябе, эмацыйна перажыўшы, супольнасць бесперапынна працягвае гэта рабіць. Калектыўны розум увесь час улічвае рэальныя абставіны, унутраную і знешнюю палітычную сітуацыю, падстройваецца пад яе. Каб выжыць. І, уяўляючы сябе бесперапынна, супольнасць сябе актуалізуе, у дзеяннях замацоўвае ўласны вобраз.

Пакуль мы не маем ўяўлення пра тое, кім мы ёсць, мы не маем бачання супольнай будучыні, то бок у нас проста няма будучыні. Мы бачым яе такую, як нам малююць суседзі ці нейкія трэцція сілы, мы не ў стане яе ні спраектаваць, ні запланаваць.

Палітыка – працяг культуры, актуалізацыя супольнасці ў масштабах краіны. Калі ёсць палітычны чыннік і ўзнікае нацыянальная дзяржава, тады вырашаюцца такія пытанні, як захаванне мовы, гістарычнай спадчыны, рэтрансляцыя ведаў. Бо мова існуе сама па сабе. Яна памірае без шансаў на захаванне, пакуль ён не пачынае займацца дзяржава.

Дзяржава, зацікаўленая ў захаванні нацыянальнай мовы, надае ёй сімвалічны статус: ёй карыстаюцца палітычныя дзеячы, сродкі масавай інфармацы. Атрымлівае яна і юрыдычны статус – калі замацоўваецца ў якасці дзяржаўнай мовы. Тады мова пачынае функцыянаваць як сродак зносінаў.

Беларусы і польская нацыянальная мадэль

Што паўстае на Беларусі як уяўленая супольнасць? Польская. Першая мадэль польскай нацыі  – палітычная. Яна была б немагчымай без удзелу беларускіх зямель, без Міцкевіча, без філаматаў, філарэтаў, якія этнічна амаль стоадсоткава былі выхадцамі з тэрыторыі Беларусі. Яны ўсе навучаліся на Беларусі, у брацкіх школках, пры кляштарах, яны валодалі беларускай мовай, якой хутчэй за ўсё гаварылі дома. Але лічылі сябе палякамі.

Студэнцкія карпарацыі, прыдуманыя немцамі, вельмі шмат зрабілі для паўстання нацыяльных культураў па ўсёй паўночнай Еўропе. Са сваім кодэксам гонару і неабходнасцю гэты гонар адстойваць, матываванасцю, культам ведаў.

Дык вось першая польская студэнцкая карпарацыя ў 1827 з’явілася з удзелам выхадцаў з Беларусі і Украіны. На шматнацыянальнасць яны звярталі ўвагу. На гербе ў іх было тры стужкі, тры фарбы: чырвоны – Польшча, блакітны – Літва, белы – Украіна. І прымаліся ў гэтую карпарацыю прадстаўнікі ўсіх гэтых трох этнасаў – і ўсе яны лічыліся палякамі.

Далей на гэтым польскім культурным полі з’яўляецца лакальны патрыятызм, які выяўляецца ў ліцвінстве. Гэта стала першай самаідэнтыфікацыяй беларусаў.

Ліцвіны VS беларусы

Уладзіслаў Сыракомля і Вінцэнт Каратынскі развівалі ліцвінства, якое стала «малодшым братам» польскай культуры. Панятак «Беларусь» з’явіўся пад расійскім уплывам – бо не магло пры расейцах тут існаваць ніякае ліцвінства.

Расейскія навукоўцы пачалі гаварыць пра існаванне «белорусского наречия». Багушэвіч гаворыць пра беларусаў – хаця ён сам быў палякам. І як прадстаўнік польскай культуры ён уяўляў культуру беларускую звысака, бачыў яе забітай ды занядбанай. І гэтая традыцыя ўяўлення беларусаў працягваецца аж да часоў «Нашай нівы».

Важна зразумець, што супольнасць – гэта не штосьці, чаму наканавана паўстаць: маўляў, вось яно паўстала, і цяпер можна раслабіцца. Гэта вельмі крохкая субстанцыя. Больш за тое: чалавека, як і супольнасць, можна перанесці з адной культуры ў іншую. Дзеля гэтага трэба адарваць яго ад спадчыннай культуры, абрубіўшы гістарычную повязь. Гэта адбываецца хутка.

У «нашаніўскі» перыяд упершыню выкрышталізавалася бачанне беларускага, саміх сябе. Таму я бяру менавіта гэты перыяд за пэўны пункт адліку.

Далей у нацыі ўзнікаюць розныя ўяўленні: адно ў БССР, іншае – на Заходняй Беларусі, якая тады была часткай Польшчы. Потым на Беларусь прыходзіць савецкая ўлада – і супольнасць працягвае ўяўляць сябе з улікам таго, што адбываецца вакол, улічваць факт прысутнасці бальшавікоў. Супольнасць саветызуецца.

З іншага боку, факт наяўнасці супольнасці з уніфікаваным уяўленнем прымаецца пад увагу нават акупацыйнай уладай, і бальшавікі мусяць з гэтым лічыцца.

Потым частка супольнасці з’язджае – і такім чынам утвараецца эміграцыя са сваім уласным ўяўленнем пра тое, што такое Беларусь. Яна захоўвае непарыўную традыцыю гэтага разумення, бо, апынуўшыся ў эміграцыі, не была фізічна знішчаная.

