Полюса

«Калі жанчыны патрабуюць больш правоў, трэба думаць і пра большыя абавязкі»

881 Людмила Яненко

Свята 8 Сакавіка, здаецца, даўно перастала асацыявацца з барацьбой жанчын за свае правы. Для большасці беларусак сёння гэта, наадварот, магчымасць пабыць слабой, а таксама атрымаць сняданак у ложак і букет кветак. Якія святы варта адзначаць замест 8 Сакавіка, чаму так мала жанчын у беларускай палітыцы і бізнесе і якія абавязкі яны павінны на сябе ўзяць у абмен на правы? Пра гэта «Журнал» паразмаўляў з прадстаўніком пректу «Цытадэль», філосафам Аляксеем Дзермантам.

– Аляксей, як лічыце, што святкуюць беларусы 8 сакавіка і ці адзначаеце гэтае свята ў сваёй сям’і?

– Калі казаць пра культурную памяць, для краіны гэта хутчэй інэрцыя савецкага часу. Як міжнародны дзень жаночай салідарнасці 8 сакавіка ўжо не ўспрымаецца. Думаю, што ад пачатковага сэнсу застаўся мінімум, і гэты дзень адзнацаецца як свята вясны і нагода павіншаваць знаёмых жанчын. Асабіста я не святкую, таму што і не зусім згаджаюся з нагодай, і гісторыя сумнеўная, шчыра кажучы. Я не бачу сэнсу ў існаванні асобнага жаночага дня. А яго сэнс варта было б ссунуць бліжэй да нашых рэалій: напрыклад, Дзень маці.

– Але першапачаткова Міжнародны жаночы дзень быў сімвалам барацьбы жанчын за свае правы і роўныя з мужчынамі магчымасці. Думаеце, зараз у Беларусі няма дыскрымінацыі жанчын?

– Што такое дыскрымінацыя? Гэта нейкае абмежаванне правоў і магчымасцяў для жанчын. Мне здаецца, што сёння жанчыны маюць магчымасць карыстацца адукацый і працаваць. Але важна, каб соцыум навучыўся не вылучаць кагосьці паводле полу. Маўляў, калі гэта жанчына, абавязкова павінны быць нейкія ільготы, трэба думаць, што яе дыскрымінуюць і гэтак далей. Гэта падыход ураўнілаўкі. Канечне, існуюць істотныя адрозненні паміж мужчынамі і жанчынамі. Але магчымасці роўныя.

Іншая рэч, што калі магчымасці роўныя, то трэба і роўнае стаўленне ва ўсім. Павінны быць не толькі нейкія ільготы, але таксама і абавязкі. Я за такі ўзважаны падыход. А вельмі часта адбываецца так, што, напрыклад, жанчыны нібыта прыгнечаныя, значыць, даем ім нейкую квоту, правоў больш, робім ім нешта яшчэ. Тады атрымліваецца, што мужчыны дыскрымінаваныя. Такая дзіўная дыялектыка.

– І што варта рабіць? Не змагацца за свае правы увогуле?

– Гэтая барацьба жанчын за вызваленне і гэтак далей – нібыта такі святарны сцяг, за якім вельмі часта няма размовы і пра абавязкі. Калі жанчыны дойдуць да патрабавання татальнага права на ўсё, то, я ўпэўнены, гэта бумерангам вернецца, з’явіцца нехта, хто будзе патрабаваць для сябе такое ж права. Зрэшты, гэта ўжо ёсць: той жа ісламскі свет, такі другі скрайні полюс, дзе жанчыны якраз пазбаўляюцца самых элементарных правоў. То бок толькі нейкі сярэдні памяркоўны шлях можа прывесці да нармальных вынікаў.

– Вы кажаце пра абавязкі ўзамен на правы. Якія гэта маглі б быць абавязкі?

– Калі жанчына патрабуе нейкіх ільготаў альбо квотаў, у такім разе варта было б падумаць пра вайсковы абавязак, як у Ізраілі. Часы неспакойныя, усім нам трэба думаць пра абарону. Тым больш, мы бачым на Алімпіядзе, як жанчыны цудоўна выступаюць, асабліва ў біятлоне. Чаму не? Гэта звычайная, нармальная практыка і ў той жа Скандынавіі, і ў Германіі, дзе жанчыны выконваюць у войску большыя ролі. Мяркую, што тут акурат можна пашыраць абавязкі, калі мы ўжо кажам пра правы.

– Тады якой вы бачыце ролю жанчыны ў сённяшнім беларускім грамадстве?

