Тема недели

Лукашэнка і бабулька ў чарзе па бакс

501 Севярын Квяткоўскі

Тры дні правёў у лесе – акурат тыя дні, калі "ізноў пачалося". Мінскі вакзал сустрэў мяне двума хлопцамі са словамі: "Долары, еўра, долары, еўра". “Ведаю я гэтых хлопцаў, – патлумачыла знаёмая, – яны проста прыкалываюцца”. І дадала пра нечакана аформленую дэвальвацыю: “Было ўжо такое – перажывем і гэта”.

Вядома, гаворка пра нечакана аформленую дэвальвацыю. Гатовасць перажыць "і гэта" ў беларусаў – ці не самая высокая ў параўнанні з суседзямі. Хіба, цяжка цяпер меркаваць пра Украіну, бо там перажыць трэба значна большую – ваенную – пагрозу. У астатніх суседзяў давер да сваёй валюты ўжо гадоў дваццаць як моцны. Нават расейцы не адразу пабеглі ў абменнікі, калі абваліўся іхны рубель. А беларусы пацягнуліся да банкаў на апераджэнне падзеяў, інтуітыўна.

Бо беларусы ўсе гады незалежнасці лічылі на долары. Даходзіла да канфузаў. Напрыклад, у эфіры дзяржаўнага тэлеканала карэспандэнт размаўляе з беларусам-гастарбайтэрам у Расіі. Мужчына называе суму свайго заробку ў расійскіх рублях. Карэспандэнт: "А колькі гэта на нашы?" – "Ну... Дзесьці даляраў пяцьсот".

Нягледзячы на заявы пра "стабільнасць" і "працвітаніе", нягледзячы на прапагандысцкія заявы пра "унікальную беларускую мадэль эканомікі", беларусы заўсёды найперш давяралі замежным валютам. Зрэшты, сам Лукашэнка стала падкрэсліваў рост даходаў беларусаў у доларавым эквіваленце: "Давядзем да ста, да трохсот, да пяцісот".

– Разумееш, – кажу знаёмай, – у 1990-х дзяржава калі і не дапамагала грамадзянам, дык не замінала "круціцца" – зарабляць. Хто машыны ганяў, хто ў Беларусі дробным бізнэсам займаўся. Тыя ж бабулі-пенсіянеркі дапамагалі сабе вулічным гандлем ля вакзалаў, і іх не асабліва ганялі.

Журналіст Ягор Марціновіч прыводзіць у Фэйсбуку гісторыю з жыцця: «У "Беларусбанку" у чарзе на чалавек дваццаць нейкая бабуля стала бухцець: "Ну чаго вы паніку разводзіце, на халеру вам тыя долары". Усе маўчаць. Бабка працягвае: "Я сама руская, і ў нас нікому не патрэбныя тыя долары". І вось тут пачалося... "Ды з-за вашай Расіі ўсё і пачалося"; "Калі ўжо рускія адчэпяцца ад нас?", "Крым вярніце, дык усё нармальна і будзе!"».

Натуральна, цытаваныя фразы пазначаюць толькі вяршыню айсбергу. Не так проста непадрыхтаванаму чалавеку разам звязаць між сабою палітыку Лукашэнкі, пачынаючы ад 1995 году, і тое, што сёння ты ізноў абяднеў на 30%, а наперадзе маячыць дэфіцыт імпартных тавараў, у тым ліку медычных сродкаў, ад якіх тая ж, прыведзеная ў прыклад бабуля, залежыць у сілу ўзросту.

А пенсіянераў у нас – каля траціны насельніцтва. Гэта самая безабаронная перад уплывам тэлевізару, то бок прапаганды, катэгорыя насельніцтва. Звыклыя ад савецкіх часоў максімальна давяраць дзяржаўным СМІ (а іншых у часы іхнага юнацтва не было), гэтыя людзі цяпер паступова робяцца не саюзнікамі, а супернікамі Лукашэнкі. Бо Расія досыць грозна пачынае каментаваць дзеянні Лукашэнкі, а БТ прайграе па папулярнасці расійскім каналам.

