Жизнь

Святы і «празьнікі». Як перастаць жыць не сваім жыццём

351 Севярын Квяткоўскі

– Ёлка, прабач, спазніўся, бо мяне падвялі па часе на мінулай сустрэчы! – я не тое, каб выбачыўся, але дабразычліва паставіў перад фактам.

Мая знаёмая полька Ёлонта ўсміхаецца:

– Севярын, я ў шоку: я прыехала на дзень у Мінск па важных справах да дзясятка чалавек, і абсалютна ўсе спазніліся.

– Дык сёння ж Стары Новы Год!

– ?... Ааа!!!...

Годам пазней у Вільні чую размову ў кавярні за суседнім столікам:

– Вот, понимаешь, хочу съездзить в Минск числа восьмого января по делам бизнеса.

Літоўскаму прыяцелю апаніруе расійскамоўны суразмоўца:

– Ты что, только после 14 января, там до этого никто работать не будет!

Свет ведае прыклады мірнага суіснаваня розных канфесій. У Беларусі – няма куды больш мірнага. Калі верыць афіцыйнай сатыстыцы, на Раство па ўсёй краіне і ў каталіцкія, і ў праваслаўныя храмы прыходзяць каля ста тысяч чалавек – і гэта на некалькі мільёнаў тых, хто дэкларуе сябе вернікамі.

– А... Гэта ж у іх яшчэ будуць святы два тыдні... – знаёмая каталічка бяззлобна фіксуе сабе факт – яшчэ два тыдні нармальнай працы не будзе.

Усе як бы працуюць, а як бы ў палову сілы. Калі ўлічыць, што больш за 80% эканомікі – дзяржаўныя, то праблема ўрэшце кладзецца на фіскальныя органы. Прыбытку будзе менш.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Святы паводле формы не адрозніваюцца для большасці грамадзянаў. Як спявае «Крамбамбуля», «вось "Аліўе", а вось ананас – толькі для нас, толькі для нас». Альбо: «Дзяўчаты п'юць кактэйлі, халоднае віно, а хлопцы ўсё адразу, хлопцам – усё адно».

Раство-І, Новы год, Раство-ІІ, Новы год-ІІ, Гендэрнае свята-І, Гендэрнае свята-ІІ, Гендэрнае свята-ІІІ. З тым жа «аліўе», і «ўсё адно».

«У нас празьнік – кагда выхадны», – патлумачыў мне дзядзька ў цэнтры Мінску.

Вось тут уласна і адказ на пытанне: а хто вырашае, калі выходны?

Чаму ва ўсіх краінах Раство і Вялікдзень – два дні, а ў Беларусі – адзін? Чаму разам з рэлігійнымі святамі дагэтуль існуе «Дзень Сядзьмога Наябра»? Таго самага свята, якое наўпрост звязанае з расстрэламі святароў і вернікаў? Чаму?

Не толькі таму, што большасць выбарцаў аддалі краіну на капрыз аднаго чалавека. Таму што людзям – усё роўна. Яны могуць спакойна жыць сваёй закрытай камунай, дзе адзначаць святы так, як хочацца. Непублічна. І гэта меншасць. Большасць успрымае святы, у тым ліку рэлігійныя, проста як традыцыю.

Зрабіце эксперымент, запытайцеся, калі ў Беларусі пачалі ставіць ялінку – вам адажуць пра Пятра Першага, а не пра пастанову Ватыкану другой паловы XVII ст.

Запытайцеся, з якога году праваслаўныя пад юрысдыкцыяй Масквы – адкажуць пра Кіеўскую Русь, калі аніякай Масквы яшчэ не было. «Ну было калісьці». А што было? Не так важна.

А што важна?

Два пункты.

Як ні круціся, ты на тры тыдні выпадаеш з працы. Гэта прадвызначанасць для большасці. Рабі – не рабі, 80% эканомікі краіны ад цябе не залежаць, яны дзяржаўныя, чытай – належаць аднаму чалавеку.

Па-другое, той жа чалавек сам абірае фармат і пералік святаў.

Што ты можаш?

Вырашыць, ці для цябе «Ражджаство» і «Васьмое марта» – тоесныя, аднолькавыя, ці ты спрабуеш выпрацаваць сваю прастору, са сваімі сымбалямі для святаў.

Ты можаш не гуляць па навязаных табе правілах. Галоўнае пытанне – на колькі ты зможаш заставацца аўтаномным. Гэта датычыць усяго жыцця: табе навязваюць – а ты гнеш сваё.

Чытаеш не «Советскую Белоруссию», а «Журнал». Водзіш дзяцей на беларускую Ялінку. Працуеш так і тады, калі лічыш патрэбным. Адрозніваеш «Сядзьмога Наябра» ад Дня Волі. І паўсюль знаходзіш блізкіх табе па духу і думцы людзей.

І нарэшце пачынаеш жыць сваім уласным жыццём.

Яшчэ цікавае:

  

Комментировать