Жизнь

Раздзяляе ці аб'ядноўвае рэлігія беларусаў?

531 Севярын Квяткоўскі

Галоўнае, што яднае беларусаў  адсутнасць якой-кольвек выразнай ідэі: рэлігійнай альбо свецкай.

Неяк убачыў у шапіку цыдулку, напісаную ад рукі. Яна вісела над латэрэйнымі білетамі: «Последние на Пасху».

Азартная гульня – залежнасць, такая ж грахоўная забава як наркотыкі ці алкаголь. Такая рэч, якая хрысціянствам у прынцыпе лічыцца грахом. І дзяржава не першы год паспяхова зарабляе на залежнасці многіх грамадзянаў. Я разумею, што рэклама азарту імём Вялікадня – ініцыятыва не афіцыйная, а «з нізоў». Хутчэй за ўсё, самой прадавачкі. Так яна бачыць свет. Не здзіўлюся, калі Вялікдзень для яе – важнае сямейнае свята.

Насамрэч, мала хто можа ўцямна патлумачыць сэнс Вялікадня. У гэтай вось апытанцы найбольш шчырым і ёмістым мне падаўся адказ на пытанне: «Што для вас Вялікдзень? – Добрая сямейная традыцыя».

Ці вось красамоўная гісторыя ад маёй знаёмай Дашы Мароз:

«Стаю на праспекце "пераможцаў Машэрава" насупраць новага музея Вялікай айчыннай вайны. А побач дзве дзяўчыны гадоў па дваццаць.

– А што гэта за сцяг на даху? Чаму чырвоны?

– Дык СССР.

– А што на ім жоўценькае такое ў куце?

– Не ведаю, ікона, напэўна».

Кожны можа зладзіць сваё міні-апытанне сярод знаёмых. Можна абсалютызаваць: чым адрозніваецца каталіцызм і праваслаўе? Колькі я не спрабаваў, спрошчана праўдзіва адказвалі толькі спецыяльна падрыхтаваныя людзі. Адрозненне ў сімвалах веры. У такіх складаных рэчах, якія вывучаюць і пра якія дыскутуюць тэолагі.

А само вучэнне Ісуса Хрыста агульнае для ўсіх.

Гаворачы пра рэлігійнасць беларусаў, звычайна аперуюць мільёнамі і працэнтамі ад насельніцтва: «80% – праваслаўныя, 1,5 мільёны каталікі» і т.п. Вернікам лічыцца чалавек, які сярод іншага хоць раз на год спавядаецца. Запытаемся ў сваіх знаёмых – як часта?

Ці ўзяць знеші бок – святы Божага нараджэння і Божага ўваскрашэння. Афіцыйная статыстыка з году на год дае лічбы па абедзвюх канфесіях. Лічбы людзей, якія наведваюць храмы на два асноўных святы, не перавышаюць 200 тысяч з кожнай рэлігійнай супольнасці.

Нягледзячы на тое, што канфесійная прыналежнасць для беларусаў – збольшага сямейная традыцыя, да святароў у прынцыпе і асабліва да вышэйшых санаў людзі прыслухоўваюцца.

Напрыканцы 2013 году ў Беларускай праваслаўнай царкве быў прызначаны новы галоўны герарх – мітрапалітам Паўлам. Ён быў прызначаны у Беларусь з Расіі. Досыць вялікая частка грамадства тады ўспрыняла новага ачольніка БПЦ насцярожана – ці адкрыта непрыязна. Святар айцец Мікалай з Гомельшчыны напісаў: «Мне тэлефанавалі звычайныя вернікі, і крыху абураліся тым, што гэта чалавек не з Беларусі, не нарадзіўся тут і навогул далёкі ад нашых рэаліяў. А пасля вядомага інтэрвію мітрапаліта Паўла (пра атамную і бактэрыялагічную зброю, якой Расія можа ўдарыць па Захадзе), так і зусім засмучоныя».

Папярэдні галава і ўласна стваральнік БПЦ мітрапалі Філарэт таксама быў родам з Расеі. Але ён так даўно жыве ў Беларусі (ад 1970-х), што даўно лічыцца сваім.

А пра абурэнне новым прызначэннем досыць канкрэтна выказалася ўдзельніца праваслаўнай віртуальнай суполкі, якая піша сваім суразмоўцам з Расіі: «Пры ўсёй залежнасці нашай дзяржавы ад РФ, пры ўсёй аграмаднай сіле культурнага ўплыву, Беларусь – не Валагодзкая вобласць. З гэтым фактам нельга не лічыцца».

То бок, з маральнага гледзішча аўтаномія праваслаўных беларусаў ігнараваная, а саму Беларусь РПЦ лічыць за расійскі рэгіён.

У суседняй Украіне ўсё больш вернікаў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату пераходзяць пад юрысдыкцыю незалежнай Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату. Сапраўды, як маліцца за лёс краіны супольна з людзмі, якія супраць тваёй радзімы? А як маскоўскаму патрыярху Кірылу маліцца, і за што? За адзінства Украіны? Пасля анэксіі Крыму і фактычнай акупацыі Данбасу? Абіраць адзін бок і ігнараваць іншы? Урэшце, ісці супраць Крамля?

У Беларусі няма некалькіх праваслаўных цэркваў. Затое ёсць каталіцкі касцёл, які вельмі актыўна развіваецца пасля атрымання незалежнасці Беларусі. І жыве не толькі за кошт традыцыйных каталіцкіх раёнаў, але прырастае па ўсёй краіне новымі – пераважна маладымі – вернікамі. У той час як праваслаўная царква відавочна старэе.

Парадаксальным чынам нерэлігійнасць беларусаў сёння бароніць краіну ад расійскага ўплыву, які можа ісці праз Маскоўскі патрыярхат. З іншага боку, ёсць і другі парадокс: галоўнае, што яднае беларусаў, – гэта адсутнасць якой-кольвек выразнай ідэі, рэлігійнай ці свецкай.

А гэта значыць, існуе шмат вольнага месца для ідэяў. Як дэструктыўных, так і канструктыўных.

Чытайце далей:

«Потребность в церкви – это желание взрослых людей вернуться в детство»

Личность или церковь: кому принадлежит свобода совести

Богу и кесарю. Когда в Беларуси опасно быть верующим

«Беларусов трудно назвать примером христианского народа»

Комментировать