Арт

Паспалітая эліта белліту на службе курсам «Мова нанова»

415 Марыя Мартысевіч

Нядаўна калегі-журналісты папрасілі мяне пракаментаваць стан сучаснай беларускай літаратуры. Пытанні былі, у тым ліку, пра тое, ці назіраецца ў Беларусі жорсткі падзел паміж масавай літаратурай і элітарнай. Пад масавай літаратурай мелася на ўвазе тая, што вывучаецца ў школах і універсітэтах, а пад элітарнай – тая, што выходзіць у выдавецтвах Логвінава і Вішнёва. 

Я глядзела на гэтыя словы і спасцігала нейкія новыя, невідавочныя мне раней ісціны. Мы ў Беларусі неяк незаўважна, апрычона ад рэшты свету, дажыліся да таго, што грамадская думка прыраўноўвае творы са школьнай праграмы да масавай літаратуры, а кнігі, што выдаюцца і прадаюцца незалежнымі кнігавыдаўцамі па бізнес-схемах (наколькі такія схемы ўвогуле магчымыя ў нашых рэаліях) – да элітарнай. Мне ўпершыню захацелася згадаць усім вядомага Карла, хоць я дагэтуль цьмяна ўяўляю, хто гэта такі. «Шалом» – элітарны раман, Карл! У сэнсе, Артур...

А чаго мы хацелі? Калі ў нас ужо дзясятак гадоў галоўным літчыноўнікам краіны служыць генерал міліцыі – па сумяшчальніцтве – аўтар крымінальнага чытва – тут у каго заўгодна прыцэл саб'ецца. Разам з тым многія аўтары выдавецтваў «Логвінаў» і «Галіяфы» спяць і бачаць сябе на чале кіламетровых аўтограф-сесій і дэкларуюць напаўутапічнае жаданне калі не жыць з продажу кніг, то мець з гэтага хоць нешта: разавыя ганарары, стыпендыі, статус. Некаторым нават удаецца. Праўда не тут, а Польшчы, Швецыі ці Нямеччыне.

То бок, падзел на «масавую» і «элітарную» літаратуру па колькасці вырабленых (і прададзеных) асобнікаў у Беларусі не працуе. Бо паводле гэтага падзелу Васіль Быкаў, Янка Брыль, Максім Танк і іншыя класікі – гэта поп-іконы сучаснай літаратуры. А, напрыклад, Серж Мінскевіч, аўтар пацешнай дзіцячай кнігі пра Какоса-Маракоса – засакрэчаная эліта белліту.

І гэта пры тым, што, па маіх назіраннях, у сусветным кантэксце імкліва знікае розніцца паміж «масавым» і «элітарным». Глабальная культура вось-вось схлопнецца, як клатч, а мы тут на нейкую класіфікацыйную фігню пакутуем.

Падзяленне літаратуры на «элітарную» і «масавую», зарадзіўшыся ў XIX стагоддзі, умацавалася ў XX-м, калі кнігавыданне ператварылася ў магутную прыбытковую індустрыю. Традыцыйна было прынята лічыць «масавай» літаратурай жанравыя творы – жаночыя, шпіёнскія, прыгодніцкія раманы, дэтэктывы, а таксама кулінарныя кнігі і зборнікі народных рэцэптаў – адным словам, усё, што лёгка прадавалася. Да «элітарнай» належалі кнігі, якія выдаваліся значна меншымі накладамі або ўвогуле самвыдавам і так ці іначай уплывалі на інтэлектуальнае поле, уваходзілі ў канон, стваралі традыцыю і г.д. На сёння відавочна, што выданне масавай літаратуры як індустрыя моцна заняпала. Дзякуючы развіццю медыя і тэхналогій цяга чалавека да забаўляльнага кантэнту значна эфектыўней манетызуецца праз тэлешоў і кампутарныя гульні, пра што сведчыць у тым ліку поспех беларускіх кампаній кшталту «Варгеймінгу». Даведкавую ж літаратуру – слоўнікі, энцыклапедыі, навукова-папулярныя кнігі – так ці іначай замяніў або вось-вось заменіць інтэрнэт.

Супрацьстаянне «масавага» і «элітарнага» было актуальна, пакуль увогуле быў актуальны падзел на кіч і высокае мастацтва з гледзішча камерцыі. Тэндэнцыя апошніх дзесяцігоддзяў – збліжэнне і змяшэнне гэтых полюсаў, у тым ліку ў літаратуры.

