Жизнь

Квота на «пагаварыць». Беларусь паміж «румачнай» і культурным цэнтрам

“Пачакай, дай я скажу!” Гэтая фраза гучыць і ў маленькім барчыку, і ў вялікай кавярні, і на беразе Свіслачы, і на ганку кнігарні. Чалавеку трэба выказацца адрасна: “А пагаварыць?”. Пагаварыць, ведаючы, што ад тваіх словаў не залежыць якая-кольвек змена ў рэчаіснасці. А гэтае разуменне ўводзіць у сум. “Ну, тады, налівай!” “Налівай” як спроба пашырыць адведзеную табе квоту на персанальныя выказванні.

«“Еўраньюз” не ўключу! Заўчора стол зламалі», – рашуча заяўляе бармэнка, і пераключае тэлевізар на музычны канал.

Наведнікі рэагуюць па-рознаму. Хтосьці расчаравана, хтосьці, наадварот, – радуецца. Адны яшчэ не ўсё выказалі, што думаюць пра ўкраінскія падзеі, у другіх галава пухне ад славесных ды эмацыйных баталій.

Тут у бары ў многіх наведнікаў дыяметральна супрацьлеглыя погляды. “Ага, ты мне яшчэ ў спіну пасля страляць будзеш!” – “Не хвалюйся – толькі ў лоб”. Гэта такія паўжарты-паўсарказмы. Наведнікі ведаюць адзін аднаго па шмат гадоў, і як бы не скончыліся дыскусіі, на наступны дзень вітаюцца за руку.

Калі часам спрэчкі зашкальваюць па эмацыйнасці, адзін аксакал голасна заяўляе: “Супыніцеся! Я сюды адпачываць прыходжу”. Бар – экстэрытарыяльная зона. Прастора ў сабе, паралельная свету, які жыве за дзвярыма. Тут людзі камунікуюць вольна. Хіба, жартачкі на адрас “таварыша маёра”, якія час ад часу адпускаюцца ў бок камеры відэаназірання, нагадваюць, што свабода ў краіне ўмоўная.

“Гэта сапраўдны паб!” – з захапленнем гавораць мне знаёмыя замежнікі, якіх я раз-пораз заводжу ў гэтую невялікую ўстанову са сціплым дызайнам а ля пачатак 1990-х. – “У Мінску так не хапае кавярань з сяброўскай свойскай атмасферай!”. Сярод сталых наведнікаў ёсць і еўрапейцы, якія жывуць у Мінску ці рэгулярна наведваюць Беларусь па справах бізнэсу.

Адукацыя, прафесіі, сацыяльны статус сталых наведнікаў вельмі розныя. Выкладчыкі ВНУ, рабочыя будоўлі, былыя вайсковыя, работнікі культурных установаў, юрысты, бізнэсоўцы рознага ўзроўню, дзяржслужбоўцы, журналісты, прадаўцы... Спіс можна доўжыць. Поўны зрэз гарадскога грамадства.

Нацэнка на алкаголь – каля 100%. Гэта нешмат. У цэнтры Мінску кошты яшчэ большыя. Але справа не ў цэнах, а ў магчымасці адчуць сябе свабодным. Не дома на кухні, не на пікніку ў лесе, а менавіта ў публічнай прасторы.

У Беларусі ўжо даўно – ад пачатку 2000-х – не чуваць у траспарце, кавярнях і крамах размоваў “за палітыку”. Відаць, тут грае не толькі фактар страху – уся “палітыка” звялася да тэмы аднаго чалавека, які ачоліў піраміду грамадства. А што пра яго казаць? І так усё зразумела: хто за – той за, хто супраць – той супарць.

Але ўкраінскія падзеі пачалі вяртаць беларусаў да размоваў пра свае палітычныя пазіцыі. Бо “пра Ўкраіну” – гэта як бы і пра палітыку, а з іншага боку, не закранае табуяваную персону. Зрэшты, актыўнічаюць пакуль пенсіянеры ў электрычках і гарадскім транспарце, і тое паўшэптам. Сапраўды адкрытыя пазіцыі можна пачуць у барах-кавярнях. Праўда, не ва ўсіх, а там, дзе ўтварыліся сталыя супольнасці наведнікаў. Трэба ведаць, дзе.

