Арт

Міхал Анемпадыстаў. Колер Беларусі

2290 Виола Ермакова

Міхал Анемпадыстаў падчас прэзентацыі яго кнігі «Колер Беларусі», Мінск, галерэя Беларускага саюза дызайнераў, 30 траўня 2017 г.

 

Кніга «Колер Беларусі» мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава – спроба прааналізаваць гісторыю беларускай культуры і вызначыць у ёй колеры, якія па нейкіх прычынах працяглы перыяд лічыліся асабліва прыгожымі, вартымі і, адпаведна, насычаліся дадатковымі сэнсамі і сімволікай.

Колеры, якія карыстаюцца асаблівым упадабаннем у беларускай культуры – гэта белы і чорны, чырвоны, залаты (не жоўты, а менавіта залаты, хаця золата – гэта не колер, а метал), сіні і блакітны, зялёны і ўмоўна шэры (але дакладней адсутнасць колеру – colourless, бясколерны, натуральны).

Кожны з гэтых колераў дамінаваў у розныя часы і мае сваю ўласную культурную этымалогію. Пра іх распавядае аўтар даследвання – Міхал Анемпадыстаў.

Белы і чорны

Найбольш старое спалучэнне не толькі для беларускай, але для любой культуры ў свеце. Першыя колеры, якія паўстаюць ва ўсіх абсалютна мовах без выключэння. Яны яшчэ не зусім колеры, гэта пазначэнні святла і цемры, і доўгі час за імі цягнецца гэты архаічны шлейф, ажно дагэтуль.

Для мяне першае, што з’яўляецца носьбітам беларускай культуры, гэта крэйда. Таму што крэйда – гэта тая парода, у якой знаходзіўся крэмень – матэрыял, які тут пачалі здабываць яшчэ ў эпоху неаліту, 3–4 тысячы гадоў да нашай эры. Крэйда была першай каляровай субстанцыяй, з якой сутыкнуліся нашы далёкія продкі. Унікальныя неалітычныя шахты каля Краснасельскага, дзе зона распрацоўкі цягнецца на некалькі кіламетраў – гэта пачатак знаёмства з колерам у яго фізічным вымярэнні на тэрыторыі Беларусі.

Мел перапальваецца, робіцца вапна. Вапна таксама вельмі важны матэрыял у беларускай культуры, ужо ў пазнейшыя часы. З вапны рабілася рошчына, якая клалася ва ўсе цагліны, пачынаючы ад першых мураваных помнікаў. Вапна выкарыстоўваецца для кладкі, тыповай на поўначы Беларусі. Яе характэрны дэкаратыўны прыём: падбіраюцца чорныя базальтавыя каменьчыкі і ўтыркаюцца, атрымліваецца чорна-белая каларыстыка.

Ясна, што белы колер –­ гэта досыць умоўны панятак. Белым лічацца і недабеленыя льны, і малако. Малако – архітэпічны прадукт, ва ўсіх культурах вельмі важны, і ў беларускай таксама. Нават асабліва важны, таму што ў беларускам традыцыйным харчаванні гэта адзін з падставовых прадуктаў.

Цяжка знайсці іншую культуру, дзе выпівалася па тры літры малака на дзень здаровым мужыком. І гэта быў не тое што напой, гэта была ежа. Калі паглыбляцца ў старажытныя часы (гэта абсалютна не навуковы падыход, туды паглыбляцца, бо мы вельмі мала ведаем пра іх, але колеры ў пэўным сэнсе дазваляюць гэта рабіць), малако з’яўляецца тут разам з развіццём жывёлагадоўлі. Але спажыванне малака як прадукту пачалося пазней, павінен быў прайсці час, пакуль не з’явіліся бактэрыі, якія дазвалялі яго пераапрацоўваць. Зараз навукоўцы высветлілі, што продкі афрыканцаў, якія прыйшлі ў Еўропу, спачатку выпрацавалі бактэрыю, якая дапамагала ім ужываць малако, і толькі пазней яны ўжо пабялелі.

Далей старажытная кераміка. Неаліт – гэта своеасаблівая рэвалюцыя ў гісторыі чалавецтва, фактычна, пачатак чалавечай культуры. Звычайна ён звязваецца альбо з пачаткам жывёлагадоўлі, альбо з пачаткам раслінаводства. Так, напрыклад, на Блізкім Усходзе, дзе неаліт зарадзіўся. У нас ён пачынаецца з керамікі.

