Арт

2015. Вынікі. Топ-5 беларускіх кніг году

463 Павел Абрамович

«Журнал» выхапіў з імклівай плыні няспыннага літаратурнага працэсу некалькі беларускіх кніг, найбольш вартых увагі. Яны сведчаць, што ў 2015 годзе наша літаратура мела прыгожае, вытанчанае аблічча, была мудрай і цікавай суразмоўцай для тых, хто жадае дыялогу і паразумення.

Паэзія. Міхась Стральцоў. «Выбраныя творы»

Кніжная серыя «Беларускі кнігазбор», распрацаваная ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, мае трывалы навуковы грунт, надае належную ўвагу каментарыям да твораў, ілюстратыўнаму шэрагу, а таксама якасці паперы. У 2015 годзе кнігазбор прапанаваў увазе чытачоў шмат якасных выданняў. Самым важкім унёскам заснавальнікаў серыі сёлета, безумоўна, стала выбраная літаратурная спадчына Міхася Стральцова.

Творы гэтага пісьменніка цяпер амаль немагчыма знайсці ў букіністаў — чытачы не збіраюцца «здаваць» яго (дарэчы, наклад новай кнігі – усяго 700 асобнікаў). І гаворкі няма пра тое, каб наша нявыхаваная дзяржава нарэшце аддала даніну павагі Стральцову, уклаўшы поўны акадэмічны збор ягоных твораў. Зрэшты, ці толькі ягоных перавыданняў не стае беларусам?

Міхась Стральцоў — чалавек высокіх патрабаванняў (найперш да самога сябе) і літаратар з крыштальнай страфой, прадаўжальнік славутых традыцыяў Максіма Багдановіча і Ўладзіміра Жылкі.

Стральцоў ствараў вельмі меладычную, выдатную па мастацкіх якасцях і філасофскай глыбыні прозу, пісаў грунтоўныя літаратурна-крытычныя артыкулы, займаўся перакладамі з замежных моваў.

Аднак у літаратуры і жыцці ён заставаўся найперш Паэтам — абраннікам сонечнага Феба, чалавекам высокай культуры думкі і пачуцця.

Ды наракаць не стану я на лёс.

Я на цябе дзіўлюся ў захапленні,

Адно хачу, каб сінь тваіх нябёс

He засмуцілі раптам хмарак цені,

Каб ты была, каб новы дзень прынёс

Табе свае на ўдачу блаславенні.

Проза. Юля Андрусышын. «Забыццю не адданае»

Штогод у Беларусі выходзіць некалькі дзясяткаў прыкметных празаічных кніг. Але ў 2015-м найбольш цікавыя рэчы адбываліся ў сферы не мастацкай, а дакументальнай прозы — занатаваная рэчаіснасць іншым разам выяўляецца больш важкай і змястоўнай, чым любая фантазія пісьменніка.

Адна з найбольш каштоўных сёлетніх кніг жанру non-fiction — успаміны Юлі Андрусышын «Забыццю не адданае». Адметна, што кнігу напісала жанчына — каштоўны вынятак для беларускай мемуарыстыкі, чый канон, строга і без належнай увагі да пабытовых рэчаў, фарміравалі мужчыны. Плюс у кнізе няма векапомных падзеяў ці яшчэ якіх гістарычных «відовішчаў» — проста жыццё беларускі, вымушанай з’ехаць з Мінску ў Нью-Ёрк.

І галоўнае: прыгадваючы драбніцы ўласнага лёсу, аўтарка дэтальна распавядае пра сваіх крэўных, прычым робіць гэта з прыроджаным мацярынскім клопатам, быццам ратуючы ад бяспамяцтва і вынішчэння цэлы беларускі радавод. Па маці Юля Андрусышын даводзіцца сваячкай братам Івану і Антону Луцкевічам. А яе бацька — нашчадак старадаўняга ліцвінскага роду Песлякоў; Алоіз Песляк, паплечнік Тамаша Зана і Яна Чачота, за сваю грамадзянскую дзейнасць быў сасланы ў Сібір.

