Жизнь

Андрэй Казакевіч: «Важна, каб вынікі працы навукоўцаў спажываліся грамадствам»

163 Андрей Александров

Заўтра ў Коўне стартуе Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Штогадовы навуковы форум праводзіцца ўжо пяты раз і збярэ некалькі сотняў навукоўцаў з 20 краінаў свету. У чым важнасць кангрэсу? Якія з даследчых дысцыплін у Беларусі з’яўляюцца найбольш праблемнымі? І як зрабіць вынікі працы навукоўцаў вядомымі шырокаму грамадству? Аб гэтым “Журналу” распавёў старшыня арганізацыйнага камітэту кангрэсу, дырэктар Інстытута “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч.

– Кангрэс – гэта штогадовая акадэмічная падзея, якая збірае даследчыкаў з розных краін і розных навуковых дысцыплін, якія займаюцца даследваннямі Беларусі. Натуральна, большасці з іх, каля двух трацінаў, з нашай краіны. Багата прыяжджае і замежных даследчыкаў – у першую чаргу нашы суседзі з Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны, а таксама навукоўцы з Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, ЗША і іншых краінаў.

Тэматычна мы не прывязаныя выключна да Беларусі – кангрэс дае магчымасць выступаць па тэмах, якія звязаныя з развіццём рэгіёну і нашых суседніх краін. Такім чынам мы не замыкаемся выключна на нашых унутраных пытаннях, а можам бачыць іх у больш шырокім кантэксце, рэгіянальным і сусветным.

Галоўная ідэя кангрэса – наяўнасць пляцоўкі, дзе навукоўцы раз на год маглі б прэзентаваць свае даследванні, сустрэцца з замежнымі калегамі, абмяняцца з імі думкамі і ідэямі, завязаць супрацу.

Кангрэс не мае жорсткай дысцыплінарнай абмежаванасці. У яго працы бяруць удзел прадстаўнікі сацыяльных і палітычных дысцыплін, эканамісты, працуюць некалькі секцый па гісторыі, даследваннях сучаснай і традыцыйнай беларускай культуры, літаратуры, рэлігіі, гендэрных пытанняў.

– Ці можна вызначыць нейкія трэнды ў беларускіх даследваннях? Ці змяняецца тэматыка даследванняў, якія прадстаўленыя на Кангрэсе, з цягам часу?

– Усё залежыйць ад канкрэтнай дысцыпліны. Напрыклад, у секцыі паліталогіі ці міжнародных стасункаў можна пабачыць значную дынаміку. Гэтыя даследванні хутка рэагуюць на бягучыя падзеі ў Беларусі і вакол яе. Найперш, гэта ўся праблематыка, звязаная з Украінай, пытанні рэгіянальнай бяспекі – яны вельмі хутка ўключаюцца ў агульны кантэкст. Што тычыцца, напрыклад, даследванняў беларускай літаратуы ці гісторыі, то тут працэсы адбываюцца значна больш павольна.

– Якія секцыі, на вашу думку, з’яўляюцца найбольш моцнымі – і ў якіх хацелася б пабачыць якасны рост?

– Традыцыйна моцна выглядае гістарычны блок, што тычыцца даследванняў гісторыі Вялікага княства Літоўскага, даследванняў 19 стагоддзя і першай паловы 20-га. Па гэтым тэмах заўсёды шмат цікавых дакладаў, шмат дыскусій, ёсць нямала даследчыкаў за межамі Беларусі. Даволі моцным выглядае і блок, звязаны з даследваннямі літаратуры і кніжнай кульітуры.

Што тычыцца праблемных накірункаў, я б асабіста вылучыў сацыялогію. Даследванні беларускага грамадства відавочна недастаткова прадстаўленыя на кангрэсе. Наш аргкамітэт некалькі гадоў спрабуе актывізаваць акадэмічную супольнасць у гэтым накірунку, але нешта не спрацоўвае. Магчыма, ёсць недахопы з камунікацыяй, але, відаць, існуюць і насамрэч глыбокія праблемы ў гэтай навуковай галіне ў Беларусі. Большасць даследванняў – аператыўныя, гэта проста вынікі сацыялагічных апытанняў. У мяне скаладецца ўражанне, што на больш глыбокім навуковым узроўні працуе няшмат даследчыкаў.

