Жизнь

Хто баіцца Ларысы Геніюш? Цэнзура мінулага як цёплая коўдра

390 Максим Жбанков

Выпраўленне рэчаіснасці – нармальны занятак паэтаў і дыктатараў. Персанажы рознай ступені адукаванасці, асабістага тэмпераменту, менеджэрскага таленту і памераў бюджэту вырабляюць гэты свет з уласных мрояў, прыватных комплексаў і персанальных разборак з жывымі і мертвымі. Паэт – бясспрэчны канкурэнт улады ў справе адбудовы паветраных замкаў і кантроля над супольнай свядомасцю. Ён замінае кіраванаму шчасцю. Асабліва калі сістэма не мае ўнутраных рэсурсаў росту і дбае адзінае аб самазахаванні. Кур’ёзны юрыдычны серыял вакол спробаў рэабілітацыі паэткі Ларысы Геніюш – лепшае пазначэнне наяўнага стану дзяржаўнай машыны. Гэтыя колы круцяцца толькі назад.

Старая бітлоўская песенька «Back In The USSR» – насамрэч зусім не пра тое, як Пол Маккартні з валізай на каленцы ляцеў у Краіну Саветаў, каб паскакаць пад балалайку. Яна аб тым, як сёння робяцца справы ў Беларусі. Бо ў адсутнасці нацыянальнай ідэі, уцямнай палітычнай лініі, эфектыўных шляхоў развіцця, сучаснай адукацыі і адэкватнай культурнай палітыкі сістэма не мае шанцаў набраць уласную вагу і зрабіцца самадастатковай. Ёй застаецца жыць мінулым. Чужым мінулым. Якое ў нас дагэтуль мае статус падставовых дзяржаўных арыентыраў.

Чарговая адмова рэабілітацыі Ларысы Геніюш відавочна выходзяць за межы юрыдычных спрэчак і «прававога поля» – бо не выпадае ўспрымаць як сур’ёзны аргумент афіцыйныя спасылкі на пастанову прэзыдыюму Вярхоўнага суда ад 24 лістапада 1999 году на падставе «артыкулаў 66 і 76 КК БССР (у рэдакцыі 1928 году)».

Неверагоднай прыгажосці ланцужок «2017 – 1999 – 1928» адкручваецца ў шызоідную рэчаіснасць савецкага таталітарызму. Туды, дзе дагэтуль караюць за «аказанне дапамогі міжнароднай буржуазіі» і «ўдзел у антысавецкіх арганізацыях».

Тое, што гэтыя артыкулы пазамінулай эпохі і неіснуючай чвэрць стагоддзя дзяржавы апынуліся працоўнымі ў «справе Геніюш» можна патлумачыць па-рознаму. Аднолькава несуцяшальна. Альбо дзяржаўныя структуры ў чарговы раз спрацавалі ў рэжыме Copy+Paste і зляпілі фармальную адпіску з кавалкаў былых рашэнняў, нават не зразумеўшы абсурднасці выніковага прадукту. Альбо – яшчэ горш – яны і сёння абараняюць айчыну ад «міжнароднай буржуазіі» і «антысавецкіх арганізацый».

Але ж чаму «альбо»? Абедзве версіі цудоўна ўкладаюцца ў агульны патэрн. Абы што плюс абы што.

І тут мы пераходзім да галоўнага. Перакроеная калісьці чырвонымі правадырамі рэчаіснасць засталася для іх нашчадкаў сутнасна нязменнай. Якая гульня – такія і правілы. Зона таталітарнага міту з адвечнай вайной культураў і несупынным пошукам ворагаў, рэдактурай памяці і рэжысурай любові засталася ў спадчыну топ-менеджэрам незалежнай краіны. Як іх ментальная радзіма і натуральная праграма дзеяння.

Іншай яны не ведаюць – падобна на ваенны завод са старога анекдоту, дзе паспрабавалі вырабляць дзіцячыя вазкі, але атрымліваліся нязменна аўтаматы Калашнікава. Таму нязручныя паэткі ім непатрэбныя – як пагроза стабільнасці нашага кавалку савецкай казкі.

Яны абараняюць свой расклад. Той, дзе руляць «чырвоныя» і гасяць «антысаветчыкаў». Дзе ніяк не скончыцца «Вялікая Айчынная». Дзе канец імперыі – адвечная траўма. Дзе нацыяналіст – не патрыёт, а вораг. А гістарычная праўда існуе ў адзіным – афіцыйна зацверджаным і ідэйна вытрыманым – варыянце.

Такімі іх вырабілі калісьці. Такіх яны вырабляюць цяпер. Каб хавацца ў папраўленае мінулае як пад цёплую коўдру. Заплюшчыў вочы – і нармальна. Ніякіх там маральных выбараў ды пошукаў ідэнтычнасці.

Дык ці можна аднавіць нацыянальную годнасць зваротамі да каланіяльнай адміністрацыцыі? Відавочна не. Тысяча подпісаў, дзве, тры… Нічога не будзе. Бо тут не проста юрыдычны казус, а канфлікт светапоглядаў і каштоўнасцяў. Замацаваны пад шыльдай славутай айчыннай «стабільнасці».

Насамрэч маем чарговы culture clash – сутыкненне двух несумяшчальных сусветаў. Рудыментарнай адміністратыўнай савецкасці і самадзейна-грамадзянскай беларускасці.

Каб атрымалася размова, трэба разбурыць чырвоную матрыцу. Забіць унутраны СССР. Але падобнай дырэктывы з Цэнтру не паступала. А без «ручнога кіравання» ў гэтай сістэме анічога не робіцца.

Таму застаецца самае надзейнае: прыватны рух і асабісты выбар. Бо каб адбылася сапраўдная рэабілітацыя «не тых» айчынных герояў, нам не патрэбныя аніякія папяровыя дазволы.

Комментировать