Сама спадарыня Юля належыць да паваеннай хвалі эміграцыі. Фраза сухая, нібыта ўзятая з падручніка па гісторыі, але за ёй крыецца трапяткое жыццё і асабістая трагедыя.

Адзін факт: у ліпені 1944 года, калі бацькі Юлі спешна рыхтаваліся пакідаць Мінск, 12-гадовая дзяўчынка выцягнула з шуфляды сямейныя фотаальбомы і выняла з іх усе здымкі. Толькі фотакарткі і яшчэ сваё кацяня ўзяла яна ў дарогу — так дзіцячы розум акрэсліў сапраўдныя каштоўнасці гэтага свету.

Некаторыя з уратаваных Юляй фотаздымкаў можна пабачыць у кнізе «Забыццю не адданае» — някідкім жаноцкім партрэце на фоне эпохі, сапраўды вартым звацца найлепшай кнігай прозы 2015 году.

Дзіцячая літаратура. Зборнік «Як мядзведзь пчаляром стаў»

Псіхолагі раяць бацькам, каб тыя няспынна чыталі сваім дзецям казкі. Казачныя гісторыі ёсць выдатным канструктарам — усе варыянты рухаў і паводзінаў чалавека, адгалінаванні жыццёвага лёсу сабраныя і закадаваныя ў іх, і немінучасць фіналу пазначана таксама. Вялікая мудрасць крыецца ў словах знакамітага ангельскага пісьменніка Клайва Л. Льюіса: «Аднойчы ты станеш нагэтулькі дарослым, што ізноў пачнеш чытаць казкі».

Зборнік казак і вершаў «Як мядзведзь пчаляром стаў» працягвае серыю «Казачны куфэрак». Талака сучасных беларускіх пісьменнікаў робіць сапраўдны святочны цуд, прапаноўваючы дзецям вялікую колькасць неверагодных (і такіх падобных да жыцця!) гісторыяў.

Беларусы — нацыя, якая ўтрымлівае перад вачыма шмат татэмаў розных жывёлаў. Вось і ў гэтай кнізе ў якасці герояў паўстаюць конь, сабака, вавёрка, крумкач, лісіца, воўк, мядзведзь, барсук і многія іншыя. Аднак гэта не проста вобразы, а характары, абліччы — абірай свайго апекуна і нацягвай «карнавальны» касцюм, дарагі дзіцёнак!

Ёсць у зборніку і іншапланетнікі, і чароўная Пясчынка, ёсць таксама аўтобус, ліфт і гадзіннік, якія сустрэліся аднойчы ноччу, каб паразмаўляць і паспрачацца пра жыццё.

Сакавітая беларуская мова — ва ўсіх пісьменнікаў і паэтаў, чые творы ўвайшлі ў зборнік. Асабісты «дзякуй» Марыі Каратаевай за прыгожыя малюнкі да кнігі.

Мастацкі пераклад. Ду Фу. «Адзiнота горных вышынь»

Прысутнасць Кітая ў Беларусі будзе няўхільна пашырацца, і няхай вялікі камень эканамічнага супрацоўніцтва аніколі не заслоніць ад нас свет культуры, у якім магчыма сапраўднае супрацоўніцтва, узаемаразвіццё двух краінаў.

На прыкладзе паэта Ду Фу (712—770), зборнік вершаў якога выдадзены сёлета ў серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая», можна раз і назаўжды зацвердзіць: літаратар не будзе шчаслівы, калі абярэ службу чыноўніка ці паспрабуе заручыцца падтрымкай кіраўніка дзяржавы.

