Арт

Арлен Кашкурэвіч: візуальны кантэкст беларускай літаратуры

387 Алина Родачинская

Арлен Кашкурэвіч. Фота: Аляксандр Абуховіч

 

У адным з апошніх у жыцці інтэрв'ю Арлен Кашкурэвіч прызнаўся, што адчувае сябе чужым у Мінску. Падаецца, яму проста не засталося, з кім пагаварыць у гэтым горадзе. І нават у краіне. Цяпер яго і самога няма, засталіся малюнкі, афорты, літаграфіі, якія працягваюць гутарыць з тэкстамі беларускай і сусветнай літаратуры. Культуролаг Тодар Кашкурэвіч разбірае яго архіў, які ніколі яшчэ не выдаваўся вялікай манаграфіяй, і пераасэнсоўвае творчую філасофію бацькі.

Арлен Кашкурэвіч (1929-2013) – беларускі мастак-графік. Стваральнік ілюстрацый да біблейскіх кніг «Найвышэйшая песня Саламонава», «Евангелле паводле Лукі», «Апакаліпсіс», твораў Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Этэль Войніч, Гётэ, Ганса Хрысціяна Андэрсана ды іншых.

Ён не быў нацыяналістам

Творчасць Арлена Кашкурэвіча шмат у чым стварала візуальны кантэкст для беларускай літаратуры 1960-х гадоў. Тады ён пачаў супрацоўнічаць з выдавецтвамі, пасябраваў з Караткевічам, Брылём, Вярбой, Васілём Віткам, Шамякіным. Усіх гэтых пісьменнікаў мы ведаем праз візуальны кантэкст Арлена Кашкурэвіча.

Ён нарадзіўся ў 1929-м і гадаваўся ў савецкім асяроддзі. Ягоныя бацькі былі служачыя рэжыму. Айчым, Анатоль Карась, служыў у МУС, маці і яе сястра служылі ў НКВД, на дробных пасадах, людзей не катавалі, але тым не менш. У той жа час гэта была шляхецкая сям’я, пра гэта сведчаць фотаздымкі. Сваё шляхецтва яны хавалі, як і іншыя, дзеля выжывання. Паводле сямейных традыцыяў, цёця Воля, НКВД-шніца, час ад часу чытала малітвы на польскай мове. Тым больш цікава, што Арлен Кашкурэвіч у канцы 50-х гадоў стаў у кніжнай графіцы адным з першых беларускіх мастакоў еўрапейскага накірунку.

Адкуль пачаўся гэты парадокс? У час вайны ягоная сям’я была ў эвакуацыі ў Саратаве. Бацьку тады было 12-13 гадоў, ён пісаў раман пра Парыж 17-га стагоддзя. Вакол вайна з Еўропай, культ Сталіна, ад якога не схавацца нават на сямейных святах, а ён захапляўся Жулем Вернам, Маркам Твэнам і “Трыма мушкецёрамі”. Я зараз разбіраю стос матэрыялаў – там энцыклапедычныя дадзеныя пра парыжскія арыстакратычныя і каралеўскія рады, карты Парыжа, хто дзе жыў, як перамяшчаліся, любоўныя гісторыі. Сістэма не змагла выстраіць ментальнасць гэтага дзіцяці, яно выхоўвалася на кшталтах еўрапейскай фактуры.

Да 1960-х гадоў фармуляваўся вобраз беларускага народа – як такога смешнага дзядзькі з вусамі, лапцямі і вышыванкамі. Калі датычылася тэмы гістарычнай фактуры, выкарыстоўваў стэрыятып «старажытнарускай народнасці».

Рэвалюцыйным на той час стала ўвядзенне Арленам фактуры Вялікага княства Літоўскага і еўрапейскага антуражу.

Арлен Кашкурэвіч. Паляванне ў Вялікім княстве Літоўскім

 

Асноўная маса мастакоў не вырашала такія праблемы. Арлен таксама займаўся гэтым несвядома. Ён не быў нацыяналістам, у нас была рускамоўная сям’я. Але ён вельмі ўважліва чытаў беларускамоўную літаратуру – Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Уладзіміра Карткевіч, Васіля Брыля – і сябраваў з усімі творцамі.

Да нацыяналатворчага тэксту неабходны візуальны кантэкст

Творчасць Арлена цікавая тым, на што ніхто не звяртае ўвагі – ён першы сярод графікаў пачаў ствараць паралельныя візуальныя тэксты ў еўрапейскіх вобразах і інтэрпрытаваць беларускую літаратуру, надаваць ёй еўрапейскую фактуру.

У беларускай мастацкай літаратуры тэксты, поўныя нацыянальнай ідэі, пісаліся, але тэкст без візуальнага кантэксту уздзейнічае на чытача толькі на палову. Вобразы, якія апісвалі нашыя класікі, без візуалізацыі можна інтэрпратаваць як заўгодна, хоць у бальшавіцкім ключы. Караткевіч з’явіўся для беларускага спажыўца літаратуры ў кантэксце ілюстрацый Арлена. Купала паўстае як рамантычны пісьменнік праз той візуальны код, які стварыў Арлен ужо пасля ягонай смерці – ён нават у пэўным сэнсе рэабілітаваў Купалу ад супрацоўніцтва з бальшавікамі.

