Арт

Развітанне з Паэзіяй

509 Марыя Мартысевіч

2 сакавіка не стала Рыгора Барадуліна. Ён стаўся апошнім, каму быў нададзены тытул Народны паэт Беларусі (ў 1992 годзе). Але я, калі б мне было дазволена раздаваць паэтам тытулы, сказала б так: 2 сакавіка не стала любімага паэта Беларусі. Паэта, які ўвасобіў сабою саму беларускую паэзію.

Рыгор Барадулін пачаў друкавацца ў пачатку 1950-х. Тады ў Беларусі, што ледзь-ледзь ачуняла пасля Другой Сусветнай, пачыналі, як грыбы, расці гарады. Безаблічныя панэльныя дамы пачалі падмінаць пад сябе беларускую аўтэнтыку. Рыгор Барадулін (магчыма, нават несвядома) стаў адным з тых, хто, узгадаваны вёскай, захаваў для ўрбанізаваных нашчадкаў памяць пра свет, што знікае. Ён ратаваў сакавітыя словы і спосабы іх спалучэння, каламбуры і фразеалагізмы, як мастакі выносілі з паўразбураных хатаў старасвецкія абразы, а этнографы – рушнікі і кашулі. У выпадку Барадуліна, мова – гэта ключ да яго паэзіі. Бо ён пераплаўляў у вершы саму стыхію беларускай мовы. Менавіта такім каштоўным сплавам мне бачыцца яго лірыка.

Маё пакаленне часта абвінавачваюць у тым, што нашая беларуская мова, якую мы перанялі не ад русіфікаваных бацькоў, а з падручнікаў ды інтэрнэту – штучная. Калі б нехта з нас задаўся мэтай вярнуцца да натуральнага беларускага слова, вершы Рыгора Барадуліна маглі б паспрыяць такому вяртанню.

За дзесяцігоддзі творчасці Рыгор Барадулін ахапіў усе магчымыя тэмы, якія толькі можна раскрыць у паэзіі. Але сёння мне найперш захацелася выцягнуць з кніжнай шафы дзве кнігі. Гэта ўкладзены ім зборнік фальклору Вушаччыны “Здубавецця” (1996) і кніга рэлігійна-філасофскай лірыкі “Ксты” (2005). Для мяне гэта супрацьлеглыя палюсы паэтычнага сусвету Барадуліна, без якіх нельга мысліць яго паэзію, без якіх немагчыма зразумець яе напоўніцу.

У адной кніжцы “Здубавецця” больш мату і эротыкі, чым ува ўсіх творах сучасных маладых літаратараў разам узятых, “бо гэта йдзе яшчэ ад паганства, якое не карысталася фіговым лістком”.

Кніга “Ксты” – гэта адна суцэльная вершаваная малітва. Але дзве гэтыя кнігі лучыць адна рэч. Абедзьве яны – цнатлівыя. Смакаваць саромныя прыпеўкі было для Барадуліна гэтак жа натуральна, як прамаўляць малітву. І ў тым, і ў тым ён бачыў Паэзію. Творчасць Рыгора Барадуліна – лек ад фальшу, крывадушша і ханжаства. Бо сутыкае нас з голай мовай – і гэтая мова прыгожая натуральнай прыгажосцю ў сваёй невульгарнай аголенасці.

Рыгора Барадуліна, як неадменна здараецца з нашымі класікамі, вельмі хутка пачнуць абагаўляць. Рэтушаваць яго чалавечыя рысы, адцяняючы якасці прарока. Але мы не мусім забываць, што, жывучы, Барадулін іранічна рыфмаваў сябе з “дулінай”. Забыўшы гэта, мы зняважым яго памяць.

Сёння, калі краіна развітваецца са сваім Паэтам, завяршаецца цэлая эпоха беларускай паэзіі. Зразумела паэты ў нас былі, ёсць і будуць. І вершы мы будзем пісаць. І, магчыма, нават гэта будуць таленавітыя і месцамі геніяльныя вершы. Але новая беларуская паэзія фрагментаваная. Яна супярэчлівая і разрозненая, як само жыццё, яна не складаецца ў пазл; стылі, настроі, канцэпцыі і нават сама мова твораў расцякліся, як рэкі, якія ўжо ніколі не зліюцца разам.

Тое, што адбываецца, – натуральна, лагічна, непазбежна і, я нават сказала б, пазітыўна.

І ўсё-ткі часам робіцца сумна ад таго, што беларуская паэзія ніколі ўжо не будзе тым цэльным космасам, якім яна была ў другой палове ХХ стагоддзя. У пошуку гэтай цэльнасці нам наканавана вяртацца да паэзіі Рыгора Барадуліна.

Паэт сыходзіць, але застаюцца яго вершы. Зварот да іх будзе нашай з вамі яму найлепшай паніхідаю.

 

Хоць дым умее гаварыць,

Не скажа, што яму гарыць.

Агонь гарыць вачмі рудымі.

Дым спавівае небакрай,

Дарогу ў пекла,

Сцежку ў рай.

Цяплей дрыжыцца

Зорцы ў дыме.

 

Жыццё гарыць, а дым жыве

І ў ногі сцелецца траве.

І пагарэльца мроі прыме,

Хто мог пераканацца ў тым,

Што ўсё на гэтым свеце –

Дым.

І не відаць нічога ў дыме.

 

Вершы Рыгора Барадуліна ў выкананні аўтара можна паслухаць на Беларускім літаратурным радыё

Фота Сяргея Шапрана

Комментировать