Полюса

«Людзей прывучылі піць, бо дурачкамі лягчэй кіраваць»

81 Людмила Яненко

Беларусь выйшла на першае месца ў свеце па спажыванні алкаголю. У антырэйтынгу Сусветнай арганізацыі аховы здороўя мы абыйшлі і Малдову, дзе віно, здаецца, п’юць замест вады, і Расію, якая ў многіх замежнікаў асацыюецца са словам “водка”. Даводзіцца прызнаць: нягледзячы на забарону распіваць на вуліцы, сацыяльную рэкламу і эксперыменты з няпродажам таннага пладовага віна, беларусы співаюцца. Чаму так адбываецца? Што зрабіць, каб прыпыніць алкагалізацыю насельніцтва? Дзяржава павінна змагацца з алкаголем альбо кожны адказвае за сябе? Пра гэта “Журнал” запытаў у актывіста грамадзянскай кампаніі “Хопіць піць – трэба жыць” Кастуся Жукоўскага.

– Ці згодныя вы, што беларусы – самая пітушчая нацыя?

– Сапраўды, алкагалізацыя – вялікая бяда для нашай краіны. Сусветная арганізацыя аховы здароўя  – аўтарытэтная крыніца, вартая даверу. Так што, думаю, статыстыка праўдзівая. І гэта ж яшчэ не ўлічылі самагон ды тое, што прывозяць з-за мяжы. Выйдзіце на вуліцу, схадзіце на свята горада, паглядзіце, як п’е моладзь. Гэта сапраўды бяда.

– Як лічыце, у чым прычына таго, што народ співаецца?

– Яшчэ ў 1994-96 гадах улада заключыла сацыяльны кантракт з насельніцтвам. Народу сказалі: “Мы лепш ведаем, што вам трэба. Працуйце, будзе вам чарка і шкварка”. Насамрэч, хто працуе, той нешта і зарабляе. Але ж людзі адарваныя ад грамадства. Нашы продкі будавалі разам хату, капалі калодзеж. А зараз нам кажуць: “Гэта не ваша справа, дзе будаваць дом, дзе праводзіць вуліцу, якое будзе ў вас дрэва ў двары”. Народу практычна няма чаго рабіць, бо за актыўнасць б’юць па руках.

За 20 год беларусаў адвучылі думаць і рабіць нешта сваімі рукамі, бо ўлада абяцала, што будзе клапаціцца. І таму вырасла пакаленне, якому прывілі ўтрымальніцтва. У вёсцы людзі нават не хочуць самі пачысціць калодзеж. Чакаюць, пакуль нехта прыедзе з сельсавета, пішуць скаргі, а самі п’юць у гэты час.

Другая праблема – паўсюль рэклама выпіўкі, яе проста навязваюць. Заходзіш у краму – алкаголь на першым месцы, адразу каля касы. Альбо рэклама вады “Сваяк”. Ідзіце знайдзіце тую ваду “Сваяк”. Яе няма, затое гарэлка з гэтым брэндам прадаецца. А піва ўвогуле не прызнанае алкагольным напоем. Яго могуць піць фактычна дзеці. Увогуле, продаж алкаголю з 18 год – гэта нонсэнс. Ні ў адной развітой краіне свету не прадаюць моцны алкаголь да 21, а то і 23 год. А ў нас такое заахвочванне да алкагалізацыі.

– Але ж дзяржава робіць нейкія захады супраць п’янства. Забаранілі ўжываць алкаголь на вуліцы, канфіскуюць аўто ў п’яных кіроўцаў, былі эксперыменты па забароне “чарніла” ў некаторых раёнах. Гэтага недастаткова?

– Так, зарабанілі піць на вуліцы. Але ж зараз зрабілі навес, два стульчыкі паставілі – і ўжо сядзіць моладзь п’е піва. Нягледзячы на ўсе захады, алкаголь лёгка даступны. Глядзіце, гарэлка каштуе 60 тысяч рублёў, а кілаграм нармальнай каўбасы ці кілаграм сыра – значна больш. Ды і п’юць у нас збольшага не піва і не якаснае віно, а бухаюць бырла ды гарэлку, бо хутчэй “б’е ў галаву”. Усе гэтыя эксперыменты па няпродажы віна не даюць эфекту, бо гэта толькі эксперыменты, паўмеры. А Беларусі патрэбен цэлы комплекс мер. Сёння трэба біць у набат.

– І якія меры, на вашу думку, патрэбныя, каб спыніць п’янства?

– Тут варта звярнуцца да прыкладу заходніх краін. Большасць света не п’е, як гэта ні дзіўна. Вазьміце Швецыю, у якой яшчэ 40 гадоў таму таксама была алкагалізацыя. На сёння гэтую сітуацыю вырашылі.