І сапраўды, ці ж шмат карыснага паспеў зрабіць дзеля сябе альбо роднай краіны Ду Фу, калі нарэшце дамогся стаць дарадцай маладога імператара Суцзуна і атрымаў прывілей карэкціраваць яго дзейнасць? Зусім не — амаль адразу пасля атрымання пасады перад паэтам расчыніліся дзверы турмы. І ўсё нарэшце скончылася для Ду Фу жабрацкай хацінаю і адзінокай смерцю падчас падарожжа па рацэ Янцзы.

Жыццё спынілася, аднак паэзія доўжыцца ў часе і прасторы. Вершы Ду Фу загучалі і па-беларуску, дзякуючы намаганням таленавітых перакладчыкаў, у ліку якіх Уладзiмiр Дубоўка і Рыгор Барадулiн.

Жуду слабейшым

тыгр прыносіць люты,

але і ён трапляе

ўсё ж ткі ў клямар:

закручаны ўжо лапы

ў моцных путах —

ён марна ушчынае

фозны лямант.

Пад ногі ляжа

шкура нежывая,

шкляныя вочы

не пабачаць свету.

З людзьмі, дарэчы,

горшае бывае:

няхай тыраны

ведаюць пра гэта!

Даследаванне. Анатоль Бутэвіч. «Таямніцы Крэўскага замка: падарожжа па нашай гісторыі з Вітаўтам Вялікім»

У перыяд беларускага Адраджэння, які прыпаў на 1980-1990-я гады, адным з рухавікоў пашырэння нацыянальнай свядомасці стала краязнаўства. У беларускіх газетах і часопісах тады ці не кожны тыдзень выходзілі сотні артыкулаў, прысвечаных розных мясцінам нашай краіны. Прыйдзе новы час, і беларускім архівістам, архітэктарам, географам, гісторыкам, этнографам і іншым навукоўцам ізноў давядзецца паяднаць намаганні дзеля таго, каб новыя пакаленні беларусаў лепш адчулі, што «где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имают».

Не ў апошнюю чаргу менавіта краязнаўства вывядзе наша грамадства на новы віток развіцця, абудзіць цікавасць і павагу да «краіны пад белымі крыламі» ў сэрцы беларусаў. Заўважце: нацыянальнае краязнаўства не згасае ў нашы змрочныя часы ўсеагульнай абыякавасці і непавагі да спадчыны.

Анатоль Бутэвіч нарадзіўся на хутары Язавец Нясвіжскага раёна. Калісьці ён працаваў міністрам інфармацыі, міністрам культуры і друку, потым «ішоў па дыпламатычнай частцы», прадстаўляючы нашу краіну ў Польшчы і Румыніі. Цяпер Бутэвіч уваходзіць у Беларускую рэспубліканскую навукова-метадычную раду па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, піша кнігі па гісторыі роднага краю.

Сёлета свет пабачыла яго даследаванне «Таямніцы Крэўскага замка». Амаль 700-гадовы замак, які знаходзіцца ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці, вядомы ў гісторыі найперш тым, што вялікі князь літоўскі Ягайла 14 жніўня 1385 года падпісаў тут пагадненне з Каралеўствам Польскім — Крэўская ўнія моцна паўплывала на ход усёй еўрапейскай гісторыі.

Але муры Крэўскага замка памятаюць і шмат зусім недыпламатычных рэчаў: прыкладам, страшную смерць Кейстута (змоўнікі задушылі вялікага князя літоўскага залатым шнуром ад ягонага каптану) ці ганебныя ўцёкі Вітаўта, пераапранутага ў жаночае адзенне.

Навуковыя факты і росшукі спалучаюцца у кнізе з багатай фальклорнай часткай. Як і кожны замак, Крэўскі ахінуты легендамі і паданнямі, у ім дагэтуль блукаюць прывіды, а некаторыя куткі ўсё яшчэ чакаюць сваіх адкрывальнікаў (Бутэвіч абгрунтоўвае версіі існавання падземных хадоў, якімі Крэўскі замак нібыта звязаны з іншымі фартэцыямі).

Комментировать