Жизнь

Рэквіем па Шчодрыку

660 Паўлюк Печанько

Днямі пабачыў чарговы сюжэт пра семежаўскіх “Цароў”. Пра іх апошнія пару гадоў традыцыйна згадваюць на Каляды. Нядаўна адроджаныя “Цары” пакуль яшчэ не выціснулі традыцыйных калядных Казу і Мядзведзя, але фотаздымкаў семежаўскіх хлопцаў у сеціве дастаткова.

У маім дзяцінстве ў нас у вёсцы не было ніякіх “цароў”. І гэта зразумела: “Цары” – выключна рэгіянальная разнавіднасць святкавання Шчодрыка з Капыльшчыны. У нас было банальна: калядоўшчыкі па хатах хадзілі, Казу і Мядзведзя вадзілі, песні спявалі. За што атрымлівалі пачастунак ад гаспадароў.

Гэта быў пачатак 90-х, з вёскі яшчэ не з’ехала моладзь, таму калядоўшчыкаў (а на Вялікдзень – валачобнікаў) было некалькі чэргаў. Спачатку падворкі абыходзілі старэйшыя – аднагодкі маіх бацькоў. У іх быў свой адмысловы святочны рэпертуар і безумоўны аўтарытэт – не адчыніць дзверы першай чарзе калядоўшчыкаў лічылася непрыстойным.

Другую чаргу святочных “жабракоў” складала вясковая моладзь. Спявалі такія калядоўшчыкі значна горш, адпаведна і пачастункаў збіралі яны менш. Ды й дзверы ім адчынялі не ў кожнай хаце.

Трэцюю хвалю калядоўшчыкаў складалі пераважна дзеці і падлеткі. Я паспеў “пакалядаваць” толькі ў падлеткавым узросце. Пакалядаваць у двукоссі таму, што песень мы не спявалі і на пачастункі не разлічвалі. Хутчэй наадварот – трэцяя хваля калядоўшчыкаў на Шчадрэц у нас звычайна займалася дробнымі паскудствамі. Самае простае, можна сказаць, традыцыйнае з іх – зняць і схаваць дзе-небудзь чужую брамку. Калі, канешне, гаспадар не дадумаўся загадзя зняць яе сам. Ну, ці можна было падперці паленам дзверы…

Добра запомніўся адзін Шчадрэц. Надвор’е тады было – слата і галалёд. Як на тое, большасць гаспадароў загадзя пахавала свае брамкі. Пашанцавала нам толькі ў суседняй вёсцы – нехта забыўся зняць сваю звараную з арматуры брамішчу.

Памятаю, раззлаваныя няўдалым паляваннем, мы вырашылі занесці тую няшчасную брамку ў сваё Краснае. Валаклі па чарзе некалькі кіламетраў. Урэшце прыстроілі яе на калоне мясцовага дома культуры, пачапіўшы на мацаванне для сцяга. На амаль двухметровай вышыні. Толькі прымацавалі, як да ДК пад’ехаў аўтобус з культработнікамі. Яны таксама шчадравалі ў той вечар. Як зараз памятаю адчайны енк нашага акардэаніста Сашы: “Ну, б…ь! Ні х.. ні разу я туды не палезу!” Так тая брамка і правісела да заўтра.

Аднаму з удзельнікаў тога шчадравання давялося папацець двойчы: пакуль хлопец цягаў з намі брамку сваёй аднакласніцы, нехта распрог бацькавага каня і адкаціў воз за добры кіламетр ад хаты :)

Журнал таксама рэкамендуе:

  

Я чуў розныя версіі ўзнікнення гэтай традыцыі свавольства на Шчадрэц. Паводле адной з іх моладзь не проста здымала брамкі ўсім запар, а мяняла месцамі брамкі ў дварах, дзе жылі закаханыя хлопец і дзяўчына. Як варыянт, маглі ад двара да двара насыпаць дарожку з попелу.

