Тема недели

Масква ў галаве беларуса

85 Севярын Квяткоўскі

Масква вярнулася ў галовы беларусаў. Нават тых, хто паставіў сабе калісьці фільтар на расейскую тэму і зрабіў свой выбар на карысць еўрапейскасці: чытаў адпаведную літаратуру і прэсу, не пускаў у сваё жыццё расейскую масавую культуру, не ведаў нават прыблізна курс расейскага рубля, і "Саюзную дзяржаву" ўспрымаў як кепскі анекдот. Інтэрвенцыяй ва Ўкраіну Расея сярод іншага актывізавала пытанне: што значыць быць беларусам? І дзе на ўсходзе праходзіць мяжа паміж “сваім” і “чужым”? “Журнал” прапануе тры пазаідэалагічныя варыянты, калі беларус усведамляе сваю адрознасць – і адначасова мае наўпроставую сувязь з Расеяй.

 

Неўсвядомленае самазамбаванне

Патрымаў днямі ў руках свежавыпушчаную кнігу па нацыянальнай кухні Беларусі. Я тэму адсочваў апошнія гады, таму ў прынцыпе магу адрозніць “псеўда” ад набліжанага да сапраўднага. Неблагая кніга: апроч усім вядомых ад савецкіх часоў рэцэптаў, на старонках ёсць забытыя, а цяпер адноўленыя стравы.

Кніга разлічаная на замежнікаў, таму мае адначасова дзве версіі: расейскую і ангельскую. Выдадзеная вельмі якасна, можа быць добрым падарункам ці сувенірам з Беларусі.

Толькі я гэтую кнігу рэкламаваць не буду, і дарыць ці проста раіць сваім знаёмым таксама не стану.

Аўтарка ў невялікіх гістарычных даведках спасылаецца то на Кацярыну ІІ, то наогул на агульнарасейскую гісторыю.

Гэта як з каралевай стала – бульбай. Амаль кожны ў Беларусі ведае пра расейскага цара Пятра І, які завез яе ў Расею.

“І што?, – пытаюся, – а пры чым тут Беларусь?". На тэрыторыі сучаснай Беларусі ў батанічных агародах арыстакратыі расліна пад назваю бульба з'явілася раней за Расею – усё мы былі часткай адзінай эканамічнай і палітычнай прасторы Еўропы.

Гэта як і з навагодняй ялінкай. Зноў узгадаюць пра Пятра І, а пра тое, што ў Беларусі ялінка з'явілася на 30-40 гадоў раней – не ведаюць.

Тыя, хто вучыўся ў савецкай школе, памятаюць, што апісанне падзеяў да 1917 году ў падручніку па гісторыі Беларусі займала не больш за 10% старонак.

"Хопіць глядзець на свет вачыма Сянкевіча!", – казаў у свой час савецкі сатырык Міхаіл Жванецкі, маючы на ўвазе тэлевядоўцу Юрыя Сянкевіча, які распавядаў невыяздным за мяжу савецкім грамадзянам пра тое, які цікавы свет.

Можна было б паўтарыць: "Хопіць глядзець на Беларусь вачыма Крамля!". Але сістэмнае выкладанне беларусацэнтрычнага погляду на мінулае і сучаснасць Беларусі адсутнічае. Таму даруем аўтарцы кулінарнай кнігі тое, што яна не парупілася пракансультавацца з гісторыкамі матэрыяльнай культуры.

Але нягледзячы на адсылкі да расейскай гісторыі, аўтарка зрабіла кніжку менавіта беларускай нацыянальнай кухні – у тэксце беларуская унікальнасць падкрэсліваецца.

Цяжка вінаваціць суайчынніка, ды яшчэ сталага веку, за тое, што ён кепска ведае гісторыю сваёй радзімы – "час быў такі".

Прасцей звазіць суайчынніка ў Маскву.

 

Аб'ектыўная абарона псіхікі

У свой час мне пашанцавала з выкладчыкам тэорыі ў аўташколе. Мужчына ў самым росквіце сілаў, энергічны, родам з вёскі, з артыстычнымі здольнасцямі. Інтуітыўны псіхолаг, які перад педагагічнай дзейнасцю доўгі час зарабляў перавозам грузаў – найперш на кірунку Беларусь–Расея.

Які б дарожны знак мы не пачыналі вывучаць, у Аляксандра Іванавіча знаходзілася гісторыя з жыцця. Выкладчык распавядаў, як яго падлаўлівалі ДАІшнікі ў Смаленску, і як ён іх абыгрываў. Распавядаў пра асаблівасці культуры ваджэння ў Маскве.