Тут яшчэ не было ні жывёлагадоўлі, ні раслінаводства, у іх не было патрэбы, хапала прыродных рэсурсаў, але кераміка ўжо з’явілася. Чорная кераміка – адна з найбольш старых формаў. Цікава, што пасля развіцця больш складаных тэхналогій старажытная тэхналогія дыблення пратрывала да канца XIX – пачатку XX стагоддзя, шмат у чым дзякуючы беларускім габрэям, бо яны выкарыстоўвалі такі посуд у рытуальных мэтах. Лічылася, што ён найбольш кашэрны. І керамічныя цэнтры ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя працавалі на патрэбы мясцовага габрэйства.

Што яшчэ? Тэкстыль. Гэта досыць позняя з’ява. Ткацкі станок з’явіўся на тэрыторыі Беларусі ў час зарубінецкай культуры, у IV стагоддзі да нашай эры.

Сыр, які рабілі па старой і прымітыўнай тэхналогіі, наўпрост звязаны з тэкстылем. Кожны сыр робіцца ў палатняным мяшэчку, і кожная гаспадыня мела свой мяшэчак, які нельга было пазычаць у суседзяў. Тое самае з хлебам: ніколі не пазычалася суседзям хлебная рошчына. Гэты мяшэчак для сыру перадаваўся ад бабулі да ўнучкі, праз пакаленне. Такім чынам сям’я жыла ў сімбіёзе з уласнымі бактэрыямі. Кожны мяшэчак мае шоў, уласцівы толькі яму, і калі збіраліся, напрыклад, на Купалле (а сыры былі традыцыйным пачастункам на Купалле), то гаспадыня магла пазнаць свой сыр па шву.

Вось цікавая рэч: тэкстыль з Заходняй Беларусі, калекцыя 1930-х гадоў. Там існуе ўнікальная традыцыя чорных гафтаў. Гафт – гэта вышыванне, але чорны гафт насамрэч не вышыванне, а ткацтва. Адкуль яно там узялася, дагэтуль не зразумела. Увогуле, гэты рэгіён схіляецца да чорна-белай каларыстыкі. У некаторых выпадках гэта простая чорна-белая гама, абсалютна не ўласцівая для Беларусі. На Беларусі звычайна сустракаецца белае тло і чырвоны арнамент, часам з дамешкамі. Гэта чорна-белая гама гафтаў супадае з арэолам яцвягаў, а традыцыя яцвягаў звязана з чорным колерам, прычым на розных узроўнях – фальклору, вопраткі.

Чырвоны

Чырвоны з’яўляецца трэцім у любой культуры, тут мы таксама не ўнікальныя. Але гэта фактычна першы колер, бо чорны і белы – не зусім колеры.

Слова «чырвоны» у славянскай мове звязана з фарбаваннем «чарвец», «червь». Гэта ўласна славянскае вынаходніцтва, свая тэхналогія. Вынаходніцтва чарвеца, відаць, адбылося яшчэ да таго, як сфармаваліся вялікія этнагрупы, на Усходзе і на Захадзе, зарубінецкая і пшеворская культуры. Абедзве культуры латынізаваныя, узніклі пад уплывам кельтаў, а кельты былі першымі, хто пачаў вельмі актыўна ўжываць фарбаванне ў вопратцы. Гэта галоўная адметная рыса, з яе ўжо выходзіць цэлы шэраг іншых: ужыванне ў арнаменце, маркіроўка вялікіх этнакультурных груп і г.д.

З носьбітаў: бурачок.

Ён стаў сімвалам у часы Рэнесансу, мажліва, з падачы Мікалая Рэя. Апроч таго, што Рэй пісаў вершы і вялікія творы, ён яшчэ запісваў кулінарныя рэцэпты высакапарным стылем. Ён зваў гэты карняплод «пан Бурачак» ці «пане Свёкла». Бурачак, свёкла асацыяваліся са шляхцічамі. Таму і была вайна мянушак: польская шляхта лічыла сябе бурачкамі, а літоўскую шляхту называлі бацвіняжамі.

Далей больш асацыятыўныя рэчы: журавіны ў цукры. Вельмі сімвалічны ва ўсіх сэнсах прадукт. Я ім прыгашчаю замежнікаў.

