Полюса

«Такога заняпаду, як цяпер, у нас яшчэ не было»

373 Людмила Яненко

Гета, у якое даўно трапіла беларуская літаратура, працягвае змяншацца: менш палічак у кнігарнях і бібліятэках, гадзінаў у школьнай праграме, радкоў, якія на памяць можа расказаць кожны. Дайшло да таго, што не ўсе беларусы успомняць, хто такія Колас і Купала. Пра тое, што сталася з нацыянальнай літаратурай, ці можа яна развівацца без беларускай мовы і чаму ў невялікай Беларусі аж два саюзы пісьменнікаў, “Журнал” паразмаўляў са старшынём Саюза беларускіх пісьменнікаў Барысам Пятровічам (Сачанкам).

– Ці можна сказаць, што беларусы – нацыя, якая шмат чытае? Што, на вашую думку, зараз чытаюць беларусы?

– “Нацыя, якая шмат чытае”, – гэта міф савецкіх часоў. Няма такіх нацый, пра каго мы б ні гаварылі: пра рускіх, украінцаў, казахаў ці проста савецкіх людзей. Кніжны бум сапраўды быў у 80-х гадах мінулага стагоддзя. Але тады была мода на хатнія бібліятэкі. Кнігі набываліся “па блату”, ставіліся на паліцу і… не чыталіся. Быў, праўда, кароткі перыяд падчас перабудовы – з 1985 па 1990 год – калі сталі друкавацца раней забароненыя творы і тады сапраўды шмат чыталася. Але ўвогуле чытачоў заўсёды было няшмат: і ў часы Скарыны, і ў часы Пушкіна, і ў часы Купалы. Прыблізна 3-5 адсоткаў ад насельніцтва, у рэдкія часы да 10, але часцей значна менш. Што ўжо казаць цяпер, калі свет запаланілі тэлебачанне ды інтэрнэт. А чытаюць беларусы (тыя, што чытаюць) усё: ад класікі да сучаснікаў. Цяпер больш, вядома, па-руску: Акуніна і Марыніну, Пялевіна і Прылепіна. Беларускамоўныя кнігі выходзяць невялікімі накладамі і часта не трапляюць за межы Мінска. Але ёсць свае чытачы ў Арлова і Разанава, Хадановіча і Бахарэвіча.

– Як вы ацэньваеце стан сучаснай беларускай літаратуры, кнігавыдавецтва?

– Калі гаварыць толькі пра беларускамоўную частку – як крытычны. Такога заняпаду, як цяпер, у нас яшчэ не было. Колькасць дзяржаўных выдавецтваў скарачаецца, незалежныя  выдавецтвы, якія друкуюць беларускія кнігі, можна пералічыць па пальцах. У кнігарнях беларускія палічкі губляюцца ў моры рускіх кніжак. Такога няма ні ў адной краіне свету, якая лічыць сябе суверэннай і незалежнай. Усюды, хоць у Літве, хоць ва Украіне, не кажучы ўжо пра Польшчу ці Францыю, абараняюць і падтрымліваюць нацыянальнамоўны друк. Канкурыраваць беларускім кнігам з рускімі ў такіх умовах немагчыма. З-за вялікіх накладаў кнігі на рускай мове каштуюць значна танней. Мы даўно гаворым пра неабходнасьць увесці падатак на кнігі, увезеныя з Расіі, каб выручаныя сродкі ішлі на падтрымку беларускіх кніг і выдавецтваў. Аднак нас ніхто не слухае, бо ў нас жа, паводле Канстытуцыі, роўнасьць моваў.

– Выступаючы на з’ездзе СБП у 2011, Генадзь Бураўкін сказаў: “Нам трэба аднавіць цікавасць народа да чытання. Без літаратуры мы не зможам авалодаць мовай. Каб чытаць беларускія кнігі, трэба ведаць мову. Але адкуль гэта возьмецца, калі мова не гучыць з экранаў тэлебачання, скарачаюцца курсы мовы і літаратуры ў школах”. Сучасная беларуская літаратура – гэта літаратура толькі на беларускай мове?

– Калі казаць пра дзяржаву Беларусь, то беларуская літаратура стваралася і ствараецца на розных мовах, не толькі на беларускай, але і на рускай, ідыш, польскай, украінскай. Але толькі беларуская мова можа ўплываць на развіццё нашай нацыянальнай літаратуры. Усё, што пішацца на іншых мовах – гэта ўклад у развіццё літаратураў тых народаў, на мовах якіх ствараюцца творы. Разумею падсэнс гэтага пытання і адкажу наўпрост: творы рускамоўных пісьменнікаў, такіх як Адамовіч, Алексіевіч і іншых – гэта здабытак літаратуры сучаснай Беларусі. Ну а мова – аснова любой нацыянальнай літаратуры. Няма мовы – няма літаратуры.

– Значыць, каб развіваць літаратуру, Беларусі патрэбная цывілізаваная моўная палітыка?

