Алесь Плотка піша чотка. Медыя-паэзія новай генерацыі

У выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў збор вершаў Алеся Плоткі “Байсан”. Зборнік цікавы, у першую чаргу, тым, што ўпершыню ў беларускай літаратуры паэзія у ім максімальна судакранаецца з паўсядённасцю сучаснага чалавека. Зборнік быццам зацвярджае за Алесем Плоткай званне першага беларускага медыя-паэта.
“Байсан” – першае выданне вершаў Алеся Плоткі. Скандальная Вершніца на яго вокладцы – ужо знакавы сімвал для новай хвалі сённяшняй беларушчыны. Уладзімір Крукоўскі, адзін з аўтараў “Пагоні”, што была дзяржаўным гербам Беларусі да 1995 года, абурыўся творчай перапрацоўцы выявы Юліяй Галавіной, на якой замест рыцара з’явілася дзяўчына. Канфлікт абудзіў дыскусію па ўсім франтам: гендэрным, мастацкім, гістарычным.
Галоўнае, што ён адкрыў – з’явілася новае пакаленне беларусаў, якія ўспрымаюць культурную спадчыну не як нейкі сакральны скарб, да якога немагчыма дакрануцца, а як нешта, што можна і патрэбна пераасэнсоўваць і максімальна ўключаць у кантэксты сённяшняга дня. Як пазначае на вокладцы кнігі сам Плотка, для яго Вершніца – муза, сукупны вобраз беларускіх жанчын.
Аўтар зборніка “Байсан” – асоба ў беларускім культурным полі не меней вядомая, чым намаляваная дзяўчына “на грозным кані”. Дыпламант беларускага ПЭНу, абладальнік прэміі “Залаты Апостраф”, удзельнік шматлікіх музычных гуртоў і праекта “Танцы з Бубнам”, у якім свае вершы чытае пад электронную музыку Улада Бубена, разам з якім выдаў два альбомы лічбавай паэзіі – Iamb'n'bass i Skweee Belarus, а таксама кліп на трэк F5.
Такім чынам, Алесь Плотка – абсалютна нетыповы беларускі творца. Дзякуючы сваім музычна-паэтычным праектам, ён разам з суаўтарамі не проста выводзіць паэзію ў публічнасць, а робіць з яе відовішча. Творчась Плоткі можна параўнаць з музычнымі праектамі Яўгена Грышкаўца ці Веры Палазковай – хаця, мажліва, гэта не зусім справядлівае параўнанне. Іх аб’ядноўвае формула “вершы+музыка”, але Плотка ўсе ж такі не настолькі арыентаваны на масавага спажыўца ды знешнія эфекты.
Ён нашмат больш “андэграундны”, дый аўдыторыя, да якой ён звяртаецца, аўтаматычна значна больш культурна-прасунутая, чым слухач умоўнага радыё “Серебряный дождь”, дзе гучыць Грышкавец са сваімі “Бігудзямі”. Але, па вялікім рахунку, напрамак той жа – вывесці паэзію з палону школьнага белліту, зняць з пыльных палічак, зрабіць з яе Падзею, шоу. І гэта высакародная місія ў часы, калі 90% інфармацыі людзі спажываюць у візуальнай форме і не ахвотна чытаюць тэксты, даўжэйшыя за смску.
Алесь Плотка і гурт TerraKod
Як медыя-мэнэджэр і каардынатар культурніцкіх праектаў, Плотка прафесійна займаецца прасоўваннем сваёй і чужой творчасці з дапамогай самых сучасных сродкаў. Усё гэта абсалютна лагічна прыводзіць да таго, што ў дачыненні да вершаў самога Алеся Плоткі працуе старае добрае правіла Маклюэна: “Media is the message”. Медыя становяцца не толькі каналам передачы паслання, але і надаюць яму тыя ці іншыя мастацкія якасці.
Чытаючы “Байсан”, увесь час ловіш сябе на адчуванні, што чытаеш чыйсці блог – і нават не папулярны ў мінулым LiveJournal, а сённяшні Facebook ці нават Twitter. Па-першае – вельмі шмат вершаў напісаныя Плоткай у якасці каментара да грамадскіх падзеяў. Яскравы прыклад – верш, які датаваны 23 снежня 2010 года. У ім шыпычыя гукі распавядаюць вусцішную гіторыю Плошчы-2010:
шлю паштоўку арыштанту
плошчы нашы нібы прошчы
па шчакох на шчасце хвошчуць
шлю паштоўку арыштанту
Ці больш асабісты верш “Цана кампрамісу” з заклапочанасцю пра тое, што “праз месяц яны распнуць Зісера”, які тычыцца, як пазначае сам аўтар, “грамадскага цкавання TUT.by”.
