Жизнь

Карго-культ беларускіх афіцыйных святаў

242 Севярын Квяткоўскі

Перад «празьнікамі» Беларусь апранае спецвопратку. Гэта трыумф адзінакіравання, трыумф піраміды ўлады, трыумф «беларускага парадку». Гэта такія дні, калі краіна апранаецца ў сімвалічныя ватныя курткі і штаны – безаблічныя і аднастайныя.

Як шыхт людзей за калючым дротам, дзе ўжо не мае значэння: ці ты падшыванец з раёну з дурной рэпутацыяй, ці ты «залатая моладзь» з прафесарскай сям'і. Усе на адзін выгляд, усе ў аднолькавым статусе маўклівага выканання загадаў.

Перад афіцыйнымі святамі ўсе «аб'екты гандлю і харчавання» атрымліваюць аднолькавыя плакаты. Галоўныя святы маюць вайсковую тэматыку: да 9 траўня і 3 ліпеня. Плакаты, у прынцыпе, і перарабляць асабліва не трэба. Аляпаватыя шэра-бура-малінава-чырвона-зялёныя плямы, на якіх немагчыма штосьці разабраць, пакуль не падыдзеш вельмі блізка. Толькі замяняй дату.

Калі на румачнай такі плакат больш-менш упісваецца ў хаатычны «канцэпт» установы, то на пампезным рэстаране ці на вітрыне стылёвай «хіпстэрскай» кавярні вісіць не проста іншародным целам, а выглядае як пляма тлушчу, які праліўся на новыя нагавіцы з моднай крамы.

Давайце ўявім, што ад прымусу аздабляць сваю ўстанову адвярцецца немагчыма. Ад прымусу святкаваць тое, у чым ты сумняешся. Напрыклад, у тым, што вызваленне Мінску ад немцаў – гэта пункт адліку незалежнасці Беларусі. І што гэта Дзень Рэспублікі, то бок – дзень старту дэмакратычнага кіравання на землях краіны. Пры тым памятаючы, што дзень перамогі над нацызмама мы ўжо адсвяткавалі зусім нядаўна – у траўні.

Але ўявім, што кожны сам вольны абіраць, якім менавіта чынам рабіць святочнае ўбранне згодна свайго ўяўлення пра стыль.

Перад вачыма адразу прабягаюць імёны дызайнераў і назвы творчых студыяў, якія ўдзельнічаюць у беларускіх і міжнародных рэкламных фестывалях, перамагаюць, бяруць прызы. Ствараюць непаўторнае хараство стылю. Стоп. Слова «непаўторнае» – ключавое.

Непаўторнае, адрознае, адметнае – гэта тое, чаго не мусіць быць у дзень афіцыйнага свята, бо яно нівелюе значнасць Піраміды.

Піраміда-афіцыёз за 21 год так і не стварыла анічога адметнага. Толькі слепа капіюе старую савецкую матрыцу, якая даўно ўжо згубіла сэнс, і не расчытваецца новай генерацыяй.

Бо СССР быў завершанай сістэмай ад прынцыпу вертыкальнага ўладкавання ўлады і грамадскіх адносінаў да ўласна эстэтыкі, якая адлюстроўвала стан рэчаў. Вонкавае адзінападабенства вынікала з унутранага.

У сучаснай Беларусі эстэтычны гвалт некалькі разоў на год – гэта добрая помста навакольнай разнастайнасці; магчымасць нагадаць, хто ў доме гаспадар, «каб не расслабляліся».

Калі ў СССР ідэалогія і культавыя рытуалы вакол яе выбудоўваліся паводле падабенства з паганствам, з «правадырамі», помнікамі-стодамі, курганамі, трызнамі на магілах пасля афіцыйных культавых выступаў, то афіцыйныя скокі сучаснага афіцыёзу нагадваюць карго-культ.

Карго-культ – гэта калі ўдзельнікі цырымоніі штосьці робяць, але не разумеюць, як усё працуе, імітуюць нейкі рытуал у спадзеве на вынік. Так абарыгены выспаў Ціхага акіяну выкладалі з саломы абрысы аэрадромаў, запальвалі па краях агні і чакалі, пакуль самалёты на парашутах скінуць ежу. Такую карцінку яны бачылі падчас Другой сусветнай. Кінулі працаваць, адно скокалі і чакалі дароў з неба. Урэшце ў іх пачаўся голад, і аўстралійцы такі скінулі ім ежу. Эфект быў дасягнуты, хай і не надоўга. Пасля іх давялося перавучваць назад.

Беларусы падзеленыя на тых, хто верыць у карго-культ, калі ім з неба, чытай – з вяршыні піраміды, будзе ўвесь час штосьці звалівацца карыснага для гаспадаркі, і тых, хто імкнецца нягледзячы ні на што рабіць самастойныя жыццёвыя праекты.

Хай дзеля гэтага час ад часу трэба апранаць на сябе бліскучую пярэстую «таржэсцвенную» вату. Каб быць як усе. І ціха, «па-партызанску» рабіць сваю справу.

 

Фота: bymedia.net

Комментировать