Беларусы і «тоже беларусы»

У Беларусі адначасова існуюць дзве розныя культурныя мадэлі.

Адна з іх – беларуская мадэль, якая пабудаваная па прынцыпу пераемнасці, з’яўляецца вынікам непарыўнага працэса, які адбываўся на тэрыторыі Беларусі спрадвек. Паводле Андэрсана, нацыя насуперак усім гістарычным фактам не мае пачатку, ён губляецца спрадвечнасці.

Другая мадэль – постсавецкая. Гэта такі дзіўны мікс савецкай ідэалогіі, расейскай ідэалогіі – найноўшай, неа-імпераскай – і ўяўленняў пра Паўночна-Заходні край з 19 стагоддзя. У ёй прысутнічаюць і выбраныя фрагменты з беларускай культуры. Гэты мікс непрывабны і нежыццяздольны менавіта праз сваю эклектычнасць – таму ён і неканкурэнтназдольны. Перад знешняй пагрозай ён пачынае развальвацца на розныя ідэнтычнасці – «рускі мір», праваслаўе і гэтак далей. І гэта таксама пазіцыйнуецца як Беларусь. То бок ёсць беларусы і «тоже беларусы».

Паколькі і тыя, і тыя прэтэндуюць на тое, каб быць прадстаўнікамі беларускай культуры, атрымліваецца, што ў нашай краіне суіснуюць два абсалютна розных уяўлення. Дзве культурных мадэлі, дзве візіі будучыні, дзве гісторыі, дзве мовы.

Дамінанты беларускай культуры

Любая культура не паўстае на голым месцы. Яна паступова развіваецца, абірае сабе папярэднікаў, адмаўляе іх, робіць наступны крок. Мы не можам сканструяваць культуру, бо яна – не інстынкт; культура ёсць назапашваннем ведаў і іх перадачай ад пакалення ў пакаленне. Таму ўсё, што адбывалася на тэрыторыі Беларусі, ўсё, што тут думалася і рабілася, ёсць беларускай культурай.

Дамінанты – гэта базавыя каштоўнасці, якія трымаюць культуру.

Справядлівасць. Для беларускай культуры гэта катэгорыя, якая, пачынаючы ад часоў ВКЛ, была рэалізаваная ў выглядзе законатворчасці.

Тутэйшасць. Гэтая рыса і культурная адметнасць мае глыбокія карані і звязаная са спосабам каланізацыі беларускіх зямель славянскімі плямёнамі. Яна адбывалася па рэках – ў выніку атрымлівалася перамешаная этнічная прастора: тут «мы», а там ужо «яны».

Да таго ж вакол быў лес, які ўтварае іншае прасторавае ўспрыняцце. У беларускай мове адсутнічаюць словы з пазітыўнай канатацыяй, якія характарызуюць прастору. Яна ў нас нейтральная – няма адлегласцяў і масштабу, няма крайніх катэгорый, як «праўда» і «няпраўда». У паганскай міфалогіі няма абсалютнага дабра і абсалютнага зла. Бо няма агромнай зямлі і няма агромнага неба. Ёсць лес. Там усё значна больш складана.

У беларусаў, як піша Акудовіч, ёсць «праўда» і «крыўда». «Праўду» прынеслі скандынавы, яна просталінейная і зразумелая. А «крыўда» – паганская. «Крывізна» ў паганстве – катэгорыя сакральнасці. Яна значыць, што зараз нешта добра, а ў наступны момант – ужо недобра.

Тутэйшасць, зацыкленасць на сабе вынікае з закрытай прасторы – далей свайго двара не глянеш. Гэта праблема для паўстання нацыі, бо «тутэйшыя» не могуць ўявіць тэрыторыю сваёй краіны і свайго народа.

Традыцыйная дэмакратычнасць. Беларуская палітычная традыцыя, пошукі палітычных форм актуалізацыі дадзенай супольнасці заўсёды мелі дэмакратычны характар. У нас, напрыклад, ніколі не было экстрымісцкіх рухаў.

Еўрапейскасць. Сама беларуская культура паўстала шмат у чым дзякуючы знаходжанню ў еўрапейскім культурным полі. Каб не стагоддзі знаходжання ў ім, то тут бы было цяжка знайсці адрозненні ад сучасных расейцаў.

Пластычная рэлігійнасць. Празэлітызм, імкненне абярнуць іншых у сваю веру, бачны на кожным кроку – і ніхто не робіць з гэтага трагедыю. Сёння я праваслаўны, заўтра – каталік, а паслязаўтра  – пратэстант.

Беларусацэнтрызм. Мы разглядаем сусвет з месца свайго знаходжання, а не карыстаемся чужымі візіямі.

 

Нацыі паўстаюць менавіта тады, калі знікае рэлігійнае грамадства, якое гарантавала пасмяротнае жыццё. Нацыя стварае сваім чальцам пэўныя праблемы: яна задае рамкі паводзінаў, вы павінны суадносіцца з нормамі і правіламі. Але яна ж дае адну каласальную рэч: яна робіць нас бяссмертнымі.

 

Падрыхтавала Аліна Радачынская

Комментировать