– Мяркую, што нягледзячы на ўсе змены, якія адбываліся на працягу стагоддзя, жанчына ўсё роўна выконвае нейкую стабілізуючую і кансервуючую функцыю. Можа быць, так склалася эвалюцыйна, але мужчыны – гэта больш дынамічны, актыўны пачатак, які імкнецца заўсёды нешта змяняць, і не заўсёды ў лепшы бок. А жанчына, асабліва калі яна стварае з мужчынам сям’ю, у чымсьці яго стрымлівае, накіроўвае на больш стваральныя рэчы. Думаю, што гэтая стабілізуюча-кансерватыўная роля павінна захоўвацца. Гэта не значыць, што актыўныя жанчыны павінны, скажам, выконваць толькі нейкія вызначаныя функцыі. Але я не думаю, што іх роля ў грамадстве цалкам зменіцца. Жанчына ўсё адно будзе ахоўніцай нейкага сямейнага агменю, якія б ні адбываліся змены. Але пры гэтым трэба ведаць, што часы змяняюцца, і з’яўляецца дастаткова шмат актыўных жанчын. І вось гэтых два полюсы таксама павінны быць у раўнавазе.

– І якія наступствы для краіны можа несці парушэнне раўнавагі? Жанчыны робяць кар’еру, займаюцца грамадскай дзейнасцю, нараджаюць пазней…

– Гэта тэндэнцыя пашыраецца ва ўсіх грамадствах, якія дасягнулі пэўнага ўзроўню. З аднаго боку, гэта адбіваецца на дэмаграфіі, бо калі мы параўнаем нашыя еўрапейскія грамадствы з азіяцкімі, афрыканскімі, то ясна, што з такой стратэгіяй паводзінаў жанчын мы будзем прайграваць чыста дэмаграфічна. Проста будзем знікаць і саступаць колькасцю. З іншага боку, можна гэтую дэмаграфічную страту кампенсаваць нейкімі іншымі рэчамі, то бок, якаснай адукацыяй, а не проста жыццём у задавальненне, ці той жа вайсковай службай, абавязкам перад грамадствам. Вельмі цяжка змяніць агульны трэнд, бо ён звязаны не толькі са зменамі эканамічнай сітуацыі – гэта глабальны эпахальны зрух. Ён адбываецца ва ўсіх грамадствах, якія праходзяць пэўныя стадыі развіцця. Калі проста дазволіць гэтай тэндэнцыі панаваць, то можна ўпусціць вельмі істотнае. Але калі скіроўваць яе, як трэба, то можа быць пэўны збалансаваны вынік.

– А скіроўваць, вы лічыце, павінны мужчыны?

– Скіроўваць павінны і мужчыны, і жанчыны, якія рупяцца сваім грамадствам, выжываннем свайго народа і будучыняй сваёй краіны. Калі людзі, незалежна ад полу, разумеюць, што павінна быць агульная стратэгія, якая не дазволіць нам знікнуць як пэўнаму соцыуму, яны павінны дзейнічаць супольна.

– Вы кажаце пра глабальныя змены і роўныя магчымасці. Але да гэтага часу мы няшмат жанчын бачым у палітыцы, бізнесе. Чаму так атрымліваецца і ці трэба змяняць сітуацыю?

– Традыцыйныя феміністкі сказалі б, што ва ўсім вінаватая сістэма мужчынскага панавання, якая проста не дазваляе праявіцца талентам жанчыны. Мне здаецца, што гэта таксама спрашчэнне, бо якія б ты роўныя ўмовы ні стварыў, мужчыны і жанчыны – адрозныя. І ў роўных умовах яны будуць сябе паводзіць па-іншаму. Скажам, у некаторых сферах могуць быць вельмі выбітныя жанчыны: кіраўнікі прадпрыемстваў, бізнес-лэдзі ці нават ваеначальніцы. Але эвалюцыя, якую прайшло чалавецтва, сведчыць, што ў сярэднім сярод мужчын выбітных у пэўных сферах людзей больш. Гэта не значыць, што жанчын туды не трэба пускаць. Але мне здаецца, што калі само грамадства запатрабуе, яно адбудзецца само сабой, без штучнага нагнятання і нейкага змагання за правы. У прынцыпе, гэта ўжо адбываецца. У пэўных сферах жанчыны сапраўды ўжо нароўні з мужчынамі, і іх там нармальная колькасць.

Я не бачу вялікага рэзону ў тым, каб штучна ствараць нейкі запыт на жанчын у палітыцы ці недзе яшчэ. Калі трэба, яны там з’явяцца, зоймуць сваё месца і будуць лепшымі. А калі гэтага не адбываецца, значыць, проста рэальна няма такой патрэбы.

 

З гэтай думкай не згодная сацыёлаг и феміністка Лідзія Міхеева - чытаем і спрачаемся!

Комментировать