Арт

Код прысутнасці. Праклён і выратаванне беларускіх інтэлектуалаў

1079 Лидия Михеева

Ілюстрацыя: Stephanie Stutz

 

Што такое беларускае мысленне і чым яно адметнае? Якія пытанні перад ім паўстаюць? У якім стане знаходзіцца сучасная беларуская філасофія і гуманітарыстыка? Што ўяўляе сабой Беларусь як філасофская праблема? Адказы на гэтыя пытанні «Журнал» шукаў у «Анталогіі сучаснага беларускага мыслення» пад назвай «Код прысутнасці» – зборніку самых важных інтэлектуальных тэкстаў мінулых 15 гадоў.

Першае, што кідаецца ў вочы, калі разгортваеш зборнік «Код прысутнасці. Анталогія сучаснага беларускага мыслення» – гэта зорны склад рэдакцыйнай рады і супольнасці аўтараў. Да ўкладання анталогіі спрычініліся знаныя мысляры і навукоўцы: Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Уладзімір Мацкевіч, Таццяна Вадалажская, Ірына Дубянецкая, Максім Жбанкоў, Павал Баркоўскі.

Спіс аўтараў утрымлівае бадай што самыя знакавыя імёны, якія сталі ўвасабленнем беларускага інтэлектуальнага жыцця на працягу апошніх дзесяцігоддзяў – ад Аляксандра Грыцанава і Уладзіміра Абушэнкі да Уладзіміра Фурса і Мікалая Сямёнава.

Па гэтых тэкстах можна не толькі ўзнавіць логіку дыскусій 2000-2015 гадоў, але і адчуць агульныя тэндэнцыі ў тым, куды крочаць беларускія інтэлектуалы. Паспрабуем і мы вызначыць тыя праблемы, якія ўвідавочніваюцца дзякуючы «Анталогіі».

«Код прысутнасці» беларускага мыслення хутчэй нагадвае стракаты пазл, чым «код» у строгім сэнсе гэтага слова

Багацце выбраных тэкстаў «Анталогіі» аказалася вельмі цяжка сістэматызаваць. Аднак тая «кітайская энцыклапедыя», якую мы бачым у змесце зборніка як раз такі добра адлюстроўвае пярэстасць сённяшняга інтэлектуальнага жыцця. Вялікую частку ўтвараюць абарваныя ланцугі дыскусій і самотныя развагі, маніфесты і герметычныя штудыі.

Бадай што толькі два раздзелы «Анталогіі» напоўніцу адпавядаюць сваім назвам. Гэта першы, вельмі фундаментальны раздзел «Дыягназы і маніфесты», які ўтрымлівае, магчыма, найбольш глыбокія тэксты, прысвечаныя «Праекту Беларусь» за аўтарствам Сяргея Дубаўца, Ігара Бабкова, Віталя Сіліцкага, Максіма Жбанкова.

Нейкая еднасць і ўнутраны дыялог злучае таксама і тэкст раздзелу «Нечаканая нацыя», які адлюстроўвае дыскусію 2006-2007 года пра «беларускі праект сучаснасці». Аднак стракатасць астатніх раздзелаў «Постпалітыка», «Метафізыка.by», «Зніклы бог зніклага народу» сведчаць пра тое, што кожны тэкст – гэта спецыфічная тэмы, «аўтарскі» падыход, які няпроста заставіць гарманічна хаўрусавацца з іншымі.

Напрыклад, у «метафізыку» запісаныя і развагі пра постмадэрнізм Сяргея Санько, і паэтычная нататкі Алеся Разанава, і артыкул Уладзіміра Мацкевіча «Тэхніка» з энцыклапедыі «Всемирная энциклопедия: философия».

Мысленне без дысцыплінарнасці – гэта адначасова і праклён, і выратаванне для беларускага інтэлектуала

У прадмове да «Анталогіі» Уладзімір Мацкевіч кажа пра магчымасць і неабходнасць мыслення па-за межамі пэўных дысцыплін – сацыялогіі, паліталогіі, візуальных і культурных даследаванняў. Для Мацкевіча мысленне – найбольшая каштоўнасць, з якой вынікае магчымасць далейшай канкрэтызацыі ведаў для вырашэння тых ці іншых пытанняў, палітычнага дзеяння і г.д.

Пра гэта ж кажа і Павел Баркоўскі, калі ў паслясоўі даволі пафасна заклікае: «Варта мысліць!»

Аднак, калі агледзецца навокал, бачыш, што на тле росквіту міждысцыплінарнай веды ў сусветнай навуцы, Беларусь аказалася ў становішчы, калі нават базавыя гуманітарныя дысцыпліны дыхаюць на ладан.