Жанрава гэта праявілася ў такой з'яве, як «мідліт» – чытэльных, захапляльных творах, якія тым не менш маюць у сабе нейкую прывабнасць для разумнага, удумлівага, адукаванага чалавека. Яму хочацца адпачываць, чытаючы, але адпачынак для яго цяпер – не поўнае адключэнне мозгу, а знаёмства з новымі сусветамі, тэмамі, спажыванне чужых небанальных думак. Гэтым, дарэчы, можна патлумачыць усплёск жанру нон-фікшн: гістарычныя партрэты, вандроўная літаратура і г. д., пададзеная лёгкім стылем і з абавязковым «аўтарскім бачаннем». Літаратура змянілася, бо змяніліся і яе стваральнікі, і яе чытачы - сёння шырока абмяркоўваецца змены сутнасці эліты, выхад на першыя ролі так званага «адукаванага класу». Гэты чалавек, напрыклад, у Расіі, ужо не будзе чытаць Данцову і будзе з агідай пра яе выказвацца, але з цікавасцю набудзе кнігі Прылепіна або Пялевіна, Рубінай або Уліцкай. Элітарнае кола пашырылася – і адпаведна занізілася планка яго патрабававанняў. Сапраўдным эстэтам і інтэлектуалам - апошнім з магікан - сёння наканаваны лёс вампіраў з фільма Джармуша «Выжывуць толькі каханкі».

З аднаго боку, беларуская літаратура знаходзіцца ў гэтым сусветным рэчышчы змяшэння элітарнага і высокага. З іншага боку, пра паўнавартаснасць гэтага працэсу можна казаць толькі ва ўмовах развітога кніжнага рынку. У Беларусі ж  –  гэта варта ясна сабе ўсведамляць –  кніжнага рынку няма ўвогуле. Такім чынам, любыя лякалы, якія нехта паспрабуе прыкласці да беларускай літаратуры са свайго нямецкага або рускага досведу, не будуць працаваць у Беларусі.

У беларускіх рэаліях, паўтаруся, наклад кнігі ні пра што не кажа. Вось жывы прыклад. Уладзіслаў Ахроменка – аўтар і рэдактар выдавецтва «Эксма», які напісаў дзясяткі кніг на рускай мове. Менавіта «масавых» кніг у класічным разуменні гэтага слова. У 2011 годзе ён паставіў творчы эксперымент – стварыў кнігу па тэхнічных стандартах масавага чытва - але па-беларуску, з лёгкім дыдактычным прагрузам, маўляў, беларус, хопіць скардзіцца на жыццё, займіся справай - адрамантуй кран у кватэры, а потым тым жа метадам змяні краіну. Гэты раман называецца «Тэорыя змовы». Аўтар вырашыў выдаць яго за ўласныя грошы, але ў 2011 годзе ў Беларусі здарыўся валютны крызіс, і замест запланаваных 1000 асобнікаў «Логвінаў» выдаў 300. Такім чынам, тыповая «масавая» кніга была прадстаўленая «элітарным» накладам. А зрэшты, калі б з’явілася тысяча копій – сутнасць не памянялася б.

Іншы прыклад – на лэйбле «Пяршак» у электронцы, а потым і на паперы ў таго ж «Логвінава» выйшаў трэці раман Аляксея Талстова «Валацугі». Гэта твор пра маладых (і не вельмі) людзей з усяго свету, якія ў пошуку прасвятлення і іншых духоўных бонусаў уцякаюць ад руціннага жыцця ў Індыю і яе ваколіцы. Падзеі раману разгортваюцца паміж Гоа і Непалам. У любой іншай краіне аўтар такога твору пасля землятрусу ў Катманду быў бы на першых палосах газет, а выдаўцу нават нічога рабіць не давялося б, а толькі дадрукоўваць наклад і адбівацца ад абвінавачванняў левакоў у бізнесе на крыві… Вы чулі, каб нешта такое адбылося з выдаўцамі «Валацугаў»?

Па маёй ацэнцы, абсалютная большасць кніг, якія выдаюцца ў Беларусі, – гэта патэнцыйны мідліт, які можа быць тут раскручаны і з поспехам прададзены. Не мільённымі накладамі, але гарантавана дзесяцітысячнымі – і гэтага дастаткова.

Усе без выключэння кнігі Людмілы Рублеўскай маглі б азалаціць аўтарку – яна стварае сінтэз жаночага, прыгодніцкага і гістарычнага раману ў традыцыі Ўладзіміра Караткевіча. Дарэчы, менавіта Караткевіч – тыповы прыклад мідліт-аўтара.

