Мнения

«Гісторыя вайны напісана сталінскімі ідэолагамі і дае спрошчаныя адказы на складаныя пытанні»

1384 Людмила Яненко

Дзень Перамогі ў Беларусі адзначаюць маштабна: з масавым парадам, пафаснымі прамовамі і дзесяціхвілінным феерверкам. За прыгожай абгорткай, на жаль, хаваюцца і сагнаныя на парад студэнты, і забытыя паміж святамі ветэраны, і напаўзакрытыя да гэтага часу архівы.

Гісторыя Беларусі ў часы Другой Сусветнай стала краевугольным камнем беларускай ідэалогіі, і пасягаць на “святыя ісціны”, якія нам выкладаюць у школе, нікому не дазволена. Інакш – кляймо “фашыст” забяспечана. Але ці варта слепа верыць, што ў гады вайны гісторыя складалася толькі з “чорнага” і “белага”? Пра тое, чым кіраваліся беларускія калабаранты, наколькі гераічнымі былі партызаны і ці ёсць у беларусаў генетычны страх перад вайной, “Журнал” паразмаўляў з шэф-рэдактарам часопіса “Arche”, кандыдатам гістарычных навук Алесем Пашкевічам.

– Афіцыйныя гісторыя Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі адназначная і мае ключавое значэнне ў ідэалогіі краіны. Але ці ўсё так адназначна, як напісана ў падручніках?

– Ёсць устойлівы выраз, што гісторыю пішуць пераможцы. І тая гісторыя, якую сёння выкладаюць у навучальных установах, якая прапагандуецца на вышэйшым узроўні, была напісана менавіта пераможцамі, то бок сталінскімі ідэолагамі пасля Вялікай Айчыннай вайны. У савецкай традыцыі гэтая частка затміла ўсю Другую Сусветную вайну. Натуральна, што з пункту гледжання таго рэжыму ўсё было вельмі адназначна. Пасля трактоўка гісторыі Другой Сусветнай вайны стала часткай гістарычнай палітыкі як у постсавецкай Беларусі, так і ў Расійскай Федэрацыі. Нават спробаў перагледзець такі падыход на афіцыйным узроўні не рабілася. А паколькі гэтая канцэпцыя паказвала толькі адзін бок – бок пераможцаў, натуральна, яна не можа лічыцца праўдзівай, бо яна дае спрошчаныя адказы на складаныя пытанні пра неадназначныя з’явы и падзеі.

– Узяць, напрыклад, адну з “чорных плямаў” гэтага перыяду – калабарантаў. Асуджаюць не толькі тых, хто служыў у паліцыі, але і людзей, што працавалі ў школах, газетах, тэатры пры акупантах. Ці былі яны сапраўды здраднікамі?

– Так называлі нават людзей, якія не бралі ўдзелу ні ў якіх вайсковых ці карных фармаваннях, а займаліся культурнай, асветніцкай працай пад нямецкай акупацыяй. Гэтая трактоўка таксама звязаная з той адназначнай інтэрпрэтацыяй, якая існавала ў камуністычнага рэжыму. Маўляў, камуністычная ідэалогія і савецкі рэжым добрыя і прагрэсіўныя, а ўсё, што нам супрацьстаіць, – негатыўнае і вартае асуджэння. Гэтая праца падчас акупацыі лічылася праявай буржуазнага нацыяналізму. І тое, што дзейнасць гэтых людзей у часы акупацыі так ці іначай працякала пры чалавеканенавісніцкім нацысцкім рэжыме, было выкарыстана савецкімі ідэолагамі, каб кінуць цень на свайго ідэалагічнага праціўніка – нацыянальны рух. Такі падыход ужываўся ў дачыненні не толькі да так званых калабарантаў, а таксама да іншых прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху. Звязана гэта было, у першую чаргу, з тым, што менавіта нацыяналізм успрымаўся камуністычным рэжымам як галоўная небяспека. Таму яго імкнуліся зашэльмаваць усялякім чынам.

– Але якімі матывамі кіраваліся беларусы, якія ішлі на супрацу з “новай уладай”? Так не любілі камуністычны лад?

– Хтосьці не любіў савецкую ўладу, магчыма, нехта меў якраз сімпатыі да той ідэалогіі, якую прапагандавалі нямецкія нацысты. Аднак усё ж пераважная большасць, як мне падаецца, лічыла, што рэжымы змяняюцца, а Беларусь застаецца. Тут варта ўзгадаць гісторыю Беларусі першай паловы XX стагоддзя. Пачынаюцы з 1914 года, гэта фактычна гісторыя змены розных акупацый. Чаргова мянялася то расійская ўлада, то нямецкая, то польская, то літоўская, то яшчэ якая-небудзь. І гістарычны досвед людзей, якія хацелі працаваць для Беларусі, паказваў, што трэба намагацца гэта зрабіць пры любой уладзе. Тыя ж палякі і літоўцы падчас Першай Сусветнай вайны супрацоўнічалі з Аўстрыяй і Нямеччынай, а пасля займелі свае ўласныя дзяржавы.

І вось гэты досвед сведчыў: нягледзячы на тое, што сёння прыйшлі немцы і, магчыма, яны затрымаюцца тут надоўга, нельга спыняць працы. Першая палова XX стагоддзя да пачатку нямецкай акупацыі давяла беларускім дзеячам, што размаўляюць толькі з моцнымі. І каб узмацняцца, трэба выкарыстоўваць любую магчымасць.

