Полюса

«Калі б не БНР, Беларусь была б акругай Расіі, як сёння Крым»

248 Людмила Яненко

25 сакавіка 2015 г. спаўняецца 97 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Народная Рэспублікі. У гонар Дня Волі палітычныя партыі, рухі і грамадскія аб’яднанні Беларусі правядуць традыцыйныя шэсце і мітынг. Сёлета удзельнікі святочных мерапрыместваў  заявяць пра салідарнасць з Украінай. Але ў беларускім грамадстве стаўленне да Дня Волі неадназначнае: частка беларусаў лічыць яго сапраўдным Днём Незалежнасці краіны, іншыя ж наўрад ці ўспомняць, што ж такого адбылося 25 сакавіка. Чаму так адбываецца, а таксама пра тое, якую ролю адыграла БНР у незалежнасці сучаснай Беларусі, «Журнал» зыпытаўся ў намесніка старшыні Партыі БНФ, гісторыка Ігара Лялькова.

– Спадар Ігар, што для вас значыць дзень 25 сакавіка? Ці можна лічыць яго Днём Незалежнасці Беларусі?

– Так, гэта адзіны сапраўдны Дзень Незалежнасці нашай краіны. 25 сакавіка 1918 году была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі – і гэта асноўная дата, якая засведчыла пра суверынітэт Беларусі сярод іншых краінаў.

– Але погляды гісторыкаў на тое, ці была БНР першай незалежнай беларускай дзяржавай, разыходзяцца. Сярод контраргументаў – адсутнасць свайго войска, паліцыі, адсутнасць шырокага прызнання ў свеце…

– БНР была першай абвешчанай незалежнай беларускай дзяржавай – больш такога да Рэспублікі Беларусь у гісторыі не было. БНР была прызнаная як мінімум 9 іншымі дзяржавамі свету і мела свае амбасады ці прадстаўніцтвы ў 15 краінах. Таму казаць пра тое, што гэта была напаўнавартасная дзяржава, не выпадае. А вось БССР, нягледзячы на тое, што яна была прадстаўленая у ААН, мела толькі тры кансуляты на сваёй тэрыторыі і ніводнай сваёй амбасады ў свеце. Так што БНР, напэўна, была больш паўнавартаснай дзяржавай, чым БССР да 1991 года.

– Вядома, што БНР была створаная ва ўмовах нямецкай акупацыі. Ці можна тады казаць пра яе сапраўдную незалежнасць?

– Паўстанне БНР, у прынцыпе, ніякім чынам не выбіваецца з агульнага трэнду паўстання новых дзяржаваў у рэгіёне. Большасць дзяржаваў тагачаснай Усходняй Еўропы былі створаныя ва ўмовах Першай Сусветнай вайны на тэрыторыях, акупаваных альбо немцамі, альбо Аўстра-Венгрыяй, альбо Турцыяй, альбо Расіяй. Абсалютна такім жа чынам – пад час чужой вайсковай прысутнасці на іх тэрыторыі – паўставалі літоўская, латвійская дзяржавы. Польшча таксама абвяшчалася не ва ўмовах поўнага кантролю тэрыторыі з боку палякаў.

– Такім чынам, можна казаць, што менавіта існаванне БНР забяспечыла тое, што сёння існуе незалежная Беларусь?

– Калі б БНР не было, думаю, мы былі б беларускай акругай Расійскай Федэрацыі, як сёння Крым. І бацькі БНР зрабілі для Беларусі і для беларускага народу больш, чым хто іншы ў гісторыі краіны.

– Рада БНР да гэтага часу працуе ў выгнанні і заяўляе, што перадасць свае паўнамоцтвы легітымнай уладзе Беларусі. Але ад самой Рады, здаецца, застаўся толькі вобраз…

– Рада БНР у выгнанні, на маю думку, з’яўляецца паўнавартасным прадстаўніком той самай першай незалежнай беларускай дзяржавы. Думаю, што на той момант, калі ў Рэспубліцы Беларусь запануе сапраўды беларуская ўлада, Рада зможа перадаць свае паўнамоцтвы легітымнаму кіраўніцтву Беларусі, як гэта было зроблена ва Украіне, напрыклад.

