Жизнь

З архіву эпохі. Тры маніфэсты

217 Ігар Бабкоў

Мы сталі часткай свету. Усё заняло свае мейсцы. Час прыгледзецца да таго, што выжыла. І тут самае галоўнае. Мы знаходзім сябе на ўскрайку сусветнага коміксу. Комікс – гэта не кніжка з карцінкамі, пад якімі можна прачытаць дасціпныя подпісы. Гэта стан культуры ў эпоху, што прыйшла да нас усур’ёз і надоўга

Маніфест першы. За небакраем Эўропы

Слова

Беларуская культура наскрозь лёгацэнтрычная. Прастора беларушчыны сфармаваная перадусім словам, а ня вобразам ці рытмам. Але гэта было асаблівае слова. Ціхае, агорнутае ў жалобу, яно адмаўлялася валодаць сьветам. Яму так хацелася гучаць “без тугі, бесклапотна”.

Але.

 

Літаратура

Беларуская літаратура заўсёды была аўтаномнай. Яе дачыненьні з рэчаіснасьцю (г.зн. з уласна Беларусяй) апошнія два стагодзьдзі нагадваюць складаны сымбіёз кэралаўскага ката й ягонай усьмешкі: часам пажаданая рэчаіснасьць (кот-Беларусь) зьнікае й тады застаецца толькі ўсьмешка-літаратура. Зьнікненьне рэчаіснасьці адбываецца так часта і з такой рэгулярнасьцю, што літаратура навучылася абыходзіцца й безь яе: інэрцыя дыскурсу (як сказалі б постструктуралісты) такія рэчы дазваляе, хаця й не ўхваляе – праз пэўны час прападае патас (патас стамляецца ад сваёй уласнай патаснасьці); тэмы, сымбалі, тэксты, героі і пэрсанажы патрапляюць у абмежаваны каталёг формаў і неўзабаве ім ужо няма чаго сказаць адзін аднаму (на магчымага чытача яны, вядома, чхалі). Усё гэта вядзе да ціхага дэкадансу, пэрсанажы пачынаюць шмат піць, уяўляючы сябе пры гэтым іншымі пэрсанажамі, больш шчаснымі ў літаратурным сэнсе.

У савецкую й адразу-пасьля-савецкую эру, пры “сацыяльна значным” і адначасова колькасна абмежаваным становішчы творцаў беларускай літаратуры яе крыху падпітвалі эмоцыі й страсьці “элітнага клюбу”: жаданьне прарвацца й быць вядомым, унутраныя статусныя рэвалюцыі й контррэвалюцыі… Было б цікава прааналізаваць, у якой ступені гэтае “літаратурнае неўсьвядомленае” ўплывала (вызначала?!) на літаратурную сьвядомасьць і, што больш істотна, на тэматыку й архітэктоніку твораў. Але гэта тэма іншае развагі. У нашым кантэксьце істотна тое, што БСЛ (белсаўлітаратура) была літаратурай-усьмешкай: рэчаіснасьці яна ня мела. Ці, больш дакладна, яна мела ўжо гатовую яе інтэрпрэтацыю.

Пасьля 89 года рэчаіснасьць прымусіла сябе заўважыць. Гадо прыйшоў. Разам зь ім прыйшлі розныя людзі: ганаровыя прывіды, нацыянальныя й сусьветна вядомыя, а таксама новая генэрацыя – людзі, якія называлі й лічылі сябе пісьменьнікамі, хаця пісалі ня так і не пра тое. Пачалося пахаваньне камунізму…

Пераходны пэрыяд, які прыйшоў яму на зьмену, нарадзіў транзыталёгію (як псэўданавуку) і потым пахаваў усіх астатніх. У тым ліку літаратуру як сацыяльны (сацыялістычны) інстытут.

Засталіся скрыптары й іхныя тэксты (нарэшце).