 – Тады нельга лічыць заплямленай і нацыянальную сімволіку, галоўным аргументам супраць якой заўсёды было выкарыстанне калабарантамі падчас вайны?

– Гэта таксама чыста прапагандысцкі момант. Канкурэнтную сімволіку трэба запляміць, паказаць, што пад гэтым сцягам рабіліся нядобрыя рэчы. Але не пры немцах быў створаны нацыянальны беларускі сцяг. Яшчэ да нямецкай акупацыі ён больш за чвэрць стагоддзя ўжываўся беларускімі нацыянальнымі дзеячамі і рухамі розных палітычных арыентацый. І ў часы вайны ён быў сімвалам нацыянальнага руху, а не нейкіх прафашысцкіх груповак. Тады расійскімі нацыянальнымі дзеячамі выкарыстоўваўся трыкалор – цяперашні сцяг Расіі, украінскімі нацыянальнымі арганізацыямі – жоўта-блакітны сцяг, польскімі – бела-чырвоны польскі. З такой логікі сёння можна ўсе нацыянальныя сцягі народаў Усходняй Еўропы назваць фашысцкімі праз тое, што ў той ці іншай ступені яны выкарыстоўваліся падчас нямецка-фашысцкай акупацыі гэтых краін. У гэтым няма нават падабенства рацыі.

– Іншы бок медаля – партызаны. Паводле “афіцыйнай” гісторыі, гэта гераічныя людзі высокіх маральных якасцей. Але ж ёсць сведчанні, што яны рабавалі і забівалі мясцовых жыхароў.

– Што датычыцца прасавецкай, “чырвонай” партызанкі, я з’яўляюся прыхільнікам таго, каб яе з аднаго боку не дэманізаваць, з другога – не ідэалізаваць. Партызаны былі самыя розныя ў залежнасці ад рэгіёну і часу. На першапачатковым этапе, як ужо цяпер вядома з даследванняў, атрады складаліся з савецкіх акружэнцаў, былых актывістаў, якія пры нямецкай уладзе не мелі шанцаў выжыць і проста мусілі ісці ў лясы. Гэта былі чужыя для мясцовага насельніцтва людзі, якія не ўспрымаліся за сваіх. Пасля рух стаў больш шырокім, у ім ужо ўдзельнічала мясцовае насельніцтва, адпаведна, змяніліся і метады. Вядома, яны рабавалі людзей, бо без таго ў лесе проста немагчыма выжыць. Ніхто ім там заробку не плаціў, ежай не забяспечваў. Таму партызаны мусілі накладаць своеасаблівы падатак на насельніцтва. Адпаведна, у памяці людзей яны засталіся рознымі. Там, дзе партызанаў было шмат, і яны сапраўды рабілі шырокамаштабныя рэквізіцыі, калі забіралі, вобразна кажучы, апошнюю карову, натуральна, пра іх меркавалі без цёплых уражанняў. Безумоўна, здараліся і наўпроставыя злачынствы, недзе былі расстрэлы, знішчэнні вёсак.

– Але было і змаганне з ворагам?

– Нельга казаць, што партызаны зусім не ваявалі з немцамі. Дзесьці ваявалі, дзесьці, асабліва ва ўсходніх рэгіёнах, іх любілі і ўспрымалі як абаронцаў. Гэта неадназначная з’ява, і вялікай памылкай было б падаваць яе аднабока: або яны героі, або мярзотнікі, якія тэрарызавалі мясцовае насельніцтва. Я за тое, каб гэту з’яву даследваць як мага менш эмацыйна, не закладаючы сучасную палітыку.

– Беларусы традыцыйна кажуць: “Абы не было вайны”. Страх перад вайной у нас на генэтычным узроўні?

– Страх, безумоўна, ёсць. Не думаю, што ён узнік менавіта пасля Другой Сусветнай. Колькі гэтых войнаў было… Беларусь – мост паміж Усходам і Захадам, і ўсе войны, якія вяла Расія з Еўропай, адбываліся на нашай тэрыторыі. Гэта і Паўночная вайна, і вайна з Напалеонам, і Першая Сусветная. Таму боязь беларусаў перад вайной закладалася стагоддзямі.

– І зараз, на фоне ўкраінскіх падзей, гэтай бояззю карыстаюцца беларускія ўлады. Маўляў, цаніце, беларусы, тую ўладу і парадак, якія маеце. Чаму ў ідэалогіі ключавая стаўка робіцца на гісторыю Вялікай Айчыннай?

– Менавіта праз гэты страх вайна і мае такое цэнтральнае месца ў нашым ідэалагічным дыскурсе. Аднак на гэта таксама нельга ўсё зводзіць. Ідэалогія беларускай дзяржавы размытая і непаслядоўная. Але яна маю вялікую пераемнасць з ідэалогіяй савецкага часу, як бы апелюе на яе. Нават дзяржаўная сімволіка сённяшняя фактычна капіюе сімволіку БССР. І ўсё што можна адтуль прыстасавалі. У Савецкім Саюзе культ Вялікай Айчыннай быў завязаны на тым, што перамога сведчыла пра перавагі савецкага ладу. Быццам бы савецкі лад лепшы за іншыя, бо здолеў зрабіць тое, чаго не здолелі дэмакратычныя краіны, – перамог фашызм, выратаваў свет. Гэта замацавалася ў свядомасці людзей таго часу, дало карэнні і да гэтага часу някепска дзейнічае.

 

 

Фота: Радыё Свабода

Комментировать