Як мне здаецца, завядзёнка чыніць на Шчадрэц дробныя гадасці ўзнікла па іншай прычыне. Хутчэй за ўсё, самым маладым калядоўшчыкам рэдка адчынялі дзверы – пачастункаў жа на ўсіх не набярэшся. Вось і ўзнікала ў пакрыўджаных дзяцей жаданне дробна адпомсціць. З часам гэта ўжо стала пэўнай традыцыяй. І не толькі каляднай. На Вялікдзень, напрыклад, валачобнікі маглі “упрыгожыць” хату сквапных гаспадароў сырымі яйкамі.

Вядома, што лакальны семежаўскі абрад “Цары Каляды” быў адроджаны пасля 40-гадовага перапынку акурат у 1990-я гады. А ў 2009 годзе ён быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

Шкада, канешне, але разам з “Царамі” рызыкуюць зрабіцца помнікамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны і трывіяльнае калядаванне, і шчадраванне, і валачобныя спевы на Вялікдзень. У нашай вёсцы дакладна. Тут ужо амаль не ходзяць калядаваць тыя, каму зараз за пяцьдзесят. Маладзейшыя таксама асабліва не выяўляюць жадання паспяваць дзеля чаркі, шкваркі і дробнай капейчыны.

Яно і зразумела: яшчэ якіх гадоў 20 таму тэлескрыня не паказвала столькі забаўляльных перадачаў і серыялаў, не было гэтай завядзёнкі арганізоўваць безпрынагодныя шашлычкі-пікнічкі кожныя выходныя – святы былі святамі, іх чакалі і іх адзначалі.

Самае ж галоўнае – людзі ўмелі забаўляць самі сябе. Кажучы сучаснай мовай, крэатывілі. Сёння на Каляды і Шчадрэц па хатах ходзяць збольшага дзеці і падлеткі. Спяваюць па паперцы песні, адшуканыя ў інтэрнэце. І атрымліваюць ад удзячных гаспадароў цукеркі і дробныя грошы. І дзверы ім адчыняюць амаль усе. Таму і брамкі ў людзей на месцах. Амаль усе.

Я заспеў і калядныя спевы, і Казу з Мядзведзем. І брамкі паспеў пацягаць. Будзе некалі пра што расказаць дзецям. Сённяшнія падлеткі, відаць, будуць некалі расказваць сваім дзецям пра Хэлоўін ці Валянцінаў дзень…

Ці захаваецца надалей гэтая яшчэ такая блізкая і амаль неперарваная традыцыя? Што будуць святкаваць нашыя дзеці – свае адвечныя святы ці прыгожыя і мілыя, але пазычаныя з-за мора?

Вядома, час не стаіць на месцы. Нешта незваротна знікае, нешта змяняецца, набывае новыя рысы пад націскам прагрэсу. Але гэты самы прагрэс здольны саслужыць і добрую службу. У тыя ж 90-я мае старэйшыя браты з сябрамі на Вялікдзень хадзілі валачобнічаць з касетным магнітафонам. Папярэдне запісаўшы на касету валачобныя спевы. Памятаю, тады яны назбіралі рэкордную колькасць пачастункаў. Іх канкурэнты, добра начаставаўшыся, проста ўжо не маглі спяваць. А тут націснуў кнопачку і сядзі (ці ляжы) сабе на лавачцы…

Вось і ў сучасных дзяцей у параўнанні з намі ёсць бясспрэчныя перавагі: мы ўжо не пабачым свае шчадраванні на YouTube ці ў Instagram, а ім будзе не толькі што расказаць, але й паказаць. Ды й папулярызаваць традыцыйныя святы з дапамогай інтэрнэту значна прасцей. Вопыт арганізацыі шматлікіх моўных курсаў, папулярызацыя вышыванак дораць нам кволую надзею, што і ў гэтай справе не ўсё так сумна.

Але не варта спадзявацца, што ўсё будзе, як раней. І не зацыклівацца на правядзенні абрадавых святаў выключна ў Строчыцах, а вяртаць іх дадому, у жывыя яшчэ вёскі нашых бацькоў і дзядоў.

Калі й давядзецца нам некалі адраджаць калядныя абрады, то адраджаць трэба абавязкова з усімі атрыбутамі. І абавязкова з дробнымі паскудствамі на Шчадрэц. Гэта ж нескладана: дурная справа – няхітрая :)

Комментировать