Чарвец даваў вельмі насычаны колер, ён быў адным з галоўных прадуктаў экспарту Рэчы Паспалітай цягам XV стагоддзя. Экспартаваўся ў Венецыю, дзе ўзнікла назва «кармазын», першапачаткова як назва тканіны. Пазней усе было страчана і зараз знаходзіцца ў міфічным стане.

Спачатку было невядома, што гэта. А гэта маленькая інсекта, якая мае складаны жыццёвы цыкл. У адзін момант яна прысмоктваецца да карэння канкрэтнай расліны, адкідае ножкі, вусікі, вочкі, усё – і робіцца часткай расліны, жыве з ёй у сімбіёзе. Тады яе збіраюць, выкопваюць з зямлі, сушаць, і атрымліваецца фарбаванне.

Некалькі стагоддзяў пайшло на то, каб даведацца і навукова апісаць, што гэта ўсе ж такі інсекта, а не расліна. Пазней яе нават класіфікавалі, яна называецца «кашаніль польская» альбо «шчытоўка польская». У Беларусі пра яе мала што вядома. Яна была занесена ў Чырвоную кнігу, але потым яе з Чырвонай кнігі выкрэслілі, бо яна абсалютна не даследавана і невядома, ці яна ўвогуле ў Беларусі ёсць.

«Фалунскі чырвоны» робіцца з адкідаў Фалунскага медзянога радовішча ў Швецыі. Гэта, відаць, першая папулярная еўрапейская фарба, якая рабілася ў стандартным колере ў агромных колькасцях з XVI стагоддзя. Зараз Фалунскае радовішча ўнесена ў спіс помнікаў культурнай спадчыны. Засталіся толькі адвалы, і з гэтых адкідаў дзве фірмы, якія маюць ліцэнзію, робяць арыгінальную фалунскую фарбу. Яна прадаецца ў малых колькасцях толькі ў Скандынавіі і каштуе вельмі дорага.

На Беларусі фарбаванне будынкаў з’явілася толькі ў канцы XIX стагоддзя, нават на пачатку XX. І ў беларускай мове ўвогуле няма карычневага ў якасці базавага моўнага колеру. Ён падзелены паміж чырвоным і шэрым. Таму брунатныя адценні можна смела называць чырвонымі і не памыліцца.

Залаты

Золата ў беларускай традыцыі з’яўляецца досыць позна і наўпрост звязана з хрысціянствам. У сваю чаргу ў хрысціянства яно трапляе з Блізкага Усходу. Гэта не вельмі еўрапейская традыцыя, грэкі ўвесь час з ёй спрачаліся, змагаліся і выказвалі непрыманне бляску. У Рыме ўжо было па іншаму, рымская культура ў часы свайго росквіту любіла бляск, любіла раскошу, і гэта перанеслася ў Візантыю.

Разам з хрысціянствам замацавалася гэтая эстэтыка, а таксама шмат сімволікі, звязанай з залатым колерам. Яна палюбілася ў народнай культуры. У мове залаты цалкам замяшчае жоўты, у народных тэкстах жоўтага не сустрэнеш амаль ніколі, заўсёды залаты. Залаты – гэта таксама святло, прычым святло боскае. Хрысціянства тому і ўзяло яго ў якасці аднаго са сваіх маркераў.

Пасля ранняга хрысціянства найбольшы росквіт золата ў выяўленчым мастацтве, і ў абразах, і ў інтэр’еры, і ў архітэктуры, – гэта барока. Золата зноў стала запатрабаваным, бо яно стварае тэатральны эфект, яно рухомае. Класіцызм пакінуў золата, але зменшыў яго колькасць. Касцёл Пятра і Паўла ў Вільне – нібыта «пераходны»: гэта барока, але яго каларыстычная эстэтыка бліжэй да класіцызму. Альбо кафедральны касцёл у Вільне: ён белы, з золата адзін толькі крыж.

Сіні і блакітны

У еўрапейскіх мовах няма падзелу на сіні і блакітны. Руская мова у XIX стагоддзі і беларуская ўслед за ёй разбівае blue на два розныя колеры. Ва ўсіх еўрапейскіх мовах 11 базавых колерных найменняў. У расейскай іх 12 за кошт таго, што яны разбіваюць сіні і блакіт. У нас усё роўна 11, бо мы запазычалі разбіванне на сіні і блакіт – затое ў нас няма брунатага.

