Арт

Маргарэт Этвуд. «Пенелапіяда»

491 Журнал

Урывак з раману Маргарэт Этвуд «Пенелапіяда» ў перакладзе Вольгі Калацкай. Раман выходзіць па-беларуску ў межах кніжнай серыі «Амерыканка». Падтрымаць серыю можна на платформе Ulej. 

XXVI. Хор: Суд над Адысэем, зьняты на відэа дзяўчатамі-служкамі

Адвакат падсуднага: Ваша мосьць, дазвольце мне сказаць слова на карысьць невінаватасьці майго кліента Адысэя, легендарнага героя з выдатнай рэпутацыяй, які стаіць перад судом па абвінавачваньні ў шматлікіх забойствах. Было ці не было апраўданым забойства пасродкам стрэлаў ды дзідаў – мы не заглыбляемся ў дыскусію наконт самога факта і памянёных прыладаў забойства – больш як ста дваццаці маладзёнаў высокага роду (плюс-мінус тузін), якія, мушу падкрэсьліць, без дазволу спажывалі ягоную ежу, турбавалі ягоную жонку, увайшлі ў змову з мэтай забіць ягонага сына і захапіць ягоны трон? Мой шаноўны калега выказаў дапушчэньне, што зьдзейсьненае Адысэем забойства гэтых маладых людзей не апраўданае, бо ў ім выявілася надзвычай неадэкватная рэакцыя на той факт, што яны трохі завольна пагуляліся ў гурманаў у ягоным палацы.

Таксама выказвалася прыпушчэньне, што Адысэю і/ці ягоным спадкаемцам або прызначаным ім асобам прапаноўвалася кампэнсацыя за адсутныя ў наяўнасьці харчовыя прадукты і што мой кліент мусіў бы спакойна яе прыняць. Аднак названая кампэнсацыя прапаноўвалася тымі самымі маладзёнамі, якія, нягледзячы на шматлікія просьбы, раней нічога не зрабілі дзеля таго, каб суняць свае зайздросныя апэтыты, ці прыйсьці на дапамогу Адысэю, ці абараніць ягоных сямейнікаў. Яны не выяўлялі пашаны да майго кліента ў ягоную адсутнасьць – наадварот. Дык у якой ступені заслугоўвалі даверу іхныя словы? Ці можа разумны чалавек разьлічваць, што яны вярнулі б хоць адзінага (аднаго) быка з таго, што абяцалі?

І давайце параўнаем шанцы бакоў. Сто дваццаць (плюс-мінус тузін) супраць аднаго ці – калі перабольшваць – чатырох, бо ў Адысэя былі суўдзельнікі, як пайменаваў іх мой калега, а дакладней, адзін ледзь асталелы сваяк і два пахолкі, не навучаныя вядзеньню бою. Дык што магло зашкодзіць гэтым маладзёнам зрабіць выгляд, быццам яны дасягнулі пагадненьня з Адысэем, а потым накінуцца на яго цёмнай ноччу, калі засьне ахова, і забіць  да сьмерці? Мы перакананыя, што, ухапіўшыся за адзіную магчымасьць, дадзеную яму лёсам, наш усімі паважаны кліент Адысэй дзейнічаў выключна ў мэтах самаабароны. Таму мы просім Вас спыніць справу.

Судзьдзя: Я схільны пагадзіцца.

Адвакат падсуднага: Дзякую, Ваша мосьць.

Судзьдзя: Што за вэрхал у апошніх шэрагах? Заклікаю да парадку! Спадарыні, перастаньце выстаўляць сябе на пасьмяяньне! Прывядзіце адзежу ў прыстойны выгляд! Здыміце з шыі вяроўкі! Займіце месцы на лаўках!

Дзяўчаты-служкі: Вы забыліся пра нас! А нашая справа? Яго нельга пакінуць непакараным! Ён нас спакойна, без ваганняў павесіў! Дванаццаць! Дванаццаць маладых дзяўчатаў! Бяз дай прычыны!

