Жизнь

«А хто там і дзе?»

359 Міхаіл Бараноўскі

Міхаіл Бараноўскі

Чалавек – гэта не толькі тое, што ён ёсць, гэта яшчэ тое, чым можа быць толькі ён: апынуўшыся на ростанях, як бы кідае сябе наперад, да новага скрыжавання – рухаецца то кароткімі, то доўгімі перабежкамі да запланаванай мэты, месца, дзе ён можа адбыцца.

Эсэ заняло першае месца ў конкурсе «Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі, кантэксты». «Журнал» – адзін з суарганізатараў конкурса.

«У людзей тут не было ні часу, ні звычкі на пустое думанне».

Іван Мележ «Подых навальніцы»

Мяне заўсёды заварожвалі траекторыі руху целаў у прасторы – няхай то мяча ў спартовай гульні, птушак (з імі асобная гісторыя), людзей, думак (калі яны матэрыяльныя, то, пэўна, таксама маюць сваё цела і траекторыю). Мо, менавіта гэтае слова ў прапанаваных тэмах эсэяў прыцягнула ўвагу і задало вектар тэксту.

Спачатку пра птушак

Першай машынай майго бацькі быў жыгуль 1979 года вытворчасці, прывезены з Нямеччыны (сік!), ад таго, пэўна, дагледжаны і зусім не гнілы. Спераду яго ўпрыгожвала радыятарная рашотка з даволі вялікімі бліскучымі вочкамі.

Дык вось, неяк мы выбраліся на вёску і патрапілі на месца, як звычайна, без прыгод. Але, калі я выйшаў, каб адчыніць вароты ў двор, пабачыў у адным з вочак радыятара шматок пёраў, лапак ды пуху… Тое было нейкай маленькай птушачкай (верабей?), траекторыя палёту якой перасеклася з нашай машынай. Мы таго нават не заўважылі, а калі б не пэўнага памеру вочкі рашоткі, то не здагадаліся б і пасля, што нешта адбылося. Я асцярожна выцягнуў цельца за крыло і наўзбочыне прысыпаў зямлёй. А вось прысыпаць яе ў памяці пылам часу не атрымалася, і я ўжо колькі разоў выходжу з машыны, бачу птушку і хаваю яе пад слівай, якіх шмат расце ўздоўж дарогі побач з домам.

Я не занадта сентыментальны, як тое магло б падацца на першы погляд, і калі нешта і чапляе мяне ў гэтай гісторыі, то нашыя траекторыі, перасячэнне (шанец на якое не такі ўжо вялікі) і мая зацыкленасць на гэтых самых магчымасцях перасячэнняў, альбо тым, што яны не спраўджваюцца, кропках, дзе траекторыя змяняецца па чыесь волі ці спыняецца назаўсёды.

Пра Акудовіча

Калі намаляваць просценькі графік, на гарызантальнай лініі якога мы адзначаем жыццё чалавека ад нараджэння да цяпер, а на вертыкальнай вышыню над ўзроўнем мора у пэўны момант часу, то зможам назіраць цікавую карціну: графікі жыхароў гарадскога пасёлка Свіслач будуць кардынальна адрознівацца ад графіка іх земляка Валянціна Акудовіча, які выканаў нарматыў майстра спорту СССР па альпінізму і надаў жыццю нехарактэрную для нашых шырот амплітуду.

Увогуле, жаданне залезці на гару павышэй мусіць падацца чымсьці ірацыянальным і невытлумачальным для людзей з раўніннай ментальнасцю, ці, таго інакш, ментальнасцю багны. Што ўжо казаць пра метафізіку адсутнасці і яе спасціжэнне. Паралель з рухам фізічнага цела Акудовіча і целам яго думкі мы адкладзем. А спынімся на адным знакавым моманце яго біяграфіі.

