Арт

«Бабамама», якая заўжды з табой

700 Лидия Михеева

Вы, канешне ж, ведаеце яе. Яна са сціплай палучкі ўмудраецца сэканоміць сыну на новага «карча», а дачцэ прыдбаць аднушку ў райцэнтры. Яна круглымі суткамі водзіць унукаў па мастацкіх школах, спартовых секцыях і курсах англійскай мовы, сочыць за працай рэпетытараў, прапіхвае сваіх улюбёнцаў у інстытут, а потым, пасля яго заканчэння, рэгулярна абсякае любую іх спробу раскрыць рот: «Пагавары тут мне ішшо! Многа вас развялося, з вышэйшай адукацыяй!».

Гэта яна гатуе самы смачны дэсерт і корміць ім сваіх ахвяр да ацёка Квінке. Гэта яна ніколі не грукаецца ў дзверы, перад тым, каб заскочыць у пакой да сына з нявесткай, якія, канешне ж, жывуць у яе пад крыльцам, бо без яе, сваім розумам, ніяк не справіліся б. Гэта яна так моцна кахае свайго Дзеда, што ў якасці найбольш адэкватнага адказу на такое звышкаханее яму застецца толькі спіцца, збегчы ці прыняць максімальна эрганамічную позу пад яе абцасам.

Жанчына, якая заўсёды ведае, як лепей. Сентыментальная і бязлітасная, слязлівая і магутная. Набожнасць не замінае ёй бавіць час за плёткамі ці дробнымі сямейнымі інтрыгамі, а любоў да дзяцей і ўнукаў – варагаваць з тымі, каго любяць яны.

Не, дэманізаваць яе не трэба! Да і як дэманізаваць, калі на ёй, першааснове, трымаюцца дынастыі, дзякуючы ёй функцыянуюць святыя сямейныя сувязі і перадаюцца сямейныя каштоўнасці! Яна прымае розныя абліччы і можа прыкінуцца лагоднай і клапатлівай, мудрай і надзейнай.

Родная бабуля, маці, жонка… Як не любіць яе, калі яна «аддала табе лепшыя гады», і, у адрозненне ад усіх астатніх, «прымае цябе такім, які ты ёсць».

Галоўны персанаж новай кнігі Паўла Касцюкевіча «План Бабарозы» знаёмы кожнаму. Хтось ад яе пацярпеў, хтось, наадварот, працягвае грэцца ў задушлівых абдымках «бабамамы» – істоты, якая ўвасабляе безліч амбівалентных жаноцкіх якасцяў, сплятае вакол родных і блізкіх павуцінне, з якога немагчыма выбрацца.

Ігарок Качуня, ад імя якога вядзецца расповед, – першы і адзіны ў гісторыі «унукатэрапеўт», які выдумаў незвычайны спосаб псіхалагічнага лекавання. З дапамогай аналізу сямейных гісторый ён быццам бы можа выправіць траўмы і вырашыць праблемы асобы. Комплекс Эдыпа Ігарок замяняе «комплексам Персея», які забіў не бацьку, а дзеда.

Адрозненне прынцыповае: бацькі – увасабленне парадку, а дзяды – безумоўнай любові. Валодаць не маці, а бабуляй – гэтага шукае Ігарок Качуня. Бо, як спакваля выяўляе раман, толькі шматлікія Бабы-Мамы здольныя забяспечыць герою надзейнае апірышча, апраўдаць яго існаванне ў пэўным месцы ў пэўны час.

Пацыентаў ва «ўнукатэрапеўта» амаль няма, да і на саму ўнукатэрапію як такую часу не застаецца пасля таго, як Ігарок Качуея знаёміцца падчас міжнароднай канферэнцыі з Роні, з якой ў яго ўспыхвае ўзаемнае каханне.

Роні – замужняя румынка, якая стала жыве ў Нямеччыне, працуе «на Еўрадэмакратыю» і не афішуе сваё паходжанне і нацыянальнасць. Радзіма так абрыдла Роні, што яна рашуча ірве з ёй усе сувязі, і нават з бацькамі амаль не бачыцца.