«Сіні» – вельмі архаічнае слова. Шмат якія сэнсы, што пазней хрысціянства надало чорнаму, першапачаткова выконваў сіні. Больш за тое, сіні бліжэй да архаічнай балцкай і славянскай традыцыі маркіравання іншасвету. Таму што кантраст, абсалютная супрацьлегласць чорнага і белага, не ўласцівы для старажытных культураў лясной зоны. Гэта ўласціва для культуры стэпу, дзе ёсць неба, і ёсць зямля, і ёсць далягляд. Усё бачна. Усё абсалютна дакладна вызначана.

А прастора лесу крывалінейная. Неба не блізка, яно праглядае скрозь, да яго яшчэ трэба дабрацца вокам. Прайсці паміж дзвюма кропкамі наўпрост таксама не атрымаецца, толькі па нейкіх мудрагелістых траекторыях. Таму і катэгорыі дабро і зло, іншасвет і гэты свет у культураў лясной зоны не такія катэгарычныя. Іншасвет прысутнічае паўсюдна, можа з’явіцца і праз пэўныя спецыяльныя месцы. Няма ў паганскай культуры і паняцця пекла, дзе ўсё чорнае. Тут сіні колер, які першапачаткова маркіраваў гаму ад чорнага да шэра-блакітнага.

Гэта першапачатковае паганскае, дахрысціянскае тлумачэнне сіняга. Пазней ён знікае, бо не ўпісаўся у новую хрысціянскую культуру. Рэабілітаваўся, ізноў падняўся ён у часы позняга Сярэднявечча, калі ўзнікла гатычнае мастацтва ў сувязі з праектаваннем вітража ў абацтве Сэн-Дэні ў Францыі. Гэта была вынаходка.

Яны знялі нагрузку са сцен за кошт контрфорсаў, у сценах можна было прарэзаць вялікія вокны, гэтыя вокны трэба было чымсці запаўняць. І яны вырашылі зрабіць вітражы. Аказалася, што колеры, якія ляжаць на паверхні пад святлом, калі іх паставіць на прасвет, працуюць абсалютна па-іншаму. Узніклі спалучэнні, якіх раней ніколі не было: сіні і чырвоны, зялёны і чырвоны. Неверагодныя спалучэнні.

Пазней мастакі Адраджэння ўвесь час спрабавалі паўтарыць гэтыя колеры на маляваных палотнах. Атрымлівалася, але гэта было вельмі складана. І вось тады сіні/блакітны колер патрапіў на беларускія абразы – перад усім на ўніяцкія абразы беларускай школы.

Сіні колер робіцца папулярным у часы Асветніцтва. Асветніцтва – складаны працэс, усе адбывалася адначасова. Адбылася і змена ўласнага бачання тагачаснымі нобілям. Яны перасталі быць шляхтай, то бок ваярамі, і сталі арыстакратыяй. Усё шляхецкае адкідалася, лічылася грубым і прымітыўным, а арыстакратызм паўставаў як узнёслы. Тут і з’яўляецца блакітны колер. «Сіняя панчоха» і «блакітная кроў» – выразы, якія вынікаюць з рэабілітацыі сіняга і блакіту.

Калі мы паглядзім на парадны партрэт беларускай магнатэрыі і драбнейшай шляхты, прафесійныя партрэты і партрэты аматарскія, мы пабачым, што вельмі рэзка адбываецца гэтая змена: на ўсіх кабетах з’яўляюцца блакітныя элементы. Напрыклад, партрэт жонкі Прушынскага. Ніхто не ведае, як яе завуць: яна паўсюль фігуруе як жонка Прушынскага. Партрэт знайшлі ў местачковым касцёле на Беларусі і зараз ён заўседы прысутнічае ва ўсіх еўрапейскіх кнігах пра гісторыю фрызур. Як на мой погляд, ён правінцыйны, бачна, што яго маляваў не вельмі прафесійны мастак. Але ён настолькі душэўны і прыгожы, з настроем, што мне падаецца, такая праца павінна быць у любой манаграфіі.

Напрыканцы XVIII стагоддзя культура перамяшчаецца ў салоны. Тады ў Рэчы Паспалітай сярод магнатэрыі ўзнікае некалькі «культавых» постацяў. Сярод іх была Ізабэла Любамірская, якая мела мянушку błękitna markiza.