Калі раптам уявіць сабе, што заўтра ў нас зніжаецца падатак на кнігу з 20% хоць бы да 10%, як у Расіі, таннее папера або спрашчаецца мытнае заканадаўства па ўвозе кніжнай прадукцыі з друкарняў Літвы, Фінляндыі і Украіны, - то ў нас ёсць дастаткова твораў, якія можна рэактуалізаваць і прадаць чытачу як нешта абсалютна свежае і новае. Больш за тое, вы здзівіцеся, колькі ў нас выявіцца паспяховых пісьменнікаў, якія апошнія дваццаць год ігнаравалі заняцце літаратурай як нешта, што не прыносіць грошай. Яўген Ліпковіч, напрыклад, – гэта ж наш Уладзімір Камінэр! Іначай не паліў бы ён з такой рэўнасцю кнігі Мікалая Чаргінца. Гэткімі накладамі, як Чаргінец, у Беларусі, калі б усё было добра, выдаваўся б Ліпковіч.

Пакуль што самыя паспяховыя аўтары беларускага мідліту – Віктар Марціновіч і Артур Клінаў – з'яўляюцца такімі толькі таму, што ўзялі няўдзячную справу па раскрутцы сваіх твораў ва ўласныя рукі. Але гэта цяжка фізічна і маральна, абодвум можна толькі паспачуваць.

Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што кнігавыданне ў Беларусі – сфера, жорстка кантраляваная дзяржавай (бо знаходзіцца небяспечна блізка да пытанняў ідэалогіі), і да ўсіх заўважных выдаўцоў на сёння ўжо прыходзіў калі не ДФР, то Мінінф, а калі да кагосьці яшчэ не прыйшоў, то хутка прыйдзе. Усім прадпрымальнікам у Беларусі цяжка, але ў кнігавыданні сітуацыя найбольш бязрадасная проста ў сілу спецыфікі гэтай працы.

…Як на мяне, у сучаснай беларускай літаратуры застаўся адзіны «элітарны аўтар» у класічным разуменні гэтых словаў. Гэта Ілля Сін. Яго доўга не было чуваць, і вось ён выдаў кнігу і ўвесну зладзіў некалькі літаратурных перформансаў запар у кнігарні «Логвінаў». Адзін з перформансаў прыпаў на панядзелак, калі ў суседнім памяшканні галерэі «Ў» пачыналіся курсы «Мова нанова». Сін прыйшоў у кніганю загадзя і папрасіў таварышаў загіпсаваць яму ногі ў тазіку. Ён сядзеў і чакаў, пакуль гіпс застыне, каб у гэткім выглядзе чытаць свае творы. У гэты час наведнікі «Мовы нанова» (а думаю, ніхто не будзе спрачацца, што аўдыторыя гэтых курсаў – кшталтаванне новых, якасна адрозных ад лукашэнкаўскага электарату беларускіх масаў), заходзілі ў кнігарню, каб прайсці на свае заняткі. Убачыўшы Сіна, людзі ў вышыванках мяняліся ў твары і хуценька прабягалі памяшканне або выляталі на вуліцу, каб зайсці ў галерэю праз іншыя дзверы. Больш за ўсіх у гэтай сітуацыі пакутаваў прадавец кнігарні «Логвінаў», які лічыў, што Сін адпужвае патэнцыйных пакупнікоў.

Многія беларускія пісьменнікі адкрыта або прыхавана мараць быць запрошанымі на курсы «Мовы нанова» ў якасці выступоўцаў (мне дык ужо пашчасціла), бо (спадзяюся, не без падставаў) мяркуюць, што гэта – выхад на новага чытача і пашырэнне кола пакупнікоў іх кніг. Ілля Сін жа выявіўся адным з двух верным сваім прынцыпам беларускіх творцаў, які гэтую аўдыторыю няхай ненаўмысна, але затроліў. (Другім такім ненаўмысным тролем выявіўся Сяргей Пукст, аднак гэта крыху іншая гісторыя).

«Я скончыў чытаць. Калі ў вас ёсць пытанні, задайце іх сабе самі», – сказаў Сін пасля іншага свайго перформансу, падчас якога ён замарозіў кнігу ў тым жа тазіку, у якім гіпсаваў ногі, і гэта было невымоўна прыўкрасна, так, нібы ён кпіў са сваіх пісьменнікаў-равеснікаў з іх марамі пра «жыць з літаратуры» і кіламетровыя аўтограф-сесіі. Але ў гэтай невымоўнай прыгажосці перформансаў Сіна была таксама прыгажосць кашпо з сурфініямі, якое вісіць на балконе і – ты гэта дакладна ведаеш – не дажыве да зімы. Літаратура даўно змянілася. Пытанне толькі ў тым, ці хочам мы мяняцца разам з ёю.

Комментировать