У краіне няма нармальнай публічнай сацыялогіі, яна ўвогуле зведзена да сацыялагічных апытанняў, і пры гэтым дзве найбольш значныя сацыялагічныя агенцыі працуюць часткова з-за мяжы.

Беларуская паліталогія часцяком асацыюецца хутчэй з policy papers, адрасаванымі, фактычна, унікуды, чым з фундаментальнымі тэарэтычнымі ці эмпірычнымі даследваннямі.

Філасофскі факультэт БДУ узначальвае асоба, вельмі далёкая і ад філасофіі, і ад сацыялогіі, і ад псіхалогіі, якія там вывучаюцца. Адзіны сур’езны філасофскі часопіс у краіне, «Топас», рызыкаваў знікнуць з-за закрыцця выдавецкай дзейнасці ў ЕГУ.

Спробы сабраць секцыі па сацыялогіі, філасофіі ці нават псіхалогіі на Кангрэсе беларускіх даследванняў у Коўне (які, дарэчы, толькі ў Коўне і стаў магчымым), звычайна выяўляюць недахоп прафесіяналаў, адсутнасць цікавых свежых даследаванняў, слабую матывацыю і сумнеўны ўзровень удзельнікаў з дзяржаўных устаноў.

Гэты кантэкст хутчэй патрабуе высілкаў па аднаўленню менавіта дысцыплінарнай гуманітарнай веды. А гэта магчыма толькі праз сур’езныя інстытуцыянальныя пераўтварэнні. Таму не дзіўна, што інтэлектуалы, незалежныя ад паўмёртвых афіцыйных установаў, вымушаныя адыходзіць у сферу найбольшай свабоды – у тое самае «чыстае мысленне», дзе ты знаходзішся сам-насам з праблемай і вольны абіраць любыя спосабы для яе абмеркавання.

Вынікам такога акту з’яўляецца абуджэнне іншых да мыслення, аднак без наступнай, дысцыплінарнай ступенькі, можна прыйсці толькі да ўтопіі кшталту Касталіі.

Дысціплінарнасць, як ад яе не адмаўляйся, усё роўна прасочваецца ў «мысленне»

Напрыклад, артыкулы Віталя Сіліцкага «Беларусь: анатомія прэвентыўнага аўтарытарызму» і Андрэя Казакевіча «Пра калонію» – безумоўна, выразна паліталагічныя тэксты, а артыкулы Уладзіміра Абушэнкі «Культур-сацыялогія…» і Мікалая Кацука «Сацыялогія беларускай ідэі» – сацыялагічныя.

Праблема ў тым, што, негледзячы на аптымістычная словы Уладзіміра Мацкевіча ў прадмове, дзе ён кажа, што стварэнне анталогій па дысцыплінах – справа будучыні, гэтыя тэксты вырачаныя на адзіноту, бо беларускіх тэкстаў такога ж ўзроўня за апошняе дзесяцігоддзе наўрад ці набярэцца шмат.

Атрымліваецца, што ў краіне актыўна працуе толькі пара-тройка прадстаўнікоў кожнай галіны веды, астатнія – ці то выкладчыкі, ці то працуюць на экспарт, ці то кампілятары…

Інтэлектуальные жыццё Беларусі запаволілася ў апошнія пяць год

Глабальныя дыскусіі (пра нацыянальную ідэю ці праект, беларускую палітычную мадэль, культурнае жыццё і г.д.) змяніліся больш канкрэтнымі пытаннямі, якія ў меньшай ступені выклікаюць агульныя дыскусіі. Калі паглядзець на гады выдання тэкстаў, якія аб’ядноўвае зборнік, бачна, што найбольш урадлівымі былі пачатак 2000-х і 2007 год.

У 2001 выйшаў знакавы артыкул Андрэя Казакевіча «Пра калонію», былі напісаныя першыя маніфесты Ігара Бабкова, артыкул Сяргея Дубаўца «Праект Беларусь». У 2007-м выбухнуў тэкст Уладзіміра Фурса «Беларускі праект сучаснасці», артыкул Альміры Ўсманавай «Еўропа як новы падначалены суб’ект», бліскучы тэкст Мікалая Сямёнава «Дэсаветызацыя: сэнс, стратэгіі, поле дастасавання», артыкул Віталя Сіліцкага пра беларускі аўтарытарызм, згаданы вышэй. Усе гэтыя тэксты сталіся падзеямі інтэлектуальнага жыцця, бо абудзілі грунтоўныя дыскусіі.

