Деньги

Малако vs. Молоко. Беларусы збіраюць грошы на мову на цэтліках

509 Янина Мельникова

У Сеціве распачаўся – і імгненна скончыўся – збор ахвяраванняў на пераклад упаковак беларускіх тавараў на беларускую мову. Літаральна за дзень беларусы сабралі грошы на тое, каб кампанія «Савушкін» пераклала на мову цэтлікі да сваіх прадуктаў. Такім чынам актыўныя грамадзяне адрэагавалі на заявы некаторых беларускіх вытворцаў што да немагчымасці змяніць дызайн і макет цэтлікаў да іх тавараў. Маўляў, на гэта трэба шмат грошай. І нават дапамога ліцэнзаваных перакладчыкаў.

Спрэчкі вакол выкарыстання беларускай мовы на ўпакоўках беларускіх тавараў пачаліся, калі стала вядома, што ў новай рэдакцыі закона «Аб абароне правоў спажыўцоў» вытворцаў зноў не абавязалі выкарыстоўваць беларускую мову на ўпакоўцы.

Гэтае пытанне абмяркоўвалася на паседжанні працоўнай групы Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых даследванняў, але не было падтрыманае. Абавязковай на цэтліках беларускіх тавараз застаецца руская мова. Беларуская можа быць дададзена толькі пры асабістым жаданні вытворцы.

Прадстаўнікі некаторых прапрыемстваў у каментарах адкрыта казалі, што ім было б складана перакласці інфармацыю пра сваю прадукцыю на мову, калі б дзяржава абавязала рабіць гэта. Так, «Савушкин продукт» патлумачыў TUT.by, што ім прыйдзецца наймаць перакладчыка і нават наноў распрацоўваць дызайн упакоўкі да цэтлікаў. І гэта падвысіць кошт прадукцыі.

Заканадаўча замацаваць норму, якая б патрабавала абавязковай прысутнасці на таварах інфармацыі на абедзвюх дзяржаўных мовах, прапанаваў каардынатар грамадскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску» Ігар Случак. Ён звярнуўся да многіх беларускіх кампаній з такой прапановай – і атрымаў нямала станоўчых адказаў.

Такія кампаніі, як «Гарызонт», «Слодыч», МТС і Velcom ухвальна выказваліся наконт абароны правоў беларускамоўных спажыўцоў. Але былі і тыя, якім такая прапанова падалася недарэчнай.

На думку Случака, пытанне з нанясеннем на ўпакоўку інфармацыі на беларускай мове «не выклікае ніякіх тэхнічных складанасцяў і грашовых выдаткаў».

«Вытворцы перыядычна абнаўляюць сваю ўпакоўку, паколькі ўвесь час з’яўляюцца нейкія новыя прававыя акты, якія рэгламентуюць гэтую інфармацыю – санітарныя нормы, тэхнічныя рэгламенты і гэтак далей. Дадаецца інфармацыя на іншых мовах. Тым больш, ніхто не прапануе перарабляць усю ўпакоўку і рабіць рэбрэндыг – гаворка ідзе пра два-тры радкі дадатковага тэксту. Гэта месца можна лёгка знайсці», – сказаў Ігар Случак «Журналу».

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Праблема хутчэй у псіхалогіі, мяркуе Случак:

«Нейкія комплексы не даюць вытворцам выкарыстоўваць беларускую мову нароўне з рускай і іншымі мовамі. Беларусь – незалежная дзяржава, якая мае сваю мову. Калі нехта адмаўляецца ад яе, то ўзнікае пытанне, ці сапраўды ён шануе, лічыць яе незалежнай дзяржавай і гатовы адстойваць яе інтарэсы ў любым выпадку, альбо пры нагодзе адразу пяройдзе пад сцяг іншай дзяржавы».

Каардынатар курсаў «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка згодны са Случакам – і нават прапаноўвае беларускім вытворцам сваю дапамогу.

«Пры курсах “Мова Нанова” працуе сервіс “Хуткая моўная дапамога”, які выконвае бясплатныя пераклады для фірмаў, кампаній, сайтаў. Так, мы – не ліцэнзаванае перакладніцкае бюро. Але ж некаторыя нашыя валанцёры маюць нават навуковыя ступені ў беларускай філалогіі. Мы перакладалі для такіх кампаній, як А-100, “Еўраопт”, “МакДональдс”, Menu.by, Velcom, Hvilina, бістро “Маэстра”, Kvitki.by і дзясяткі іншых. І цяпер усе яны паспяхова карыстаюцца нашымі перакладамі, не маючы з гэтым праблемаў. Так што абы было б жаданне», – кажа Лабадзенка.

Між тым, актывісты пачалі збор сродкаў у дапамогу «бедным» беларускім вытворцам.

«Давайце разам, усёй беларускай талакою збяром гэтыя грошы, каб брэсцкі “Савушкін прадукт” мог радаваць беларусаў не толькі якасным малаком, але і прыгожай ўпакоўкай гэтага малака, аформленай на роднай для многіх беларусаў мове», – пішуць аўтары праекту «Упакоўка па-беларуску для ААТ “Савушкін прадукт”» на сайце Talaka.by.

Адзін з ініцыятараў кампаніі па сбору сродкаў Аляксандр Лапко звярнуўся да сваіх «фрэндаў» у Facebook з такімі словамі: «Зараз у нашага буйнога вытворцы малака “Савушкін прадукт” цяжкія часы – не могуць нават дазволіць наняць дызайнера і перакладчыка з рускай на беларускую мову. Таму Мінгандлю выступіў за тое, каб пазбавіць абавязка пісаць на ўпакоўцы па-беларуску. Калі вы хочаце піць беларускае малако з бутэлек, на якіх напісана па-беларуску (разам з рускай, казахскай і іншымі мовамі, якія ўжо прысутнічаюць), то давайце разам талакой збяром грошы на паслугі дызайнера і перакладчыка! А можа знойдуцца ахвотныя зрабіць макет і перакласці на мову бясплатна – гэта таксама вітаем! Так мы дапаможам і сабе, бо нашыя дзеці, наліваючы шкляначку малака, будуць бачыць родную мову і не забывацца на яе».

Беларусы хутка адгукнуліся на заклік. І амаль за адзін дзень сабралі тысячу еўра на паслугі перакладчыка і дызайнера для «Савушкіна». Магчыма, у хуткім часе гэткім жа чынам і іншым айчынным вытворцам беларускамоўныя грамадзяне нашай краіны «дапамогуць». Яны пакуль выглядаюць вельмі арганізаванымі і ўпартымі – ды гатовыя плаціць за сваё жаданне бачыць родную мову паўсюль.

Дарэчы, пакуль нашы кампаніі адбіваюцца ад выкарыстання беларускай мовы на ўпакоўцы, вытворцы соды з Башкартастана, напрыклад, даўно гэта робяць. І не наракаюць ні на якія «дадатковыя выдаткі».

Яшчэ цікавае:

  

Комментировать