Па-другое – выразна адчуваецца адкрытасць аўтара да камунікацыі з чытачом. Ён увесь час да кагосці звяртаецца, быццам бы жадае прыцягнуць эмацыйнасцю і рытмам увагу чытача, які праглядае сваю фрэнд-стужку. Як і пасты ў сацсетцы, вершы Плоткі наўрад ці маглі б існаваць у якасці патаемнага допісу ў рукапісе ці дзённіку, яны чакаюць згоды ці нязгоды, каментара, лайка, нейкай рэакцыі.
Па-трэцяе, аўтар і сам вельмі добра адрэфлексаваў гэткую своеасаблівасць сваёй творчасці, і падвяргае яе сваім жа інтэлектуальным кпінам. Лайкі, каменты – усе гэтыя рычажкі сеціўнай камунікацыі – з’яўляюцца амаль што ў кожным вершы Плоткі. Яны абыгрываюцца ў сюжэтах, якія ён распавядае, становяцца дзеючымі асобамі, яны ствараюць структуру мастацкага свету, у якім жыве Байсан – альтэр-эга аўтара.
Першы верш зборніка пад назвай “Толькі небам” – безумоўна, аўтапартрэт, у якім спалучаецца адначасова і жаданне прадставіцца ўяўнай аудыторыі свайго паэтычнага “блога”, і какетлівая заява пра тое, што аўтару дастаткова быць “залайканым толькі небам”.
у жыцці гэтым любіў дзве рэчы:
віскі з колай і віскі без,
водар каляднае свечкі і ў душу каб ніхто не лез
з-баўнці ці нішчымную каву і людзей.
з іх брахнёю і байкамі.
на працы глядзець TUT-Баву
і застацца сабой…
толькі небам залайканым
Іранічнасць, засярожданасць на сябе і дробязях паўсядзённасці, а таксама ці то выпадковая, ці то наўмысная неахайнасць (спачатку аўтар кажа, што любіць толькі дзве рэчы, а потым пералічвае цэлый шэраг сваіх маленькіх радасцяў у стылі “Амелі”-для-хлопчыкаў) – усё гэта ўласціва паэзіі Плоткі агулам.
Такая насычанасць усім тым, што ў кансерватыўнай мастацкай парадыгме мае статус хуткаплыннага тлену, не вартага ўвагі небажыхара-паэта, можа здзівіць непадрыхтаванага чытача. Тут і вершы-уражанні ад шматлікіх вандровак: аўтар згадвае, што п’е (звычайна – віскі) і з кім п’е (падаецца, што часцей – са смартфонам), і быццам наўмысна зніжае патас і набліжаецца да руціннага допісу ў анлайнавым блоге; тут рэфлексіі на грамадзкія падзеі; тут і разважанні пра складаныя ўзаемаадносіны чалавека і сацыяльных сетак (яскравы прыклад – верш “F5”).
Такім чынам, зборнік выйшаў вельмі пярэстым па стылістыцы, па тэмах і настроях, і таму выглядае крыху хаатычна. Асабліва, калі ў ім суседнічаюць хуліганскія двухрадкоўі кшталту “паэтам не даюць Гедройца, даюць паэтам проста так”, якія могуць прэтэндаваць хіба на дураслівы твіт, і пафасныя развагі пра вечанасць:
Сны на мове — значыць, не памёр,
Жоўты ліст — не смерць, хутчэй натхненне.
Не выкручвай рукі мне, Маёр.
Вечнае не скорыцца імгненню…
Аўтар, відаць, разумеў усё гэта і намагаўся выбудаваць нейкую ўнутраную логіку, змяшчаючы вершы не ў храналагічным парадку. Але звонку прасачыць гэтую логіку не так проста.
Затое ёсць адчуванне выпадковасці некоторых вершаў, якія наўрад ці трапілі б у зборнік, калі б ён быў складзены пад нейкую канкрэтную канцэпцыю ці падсумоўваў нейкі непрацяглы творчы перыяд. Але на тле лёгкай агульнай нядбайнасці (якая, цалкам дапускаю, можа і ўваходзіла ў аўтарскую задуму) вылучаюцца некаторыя надзвычай моцныя па сваей энэргетыцы і стылістыцы вершы. Дарэчы, па пазначаных датах напісання вершаў бачна, што аўтар з цягам часу вельмі істотна вырас.
Добры прыклад – трыпціх 2014-га года, які адрасаваны “Ірме”, з якой аўтар гутарыць, едучы ў цягніку па Галандыі. Жанр “размова з малавядомым спадарожнікам” быццам бы дазваляе аўтару схавацца пад маскай сябе-яўнага і паразважаць пра жыццё як такое ва ўзнёсла-філасофскай манеры:
Жыццё такое рознае, Ірма,
Ёсць пэндзаль майстра, а ёсць просты аловак
І калі ты задушышся на канцэрце хэдлайнера,
Яго тэг, а не тваё імя …
трапіць у загаловак…
Аднак радкі трыпціха “Ірме” даводзяць не толькі абстрактный развагі:
Ведаеш, Ірма, жыццё — як цягнік.