– Безумоўна.Тое, што робіцца на Беларусі апошнім часам, не раз называлася моўным генацыдам. Каб вярнуць інтарэс народа да чытання беларускіх кніг, трэба вярнуць  беларускую мову ў дзіцячыя садкі, школы, ВНУ. Там цяпер нашыя чытачы, там будучыя пісьменнікі, там нашая будучыня. Беларусь сёння – адзіная краіна ў свеце, якая не мае Нацыянальнага ўніверсітэта, дзе ўсе прадметы выкладаліся б на мове тытульнай нацыі. А значыць, нават у тых, хто яшчэ вывучае беларускую мову недзе ў вёсцы, няма будучыні, далей ім давядзецца вучыцца па-руску. Гэта трагедыя народа, якая цягнецца ўжо шмат гадоў. І дзіўна, што ў такіх умовах яшчэ неяк трывае беларуская літаратура.

– Так сталася, што ў краіне сёння два саюзы пісьменнікаў. Чаму раскалолася пісьменніцкая супольнасць і як гэта ўплывае на літаратуру?

– Раскол адбыўся не паводле творчых прынцыпаў, як звычайна бывала ў творчых асяродках, а паводле стаўлення да свабоды творчасці і адносінаў да сучасных беларускіх уладаў. Невыпадкова таму Саюз пісьменнікаў Беларусі (СПБ) называюць праўладным, а Саюз беларускіх пісьменнікаў (СБП) – незалежным. Большасьць сябраў незалежнага Саюзу пазбаўленыя мажлівасці друкаваць свае творы ў дзяржаўных выданнях і выдавецтвах, не могуць сустракацца з чытачамі ў бібліятэках і школах. Хоць, безумоўна, самыя цікавыя, чытаныя і вядомыя пісьменнікі знаходзяцца якраз у незалежным Саюзе. Як уплывае гэта на літаратуру? Канечне, адмоўна, што тут казаць. Пісьменнік піша не толькі “ў стол”, але найперш для таго, каб быць чытаным, каб данесці сваё слова да іншых. І любая ідэалагічная цэнзура толькі на шкоду яму.

– А ці павінна ўвогуле дзяржава рупіцца пра развіццё нацыянальнай літаратуры? І што трэба рабіць?

–Так, павінна. Але мы стаміліся чакаць, калі дзяржава пачне гэта рабіць. Вельмі лёгка падзяліць пісьменнікаў на сваіх і чужых, адным аддаць Дом літаратара і выданні, а іншых пазбавіць усяго. Але ў нас, такіх розных, адна літаратура і адна дзяржава. І мы разам працуем на нашую будучыню і на развіццё літаратуры. Наш Саюз не чакае падачак ад дзяржавы, мы даўно іх не маем. Мы выстаялі і навучыліся жыць без гэтага. Жаданне адно: каб нам не перашкаджалі працаваць, каб знялі тыя штучныя забароны, якія ёсць, каб далі літаратуры свабодна развівацца і канкурыраваць. Гэта па мінімуму. А па максімуму… З зайздрасцю гляджу на нашых суседзяў, хоць бы тых жа палякаў ці літоўцаў, дзе дзяржава клапоціцца пра ўласную літаратуру, дзе працуюць цэлыя інстытуты, якія рэкламуюць і прэзентуюць літаратуру не толькі ў сваёй краіне, але і за мяжой.  А нашым літаратарам, нашай літаратуры даводзіцца прабівацца за межы краіны самім. І, скажу, паспяхова. Толькі апошнім часам на розных мовах свету выдадзеныя кнігі Быкава, Караткевіча, Адамовіча, якіх ужо няма з намі, а таксама сяброў нашага Саюза Разанава, Арлова, Алексіевіч, Някляева, Пашкевіча, Бабінай, Вішнёва, Клінава, Хадановіча. Літаратура развітая тады, калі яна вядомая ў свеце.

– Калі класікаў людзі яшчэ ведаюць хаця б са школьнай праграмы, то, думаю, з маладымі літаратарамі будзе цяжэй. Ці ёсць зараз “дэфіцыт” маладых пісьменнікаў і якая будучыня іх чакае?

– З год таму глядзеў на Беларускім тэлебачанні апытанку. Журналіст стаяў на плошчы Якуба Коласа і пытаў: чыё імя носіць плошча і хто гэта такі? Сорамна было чуць адказы. Так што не трэба цешыць сябе думкай, што хоць класікаў у нас ведаюць. Пры цяперашнім стане беларускамоўнай адукацыі і іх забываюць. Што да маладых, то гэта сёння зусім іншыя, чым мы, старэйшыя, людзі. Яны ні на кога не спадзяюцца, апроч саміх сябе. Яны не разлічваюць на вялікія ганарары, хуткую славу і тое, што нехта кінецца выдаваць іх кнігі. Але сярод іх шмат цікавых творцаў, якіх чакае вялікая будучыня. Мы стараемся, як можам і чым можам, ім дапамагаць. Пры Саюзе ужо некалькі гадоў працуе Школа маладога пісьменьніка, дзе літаральна 6 чэрвеня адбыўся чарговы выпуск. Сёлета Школу скончылі 16 маладых празаікаў. Маем таксама бібліятэчку для дэбютантаў “Пункт адліку”, у якой выйшла больш за 10 кніг. Штогод праводзім конкурсы для літаратурнай моладзі, фестывалі, слэмы, вечарыны.

 

Фота: Радыё Свабода

Комментировать