Маецца на ўвазе час, калі Валянцін Акудовіч сканчае навучанне ў Літаратурным інстытуце ў Маскве і не прымае запрашэння маскоўскага часопіса «Знамя» на пасаду рэдактара аддзела прозы, а вяртаецца, згодна вызначэнню спадара Валянціна «сам не разумеючы чаму», у Мінск ды ўладкоўваецца на працу вартаўніком. Адносна сістэмы ён крочыць у нішто і па праву можа выказвацца пра сваю адсутнасць ў тагачасным дыскурсе беларуска/савецкага мыслення.

Уцялесніць, а дакладней, надаць знешнюю форму таму, што мы ведаем як Валянціна Акудовіча, змог толькі смеццевы вецер постмадэрна, што засвістаў на руінах імперыі ў незалежнай цяпер Беларусі і абляпіў друзам тое, для чаго не было месца ў 1980-м. Вецер мог і не адбыцца. Як мог не адбыцца і Валянцін Акудовіч, зрабі ён іншы выбар. Ад адной гэтай думкі мусіць пахаладзець унутры выбаршчыка ці чалавека, схільнага да эмпатычных перажыванняў.

Акудовічава «сам не разумеючы чаму» мне не дае спакою, як і птушка, збітая бацькавым жыгулёнкам. Такія сабе вузельчыкі на памяць, праз якія інакш успрымаюцца лёсы іншыя. Перад вачыма біяграфія беларуса, у якога гэтага «неразумення» не адчулася, і выбар быў здзейснены ў процілеглы бок.

Пра Багдановіча

Я маю на ўвазе Адама Ягоравіча Багдановіча, над жыццём і псіхалогіяй паводзін каторага давялося шмат паразважаць па працы. Для пачатку прывяду знакаміты ўступ да яго кнігі «Пережитки древняго міросозецанія у белоруссовъ»:

«Бѣлорусскіе крестьяне, истолковывая по-своему выраженіе «западный край», – выраженіе чуждое бѣлорусской рѣчи, – передаютъ его словами «запàдлый край», т.е. заброшенный, захудалый. Хотя съ филологической точки зрѣнія можно многое возразить против такого вольнаго перевода, но дѣйствительность его оправдывает. И жизнь бѣлорусса, и его творческая дѣятельность рѣзко отмечена печатью неразвитости, отсталости, забитости. Именно «западлый край», «западлый» народъ».

Аўтар гэтых радкоў, на хвіліначку, бацька аднаго з найвыбітнейшых беларускіх паэтаў, быў таксама, як і Акудовіч, жыхаром вялікай дзяржавы, на прасторах якой панавала руская культура, і зрабіць сабе сапраўднае імя можна было толькі працуючы ў магістральным імперскім рэчышчы.

Ці прысутнічала пэўная няёмкасць у Адама Ягоравіча пад час напісання прыведзенага вышэй кавалка, мне невядома. Але пэўны дысананс мусіў адбыцца: большасць матэрыяла, прыведзенага ў кнізе, запісана са слоў яго бабулі. Апублікаваныя ў кнізе павер’і, прымхі, святочныя звычаі – неад’емная частка жыцця аўтара і яго сям’і, – пайшла пад нож у ахвяру «чэснай» самапрэзентацыі. Няспынная самаадукацыя, збіранне грунтоўнай бібліятэкі, элітарнае кола знаёмстваў – Пешкаў, Шаляпін – гэта ўсё цудоўна, але куды скіраваны вектар?

Даслужыцца да высокага чыну ў табелі аб рангах, атрымаць ордэны за бездакорную службу, выбіцца ў людзі і чалавекам звацца. Пры гэтым нават не заўважыць выбітную асобу побач, знесці ў сырыя падваліны архіў сына і яшчэ паднабраць балаў на ўшанаванні яго памяці, калі той быў вернуты з нябыту на хвалі беларусізацыі 20-х, ды так нічога па сутнасці і не зразумець.

