Деньги

Як беларусу зэканоміць на роўмінгу ў Еўропе

1177 Ляксей Лявончык

Еўропа рэзка зніжае кошты на мабільную сувязь і ў хуткім часе скасуе роўмінг цалкам. “Журнал” падлічыў, якія з таго выгоды беларусам, і сабраў практычныя парады аб тым, як ашчаджаць грошы на размовах ды інтэрнэце падчас вандровак у Еўразвяз.

Ад 1 траўня ўсе мабільныя аператары Еўрапейскай эканамічнай супольнасці знізяць стаўкі на роўмінг у тры-чатыры разы. Праз год з нечым, ад 15 чэрвеня 2017 году, роўмінг як з’ява будзе цалкам скасаваны ў межах ЕЭС. Гэта значыць, што абаненты аператараў краінаў Еўразвязу, Нарвегіі, Ісландыі ды Ліхтэнштэйну змогуць карыстацца сувяззю на тэрыторыі гэтых дзяржаваў па нацыянальных тарыфах.

Прыкладам, калі нехта мае 20 гігабайтаў трафіку ды 1000 хвілінаў і смс-ак у тарыфе, то, выяжджаючы па-за межы свайго краю, гэта абанент зможа ўжываць ліміты хвілін, смс-ак ды інтэрнэту гэтаксама, як дома. Нават болей: калі ты дома, то свае хвіліны можна ўжываць толькі ў межах краіны, дзе жывеш, а ў роўмінгу – на нумары ўсіх краін ЕЭС. Фактычна, роўмінг для абанентаў стане выгаднейшым за знаходжанне ў сваёй краіне.

Што гэта азначае для беларусаў? Беларусь не ўваходзіць у Еўразвяз, не з’яўляецца чальцом Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, нават не мае пагаднення пра палегчаны візавы рэжым. Але беларусы атрымліваюць шэнгенскіх візаў болей за ўсіх у свеце “на душу насельніцтва” (каля 800 тысяч “шэнгенаў” штогод). Гэта азначае, што нашыя суайчыннікі інтэнсіўна ездзяць за заходнюю мяжу – і, значыць, могуць наўпростым чынам атрымаць выгоду ад больш таннага роўмінгу. 

“Журнал” падлічыў, што карыстанне родным беларускім нумарам па-за заходняй мяжой нашай сінявокай можа не тое што распрануць – пакінуць без дома і ў пазыках. Параўнаем мінімальныя кошты на роўмінг беларускага МТС у Расеі (як дакляруецца, роўмінг там каштуе найменей для беларуса), і на роўмінг літоўскага Pildyk у рэшце Еўразвязу:

Як бачым, кошты непараўнальныя – асабліва на інтэрнэт-роўмінг. 100 мегабайтаў (сярэдні спажытак еўрапейскага абанента штодня) француз у Італіі заплоціць 5 еўра, а беларус у Расеі – мінімум 167 еўра. Гэта, дарэчы, выдатная ілюстрацыя што да сапраўднай інтэграцыі: нехта ўсё яшчэ хоча параўнаць Еўразвяз з “Саюзнай дзяржавай”?

Да таго ж, роўмінгавы тарыф у Еўропе – адзіны для ўсіх. Якім б ты мабільным аператарам не карыстаўся, у якую б краіну не ехаў – можна не звяртаць увагі, у якой сетцы зарэгістраваўся твой тэлефон ці ў якім краі ты адпачываеш. За хвіліну званка дадому – ці на які-кольвек нумар у Еўразвязе – ты заплоціш роўна 5 еўрацэнтаў.

Беларусы такога шчасця і блізка не маюць, бо абавязаныя прадзірацца скрозь цераспалосіцу тарыфаў. Бо роўмінг для абанента Velcom ў сетцы МТС Расея каштуе адныя грошы, у сетцы Мегафон – другія, а ў сетцы Білайн – трэція. І гэта мы разглядаем толькі Расею, бо там тарыфы на роўмінг для беларусаў ніжэйшыя за іншыя краіны. У Еўропе карыстанне са свайго МТС-аўскага нумару абыйдзецца яшчэ даражэй.

Дык што ж беларусу да таго Еўразвязу ды іх тарыфаў? Усё вельмі проста: 

1. Выяжджаючы ў Еўразвяз пасля 30 красавіка, купіце сабе любую еўрапейскую сімку. Памятайце, праўда, што пакуль вы знаходзіцеся ў краіне аператара гэтай сімкі – то тарыфы на званкі на мясцовыя нумары ці за мяжу ў рэшту Еўразьвязу – свае, не агульныя еўрапейскія, якія я пералічыў вышэй. Таму ўважліва спраўдзіце цэннік аператара.