Ігарок жа – аматар абсалютна супрацьлеглай філасофіі. Яго бясконцыя расповеды пра шматлікіх бабулей і дзядулей становяцца абавязковым інгрыдыентам сустрэч двух каханкаў. Роні і Ігарок знаходзяць нагоды, каб сустрэцца на той ці іншай канферэнцыі ці «фестывале культур», бадзяюцца па завуголлях еўрапейскіх сталіц, хаваючыся ад выпадковай сустрэчы са знаёмымі. І бясконца размаўляюць, гуляючы ў канструктар з фактамі жыцця свякоў Ігарка.

Роні – жанчына, якая хоча жыць «тут і цяпер». Ігар – малады чалавек, які захрас у путах сваёй сям’і і сваёй Радзімы. Бабароза – прабабуля Ігарка – гэта не толькі матрыярх, якая ўвасабляе ў сябе ўвесь цяжар крэўных вузаў. Бабароза – галава клану, якая злучае ў сябе вопыт многіх пакаленняў.

Бабанядзя, Бабагруня, Бабаманя, Бабалюся, як і Дзедвасіль, Дзедзэлік – усё гэта яе агенты, яе падначаленыя, так ці інакш – яе органы і канцавіны. А Ігар, – яе ўлюбёны ўнучак – апошняя галінка радаводу, наконт якой у Бабарозы ёсць асобы план.

Раман пабудаваны як мазаіка сямейнай гісторыі, і мае выразную скразную метафару радзімы як сям’і і сям’і як радзімы. Нават сюжэтная лінія пра каханне Ігара і Роні на тле мноства гісторый пра бабулей і дзядулей блякне і выглядае як неабавязковае, службовае дапаўненне для «сямейнай сагі».

Такая канцэптуальная цэласнасць адрознівае «План Бабарозы» ад папярэдняй кніжкі Паўла Касцюкевіча «Зборная РБ па негалоўных відах спорту», якая была хаця і вельмі рэалістычна-актуальнай, але нашмат больш «сцёбнай». У новым рамане Касцюкевіч ператварае легкаважнасць сцёбу ў пругкую прозу, у большай ступені багатую на адценні іроніі і сэнсаў.

«План Бабарозы» не толькі і не столькі пра псіхалогію крэўных дачыненняў. І не проста пра камунікацыю генерацый, і не вузка пра вобраз «габрэйскай мамы», як можа падацца спачатку, пад уражаннем ад хуліганскай назвы.

З дапамогай сямейных аповедаў Павал Касцюкевіч стварае своеасаблівы «код Беларусі», прычым яго распрацоўка ў рамане вядзецца як мінімум на двух узроўнях. Першы ўзровень непасрэдна адлюстраваны ў сюжэце: шукаючы спосабы сустрэцца з Роні, Ігар распачынае праект kautun.by і завітвае з адмысловым стэндам на шматлікія «Арт-агра-фэсты» у межах еўрапейскіх культурніцкіх ініцыятываў.

Іранічна пададзеная канцэпцыя пераасэнсавання «каўтуна» як сімвала беларушчыны – спроба перакамбінаваць гістарычныя факты, міфы і забабоны пра Беларусь. Прычым, змешваюцца ў новай канцэпцыі «Амбасады праўдзівай Беларусі» як унутрыбеларуская міфалогія, так і чаканні і стэрэатыпы заходнеўрапейскага «Вялікага Брата» ў дачыненні «малодшай сястры» – недаеўрапейскай рэспублікі.

Перапісванне гісторыі, канструяванне вобраза нацыі, які тлумачыў бы самыя супрацьлеглыя факты і адзнакі, і пры гэтым даваў магчымасць на будучыню – справа нялёгкая. Герой Касцюкевіча гуляе ў яе не ўсур’ёз, бо на мэце мае ўсяго толькі нагоду для сустрэчы з любай дзяўчынай.