Цяпер бурыцца сацыяльны кантракт, які доўгі час існаваў між Лукашэнкам і яго электаратам: вы не лезеце ў палітыку, я вам гарантую спакой і стабільнасць.

Не тое што бабулька ў чарзе ў банку – нават фінансавыя і палітычныя аналітыкі не ведаюць тыя нюансы, якія, магчыма, ужо ведае Лукашэнка – па сваіх, як ён любіць выказвацца, каналах.

З аднаго боку мы бачым закрыцці шэрагу ўплывовых інфармацыйных сайтаў і не аднаго дзясятку магазінаў, рэальных і віртуальных. З іншага боку, Лукашэнка едзе ў Кіеў дэклараваць сваю падтрымку суперніку Расіі прэзідэнту Парашэнку, пагражае закрыць расійскія тэлеканалы і адначасова заяўляе пра пачатак вяшчання на Беларусь украінскага.

З аднаго боку чарговы віток рэпрэсій рознага кшталту ўнутры краіны, з іншага – уяўны разварот ад свайго дэклараванага саюзніка.

Калі ў часе рэзкай дэвальвацыі 2011-га ў Лукашэнкі была заначка ў выглядзе Расіі, цяпер заначка здзмулася. Ды й сам цяперашні крызіс беларускай эканомікі звязаны з расійскім абвалам, які ў сваю чаргу звязаны з "крымнаш", то бок санкцыямі Захаду і неспрыяльнай кан'юнктурай на рынку нафты.

Усё гэта трымаць у галаве, чытаць экспертаў і спрабаваць зразумець, што адбываецца, што рабіць і да чаго рыхтавацца – вельмі складана. Нават людзям з вышэйшай адукацыяй. Нават са спецыяльнай эканамічнай.

У гэтыя першыя дні "новай эры" мы можам толькі фіксаваць праявы грамадскіх настрояў, спектар меркаванняў пра шырыню і глыбіню з'явы, якая сціпла завецца "крызіс".

Расійскі незалежны сайт дае карціну змены настрояў у расейскім грамадстве пасля эканамічнага абвалу: «Россия слиняла в два дня. Именно за два дня население, которое вопило о преданности идеям “русской весны”, о борьбе с “бездуховным” Западом, вот конкретно эта громадная часть населения с остервенением атаковала и буквально штурмом взяла прилавки с иностранными товарами, обменники с иностранной валютой, иномарки и т.д.».

Падобная сітуацыя і ў Беларусі. Тыя, хто перажываў, што ажно 64% апытаных беларусаў падтрымалі "крым іх", сёння думаюць цалкам пра іншыя рэчы – пра сваю кішэню, калі верыць прыведзенай вышэй замалёўцы пра чаргу ў банку.

Вось яна – лінія нестыкоўкі. Як напісаў адзін беларускі юзер расійскім: дружба-дружбай, але разам з вамі з даху ўніз галавой скокаць не будзем. То бок, следам за вашымі імперскімі амбіцыямі эканамічна цярпець не хочам.

Гэта тэндэнцыя, якая намацваецца па гарачых слядах. Пазней сваё дакладнае слова скажуць сацыёлагі. Пакуль відавочна, што цэнтрабежныя сілы ў "саюзнай дзяржаве" набіраюць абароты – свая кашуля бліжэй да цела. Зрэшты, як і ўнутры беларускага грамадства, дзе кожны сам па сабе рушыць ў розныя бакі.

Старая Беларусь яшчэ мацуецца “скрэпамі” Міністэрства ўнутраных справаў і спецслужбаў. Вітраж ужо трэснуў, але рознакаляровыя шкельцы ўсё яшчэ ў папярэдне складзеным парадку. А новы малюнак мы ўбачым, толькі калі з'явіцца ідэя для аб'яднання.

Рацыяналізм і практычнасць бароняць беларусаў ад уцягвання ў іррацыянальны "рускі мір", які коціцца пад адхон. Але гэтай рацыянальнасці будзе мала, каб ускараскацца на новы – ужо свой – пагорак.

 

Фото: bymedia.net

Комментировать