Жизнь

«Мысленне – гэта як танцы коняў: рэдка сустракаецца і ёсць вельмі цяжкім»

844 Журнал

Калі ў краіне ёсць мысленне, тады маці нараджаюць здаровых дзяцей, добра родзіць збожжа і цягнікі ходзяць па раскладзе. Калі ў краіне мыслення няма, то ўсё наадварот – сцвярджае філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Мысленне – гэта як танцы коняў. Абое рэдка сустракаюцца; і тое, і іншае даецца вельмі цяжка.

Мысліць – гэта не проста думаць, штосьці там сабе ўяўляць. Мысленне – гэта тое, што складае пераемнасць шмат якіх пакаленняў людзей.

Ці існуе беларускае мысленне? Ці можа мысленне быць беларускім? У поглядах шмат якіх людзей у Беларусі ўвогуле нічога няма, а ўжо мысленне – гэта ўвогуле нешта непрыдатнае да Беларусі.

А яно ёсць, і не заўважаць яго немагчыма. Калі вы яго не заўважаеце, вы проста самі не мысліце. Не мысліце пра мысленне. А пра яго варта мысліць, бо, як казаў класік, разруха навокал, разбурэнне ўсяго пачынаецца з разрухі ў галовах.

Іншы афарызм – калі ў краіне ёсць духоўнасць, калі ў краіне ёсць мысленне, тады маці нараджаюць здаровых дзяцей, добра родзіць збожжа і цягнікі ходзяць па раскладзе. Калі ў краіне мыслення няма, то ўсё наадварот.

Мысленне сустракаецца рэдка. Таму мы не абавязаны патрабаваць ад кожнага чалавека, каб ён мысліў так, як Кант, Арыстоцель ці Гегель. Дастаткова кожнаму мысліць у тых межах, у якіх ён мае свае мэты і інтарэсы.

Але ж павінна быць нейкая група людзей, якія працуюць у мысленні за ўсіх, і аб’ектам, прадметам іх мыслення з’яўляецца Беларусь.

Трэба думаць Беларусь. Трэба мысліць Беларусь. Бо ўладкаваць яе без першапачатковага мыслення Беларусі немагчыма.

Мысленне ў Беларусі ёсць. У гэтым можна ўпэўніцца, яго можна памацаць, з мыслярамі можна пагаварыць. Яны – вельмі каштоўная частка беларускай нацыі.

Комментировать