З апошняй «пяцілеткі» ў зборнік увайшлі тэксты Максіма Жбанкова «No style. Смеццевая культура 2.0» (2011), Валянціна Акудовіча «Праклён Парменіда» (2012), Міхаіла Баярына «Самабыццё» (2014), а таксама артыкул Уладзіміра Лобача «Міф. Прастора. Чалавек» (2013). Найбольш «свежыя» тэксты – Таццяны Шчытцовай «Этас удзячнасць» (2015) і Вольгі Шпарагі «Супольнасці ў сітуацыі асінхроннай сучаснасці» (2015).

Бадай што толькі два апошнія тэксты ўсур’ёз адрасаваны нейкай супольнасці і ініцыююць дыскусію: у першым выпадку гэта праблема ўніверсітэцкага этаса, які паўстаў як праблема ў сувязі з падзеямі ў ЕГУ, а ў другім размова вядзецца пра тэарэтычная падставы для асэнсавання жыцця супольнасцей у сучаснай Беларусі. Ва ўсялякім выпадку, метавіта такая выснова напрошваецца, калі разглядаць «Анталогію» як рэпрэзентатыўны зрэз інтэлектуальнага жыцця.

Многія маніфесты і праграмныя тэксты засталіся без належнага адказу

Кажу гэта, перш за ўсё, пра тэкст Уладзіміра Абушэнкі «Культур-сацыялогія: магчымасці іншага погляду на сацыяльную тэорыю». У гэтым артыкуле 2008 года выдання сацыёлаг фармулюе тэзісы да тэарэтычнага падмурка новай мадэлі сацыялагічнага праекту.

Калі б яе аўтар жыў у краіне, дзе існуе моцная інстытуцыянальная сацыялагічная база, гэты артыкул мог бы быць пачаткам для новай сацыялагічнай школы. Але пакуль ніхто не падхапіў распрацоўку гэтага праекта. Выдатны тэкст застаецца нам напамінам пра невыкарыстаны патэнцыял айчыннай сацыялагічнай веды.

Нешта падобнае, аднак крыху ў іншым сэнсе, можна сказаць і пра артыкул Паўла Баркоўскага «Постпалітыка па-беларуску: да ўсталявання сэнса ў палітыцы». У ім аўтар заклікае чытача верыць ў моц палітычнага дзеяння, якой супрацьстаяць глабальны «спектакаль» і беларускія практыкі вынішчэння палітычнага. Палітычнае дзеянне ў такіх абставінах, па Баркоўскаму, павінна трымацца на грамадзянскай ініцыятыве, салідарнасці, палітыцы «малых спраў».

Аднак літаральна ў канцы таго ж года беларуская ўлада спраўдзіла частку тэарэтычных тэзісаў Баркоўскага (пра бяссілле «вулічнай дэмакратыі» здзейсніць «прарыў у палітычным»). Далейшыя пяць год паказалі, што каб ісці складаным шляхам, які акрэсліў Баркоўскі ў сваім артыкуле, у беларусаў не хапае ці то волі, ці то жадання, ці то і таго, і іншага.

Ніякіх якасных пераходаў ад палітыкі «малых спраў» і грамадзянскіх ініцытыў на больш сістэмны ўзровень не адбылося. Наадварот, ад улады паступілі сігналы, што не ўсялякія «малыя справы» яна гатова трываць: адбылася высылка Алены Танкачовай, пад уціск пападалі непалітычныя суполкі кшталту раварыстаў, па ранейшаму дзейнічаюць чорныя спісы беларускіх музыкантаў і іншых дзеячоў культуры.

И тым не менш –

Беларускае мысленне існуе

Дзякуючы такім праектам як «Код прысутнасці» можна прасачыць унутраныя логікі беларускай інтэлектуальнай традыцыі, вызначыць яе найбольш балючыя тэмы і найбольш яркіх персанажаў. Аднак, як бачна па «Анталогіі», пакуль што мы знаходзімся на этапе адасаблення ад чужых традыцый, канцэнтрацыі інтэлектуальных здабыткаў і стварэння супольнасці, якія можна было б з упэўненасцю назваць беларускімі. Таму, напрыклад, тыя тэксты зборніка, якія ў арыгінале былі напісаныя па-руску, былі адмыслова перакладзеныя на беларускую мову.

Этап прад’яўлення сябе свету – дзесці наперадзе.

 

Анталогію сучаснага беларускага мыслення «Код прысутнасці» можна набыць у Кнігарне Логвінава і ў краме «Акадэмкніга»

Комментировать