– Пры відавочна левых поглядах бацькоў БНР, сёння Дзнь Волі адзначаюць у першую чаргу людзі з правым палітычным ухілам. Чаму так адбываецца?

– Я б не сказаў адназначна пра бацькоў БНР. Натуральна, сярод іх большасць была прыхільнікамі тых ці іншых сацыял-дэмакратычных тэорыяў, але, напрыклад, калі ўзяць такую постаць як Раман Скірмунт, які спрычыніўся да паўстання незалежнай беларускай дзяржавы ў тыя гады, то яго і паплечнікаў ніяк не аднясеш да людзей з левымі поглядамі. Проста насамрэч на той момант на тэрыторыі Усходняй Еўропы панавала левая ідэалогія, той жа самы Пілсудскі быў сацыялістам. Ды і сярод тых, хто лічыць гэтую дату за свята сёння, нямала людзей з левымі поглядамі. Канечне, не з крайне левымі: гэта не тыя, хто настальгуе па Савецкім Саюзе, не тыя, хто сябе адносіць да радыкальных камуністаў. Але людзі з сацыял-дэмакратычнымі поглядамі адзначаюць гэтую дату. А з іншага боку, прарасійскія сілы, якія адносяць сябе хутчэй да правага боку палітычнай сцэны, не святкуюць 25 сакавіка. Таму тут хутчй гуртаванне не на нейкай палітычнай глебе, а на нацыянальнай, на глебе павагі да сваіх гістарычных каштоўнасцей.

– На святкаванне Дня Волі ў Мінску зараз выходзіць тысяча-дзве людзей, а раней было ў дзясяткі разоў болей. Чаму так адбываецца?

– Людзі проста стаміліся. Дваццаць гадоў яны выходзяць на 25 сакавіка, кожны год спрабуючы нешта даказаць, і нічога ў краіне не змяняецца. Думаю, праўда, што на гэтае святкаванне выйдзе больш людзей, чым на працягу папярэдніх трох-пяці гадоў. Сёння ёсць яшчэ тэма Украіны, адстойвання яе незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, а гэта важна для беларусаў. Але насамрэч, калі ты пастаянна выходзіш, а нічога не змяняецца, то гэта стамляе.

– Усё ж мітынгі на Дзень Волі многія не толькі не падтрымліваюць, але і асуджаюць, Дзень незалежнасці павінен быць аб’яднальным фактарам для ўсіх грамадзянаў. Ці магчыма нешта змяніць ў свядомасці беларусаў, якія зараз і ведаць не хочуць іншай даты, акрамя 3 ліпеня?

– Не ўпэўнены наконт 3 ліпеня – у маім асяроддзі людзей, якія ведаюць гэтую дату, практычна няма. А што датычыцца 25 сакавіка, то я вам скажу, што пасля расійскай агрэсіі ва Украіне, пасля таго, што зараз адбываецца ў нашым рэгіёне, можна разлічваць, што людзі ўсё ж будуць гатовыя аб’яднацца і адзначыць Дзень Незалежнасці Беларусі. Незалежна ад іх палітычных поглядаў,  падтрымліваюць яны БНФ, ці сацыял-дэмакратаў, ці яшчэ кагосьці – проста таму, што існуе пагроза незалежнасці краіны. І мне здаецца, што ўсё ж для большасці беларусаў суверынітэт краіны – вельмі важная каштоўнасць, за якую варта змагацца. У чым, у першую чаргу, зацікаўленыя простыя беларусы? У сацыяльнай абароненасці, у добрых заробках. Гэта ўсё зараз нібыта ёсць - але ёсць яно менавіта таму, што існуе незалежная Беларусь. Каб яе не было, людзі б не мелі і гэтага. Вось таму пасля апошніх падзеяў ва Украіне ў цяперашняй сітуацыі, думаю, што ў падтрымку незалежнасці Беларусі выйдзе больш людзей.

 

Фота: Радыё Свабода

Комментировать