Вось, напрыклад, кавярня ў цэнтры Мінску з адпаведным цэннікам. Гэта значыць, вялікім – большым, чым у цэнтры Вільні ці Варшавы. Тут часьцей за ўсё можна пачуць “Ляпісаў” і “N.R.M.”. Падчас гульняў беларускай зборнай сюды прыходзяць заўзець з нацыянальнымі бел-чырвона-белым сцягамі на плячах. Тут час ад часу можна сустрэць знакамітых у прасунутых колах бардаў з “чорнага спісу”. І сюды прыводязць сваіх замежных сяброў, якія з'яжджаюць з Мінску ў абсалютным захапленні ад горада і людзей. Гэта яшчэ адна маленькая замкнёная прастора.

З надыходам цяпла тысячы і тысячы менчукоў сыходзяць у свае паралельныя прасторы, дзе можна камунікаваць, не баючыся чужога патэнцыйна небяспечнага вуха. Прайдзіцеся ўздоўж Свіслачы ад Камсамольскага возера да Чыжоўкі цёплым суботнім травеньскім надвячоркам. Апроч цэнтра, паўсюль большыя ці меншыя кумпаніі з півам, ці чым мацнейшым.

Алкаголь разнявольвае, дае ілюзію неспрычаснасці да навакольнай рэальнасці. Розніца між кумпаніямі толькі ў эстэтыцы. Вось з семкамі і півам расклаліся пацаны з Велазавода, абмяркоўваюць як яны “далі чаду ўчора на клубе”. А вось на супрацьлеглым беразе тры дзяўчыны – выпускніцы філасоўскага аддзялення – з бутэлькай каньяку: абмяркоўваюць гендэрныя стэрэатыпы беларускага грамадства. Чытай – пацаноў насупраць.

А вось на ганку кнігарні літаратар, выдавец і культуролаг пад віскі разважаюць пра тэндэнцыі сучаснай беларускай культуры, і прыходзяць да высновы, што яна – культура – як і ўсё грамадства, атамізаваная: існуе сама ў сабе, і не мае выхаду на шырокае поле. А хто мае?

Медыі збольшага манапалізаваныя дзяржавай, і ў тых медыях ідзе сваё жыццё. А ў раздробленых на кумпаніі людзей – сваё. Тут ля кнігарні адчуванне поўнай свабоды. “Гэта каб усіх бачыць у адным месцы”, – з разуменнем кажа брытанскіх журналіст, з якім я выпадкова пазнаёміўся ў цэнтры Менску, і прывёў да “Ў”.

Фармальна “Ў” – гэта розныя установы: галерэя, кнігарня, крама і кавярня. Але ў абіходзе ўсе кажуць проста “У кароткае” ці “Галерэя”. Такі сабе культурны цэнтар. “Так, – адказваю, – на амаль дзесяцімільённую краіну адно месца, якое найбольш вабіць творцаў і спажыўцоў культурнага прадукту”.

Гэта як бы дзяржквота: на культурны цэнтар, на свабодную для выказванняў пляцоўку. Квота на незалежную выдавецкую справу, на беларускую мову ў адукацыі і СМІ. Уласна квота на газеты і радыё. “Трымайце пакуль, а калі што – прыкрыем”.

Квота на выказванне ўласнага меркавання.

“Пачакай, дай я скажу!” Гэтая фраза гучыць і ў маленькім барчыку, і ў вялікай кавярні, і на беразе Свіслачы, і на ганку кнігарні.

Ёсць інтэрнэт, пішы – не хачу! Але чалавеку трэба выказацца адрасна: “А пагаварыць?”.

Пагаварыць, ведаючы, што ад тваіх словаў не залежыць якая-кольвек змена ў рэчаіснасці. А гэтае разуменне ўводзіць у сум. “Ну, тады, налівай!”

“Налівай” як спроба пашырыць адведзеную табе квоту на персанальныя выказванні.

Ці доўга праіснавала б сістэма, калі б усе на тыдзень зрабілі байкот алкаголю? Мы гэтага не даведаемся, бо “ўсе” складаюцца з маленькіх замкнёных кумпаній, якія жывуць унутры сябе - кожная паводле сваіх уласных законаў.

Каб кумапаніі аб'ядналіся для супольнай дзеі, патрэбнае штосьці большае, чым проста “пагаварыць”: супольная мэта, якая вымагае адказнага выказвання – і адказнай дзейнасці.

 

Фота: bymedia.net

Комментировать