Забараняць спіртное не трэба. Але трэба зрабіць, каб на горад быў адзін магазін з якасным недарагім алкаголем – добрае піва, віно. Усё гэта прадаваць у асобным аддзеле, каб дзеці туды не маглі зайсці. А моцны алкаголь павінен быць толькі за горадам. За самагонаварэнне, якое ёсць праблемай, увядзіце нармальны штраф, садзіце ў турму, урэшце рэшт. Бырла ўвогуле трэба прыбраць, а піва прызнаць алкагольным прадуктам, і увесь алкаголь прадаваць з 21 года.

Адцягваюць увагу ад дрэнных звычак і грамадскія арганізацыі. Калі б людзі ведалі, што яны патрэбныя грамадству, яны б не пілі гарэлку. За мяжой бывае ў адным маленькім горадзе па 80 грамадскіх арганізацый, якія ўвесь час нешта робяць. Ёсць шмат бедных краін, дзе мала грошай, але там ёсць грамадская супольнасць, і яны адбудоўваюць сваю краіну. Германія ж пасля вайны не кінулася бухаць, калі была разруха. А Беларусі зараз чалавек застаецца сам па сабе. Вось ён атрымаў свае 500 даляраў і пайшоў бухнуў.

Увогуле людзям патрэбна альтэрнатыва таму, каб “пабухаць з рэбятамі ў пад’ездзе”. Гэта добрыя прадукты харчавання, магчымасць зарабіць нармальныя грошы, магчымасць расці, ды не толькі па кар’ернай лесвіцы. Каб людзі самі вырашалі, што рабіць у сваім горадзе, сваім двары. Тады можна вырашыць праблему. А калі толькі забараніць, пакараць, расстраляць – гэта ўжо паказала, што да дабра не даводзіць.

Трэба, каб чалавек бачыў перспектыву. А гэта даюць толькі дэмакратычныя каштоўнасці: свабода, мясцовае самакіраванне і шмат іншага.

– А калі п’янства проста ў крыві беларусаў, і ніякія захады дзяржавы тут не дапамогуць?

– Гэта няпраўда, што мы заўжды бухалі! Мы не бухалі. У 1908 годзе ў Расійскай імперыі прыходзілася 2 літры алкаголю на чалавека. Якая ж тут традыцыя ў крыві?

Раней беларусы пілі пасля збору ўраджаю медавуху. Калі нашы землі адышлі да Расіі, алкаголь прывёз Пятро I, паадкрывалі піцейныя ўстановы, і людзей бясплатна туды вадзілі, каб зрабіць дурачкамі, бо імі лягчэй кіраваць. Але ж і тады было толькі 2 літры на чалавека. А зараз – 17,5. Гэта не наша традыцыя, ды і ўвогуле не чалавечая традыцыя.

– Ёсць і такое меркаванне, што кожны павінен сам адказваць за сваё здароўе. Можа сапраўды людзі маюць права забіваць сябе, як хочуць?

– Кажуць, ножыкам таксама хтосьці хлеб рэжа, а нехта – галовы. Добра, тады давайце заўтра пачнем адкрыта прадаваць наркотыкі. Алкаголь – гэта зло, якое ў нармальных краінах свету кантралюецца і трымаецца на кароткім павадку. Ён яшчэ горшы за наркотыкі. Чалавек вельмі цікаўны, ён паспрабуе і падсядзе. Выпіў – весела, і пайшло.

– Кампанія “Хопіць піць – трэба жыць” – гэта спроба грамадства змагацца з алкаголем, пакуль гэтага не робіць дзяржава. Што паказвае досвед кампаніі і ці ёсць вынікі?

У межах кампаніі мы сабралі 2,5 тысячы подпісаў за змены ў “алкагольнае заканадаўства” і даслалі ў парламент. І нам адказалі, што чатыры нашы прапановы ўнясуць у законапраект. Да нас прыслухаліся, таму лічу, што плён ёсць. Пра алкагалізацыю шмат дзе загаварылі. Не магу сказаць, што ўлада не адгукаецца на нашы прапановы, але шмат чаго залежыць ад улады на месцах, а чыноўнікі часам не могуць нешта вырашыць нават на сваім узроўні.

Лічу, што тым, каму баліць сэрца, варта ўзяцца за праблему. Не трэба казаць пра дрэнную ўладу, шукаць крайніх. Казаць можа ўсякі. А ты вазьмі ды зрабі: паразмаўляй з суседам-алкаголікам, з падлеткамі, закінь улётку. Грамадства павінна актывізавацца на гэтым накірунку, таму што заўтра-паслязаўтра ўжо не будзе гэтага грамадства, калі нічога не рабіць.

Комментировать