25 гадоў адноўленай «Нашай Ніве». Газета краіны, пастаўленай на паўзу

«Севярын, ваша хата гарыць!»
Я сяджу ў рэдакцыі «Нашай Нівы» побач з аўтавакзалам, пішу тэкст. Голас сяброўкі з таго баку дроту паведамляе мне пра кватэру, якую я здымаю на Розачцы. Сяброўка працуе ў офісе побач.
Таксоўка. Ля Музкамедыі бачу, як над усім раёнам вуліцы Розы Люксембург вісіць хмара чорнага дыму. На пад'ездзе да дому налічваю дваццаць пажарных машын.
Мяне турбуе толькі адна думка: «Каб захавалася мая падшыўка “Нашай Нівы” за ўсе 1990-я гады!». Гэта самае каштоўнае, што ёсць у маёй здымнай кватэры.
Ідзе да завяршэння 1999 год – апошні год «першай адноўленай “НН”», як я цяпер называю. Па форме – газета, па сутнасці – майстэрня сэнсаў.
30 траўня 1991-га. Першы нумар адноўленай «НН» з'яўляецца ў продажы. Савецкі Саюз. Перабудова, змены, канфлікты па ўскрайках імперыі. Але ніхто не можа ўявіць, што ў канцы году СССР знікне. Ды што там у канцы! У канцы – юрыдычная фармальнасць. Ужо менш як праз тры месяцы – пасля путчу – СССР знікне дэ-факта.
Але пакуль за вакном самая сапраўдная, хай сабе аслабелая, але таталітарная дзяржава.
Паглядзім тэмы першых нумароў.
«...Край мой любы, жытні і курганы,
На няласцы нелюдзяў чужых,
І калі мне кажуць: партызаны, жудасна мне робіцца ад іх».
Ларыса Геніюш «Партызаны»
Тэма непрыемнай праўды пра вайну дагэтуль нераскрытая. Мінула 25 гадоў. Было шмат публікацый, якія асвятлялі адваротны бок савецкай прысутнасці ў Беларусі падчас вайны. Але ў школьных падручніках і ў дзяржаўных СМІ вы па тэме нічога не пабачыце.
«Беларуская Вільня». Столькі ўсяго напісана па тэме, нешта нават паспела трапіць у школьныя падручнікі на пачатку 1990-х. А «Вільнюс» і дагэтуль там. Старажытная сталіца і калыска нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя для многіх так і застаецца «Прыбалтыкай».
«Невядомая вайна» Генадзя Сагановіча. Вам кожны другі беларус распавядзе пра расейскіх цароў як мінімум ад Івана Жахлівага, але амаль нічога не распавядзе пра самую драматычную старонку гісторыі Беларусі – пра другую палову XVII ст., калі ў выніку інтэрвенцыі Масковіі пры падтрымцы ўкраінскіх казакоў край згубіў каля паловы насельніцтва. Тэма даўняй гісторыі, як і ў выпадку з Другой Сусветнай вайной, таксама застаецца нераскрытая.
«Новая Культурная Сітуацыя», Сяргей Паўлоўскі: «Беларуская зьява ня стане грамадзкай зьявай ад таго толькі, што ўсе школы й дзяржаўныя інстытуты будуць пераведзеныя на беларускую мову. Нацыянальная культура -- гэта зьява сьетапогляду нацыі».
Нацыянальная самаідэнтыфікацыя, нацыябудавальная візія. Гадоў пяць-шэсць таму па тэме загаварылі шырокія колы, найперш дзяржава, як фактычны манапаліст на адукацыю і традыцыйныя медыі.
А ў 1990-х выданне з накладам менш за пяць тысяч асобнікаў многім падавалася гуртком дзівакоў, якія займаюцца чымсьці тонкім і высокім, але абсалютна «непрыдатным у гаспадарцы». Плён прыйшоў з часам.
Аўтары. Уладзімір Арлоў, Адам Глёбус, Ігар Бабкоў. Мноства перакладаў заходняй літаратуры. Адкрыццё і стварэнне новых аўтараў. З «гуртка дзівакоў» пачыналі Валер Булгакаў і Андрэй Дынько з «Архэ», Паўлюк Канавальчык і Лёлік Ушкін з «Навінкамі». У «НН» пачынаў рэдактарскую працу Юрась Бушлякоў, а музыка Лявон Вольскі апублікаваў свае першыя апавяданні.
Узгадваю першых, чые імёны падкідае памяць. Спіс вялікі.