2. Кінце на сімку грошы ці пераканайцеся, што можаце папаўняць яе карткай онлайн. Звярніце ўвагу, што не ўсе аператары даюць магчымасць папаўняць мабільны рахунак з карткі іншаземнага банку. Я, прыкладам, не магу папоўніць свой украінскі нумар з польскай карткі альбо свой беларускі нумар – з карткі брытанскай. Даведайцеся болей у цэнтры продажу або проста пакладзіце на свой мабільны рахунак загадзя болей грошаў.

3. Пасля выезду па-за межы “сваёй” для сімкі краіны тарыф, які прыведзены вышэй, пачынае дзейнічаць. Усе смс-кі на ўсе нумары ЕЭС каштуюць 2 цэнты. Усе выходныя званкі на нумары ЕЭС – 5 цэнтаў. І гэтак далей. Фактычна ўвесь Еўразвяз становіцца для вашай мабілкі “сваёй краінай”. 

4. Званіць у Беларусь за 5 цэнтаў за хвіліну ўсё роўна немагчыма – мы не ў ЕЭС. Аднак дасылаць смс-кі на беларускія нумары паводле еўратарыфаў магчыма. Не заўсёды і не ва ўсіх краінах і не ў кожнага аператара – але магчыма. У некаторых мабільных аператараў білінг працуе такім чынам, што яны не адсочваюць накірунак смс-кі, дасланай з вашага еўрапейскага нумара ў роўмінгу. Прыкладам, з польскага Orange у еўрапейскім роўмінгу можна кідаць смс-кі за 2 цэнты штука на ўвесь свет. З брытыйскага EE – нельга, там тарыфікацыя карэктная. Проста кінце смску ў Беларусь ды зірніце на баланс праз нейкі час. Калі спісаліся роўна 2 цэнты – то тэкстуйцеся з усім светам на здароўе. Калі спісалася болей – перапрашаю.

5. Таксама варыянт – купіць вашаму асноўнаму карэспандэнту ў Беларусі (для мяне гэта бацькі) сімку travel sim. Апроч рэшты смакоцця, яна дае дармовыя ўваходныя ў болей як 100 краінах свету, у тым ліку ў Беларусі. У Беларусі яна прадаецца ў салонах мабільнай сувязі пад іншымі назвамі: прыкладам, “Гудлайн” – аднак гэта той самы сэрвіс. Галоўная адмета трэвэлсімкі – эстонскі нумар (пачынаеецца з +372), які сапраўдны два гады без папаўнення балансу. Эстонія ўваходзіць у Еўразвяз, то бок званіць на гэты нумар з еўрароўмінгу можна па 5 еўрацэнтаў за хвіліну. Бацькі мне даюць маяка, пасля чаго я адтэлефаноўваюся ім. Ім задарма, мне прыемна танна.

6. Варта зірнуць, ці няма ў вашага аператара дзірак у білінгу на выходныя званкі. У 2014-м я восем месяцаў мог з еўрароўмінгу званіць ва ўсе краіны свету паводле агульнага еўрапейскага тарыфу, бо мой аператар некарэктна тарыфікаваў выходныя званкі, бо лічыў, што яны ўсе йдуць на ЕЗ. Зрабіце адзін выклік не болей чым на паўхвіліны (у еўразвязаўскім роўмінгу першыя 30 секунд спісваюцца адразу, потым ідзе штосекундавая тарыфікацыя) і пасля зірніце на баланс. Калі ён змяніўся на “еўрапейскую” велічыню – значыцца, вам пашанцавала. Пры гэтым памятайце, што дзірку могуць закрыць у любы момант. 

7. Ну і натуральна спраўдзіце ў свайго еўрааператара, ці не прапануюць яны пакетаў у еўрароўмінгу. Прыкладам, брытанскі ЕЕ дае магчымасьць за 2 фунты (прыкладна 50.000 рублёў) на дзень неабмежавана званіць на ўсе нумары Еўразвязу. Брытанскі ж Vodafone за 75.000 беларуских рублёў у дзень прапануе магчымасьць карыстацца “хатнімі” пакетамі хвілін і дадзеных у роўмінгу, што дазваляе істотна ашчаджаць – бо нават з падніжкай коштаў ад 1 траўня кошт дата-трафіку ўсё адно застаецца высакаватым: 50 еўра за гігабайт.

Комментировать