Цікава і тое, што адбываецца з сінім і блакітным колерам ў расейскай культуры. У XIX стагоддзі ў іх ўзнікла неабходнасць ва ўласнай міфалогіі, уласным нацыянальным стылі, якога дагэтуль проста не было. Узнікла шмат «рускіх стыляў»: рускі візантыйскі, паўночна-рускі – і ў тым ліку так званы псеўдарускі, які аказаўся найбольш папулярны. Лепшыя тагачасныя расійскія мастакі, кампазітары проста ўласнай фантазіяй, з пальца, прыдумалі ўсе гэтыя віцееватыя слупкі, церамкі, какошнікі, і ў тым ліку блакітны сіні колер, які вельмі актыўна ўжываўся. Гэта ірацыянальнае спалучэнне, яно выклікае адчуванне казачнасці, міфалагічнасці. Менавіта з паўстаннем сіняга блакітнага колеру як любімага нацыянальнага у расейскай культуры ён пачынае ужывацца у архітэктуры, чаго раней нідзе і ніколі не было.

Яшчэ адно адраджэнне сіняга адбылося пасля Другой Сусветнай вайны, калі праваслаўныя храмы пачалі паўсюльна фарбаваць у сіні блакітны колер. Цяпер на могілках усе аградкі фарбуюць блакітнай. Гэты колер стаў маркерам як мінімум канфесійнай праваслаўнай ідэнтычнасці.

Валошка ёсць на персідскіх узорах і беларускім сімвалам стала выключна з падачы Багдановіча. Вось прыклад, як адзін чалавек адным радком стварыў нацыянальны сімвал, якога не было раней.

Узгадаем слуцкі пас ці пас кунтушу сармацкага строю. Рэч абсалютна не еўрапейская, як і сам кунтуш, і жупан. Яны экспартаваліся з Турцыі, нават з Кітаю, ажно пакуль Радзівілы не вырашылі зрабіць мануфактуру ў Нясвіжы. Гэта не адзіная мануфактура на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, іх было некалькі, але нясвіжская была найлепшай. Працавала сапраўды на еўрапейскім узроўні. Па сваіх мастацкіх вартасцях гэта твор еўрапейскага мастацтва.

І звязаны гэты твор мастацтва з канкрэтным чалавекам, які ўсё гэта рабіў: Ян Маджарскі, львоўскі армянін. Уводзіны валошак ва ўзоры – гэта яго ўласная ініцыятыва (ці ягоных мастакоў, пра якіх мы нічога не ведаем). Але блакітны колер і залатыя ніткі – традыцыйныя для ўсходняга мастацтва. І яны вельмі добра спалучаюцца візуальна.

Цікава, што снег не заўважаўся ў беларускім мастацтве да XIX стагоддзя –  ні ў якасці белага колеру, ні ў якасці сіняга, ні ў якасці блакітнага. Проста ігнараваўся. У народнай творчасці яго няма, нават у каляндарна-абрадавых песнях, дзе частка святаў адбываецца ўзімку.

Шэры альбо натуральны

У Беларусі драўляныя будынкі ніколі не фарбаваліся. Пра гэта, у прыватнасці, пісаў фатограф Ян Булгак, які нарадзіўся ў Наваградку, працаваў да Другой Сусветнай у Вільні. Сам ён шляхецкага роду, адзін з нешматлікіх людзей, якія добра ведалі традыцыю і валодалі пытаннямі візуальнай культуры і эстэтыкі.

Булгак фармулюе, як павінен выглядаць ідэальны шляхецкі дом. Ён апісваецца трыма складнікамі: просты, годны і інтэграваны з прыродай. Простасць – гэта працяг сармацкай традыцыі, дзе прастата была вельмі важнай катэгорыяй. З-за гэтага, дарэчы, на Літве быў папулярны класіцызм. На тэрыторыі Польшчы класіцызму як такога ў XVIII стагоддзі не было. Была сумесь барока і класіцызму, якая паўставала паводле густа Станіслава Аўгуста Панятоўскага, пошняга караля і вялікага князя. На Літве ж раптам з’яўляюцца шэдэўры класіцызму, напрыклад, кафедральны сабор у Вільне. І гэта вельмі просты класіцызм. Я думаю, што гэтая прастата накладаецца на яшчэ больш даўнюю традыцыю – на балцкую традыцыю адсутнасці каляравання тканін.