«Лібералізм і суверэнітэт», «Чаму Расея мусіць разваліцца», «Сучасны расейскі фашызм» – гэта тэмы сярэдзіны 1990-х, калі многія людзі круцілі ля скроні, чытаючы матэрыялы «Нашай нівы».
Тэмы «НН» 1990-х актуальныя сёння, яны былі пастаўлены на паўзу ад пачатку 2000-х. Калі час прадукавання сэнсаў змяніўся перыядам выжывання для тых, хто шукаў шляхі развіцця Беларусі. Каналы перадачы інфармацыі былі звужаныя да мінімуму, а ў інфармацыйнай прасторы засталася толькі адна ўсім вядомая персона з прымітыўнай ідэяй «чаркі і шкваркі».
Так супала, што з канчатковым усталяваннем Лукашэнкі як узурпатара ўлады «Наша Ніва» змянілася. У маім лексіконе з'явілася азначэнне «адноўленая “Наша Ніва”-2». Класічны медыйны праект з адпаведнымі мэтамі і задачамі найперш інфармавання і каментавання. Гэта зусім іншая гісторыя, юбілей якой будзе ў 2025 годзе.
У Беларусі пачаў актыўна развівацца інтэрнэт, які зламаў манаполію афіцыйнай улады на распаўсюд інфармацыі.
Тое, што сёння груба клічуць «ср@чамі» ў беларускім сегменце інтэрнэту – недагавораныя дыскусіі, якія адбываліся ў грамадскім полі Беларусі перад тым, як краіну «паставілі на паўзу». Пашукайце «Нашу Ніву» 1990-х, паглядзіце іншыя выданні, паглядзіце тэксты – і вы заўважыце колькі з іх цяпер актуальныя, нібы напісаныя сёння. Пра дзяржаву і бізнес, пра дзяржаву і права асобы, пра дзяржаву і адукацыю. Пра «Беларусь у Еўропу» і «Беларусь у саюз з Расіяй».
Пэўныя змены ў грамадскай свядомасці ўсё ж адбыліся, нягледзячы на «паўзу». Незалежнасць краіны стала безумоўнай каштоўнасцю для большасці беларусаў, беларуская мова з калхознай стала элітарнай, нацыянальная сімволіка неахвотна, але рэабілітаваная (хоць яшчэ не ўсе міліцыянты пра гэта ведаюць), у сеціве з'явіліся і развіліся медыі, запатрабаваныя беларусамі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Разнастайныя медыі. Час перастаў быць чорна-белым.
...Мая здымная кватэра на Розачцы не гарэла. Бамжы падпалілі дах у доме, але з іншага боку будынку. Да мяне на апошні чацверты паверх агонь ледзь-ледзь падабраўся, таму ўсіх стратаў – цалкам залітая вадой кватэра.
Падшыўка «Нашай Нівы» не пацярпела, бо ляжала ў шафе. Я вёз яе да сябе дадому, і ўзгадваў, як самыя першыя нумары «НН» прадаваў на вакзале ля выхаду з метро бліжэй да электрычак маладзечанскага накірунку. Па 50 капеек. Прыблізна столькі ж ад 1 ліпеня будуць каштаваць газеты ў Беларусі. Час у краіне, што «стаіць на паўзе», вяртаецца.
«НН» разбіралі пакупнікі: тарашкевіцай, з Наталі Сарот і Борхесам, з Камю і Сэлінджарам, з Анатолем Сысам і Генадзем Сагановічам, з Валянцінам Акудовічам і Тацянай Сапач. З паэзіяй і аналітыкай.
Я яшчэ не быў аўтарам выдання, але адчуваў, што спрычыніўся да пашырэння важнай справы. Якой? Я б тады не адказаў дакладна. Інтуіцыя казала – гэта важна!
Цяпер магу акрэсліць. Для мяне адноўленая чвэрць стагоддзя таму «Наша Ніва» – гэта такі семянны агурок, які, саспеўшы, стрэліў ва ўсе бакі насеннем.
Насеннем ідэі свайго «я», сваёй краіны і сябе ў гэтай краіне.
По теме
- «Белсат» штормит. Конец прекрасной эпохи
- «Побеждает самый отвратительный». Почему в новой медиа-реальности нет места фактам
- «За Павлом велась слежка». Главред «Украинской правды» — о расследовании убийства Шеремета
- Очевидное или невероятное? Чем плохи версии убийства Павла Шеремета
- Наша новая медийность: можно, но бесполезно
Комментировать