Існуюць пэўныя праблемы і з паліталогіяй, хаця ў апошнія гады назіраецца пазітыўная дынаміка. Даволі шмат людзей даследуюць беларускую палітыку – у шырокім сэнсе, то бок гэта тэмы дзяржаўнага кіравання, развіцця грамадзянскай супольнасці, рэформаў, міжнародных стасункаў. Колькасць панэляў у паліталагічных секцыях кангрэса павялічваецца.

Але праблемы ў гэтых дысцыплінах застаюцца. Многія даследванні маюць, хутчэй, аналітычны характар, а не акадэмічны. У гэтым ёсць пэўныя перавагі, бо такі падыход дазваляе больш хутка рэагаваць на сітуацыю, камунікаваць са сродкамі масавай інфармацыі, але губляецца глыбіня даследванняў. Гэта асноўны выклік для дысцыплін, звязаных з вывучэннем палітыкі і міжнародных стасункаў.

– Што прымушае замежных навукоўцаў вывучаць Беларусь? У чым іх цікаўнасць да нашай краіны?

– Беларусь цікавціь перш за ўсё нашых суседзяў, бо мы маем і супольную гісторыю, і сувязі ў сучаснасці. Для Польшчы, Расіі, Украіны, Літвы праблемы Беларусі ў пэўнай ступені з’яўляюцца і іх праблемамі, таму цікаўнасць да беларускіх даследванняў ёсць часткай іх надзённага інтарэсу.

Для больш далёкіх краінаў, накпрыклад, Заходняй Еўропы, Беларусь цікавая як кейс – калі навукоўцы займаюцца ўсім нашым рэгіёнам, Беларусь можа быць адным з прыкладаў, на якім цікава паглядзець пэўную рэгіянальную спецыфіку.

– Ці не з’яўляецца Кангрэс выключна акадэмічным “міжсабойчыкам”? Ці становяцца беларускія даследванні даступнымі і вядомымі шырокаму грамадству?

– Вядома, такая праблема існуе. І гэта тычыцца не толькі кагрэсу, але агулам існавання акадэмічнай супольнасці – важна, каб вынікі яе працы спажываліся грамадствам і станавіліся карысным, а не заставаліся выключна ў коле акадэміі.

Кангрэс як раз з’яўляецца ў гэтым плане добрым прыкладам. Ён, вядома, не вырашае ўсіх праблемаў, але прынамсі мы імкнемся да таго, каб гэта так працавала. На Кангрэсе працуе даволі шмат журналістаў – яны будуць паведамляць, якія даследчыкі выступаюць, якія ёсць цікавыя тэмы і ідэі. Гэта дазваляе адкрываць здабыткі акадэімчнай супольнасці для больш шірокага грамадства.

У межах кангрэса працуюць міждысціплінарныя панэлі, на якіх закранаюцца пытанні, важныя для ўсяго грамадства. Гэта пытанні бяспекі ў рэгёне, тэмы, звязаныя з развіццём грамадзянскай супольнасці ці эканамічнай сітуацыі. Гэта важны элемент кангрэса – ён дазваляе прывучаць навукоўцаў да такіх “папулярных” фарматаў, якія больш лёгкі скіроўваюць вынікі даследванняў да больш шырокай грамадскасці.

І нават калі на кангрэсе абмяркоўваюцца пытанні, якія падаюцца вузка спецыялізаванымі, яны маюць уплыў на беларускую сітуацыю праз сістэму адукацыі. Большасць з даследчыкаў адначасова з’яўляюцца выкладчыкамі, і новыя кампетэнцыі, якія яны атрымліваюць падчас камунікацыі са сваімі калегамі, транслююцца потым праз сістэму адукацыі, падручнікі і публікацыі.

Комментировать