Булгак апісвае выпадак цывілізацыйнага шоку, які адбыўся ў яго дзяцінстве. Яны паехалі з бацькамі да сваякоў і па дарозе ўбачылі памесце, якое было рэквізаванае і аддадзенае ў карыстанне рускаму памешчыку. І той пафарбаваў дах і сцены фарбай. Маленькі Булгак быў ад гэтага ў такім шоку, што дарослым у сваей кнізе ён некалькі разоў узгадвае гэты эпізод.

Натуральнасць цалкам мяняе падыход за запасу трываласці матэрыялаў. Каб яны былі трывалымі, каб мы маглі па гэтай кафлі хадзіць 10 гадоў, патрэбна класці дарагія матэрыялы, складана іх апрацоўваць. Падыход натуральнасці здымае гэта пытанне, таму што сціранне і псаванне з’яўляецца часткай жыцця аб’екта.

Ёсць і рамантычная традыцыя, запачаткаваная ў тым ліку Ізабэлай Чартарыйскай і апетая Адамам Міцкевічам. Сапраўдны шляхецкі дом павінен быць старасвецкім, з замшэлым дахам, з пашарэлым ганкам. Натуральнасць была часткай эстэтыкі, старасвецкасць мела пазітыўную канатацыю. І рэчы, якія маюць налёт старасвецкасці, былі прыгожымі з пункту гледжання традыцыйнай культуры XIX стагоддзя.

Гэта сапраўды прыгожа, гэта адметна, і з пункту гледжання дызайну, архітэктуры – вельмі перспектыўны кірунак, бо зараз можна закладаць не толькі запас трываласці, а яшчэ і эстэтыку стварэння матэрыялу. Самы просты прыклад – джынсы: яны выношваюцца і ад гэтага робяцца прыгажэйшымі.

Ад слова «шэры» у беларускай мове досыць шмат утворана: шэрань (иней), шэрачок (бедная шляхта ў адрозненне ад кармазыновай), шарая гардзіна (прыцемкі).

Зялёны

Як фарба амаль нідзе не прысутнічае. Зялёны колер з’яўляецца выключна ў якасці расліннага свету. І яго вельмі шмат у розных іпастасях. Інтэграванасць у прыроду – важная і для шляхетнай, і для народная культуры.

Зялёны колер гародніны. Традыцыя зельніцтва звязана з беларускімі татарамі. Калі яны перасталі быць ваярамі-наймітамі, то заняліся агародніцтвам – і вось ўжо 300 гадоў яны лепшыя зельнікі ў Беларусі.

Культура збору зёлак і зельніцтва ў Беларусі вельмі цікавая – і дагэтуль табуяваная культура. Звярніце ўвагу на бабак, якія прадаюць зёлкі на Камароўцы. Там абсалютна свая эстэтыка. Яны заўсёды сядзяць асобна ад іншых, ніколі самі не звяртаюцца да пакупнікоў, не зазываюць, не запрашаюць.

Мох. Шмат у якіх замовах ён з’яўляецца самым надзейным “абсарбентам” зла ці хваробаў. Да таго ж мох – прыкмета памірання ў прыродзе, і адначасова пачатак новага жыцця. Гэта вельмі добра бачна ў Белавежскай пушчы.

Там амаль няма шансаў вырасці новым дрэвам, бо ім не хапае святла. Яны могуць вырасці толькі тады, калі заваліцца старое дрэва. Яно падае, два-тры гады ляжыць і ператвараецца ў нішто. Пакуль яно ляжыць, яно пакрываецца імхамі, грыбнымі культурамі, там заводзяцца інсекты, рэптыліі. Яно дае месца для жытла агромнай колькасці біялагічных відаў. І на ім з’яўляюцца маленькія парасткі. Ім дастаткова святла, таму што зверху ўтварылася дзірка, і там яны дасягаюць таго ўзроўню, калі ўжо могуць выцягнуцца далей.

І гэты вобраз – самае аптымістычнае, што я магу прапанаваць вам напрыканцы.

Кніга «Колер Беларусі» была выдадзеная ў межах Міжнароднага праекту па развіцці культурнай спадчыны CHOICE

Чытайце далей:

«Там заўсёды свежы хлеб». Памяти Михала Анемпадистова

 

Беларусь: дзве розныя культурныя мадэлі

 

Комментировать