 

Посткаляніяльнасьць

Тая культурная прастора, сярод якой мы фатальна сябе знаходзім, нагадвае паверхню-палімпсэст, на якой пэрыядычна пакідае свае сьведчаньні Ўлада. Улада раздвойваецца й растройваецца, разнастайныя ўлады сутыкаюцца на прасторы культуры, спрабуючы прысобіць паверхню, руйнуючы, перапісваючы, пакідаючы наўзоры сваёй чыннасьці.

Назавем посткаляніяльным той складаны культурны ляндшафт, што ўтвараецца на скрыжаваньні чыннасьці разнастайнай улады ды знаходзіць сябе ў форме фрагмэнтаў альбо руінаў. Вынікам фрагмэнтацыі культурнай прасторы ёсьць адсутнасьць дамінантаў альбо абсалютная адсутнасьць у сфэры гісторыі істотных крытэрыяў, паводле якіх такія дамінанты маглі б быць знойдзеныя альбо вынайдзеныя.

Гэтая рэлятыўнасьць вядзе да асаблівага тыпу мысьленьня альбо прачытаньня культурнай традыцыі. Становішча, калі тэкст-культура напісаны на мовах розных эпохаў, розных культурных традыцый, рознай плястыкай, патрабуе выбару метамовы, вядучае дамінанты, з пазыцыяў якой усё астатняе набывала б свой сэнс, – альбо адмовы ад прачытаньня ўвогуле, на карысць маўклівай прысутнасьці тут і цяпер.

Адмаўляючыся быць чытачамі, мы рызыкуем стацца чыстымі знакамі культурнай традыцыі, увайсьці з традыцыяй на правох рэчаў і, урэшце, канчаткова супасьці з гэтай прасторай, пераўтварыцца ў чыстую функцыю.

Назавем посткаляніяльным мастацтвам, якое мэлянхалічна блукае сярод аскепкаў, фрагмэнтаў і руінаў, шукаючы ў іх тое, што яны самі ўжо даўна ня памятаюць, – безуладзьдзе.

 

Клясыфікацыі

Гэты тэкст адчуваў бы сябе няпоўным, калі б не абаперся на якуюсь дурацкую клясыфікацыю.

Напрыклад, на такую: усіх ацалелых скрыптараў можна падзяліць на мадэрністаў і этна-антрапа-пата-графістаў. Паводле стаўленьня да рэчаіснасьці.

Мадэрністы зрабілі радыкальныя высновы з традыцыйнай аўтаноміі беларускай літаратуры. Яны ўзялі гэта за прынцып. Для іх першая й апошняя праблема літаратуры – гэта мова (дыскурс). Моўныя фантазіі й дыскурсіўныя прарывы, стылістычныя экспэрымэнты й галерэі фантастычных пэрсанажаў, прыдуманых фактаў і перапісаных гісторыяў – іхны сьціплы наробак. Усіх іх цьвеліць нясьціплая думка, што рэчаіснасьць нарэшце пачне пераймаць тэкст.

Этна-антрапа-пата-графісты пачалі займацца рэчаіснасьцю. Яны яе любяць, вывучаюць, ненавідзяць, дасьледуюць, апісваюць і ўсё гэта друкуюць. Рэчаіснасьць зь імі робіць тое самае. Выдаткі гэтага знаёмства – урэшце ўсе прыходзяць да высновы, што ўсе хворыя. Адна з характэрных кнігаў гэтага кшталту так і называецца: “Гісторыя хваробы”.

 

“Чацьверты Райх”: Сымулякры

Ніхто не чакаў, што гэта адбудзецца так хутка: Зьнікненьне сьвету. Боты Ван-Гога, як і мэлянхолія руінаў, засталіся фіктыўнай рэальнасьцю ў прасторы абрэаленай фікцыі. Нас больш няма.