Спрабаваў быць рамантыкам, але раскрываўся ў трагедыях

Ён імкнуўся быць рамантыкам. Ілюстраваў Адама Міцкевіча, стварыў адзін з лепшых ягоных партрэтаў, рабіў малюнкі да «Яўгенія Анегіна» ў перакладзе на беларускую мову. У стылі гэтых ілюстрацый заўважны аналіз малюнкаў Пушкіна, які рабіў на палях замалёўкі. Ілюстраваў «Песню песняў», вельмі рамантычна, з эротыкай.

Аднак Арлен са сваёй мяккасцю характара быў чалавекам жорсткага мыслення ў мастацтве. Ваенныя серыі – самае моцнае з таго, што ён зрабіў. Ягоныя вобразы несалодкія, як несалодная тая літаратура. Лепш за ўсё ён праявіўся ў творчасці “жорсткіх” пісьменнікаў – Быкава, Адамовіча, Пташнікава. Яны раскрывалі экзістэнцыю чалавека вельмі жорстка, у сітуацыях на скрайнасці. Вайна – гэта выпрабаванне маралі, этыкі, сваіх паводзінаў. Маральна-этычны кодэкс быў у аснове іхнай творчасці.

Маўклівы філосаф

Арлен быў нешматмоўным нават у межах сям’і, нават з сынамі. Ён хутчэй чакаў ад нас словаў. Але ён быў філосафам – можа, правакаваў, а мы былі такімі не чуйнымі, што недастаткова размаўлялі з ім пра ягоныя творы.

Арлен Кашкурэвіч. Фаўст і Маргарыта

 

Ілюстрацыі да «Фауста» Гётэ лічацца адной з лепшых у свеце інтэрнпрытацыяй гэтага твору. Арлен вельмі чуйна і доўга, праз пакуты, чытаў і перачытваў гэты твор. Ягоныя ілюстрацыі, хутчэй, – гэта паралельны візуальны тэкст, дзе ён станавіўся су-аўтарам, уваходзіў у філасофскі дыялог з літаратурным творам і прапаноўваў сваю версію. Перад ім вобразы Мефістофеля, Фауста паказвалі ў рамантычнай традыцыі 19-га стагоддзя. А тут раптам узнікаюць сучасныя вобразы і персанажы. І ў гэтым быў сэнс, бо Гётэ пісаў не гістарычны твор, гэта вечную рэч.

Арлен стварыў цэлую серыю паралельных візуальных тэкстаў на падставе Евангелля. У ягонай інтэрпрытацыі атрымалася яшчэ адно – «Евангелле ад Кашкурэвіча», з ўласным разуменнем евангельскіх ісцінаў. Трагедыя Арлена палягала ў тым, што ніводная канфесія не адгукнуліся на выданне – і літаграфіі, і афорты ляжаць зараз у тэчках, не запатрабаваныя хрысціянамі.

Арлен Кашкурэвіч. Пацалунак Іуды

 

Жыццё як мастацкі акт

У сваёй прафесіі Арлен быў рабочым, падыходзіў да сваёй працы як мужчына, як вой. Кожны дзень ён працаваў са станком, драпаў цынк жалезам, цвікамі. Я, разбіраючы ягоныя архівы, здзіўляюся гэткай працаздольнасці.

Арлен быў інтэлігентам-мінчанінам. Па бацькоўскай лініі мы мінчане ў пятым пакаленні. Ён памятаў даваенны Мінск, распавядаў пра сяброў – палякаў, немцаў, татараў, жыдоў, якія ўсе жылі разам, усе размаўлялі на сваіх мовах.

Вельмі вялікую частку свайго жыцця як гараджанін ён надзяляў і прыкладной графіцы – рабіў вельмі шмат экслібрысаў. І для беларускай публікі, і для замежнай. Выдавецтва “Навуковы свет” выпусціла добрую кнігу экслібрысаў Арлена. Малую графіку ён не кідаў праз усё жыццё.

У Нацыянальным мастацкім музеі зараз ідзе выстава паштовак – віншавальных лістоў сябрам, якія Арлен рабіў 40 гадоў запар. Гэта былі віншаванні на лацінскай мове з П’еро ў розных сітуацыях. Гэтым ён задаваў пэўны культуралагічны стымул – вяртаў лацінскую мову і еўрапейскі шарм у жыццё беларускай інтэлігенцыі.

Арлен не быў ідэолагам. Ён не канструяваў нацыянальныя сэнсы, дзейнічаў інтуітыўна, дзякуючы той літаратуры, якую чытаў. Ён не падстраіваўся пад еўрапейскі кантэкст, проста быў у ім. Жорсткі стыль Арлена, які мне так падабаецца, – гэта рэінкарнацыя нямецкага экспрэсіянізма на беларускай глебе. Ён быў філосафам-сузіральнікам над літаратурнымі, рэлігійнымі, філасофскімі тэкстамі, ён быў суразмоўцам.

Арлен Кашкуревич from Nikolas on Vimeo.

 

З гутаркі Сяргея Харэўскага і Арлена Кашкурэвіча:

“Мне зусім незразумелыя нашы суайчыннікі сёння… Я не з імі. Чым я ім дапамагу? У мінулыя эпохі рэлігійнае мастацтва, іканапіс, роспісы ў святынях адыгравалі велізарную ролю. Мастацтвам можна стварыць духоўны летапіс, адлюстраваць станы душы, але што гэта цяпер такое? Нават плакат як мастацтва сёння ў заняпадзе. Цяпер хіба кіно можа зрабіць наймацнейшае ўражанне, нешта пераламіць у чалавеку. А выяўленчае мастацтва — яно вельмі камернае. Яно выклікае гледача на ціхі дыялог. Толькі ціхі дыялог”.

Комментировать