Арт

Новы свет паводле правінцыйнага неанацыста

823 Аляксей Ластоўскі

Это молодые мужчины до 40 лет, как правило, ведущие маргинальный образ жизни, неженатые, бездетные, нетрудоустроенные, иногда злоупотребляющие алкоголем и наркотиками. Они, как правило, выделяются повышенной агрессивностью и жестокостью”.

Гэтае нядаўняе выказванне міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча міжвольна згадваецца пры праглядзе чэшскага дакументальнага фільма “Белы свет вачыма Даліборэка”.

Галоўны герой стужкі служыць жывой ілюстрацыяй для абагульнення ад Шуневіча. Яму пад 40 год, дагэтуль жыве разам з маці, для якой адзінае сапраўднае захапленне – гэта колькасць лайкаў пад здымкамі ў сацыяльных сетках, але неяк пры гэтым яна паспявае прыцягнуць у дом новага бойфрэнда. Асабістае жыццё Даліборэка зводзіцца да безперспектыўных спробаў раскруціць на сэкс дзяўчыну, якая гадуе ў адзіноце дзіця, што прыводзіць да кпінаў з боку сяброў. Малаплатная праца на фабрыцы, сярод мігрантаў і цыганаў. Маленькі правінцыйны чэшскі гарадок, пазбаўлены перспектываў і надзеяў.

Выдаецца, што ў такіх умовах можна толькі співацца ці вар’яцець. Даліборэк абраў іншы шлях: стаў неанацыстам. Розныя канспіралагічныя сайты даюць яму альтэрнатыўнае тлумачэнне рэчаіснасці, дзе нясправядлівасць свету мае сваё тлумачэнне – сусветнай габрэйскай змовы, нашэсця чужынцаў, расавага заняпаду. Не варта чакаць ад яго выкшталцоных ідэалагічных развагаў ці прамога дзеяння, яго актыўнасць пераносіцца ў Інтэрнэт – Даліборэк займаецца відэаблогінгам пад нікам Destruktor666, запісвае правакацыйныя ролікі і брутальныя песні.

Рэжысёр Віт Клусак бязлітасны да свайго галоўнага героя, яго стаўленне перапоўнена сарказмам і іроніяй. Але ж ці могуць неанацысты выклікаць сімпатыю ў сучасным свеце?

Трывожыць крыху іншае: фільм будуецца на адкрытай сацыяльнай іерархіі, дзе на адным полюсе змяшчаюцца адукаваныя, паспяховыя, ліберальныя людзі, а на другім – адсталыя, неадукаваныя і забітыя жыццём правінцыялы, якія толькі і могуць сілкавацца нянавісцю да мігрантаў і ксенафобіяй. Гэта нагадвае падзел на Заходнюю і Усходнюю Еўропу па стаўленню да мігрантаў, які акцэнтуе палітолаг Іван Красцеў, “бунт непаспяховых” супраць глабалізацыі і новых іерархій.

І Шуневіч, і Клусак адзіныя ў сваім тлумачэнні, чаму зараз можна назіраць рост праварадыкальных настрояў і ксенафобіі. Толькі ці можа такая “баналізацыя зла” сапраўды патлумачыць тое, што мы зараз назіраем у Еўропе? Чаму нацыянал-сацыялізм прыйшоў да ўлады ў Германіі, краіне з вялікай інтэлектуальнай традыцыяй? Чаму нацызм зачараваў Марціна Хайдэгера і Кнута Гамсуна, а Карл Густаў Юнг шукаў вытокі папулярнасці Гітлера ў архетыпах свядомасці?

Прымітыўныя сацыялагічныя тлумачэнні (неанацызм=ментальная і эканамічная адсталасць) дазваляюць ліберальным колам выбудоўваць утульны свет, які толькі і мусіць ісці шляхам прагрэсу да фінальнага ўсталявання дэмакратычных і плюралістычных каштоўнасцей. “Белы свет паводле Даліборэка” – гэта таксама мінімальна простая інтэрпрэтацыя свету, дзе адукаваныя эліты здзекуюцца (з добрым пачуццём гумара) над правінцыйнымі недарэкамі.

Толькі свет чамусьці не хоча накіроўвацца да “канца гісторыі”, а ўсё больш падкідвае выкрутасаў: так, “неадукаваныя і непаспяховыя” прыводзяць да ўлады Трампа – і лібералам трэба неяк з гэтым жыць.

Фільм вымушае задумацца і над межамі дакументацыі рэчаіснасці. Рэжысёр адмаўляецца ад ролі аб’ектыўнага фіксатара падзей, ён стварае фільм разам са сваім героем. Практычна знікае мяжа між “падгледжаным” і “зрэжысаваным” (памятаем, што Даліборэк – відэаблогер, таму ён таксама не проста герой, зняты камерай, але і стваральнік сюжэтаў адначасова).

Асабліва выбуховае ўражанне робіць фінал, калі Віт Штусэк наймае адмысловы аўтобус, каб адправіць Даліборэка са сваім атачэннем на адукацыйны візіт у Асвенцым. Там адбываецца падрыхтаваная канфрантацыя з габрэйкай, што перажыла Халакост у канцэнтрацыйным лагеры. У гэтым нечакана дынамічным эпілогу з’яўляецца ў кадры і рэжысёр, як deus ex machina, каб правесці з Даліборэкам урок талерантнасці. Штусэк выступае як адукатар і выхавальнік, ён накіроўвае свайго апякунца на шлях ісціны, і гэты аптымістычны фінал абяззбройвае гледача.

Але фільм выклікае жаданне паспрачацца, ён свядома насычана тактыкамі правакацыі, вымушае задумацца над няпростымі пытаннямі. Можна не пагаджацца з адказамі, прапанаванымі рэжысёрам, але нам варта задумацца, якое месца Беларусі ў Еўропе, дзе выбудоўваюцца новыя падзелы і новыя іерархіі. Ці зможа вытрымаць наша міфалагічная “талерантнасць” гэтыя выпрабаванні?

Фільм “Белы свет вачыма Даліборэка” можна паглядзець ў мінскім кінатэатры “Мір” у чацвер, 13 снежня. Пачатак а 18:30. Уваход вольны.

Паказ фільма адбудзецца ў межах фестываля дакументальнага кіно аб правах чалавека WATCH DOCS Belarus.

Больше о фестивале можно узнать здесь.

Комментировать