Жизнь

У казках толькі хлопчыкі

487 Кацярына Барушка

Амерыканская мара – гэта калі ўвесь час цяжка працаваць, марыць пра вялікае, а пасля раптоўна і цудоўна атрымаць узнагароду.

Расейскі эквівалент – гэта таксама цудоўная ўзнагарода, але замест руплівай працы трэба 33 гады ляжаць на пячы, быць малодшым братам, а яшчэ дурнаватым, але добрым чалавекам.

Беларуская казка – гэта перадусім, чамусьці, жывёлы. Сюжэты ў іх разнастайныя, з рознымі складнікамі, але сцэнар прыблізна такі – ліска/мядзведзь/воўк нешта зрабілі, гэта не спадабалася некаму заможнаму спадару, але з’явіўся “мужык”, абяцаў заможнаму дапамагчы і ліску правучыць, а пасля ўсіх абдурыў, усё сабе забраў і нічога яму за гэта не было.

Асабіста для мяне, выснова з гэтых казак была такой – сустрэнеш калі гэткага “мужыка”, справаў ніякіх з ім не вадзі, усяляк пазбягай і ні на што не разлічвай. Таму беларускія народныя казкі – гэта, бадай, адзіны аспект беларускай культуры, адсутнасць масавай папулярызацыі якога мяне шчыра радуе.

Заходнім героям у якасці ўзнагароды мроіліся прынцы і прынцэсы, улада плюс багацце. Узнагарода расейскаму волату заўсёды была падкрэслена больш духоўнай, але, ў рэшце рэшт, прыблізна такой жа. Матывацыяй беларускага героя часцяком была выключна эканамічная выгада, і каб нічога пасля за гэта не было.

Але што з’яўляецца абсалютнай адментасцю беларускіх народных казак, дык гэта адсутнасць у большасці з іх жаночых персаналіяў. Нават другасных. Нават у якасці ўзанагароды. Ані табе чароўных князёўнаў, ані спрытных сялянак. Дзе-нідзе фігуруе бездапаможная маці, часам ліска (і тое ў якасці антыгероя).

І гэта праблема. Казкі – гэта ж тое, на чым гадуецца будучае пакаленне. Гэта тыя сюжэты і мадэлі паводзінаў, якія мы ад калыскі закладваем у наступнае беларускае грамадства. Алегарычныя ралявыя героі натхняюць і падказваюць. У кожнага ў галаве жыве свой Спайдэр-мэн, Папялушка ці Дзед Барадзед.

Атрымліваецца, што ў беларускай казачнай, а пасля і ў рэальнай прасторы мае хапаць месца толькі хлопцам. На іх ускладаюцца непасільныя задачы, іх несправядліва крыўдзяць – але ў рэшце рэшт яны ўсіх раскідваюць. Бо спрытныя, разумныя, дужыя – адным словам, галоўныя.

Што тады рабіць, калі хочацца выгадаваць дачку з актыўным падыходам да жыцця, каб у яе асабістай гісторыі была і яна, і іншыя дзяўчаты? Каб яны прымалі ў гэтай гісторыі ўдзел, а не фігуравалі ў ролі ахвяраў, якім наканавана большасць часу правесці ў палоне ў жахлівага Цуды-Юды, а пасля без ваганняў і з удзячнасцю аддацца ратавальніку-незнаёмцу?

Кніжная палічка у дзіцячым аддзеле беларускай кнігарні бянтэжыць. Для хлопчыкаў – сучасныя прыгоды. Для дзяўчынак – казкі з 17-га стагоддзя. Хіба ў нас жыццё для дзяўчынак з таго часу не памянялася?

Адзіны ўсплеск прысутнасці дзяўчатаў у класічных казках – гэта апошні абзац, калі ўсё завяршаецца вяселлем. Яе адзіны шанец пакінуць кароткі след у гісторыі. Чаго ж пасля здзіўляцца таму, што ў выніку ідэя выйсці замуж можа пераўтварыцца ў навязлівую ідэю?

А ўсе гэтыя казачный паказушныя канцэпцыі апранацца? Калі жывеш у галечы і на сушках да стыпухі – але у чароўнай сукенцы/чырвоных чаравічках/з залатой гускай. І справа не ў тым, каб сукенкі не насіць, а ў тым, каб пальцаў не абразаць, каб нагу ўціснуць у крыштальны чаравічок (паводле арыгінальнай версіі Папялушкі).

У выніку кніжных раскладаў перад малымі беларускамі ставіцца звышзадача – трэба быць і прынцэсай паводле заходніх канонаў 17 стагоддзя, і неяк упісвацца ў нябачную ролю беларускай жанчынкі з народнай казкі.

Але ж А можа быць зусім інакш. У дзяўчынак таксама могуць быць прыгоды. Яны могуць здзяйсняць геройствы самі. Не варта спадзявацца на прынца, каб жыццё было доўгім і шчаслівым – трэба працаваць над шчаслівым і доўгім жыццём па-партнэрску. І ад сябе, і ад прынца патрабаваць унёску, а не аднаразовага ратунку, пасля якога ідзе целік і «Балтыка-сямёрачка».

Давайце чытаць дзецям іншыя казкі. А яшчэ лепш – пісаць іх. Вельмі незапоўненая ніша. Сучасныя беларускія казкі, дзе шмат разнастайных герояў, з выразнымі характарамі, вызначанымі імкненнямі – і пашанай да іншых.

Комментировать