Арт

«Псыхасаматыка». Новы Вольскі – лепшы Вольскі

1030 Севярын Квяткоўскі

З часоў «Народнага альбому» ў мяне не было такога, каб кожны дзень круціў адзін музычны альбом па некалькі разоў. А «Псыхасаматыку», новую плытку Лявона Вольскага, хочацца вывучыць напямяць. «Калі я загіну ад кулі варожай, пастаў мне лайк, напішы мне комэнт».

Лявон Вольскі – лідар нашых эмоцый і майстар нашых сэнсаў. Яго творчасць – філасофія пад музычны акампанемент.

«Псыхасаматыка» складаецца з дзвюх частак: «Горад» і «Лес». Насамрэч, «горад» і «лес» у альбоме – тоесныя паняцці.

У першай часты Лявон – назіральнік і апісальнік. Толькі гэта ўжо не звыклы іранічны апавядальнік Вольскі, які малюе карціну сучаснасці праз забаўныя ці ўзнёслыя партрэты суайчыннікаў.

«Вайна» – гэта слова скразной ніткай праходзіць праз «Псыхасаматыку».

Мне трэба ісці туды, дзе няма ўпэўненасці ў жыцці

Туды, дзе завея, вайна і турма, але мне трэба ісці

 

Гэта вайна-вайна ўсіх супраць усіх

Ніхто не хоча прайграць, ніхто не можа перамагчы.

Лявон і эмацыйна, і сэнсава вельмі канкрэтны. Ён «выключыў» дыпламата, калі пра жорсткія рэчы гавораць іншамовай, намёкамі і алюзіямі. Ніякіх намёкаў: «Радзіма нарадзіла чарговага дэбіла». Альбо:

З чорных комінаў ідзе чырвоны і зялёны дым,

хтось працуе кожны дзень, каб гэты дым ніколі не знікаў

Другая частка альбому «Лес» – гэта суцэльны адкрыты нерв уласнага «я». Як калісьці гэта было з «Маім пакаленнем» ці неверагоднымі «Лёгкімі-лёгкімі». Лес – гэта метафара, а не прывязка да ландшафту.

У лесе Вольскага дрэвы – гэта людзі. Гушчар людзей. «З кожным крокам лес гусьцей» – гэта метафара жыцця чалавека, які з гадамі прыўмнажае досведы і тым самым множыць сытуацыі ўласнага выбару.

Пачытайце таксама:

  

Лявон тонка адчувае жыццё чалавека як памежжа. Між дабром і злом, між цудоўным і вычварным, між мудрым і дурным.

Лявон – мудры чалавек, ён ведае, што гэта памежжа – вечнае, іншага варыянту для чалавека няма. І заўжды выбірае для сябе варыянт «у кожнай незразумелай сітуацыі руш наперад».

Гэта фірмовая фішка Лявона – спяваць пра штосьці фатальнае бадзёрым, нават вясёлым тонам. Так было раней з «Ты не чакай, сюрпрызаў не будзе!»

Так і цяпер: «Вестак няма ад Бога, устылілася падлога, хуткая дапамога не дапаможа нам». Вельмі жвава пад мелодыю, якая кліча наперад да новых здзяйсненняў. У многіх песнях альбому. Усё зразумела.

Складанасці не знікнуць, таму – руш, што яшчэ застаецца? Толькі руш стылёва – так, як гэта робіць Лявон Вольскі.

«Псыхасаматыка» выклікае адчуванне пераходу аўтара на наступны ўзровень усведамлення сябе і эмацыйнага пераасэнсавання рэальнасці навакол.

Штосці ўжо размылася, а штосці светла-цёпла згарэла

Нешта прызабылася, а нешта назаўжды састарэла

Людзі нараджаюцца і адыходзяць позна ці рана

Дзе ты, мая Анечка, і нашы стракатыя пляны?

Са мной мой боль, са мной мая соль.

Мой добры анёл, вярнуцца дазволь.

 

Як па мне, гэта ці не самы моцны альбом Лявона Вольскага за ўсю творчасць. Менавіта як альбом – цэласная кампазыцыя. І менавіта за кошт яго адкрытасці.

Комментировать