“Чацьветы Райх” – гэта сьвет як сымулякр: сымулякр. Ад ягонай татальнасьці здрыгануўся б сам Гегель. Сьвет пасьпяхова пераўтвараецца ў ілюзію самога сябе. Беларусь на гэтай уяўнай мапе – усё яшчэ рэчаіснасьць, якой баліць. Пост/каляніяльнае мастацтва, ідучы наперад, ня можа забыцца на гэты боль. Адкідаючы ілюзію цэнтру, яно – у пошуках цэнтру ілюзіі. Яно – апошні партызан мадэрнасьці падчас la condition postmodern.

Цэнтар паўсюль. Дзе нас няма.

 

Маніфест другі. Партызаны і мэнэджэры

Прастора беларускага мастацтва згарнулася. Усе ранейшыя апазыцыі, якія дазвалялі ёй існаваць, структуравалі яе, стваралі паверхню і глыбіню, разьмяшчалі знакі ў іхных кантэкстах... гэтых апазыцыяў больш няма. Зьніклі авангардысты і клясыкі, пэйзажысты і марыністы, стваральнікі вясковых эпапэяў і ўрбаністычных драмаў... Засталіся партызаны і мэнэджэры.

Першым абрынулася колішняе супрацьстаяньне афіцыёзнага й андэграўнднага тыпаў прасторы. Афіцыёз, альбо мастацтва паверхні, зь яго дазволеным каталёгам вобразаў і стыляў патрабаваў андэграўнду як уяўнай альбо рэальнай глыбіні, як свайго Іншага. Андэграўнд перастаў структураваць прастору мастацтва ў выніку ягонага выхаду на паверхню і інкарпарацыю ў спажывецка-інфармацыйную прастору. Этыка андэграўнду – магутнае антыкаляніяльнае памкненьне супрацьпаставіць якой-колечы норме індывідуальны міт творцы – сутыкнулася з сытуацыяй, калі міт творцы стаўся гэткай жа самай «прадукаванай» і «сымуляванай» рэальнасьцю, як і ўсё астатняе.

Апазыцыі клясычнага і авангарднага часу больш няма. Немагчымасьць авангарду ня толькі ў тым, як гэта лічыў Баўман, што ідэя авангарду вычарпала сябе з прыходам постмадэрнасьці, – а яшчэ і ў тым, што нашая будучыня (авангард) кантралюецца сёньня зусім не мастацтвам.

Больш за тое: у будучыню мастацтва больш не пускаюць.

Колішняе супрацьстаяньне ўнівэрсальнай мовы мастацтва і «лякальнага» зьместу анічога ня значыць у эпоху постунівэрсальнай безьзьмястоўнасьці.

Мова нас падманвае.

Прастора напоўніцу запоўненая рэчамі спажываньня.

Час нам застаўся толькі «мінулы».

Нашая сучаснасьць – чужое мінулае. Нашая будучыня – чужая сучаснасьць.

Імкненьне дагнаць свой час стварыла генэрацыю «мэнэджэраў». Жаданьне застацца ў сваёй прасторы стварыла тып «партызана».

Мэнэджэр улучаецца ў самыя разнастайныя сыстэмы спажываньня. Ён стварае на сябе попыт. Ён прадае ўсё: уласную біяграфію, якую распрацоўвае гэтак жа прафэсійна, як “Хэд энд Шолдэрс” – формулы сваіх шампуняў, рэалізаваныя й нерэалізаваныя творы, аўтарскія задумы й канцэпцыі, стыль жыцьця.

Мэнэджэр бачны і відавочны. Як сансара.

Партызан вонкава нябачны. Пра яго ніхто ніколі анічога дакладна ня ведае. Ён дасканала карыстаецца мімікрыяй (посткаляніяльнай стратэгіяй аўтарства Гомі Бгабгі), што дазваляе яму адаптавацца ня толькі да традыцыйнага вясковага ляндшафту, існаваць у густых бэтонных пушчах беларускай мадэрнасьці, але й выжываць у прасторы сучаснай спажывецкай постмадэрнасьці.