Але як раз гэта лёгкасць камбінавання, сама хісткасць гістарычнага наратыву, якая выяўляецца яго «теорыяй каўтуна» (у кароткім выглядзе яна фармулюецца ў кнізе так: каўтун як хвароба заўсёды бараніў беларусаў ад каланістаў і акупантаў), лішні раз паказвае, наколькі Беларусь – «постмадэрнісцкі праект Бога», і наколькі цяжка (і, можа, не патрэбна) раз і назаўсёды прапісаць усе гістарычныя «апрыёры» і забетанаваць пэўны фундамент для нацыябудавання.

Другі ўзровень, на якім ўшыты гэты код – узровень мазаічнай «сямейнай сагі». Шматлікія бабулі і дзядулі Ігарка – габрэйскія і не толькі – адчуваюць Беларусь як месца выпадковай, вымушанай стаянкі.

«У Мінску ўсё па-свінску» – кажуць яны, бо ёсць з чым параўноўваць – хтосьці з сваякоў паходзіць з Піцеру, хтосьці – з Галіцыі, хтосьці – з Фінляндыі. Сталіца БССР не выпінаецца ані архітэктурнымі дзівосамі, ані багатым культурніцкім жыццём. Таму радня Ігарка ставіцца да Беларусі хутчэй як да спальнага мікрараёнчыка, дзе дастаткова ўтульна, але недастаткова «па-сапраўднаму»: памяць пра іншаземныя карані, пра аўтэнтыку іншых «малых радзімаў» замінае прыняць у якасці такой Беларусь.

У выніку сваякі Ігарка ўтварылі «Ордэн Тых, Хто Сам Усё Разумее». І гэта – вельмі пра беларусаў. Бо прыналежнасць да такога Ордэна выяўляем усе мы, жывучы па непрамоўленых паняццях, якія засцерагаюць нас ад залішняга адхілення ад праекту ціхамірнага дасягнення жыццёвых даброт у мясцовасці, якая «выпадкова» апынулася нашай Радзімай.

Бабароза, галава гэтага Ордэна, якая так і не прыняла і не зразумела Беларусь, парадаксальным чынам сама становіцца яе лепшым увасабленнем. Яе любоў да дзяцей і ўнукаў – такая ж засалодкая, звышклапатлівая і рэпрэсіўная, і ўцячы ад яе так жа цяжка, як пакінуць Беларусь назаўжды і распачаць новае жыццё за яе межамі.

Чаму Ігарок абірае не новае жыццё з каханай жанчынай, а мінушчыну, якая вечна ўзнаўляецца ў бясконцых реінкарнацыях Бабарозы? Тое, што галоўны герой адмаўляецца пераехаць у Нямеччыну да Роні – гэта хэпіэнд ці не? Чаму мы ўсе знаходзімся зараз там, дзе знаходзімся, і не дасягнулі таго, чаго маглі б дасягнуць у нейкім іншым месцы?

Чаму замест таго, каб бягом запісвацца ў еўрапейцы, як гэта робіць Роні, хаваючы свае карані, мы, як Ігарок, да гэтага часу вывучаем свой радавод, адкрываем у сябе чыіхсьці ўнукаў, вызначаемся ў адносінах да канцэпцыі «каўтуна», і тым самым спраўджваем сваю прыналежнасць да Беларусі?

Ці сапраўды любоў да радзімы – гэта праява інфатыльнасці, свядомае абранне сляпой бабульчынай любові замест сталага кахання?

Наўрад ці мае сэнс шукаць адназначныя адказы ў тэксце. Нягледзячы на тое, што яўна сцёбных эпізодаў у кнізе ўсяго некалькі, яна ўся прасякнута крыху гарэзлівым духам. Яна ўздымае траўматычныя моманты беларускай ментальнасці і сямейнай псіхалогіі, але не дапускае жалобных інтанацый і млоснай сур’езнасці тых, «Хто І Сам Усё Разумее». Сямейная сага працуе тэрапеўтычна, нібыта наўмысна створаны наратыў для «унукатэрапіі» доктара Ігара Качуні.

Слухаеш яе, і аналізуеш свае асабістыя адносіны са сваёй Бабарозай, сваёй Беларуссю.

Комментировать