Судзьдзя (адвакату падсуднага): Гэта новае абвінавачваньне. Строга кажучы, яго належыць разглядаць у рамках асобнага працэсу; але гэтыя дзьве справы шчыльна зьнітаваныя, і таму я гатовы выслухаць аргумэнты бакоў. Што Вы можаце сказаць у абарону свайго кліента?

Адвакат падсуднага: Ён дзейнічаў у межах сваіх правоў. Яны былі ягоныя рабыні.

Судзьдзя: Аднак усё роўна ён мусіў мець нейкія падставы. Нават рабоў нельга забіваць, як толькі ў галаву ўроіцца. Чым гэтыя дзяўчаты заслужылі павешаньне?

Адвакат падсуднага: Яны ўступілі ў сэксуальныя стасункі без дазволу.

Судзьдзя: Хм. Зразумела. З кім яны ўступілі ў сэксуальныя стасункі?

Адвакат падсуднага: З ворагамі майго кліента, Ваша мосьць. З тымі самымі, якія толькі і думалі, як заручыць яго з сырою зямліцаю, а самім заручыцца зь ягонай сужаніцаю. (Хіхікае з уласнага калямбуру.)

Судзьдзя: Я так разумею, гэта былі наймаладзейшыя са служак?

Адвакат падсуднага: Гм, натуральна. Самыя прыгожыя і самыя сэксапільныя, а як жа. Збольшага.

Дзяўчаты-служкі горка сьмяюцца.

Судзьдзя (гартаючы “Адысэю” Гамэра): Тут, у гэтай кнізе – кнізе, зь якой нам абавязкова трэба зьвярацца, бо гэта найаўтарытэтнейшая крыніца інфармацыі ў названай тэме (хоць у ёй выразна выяўленыя этычна непрымальныя тэндэнцыі і, на маю думку, прысутнічае зашмат сцэнаў сэксуальнага і гвалтоўнага характару) – дык вось, у гэтай кнізе гаворыцца – вось тут, зараз, чакайце – у Кнізе 22 гаворыцца, што служкі былі згвалтаваныя. Жаніхамі. Ніхто іх не спыніў. Да таго ж тут апісваецца, як жаніхі зацягнулі да сябе служак са зламыснымі і/ці непрыстойнымі намерамі. Ваш кліент ведаў дадзеную акалічнасьць – тут прыводзяцца ягоныя ўласныя выказваньні пра гэты факт. Такім чынам, жаніхі шматкроць пераўзыходзілі служак сілаю, і дзяўчаты былі цалкам безабаронныя. Так?

Адвакат падсуднага: Я пры гэтым не прысутнічаў, Ваша мосьць. Усё адбылося за тры-чатыры тысячы гадоў да мяне.

Судзьдзя: Разумею сутнасьць праблемы. Выклічце сьведку Пэнэлёпу.

Пэнэлёпа: Я ў той час спала, Ваша мосьць. Я часта спала. Магу толькі паўтарыць, што яны казалі потым.

Судзьдзя: Хто што казаў?

Пэнэлёпа: Служкі, Ваша мосьць.

Судзьдзя: Яны казалі, што іх згвалцілі?

Пэнэлёпа: Э-э-э, так, Ваша мосьць. Фактычна згвалцілі.

Судзьдзя: І Вы ім верылі?

Пэнэлёпа: Так, Ваша мосьць. То бок, я была схільная ім верыць.

Судзьдзя: Як я разумею, яны часта ня слухаліся.

Пэнэлёпа: Так, Ваша мосьць, але…

Судзьдзя: Але Вы іх не каралі, і яны па-ранейшаму заставаліся ў Вас служкамі?

Пэнэлёпа: Я добра іх ведала, Ваша мосьць. Я любіла іх. Я, можна сказаць, некаторых сама выгадавала. Яны былі мне як дочкі, якіх я ніколі ня мела. (Плача.) Я так іх шкадавала! Большасьць служак раней ці пазьней гвалцяць – прыкрая, але заўсёдная рэальнасьць палацавага побыту. Супраць іх, у разуменьні Адысэя, сьведчыла ня тое, што іх згвалцілі, а тое, што іх згвалцілі без дазволу.