Але размова не пра дрэннага Багдановіча і добрага Акудовіча: усе катэгарыйныя адзнакі рэч адносная і суб’ектыўныя. Мяне цікавіць у гэтых двух гісторыях траекторыя, напаўмістычнае «сам не разумеючы чаму» ды тэмпаральна-сацыяльная прастора на фоне, якой чалавек адбываецца ці не адбываецца.

Ад дня нараджэння да дня смерці суб’ект пражывае адну з ікс у бясконцай ступені жыццёвых ліній лёсу. Знаходзячыся ў канкрэтным часава-прасторава-сацыяльна-біялагічным асяродку, ён рухаецца адначасова як фізічнае цела і носьбіт працэсаў мыслення.

Графік руху целаў і думак зададзены нам гісторыяй людства, таму ў вялікай ступені наш «выбар» дэтэрмінаваны і запраграмаваны ледзь не на ўсёй працягласці жыцця. Гатовыя і мільёны разоў апрабаваныя мадэлі ды алгарытмы дзеяння, відочныя ці невідочныя суб’ектам,­ неад’емная частка руху.

Але, разам з тым, бясконцая множнасць інтэлегібельных траекторый задае індывідуальныя асаблівасці фармавання думкі і яе развіцця, якія, у сваю чаргу, час ад часу даюць магчымасць вырвацца за чырвоныя сцяжкі магістральнай плыні.

Чалавек – гэта не толькі тое, што ён ёсць, гэта яшчэ тое, чым можа быць толькі ён: апынуўшыся на ростанях, як бы кідае сябе наперад, да новага скрыжавання – рухаецца то кароткімі, то доўгімі перабежкамі да запланаванай мэты, месца, дзе ён можа адбыцца.

Тым цікавей іншы варыянт паводзін, калі крок робіцца ў кірунку без запраграмаванай будучыні. Нездарма кажуць, што мысленне вымагае смеласці, у першую чаргу, я кажу пра тых, хто жыве на памежжы ці нават робіць спробы выйсці па-за айкумену чалавечага інтэлектуальнага досведу.

А раптам ты знойдзеш тое, чаго не хацеў бы ведаць, а раптам там не апынецца цябе. Колькі тых « а раптам»… Асабліва, калі гаворка пра Беларусь, дзе ўсё так зыбка і хістка, як у сейсмаактыўнай зоне. Адно што, якраз гэтая зыбка і ёсць канстанта для зямлі тут.

У адным з артыкулаў культуролаг Максім Жбанкоў пісаў: «Перачытваючы свае даўнейшыя развагі, з сумам разумею: яны актуальныя і сёння… Наўздагон старым тэкстам можна толькі адсылаць дадаткі і рэмаркі: сутнасць сітуацыі практычна не змянілася», тое ж самае мог бы напісаць і Ігнат Абдзіраловіч, калі б раптам апынуўся ў нашыя дні, ды вырашыў напісаць новы твор на тэму «Забыты шлях».

Не дзіўна, што амаль кожны, хто выпраўляецца ў людзі, у той ці іншы час знаходзіць сябе на ростанях Захад-Беларусь-Усход, і ўжо колькі заходні і ўсходні гасцінец выглядаюць куды прывабней занядбанай беларускай дарогі. Суцешвае хіба тое, што заўсёды знаходзяцца тыя, хто прытопча траву ды пацярушыць вербалознік, альбо давядзе, што пад тонкім дзёранам знаходзіцца брук адметнага спосабу асэнсавання свету.

Для многіх «Беларусь» – знак бяды, але адзін з герояў эсэ ад прыняцця яго лагічна адмаўляецца, а другі нелагічна абірае. Што гэта за каменьчык такі на дарозе, зачапіўшыся за які ногі, «самі не разумеючы чаму», збочваюць са шляху? Ці тут адыграла сваю ролю нехарактэрная амплітуда перасоўвання сябе ў прасторы адносна ўзроўню мора, і ўжо згаданая смеласць, а мо, птушка, хаця якія на ледніках птушкі, нічога там няма, акрамя няма нічога.

Комментировать