Адзін чалавек сеў у вагон і паехаў
А перон усё гудзеў, нібы ён серад іх
І адсутнасць яго не вартая смеху
У нас спрадвеку
Як пятак на рэйкі
Лупяць тэгі —
#Шайтан #Мудак #Недарэка
Купэ 37 — наша навука
Ты сядзіш і глядзіш аднекуль
Думаеш, хто гаспадар — ты ці мухі?
Ці «Савецкаму» зразумець Prosecco?
Суб’ект — аб’ект
Пост — камент
Перон — вагон
Хто з іх калека?
Плотка спалучае ў сэнсавай гульні і рысы новай рэальнасці, якая зрабілася наскрозь медыйнай, упарадкаванай і іерархізаванай з дапамогай тэгавання, і з гістарычнай памяццю – датамі-траўмамі, сімваламі-траўмамі.
І няхай недзе на фундаментальным узроўні рытма гэтыя радкі нагадваюць да болю знаёмае “Я всегда твердил, что судьба - игра…”, Плотка, свядома ці падсвядома, падхоплівае інтанацыю хрэстаматыйнай філасофскай “прамовы” Бродскага, але сваю прамову стравае па сваіх правілах, упісваючы ў яе вопыт свайго пакалення і “болькі” нацыянальнай калектыўнай памяці.
“Байсан” пра тых і для тых, каму 30+. Для тых, хто ўжо перажыў сваю асабістую ініцыяцыю ў беларушчыну, у медыя-паўсядзённасць, хто прыхапіў савецкага дзяцінства, і хто ўжо добра знаёмы з еўрапейскім Іншым і “старэйшым братам”, які падпірае з Усходу.
Найбольш удалыя вершы зборніка – менавіта тыя, у якіх равеснікі Байсана могуць убачыць саміх сябе – і тую пакручастую сумесь з намадызму і любові да Дома, атручанасці медыямі – і асалодай ад іх камунікацыйных магчымасцяў, цікавасцю да сваіх каранёў і гісторыі – і спажыванне сучаснай поп-культуры.
Тым не менш, можна знайсці ў кнізе і шмат прыкладаў класічнага енку “дудкі беларускай”. У іх Алесь Плотка вельмі шчыры, і, безумоўна, мае рацыю. Аднак час ад часу стыль робіцца не на жарт публіцыстычным:
Будзьма Разам?
Чужое золата заўжды блішчыць ярчэй,
Сваё ж за абразом схавана ў хаце.
Крычым мы зычна, гучна — «Будзьма, гэй!»,
Хоць Разам мы адно калі нас гвалцяць…
Тым не менш, сярод так званай “грамадзянскай лірыкі” зборніка сустракаюцца сапраўды вельмі трапныя, свежыя і энергічныя вершы, як, напрыклад, грамядзянка-метафізычны верш “Розы вуліца”.
Ці нават яшчэ больш злабадзенная "Лічылка XXІ”:
хмаркі шпарка ходзяць хеўрай
маем долары і еўра
мужнасць, годнасць, хваляванне
і цярпенне. за юані.
вільнюс, прага і варшава
чарка злева шкварка справа
вашынгтон брусэль і москва
сяброў — кола, сяброў мноства
нафта з газам — ланцужочак
малако і тваражочак
для смаленска й беластока
у аан стаім вытоках!
фулі толку, братка родны?
ад хлусні паміжнароднай?
вось такая вось такая табе
гулька ралявая
то ягадна-пладовая
раля твая бядовая
вай вай вай
вай вай вай
еш нуклідны каравай
вай вай вай
вай вай вай
каго хочаш выбірай
трафік таннай наркаты
выхадзі-ка з кругу ты!
ам-ап ам-ап
стэнд ап стэнд ап
вось баланда
вось мандат
хто наступны кандыдат?
Дэбютны зборнік паэзіі Алеся Плоткі – гэта толькі з першага погляду традыцыйна непазбежны этап у творчасці паэта. Для медыя-паэта выданне кнігі – гэта чарговы эксперымент. Спроба Плоткі-Байсана “сабраць камяні” і зафіксаваць паэтычную плынь, якую ён давяраў стужкам сацыяльных сетак і перыёдыцы, з якой праводзіў музычна-алхімічныя вопыты, парадаксальным чынам сама сталася эксперыментам.
Кніга – гэта праверка, наколькі вершы, якія ўжо распачалі свае сумеснае жыццё з электроннай музыкай, якія друкаваліся ў “Дзеяслове” і ў сеціве, змогуць разам стварыць ансамбаль, у якім чытач знойдзе адказ на тое, хто ж такі Байсан.
Галоўнае, што даводзіць нам зборнік Алеся Плоткі: медыятызацыя паэзіі не з тым, каб посціць у сацсетку тое, што з’яўляецца паэтычным творам. Новыя часы дыктуюць свае правілы: статус паэзіі можа набыць усё, што паэт посціць у Facebook.
Набыць кнігу “Байсан” можна на сайце аўтара, а тут – спампаваць яе ў фармаце epub.
Комментировать