Судзьдзя (хмыкае): Выбачайце, спадарыня, але хіба ня ў тым сутнасьць усялякага згвалтаваньня , што яно чыніцца без дазволу?

Адвакат падсуднага: Без дазволу гаспадара, Ваша мосьць.

Судзьдзя: А, зразумела. Аднак іхны гаспадар адсутнічаў. То бок, фактычна, гэтыя служкі былі змушаныя спаць з жаніхамі, бо, калі б яны выказалі супраціў, іх бы ўсё адно згвалцілі, толькі ў значна больш жорсткай форме?

Адвакат падсуднага: Не разумею, якое гэта мае дачыненьне да справы.

Судзьдзя: Як, відавочна, не разумеў і Ваш кліент. (Хмыкае.) Аднак ягоную эпоху нельга параўноўваць з нашай. Тады існавалі іншыя нормы паводзінаў. Было б вельмі шкада, калі б гэты сумны, але дробязны эпізод застаўся плямай на рэпутацыі ўва ўсім астатнім надзвычай выбітнай асобы з бліскучай кар’ерай. Апроч таго, я не хачу, каб мяне абвінавачвалі ў анахранізьме. Таму я закрываю справу.

Дзяўчаты-служкі: Мы патрабуем справядлівасьці! Патрабуем адплаты! Зьвяртаемся да закону крывавае помсты! О разьюшаныя эрыніі, мы клічам вас!

Зьяўляюцца дванаццаць эрініяў. У іх валасы-зьмеі, у іх сабачыя галовы, у іх крылы кажановыя. Яны прынюхваюцца, з шумам уцягваючы паветра.

Дзяўчаты-служкі: О мсьцівіцы, о эрыніі, на вас нашая апошняя надзея! Молім вас: зьдзейсьніце кару, спраўдзіце адплату! Будзьце нам абаронцамі, якіх пры жыцьці мы ніколі ня мелі! Учуйце Адысэя, куды б ён ні йшоў! Ганіцеся за ім з адной мясьціны ў іншую, з аднаго жыцьця ў іншае, якія б маскі ён ні насіў, якое б аблічча ні прымаў, палюйце на яго! Ідзіце ягоным сьледам, на зямлі і ў Аідзе, дзе б ён ні шукаў прытулку – у сьпевах і п’есах, у тоўстых тамох і грунтоўных дысэртацыях, у зносках і дадатках! Зьяўляйцеся яму ў вобразе дзяўчатаў-служак, зьнявечаных, нішчымных мярцьвячак! Хай ён ніколі ня ведае спакою!

Эрыніі паварочваюцца да Адысэя. Палаюць іх чырвоныя вочы.

Адвакат падсуднага: Клічу шэравокую Атэну Паляду, несьмяротную дачку Зэўса! Абарані, о багіня, права ўласнасьці, права мужчыны быць гаспадаром у сваім доме! Забяры майго кліента адсюль на воблаку!

Судзьдзя: Што такое? Заклікаю да парадку! Да парадку! Гэта суд, установа юстыцыі ХХІ стагодзьдзя! Гэй, вы! Спусьціцеся са столі! Хопіць брахаць ды сыкаць! Спадарыня, прыкрыйце грудзі і апусьціце дзіду! Што гэта за воблака? Дзе паліцыя? Дзе падсудны? Куды ўсе падзеліся?

Дачыталі ўрывак да канца? Ура! Падтрымайце выданне гэтай кнігі, зрабіўшы перадзамову на краўдфандынгавай платформе Ulej!

Чытайце таксама ўрыўкі з раманаў Чарлза Букоўскі «Чытво»Чака Паланюка «Байцоўскі клуб» і Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі».

«Журнал» запрашае сваіх чытачоў выбраць самыя важныя беларускія кнігі за 500 гадоў. Прыміце ўдзел у нашым апытанні!

Комментировать