Ягоная стратэгічная задача: непакой, несупадзеньне з наяўнасьцю.

Ня кожнае грамадзтва можа сабе дазволіць мець прастору мастацтва. Бо, як мы памятаем, мастацтва нам патрэбнае, каб не памерці ад праўды. Сёньня тое грамадзтва, якое не шукае, не стварае, не вытворвае й не прадае праўду, – не рызыкуе ад яе памерці. Бо яно ўжо мёртвае, у мінулым часе. Яго няма.

«Тое, чаго няма, кранае мяне сваёй далікатнай адсутнасьцю» (Адам Клакоцкі).

 

Маніфест трэці. На ўскрайку сусьветнага коміксу

Першы маніфэст – “За небакраем Эўропы” – паўстаў у сярэдзіне дзевяностых і быў маніфэстам рэвалюцыйным.

Гэта быў час, калі беларуская літаратура ламала старыя формы, каб расказаць пра новы досьвед. Час пакаленьня “Тутэйшых”: самага радыкальнага літаратурнага пакаленьня XX стагодзьдзя. Радыкальнасьць яго была ня ў колькасьці напісанага ці прамоўленага.

Радыкальнай была сама паэтычная эмоцыя.

Выхад за межы адведзенага мейсца ў загончыку правінцыйнай, мінарытарнай літаратуры з траўмаванай сьвядомасьцю.

Проста – выхад за межы. На свабоду. 

Што там, на свабодзе, было не так істотна.

Якая, зрэшты, розьніца, паўтаралі мы тады разам з Мішэлем Фуко, – хто гаворыць?

Другі маніфэст паўстаў на пераломе стагодзьдзяў і быў маніфэстам трывожным. Ён называўся “Партызаны і мэнэджэры”.

Ён абазначыў прадчуваньне рэваншу.

Да нас прыйшоў капіталізм і расказаў кожнаму, хто колькі каштуе. Усе тагачасныя літаратурныя падзеі горда набывалі кшталт прамоцыі – прыхаванага памкненьня калі не прадаць нешта, дык распавесьці ўсім, на якой паліцы ў літаратурным гіпэрмаркеце гэта самае нешта залягае. Прамоцыяй займаліся пераважна журналісты і мэнэджэры, і гэта адтуль пэрыядычна чуліся крыкі: “Нобэлеўскую яму, нобэлеўскую!” – як адзнака пачатку чарговай піяр-кампаніі. 

Паколькі для большасьці ў гэтую эпоху літаратура не каштавала амаль нічога, спроба надаць вартасьць – хаця б спажывецкую – літаратурнаму твору можа выглядаць цалкам сымпатычна.

Праблемы пачынаюцца тады, калі гэтая сыстэма вартасьцяў становіцца агрэсіўнай і спрабуе выцесьніць з поля літаратуры яе асноўны зьмест.

Калі яна спрабуе паставіць пад пытаньне аўтаномнасьць літаратуры, пераўтварыць творцу – у вытворцу – у звычайнага апэратара на канвэеры літпрадукцыі.

Спрабуе адфарматаваць літаратуру, калі не замовіць, дык намякнуць аўтару, зь якім творам і на якую паліцу ён мае шанец патрапіць.

На літаратараў пачынаюць рабіць стаўкі, як на прусачыных бягах.

І крытэр посьпеху – першым дабегчы да сваёй паліцы ў гіпэрмаркеце сьвету.

Ёсьць штосьці шкадобнае – і страшна камічнае, – калі прамоцыяй пачынаюць займацца самі літаратары, калі яны становяцца ня толькі за станок, але й за стойку.

Калі паэт вымушаны набіваць сабе цану, вызначаць кошт і вартасьць сваёй творчасьці.

І вось мы падыходзім да трэцяга маніфэсту.