Аляксандар Іванавіч адгукаўся пра расейцаў бяз злобы, але з іроніяй. Маючы ўзрост каля пяцідзесяці гадоў, вучыў гісторыю Беларусі ў савецкі час. І наўрад ці ведаў, што зялёную ялінку на Новы год у Беларусі пачалі ставіць згодна буле Папы Рымскага ад 1667-га.

Тым не менш, сваё – беларускае – паважаў, цытаваў байкі Кандрата Крапівы. Гаварыў па-руску, але з моцным беларускім вымаўленнем, устаўляючы ў гаворку натуральныя беларускія словы. А пра Маскву і масквічоў зрабіў такое рэзюмэ:

–  Навогул рускія людзі адзыўчывыя. Але ў масквічоў усе беларусы – лохі. Бо трымаюцца правілаў дарожнага руху.

Тут Аляксандар Іванавіч рабіў працяглую паўзу, а пасля выбухаў:

– А нават тыя адчайныя беларусы, што не выконваюць правілы, усё роўна лохі – бо бульбашы!

 

Аб'ектыўны неўтралітэт

Большасць людзей не надта цікавіцца гісторыяй ці больш складанымі гуманітарнымі пытаннямі кшталту нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

У 1970-80-я, калі я ездзіў на вёску ў Капыльскі раён, абсалютная большасць мясцовых жыхароў гаварылі натуральнай беларускай мовай. А старэйшыя людзі – дык нават без русізмаў у лексіцы. Тым не менш, бабця магла сказаць: "Я – руская, гавару па-свойму, а беларускую мову прыдумалі вумнікі ў горадзе".

Пры гэтым бабця ўсе свае семдзесят гадоў правяла ў тым самым Капыльскім раёне. Хіба пару разоў у жыцці выбіралася ў Мінск. І смяялася з майго "гарадскога" гаварэння.

І вось такая бабця, напрыклад, перабіралася на старасці ў сталіцу да дзяцей. І, напрыклад, на двары быў канец 1990-х. Усе круцяцца і зарабляюць, як могуць.

А ў Маскве ў камандыроўку ў Мінск збіраецца мэнаджар сярэдняй рукі фірмы. Раніцай ён выходіць ў Мінску на вакзале. Пакуль маскоўскі госць пераадаольвае некалькі соцень метраў ад вагона да машыны, якая яго чакае, да яго звяртаюцца самыя розныя людзі: мужык рабочага выгляду, прыблатнённы маладзён, жанчына – з выгляду выкладчыца ВНУ, і ў тым ліку – наша бабця, якая госця ўрэшце дабівае тым самым аднастайным пытаннем:

– Сынок, “расію” прадаёш?

Яшчэ адносна нядаўна ўсе слухалі па радыё перадачы са сталіцы супольнай радзімы – Масквы. І ранішнюю гімнастыку, і "ў Петрапаўлаўску-Камчацкім поўнач", і прамовы правадыроў. І вось цяпер масквіч, які ехаў у "незаграніцу, а сваё брацкае", апынаецца для мясцовых носбітам іншаземнай валюты.

Адна – збольшага расейская, хоць і спецыфічная – расейская мова. Адзін сталінскі ампір. Аднолькавыя стандарты "абшчыпіту". Нават адзін – маскоўскі – тэлевізар. Але ёсць нюансы.

Сёння ў 2014 годзе, тэлевізар, відаць, застаўся самым галоўным. Колькі я за апошнія 20 гадоў чуў выказванняў кшталту “гісторыя – не самае галоўнае, трэба жыць сённяшнім”! Толькі тое, што адбываецца між Украінай і Расеяй, мае пад сабою будаванне ў тым ліку гістарычнай візіі, а значыць і цывілізацыйны выбар будучыні. Тое, чаго ў Беларусі не адбывалася.

Беларусы спрачаюцца. Крым – рускі! Малайцы расейцы, стаяць на сваім! А калі пытаешся, маўляў, дык а калі расейцы гэтаксама як на Крым, паквапяцца на Беларусь? "Не! – адказваюць. – Мы ж браты, як нас можна анексаваць?".

Гістарычныя веды самі па сабе – палова справы. Важна – ці хоча хто мець гэтыя веды, і дзеля чаго. Пакуль беларусы выглядаюць як футбольныя заўзятары, якія седзячы за тысячы кіламетраў ад Брытаніі ці Італіі, заўзеюць хто за "Ліверпуль", хто за "Ювентус". Хто за Расею, хто за Украіну.

Хочам мы таго, ці не – Масква ў галаве. З плюсам ці мінусам у дадатку.

Беларусы сёння – адзін народ, але з нюансам: хто за адстойванне свайго, а хто за пераход "пад крышу" больш моцнага.

Наколькі моцнага – залежыць ад візіі кожнага асобнага чалавека. І ад жадання мець сваё.

Комментировать