Трэці маніфэст мог бы стаць маніфэстам магічным.

Усё занадта ціха і безнадзейна, каб не паклікаць яе – магію – на дапамогу.

Прайшлі дзевяностыя зь іх энтузіязмам новых формаў.

Прайшлі нулявыя новага стагодзьдзя: часы аціханьня, нармалізацыі.

Мы сталі часткай сьвету, канчаткова супалі са сьветам. 

Усё заняло свае мейсцы. Час прыгледзецца да таго, што выжыла.

І тут самае галоўнае.

Мы знаходзім сябе на ўскрайку сусьветнага коміксу.

Комікс – гэта ня кніжка з карцінкамі, пад якімі можна прачытаць дасьціпныя подпісы. Гэта стан культуры ў эпоху, што прыйшла да нас усур’ёз і надоўга.

Каб апісаць гэты стан, каб назваць гэта, каб патрапіць у самае сэрца начы, мы й бярэм канцэптуальную мэтафару – комікс.

Комікс – гэта паверхня сьвядомасьці, на якой намаляваныя мілыя пэрсанажы.

Ня так істотна, колькі ім год і што яны робяць.

Важна іншае. Ёсьць толькі адна думка. Адна эмоцыя. Адзін вобраз.

Адно – простае – дзеяньне.

Комікс – гэта адсутнасьць у культуры трэцяга вымярэньня – мэтафізычнага. Мэтафізыка ня проста ампутаваная, выдаленае тое мейсца, у якім яна магла б нарадзіцца…

Комікс – гэта фатальнае зьбядненьне самога культурнага ляндшафту. Яна (культура) цяпер не трывае нават проста складанага. 

Комікс – гэта калі культура перастае дыхаць, жыць, нараджацца – між глыбінёй і паверхняй.

Комікс – гэта таксама прыход новага літаратурнага фармату. Што бы ты цяпер ні пісаў: раман альбо п’есу, верш альбо кінасцэнар – кодам прачытаньня твайго твору будзе комікс.

Усе іншыя культурныя коды зьнікаюць.

Гэта новыя выдавецкія сэрыі ў кніжных крамах, у якіх кнігі адрозьніваюцца толькі вокладкамі.

І самі кнігі, якія ўжо не адрозьніваюцца нават шрыфтамі.

Нарэшце: комікс – гэта грамадзтва спэктаклю (Гі Дэбор) у яго апошняй стадыі дэградацыі. Асноўная форма, у якой жыве і функцыянуе культура эпохі позьняга капіталізму.

Патрапіць у культуру можна толькі калі ты бачны. Стаць бачным можна толькі ў якасьці пэрсанажу коміксу.

Машына культуры: усё павінна быць упісанае ў комікс, стаць яго часткай. Усе дадатковыя вымярэньні мусяць быць выдаленыя, усе шурпатасьці зачышчаныя. 

Подпісы пад карцінкамі ясныя, без незнаёмых словаў.

Сюжэт правераны. 

Каталёг пэрсанажаў вазьміце ў нашым мясцовым офісе.

Комікс – гэта не тады, калі замест культпаходу ў тэатар яны давяцца поп-корнам, разглядаючы карцінкі.

А тады, калі ўжо няма аніякай розьніцы між кніжкай з карцінкамі і культпаходам у тэатар.

Мы жывыя, пакуль мы супраціўляемся гэтаму працэсу.

Мы яшчэ жывыя. Мы. Супраціўляемся.

Часткі  “За небакраем Еўропы” і “Партызаны і мэнэджэры” былі ўпершыню надрукаваны ў кнізе: І. Бабкоў, Каралеўства Беларусь. Вытлумачэнне ру(і)наў. (Менск : І.П. Логвінаў, 2005). Трэцяя частка – “На ўскрайку сусьветнага коміксу. Трэці маніфэст” – надрукавана ў часопісе “ТОПОС”, 1, 2010.

Комментировать